«Для архітэктара сістэмы ўсё звялося да ўтрымання ўлады»

Фальшывыя словы кіраўніка пра «вечныя евангельскія ідэалы прабачэння і спагады, любові і клопату пра блізкіх» упісаныя ў тэкст афіцыйнага віншавання з праваслаўным Вялікаднем. Ужо хто-хто, а беларусы добра ведаюць, які «міласэрны» рэжым. 

Фота з ctv.by

Фота з ctv.by

«Калі час выбраў нас, захаваем гэты мір і спакой», — з пафасам заявіў Лукашэнка на праваслаўны Вялікдзень жыхарам Оршы. З такім жа пафасам, піша ў «Позірку» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі, ён патлумачыў, чаму абраў у гэты дзень царкву паблізу Дняпра: маўляў, з даўніх часоў «гэтая рака і гэты храм аб'ядноўвалі тры славянскіх народы. Рускіх, украінцаў і нас — беларусаў».

Але ў вачах крытычна думаючых беларусаў, не кажучы ўжо пра ўкраінцаў, гэтай рыторыцы грош цана. Бо менавіта Лукашэнка даў расійскім агрэсарам плацдарм для наступу на Кіеў у лютым 2022-га.

Фальшывыя і словы кіраўніка пра «вечныя евангельскія ідэалы прабачэння і спагады, любові і клопату пра блізкіх», упісаныя ў тэкст афіцыйнага віншавання суайчыннікаў з праваслаўным Вялікаднем. Ужо хто-хто, а беларусы, якія трапілі пад каток рэпрэсій — скалечаныя, згнілыя ў турмах, выціснутыя на чужыну — добра ведаюць, які «міласэрны» гэты рэжым.

Слоган тых, каго народ не выбіраў

Звярніце ўвагу: вольна ці міжволі з вуснаў Лукашэнкі сёння вырваўся слоган нядаўняга Усебеларускага народнага сходу (УНС) — «Час выбраў нас». Цікава параўнаць яго з дэвізамі папярэдніх УНС.

Калі прыхапкам збіралі першае такое мерапрыемства, было не да слоганаў: тады, у кастрычніку 1996-га, Лукашэнка спяшаўся, нібыта абапіраючыся на народную волю, пераламаць хрыбет свавольнаму Вярхоўнаму Савету.

Другі сход у 2001-м праходзіў пад лозунгам «За моцную і квітнеючую Беларусь!» Піяршчыкі пятага ВНС крэатывам не бліснулі, толькі злёгку пераліцавалі старую формулу: «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!» Трэці УНС выкарыстаў дэвіз «Дзяржава для народа», шостае — «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць».

Цяпер жа трубіць пра росквіт, развіццё — справа няўдзячная. Па ўзроўні заробкаў беларусы ўсё больш прыкметна адстаюць ад суседзяў, якія ўступілі ў ЕС. Развагі пра дзяржаву для народа таксама не коцяць.

Пра адзінства паўтараць і зусім смешна. Нацыя расколатая, і ўлады, жорстка пераследуючы палітычных апанентаў, гэты раскол толькі пагаршаюць. Як адзначыла сёння Святлана Ціханоўская, «сотні тысяч беларусаў вымушаныя жыць у розных краінах — без магчымасці вярнуцца дадому, каб абняць родных на Вялікдзень».

Незалежнасць таксама пад ударам, Масква ўсё мацней падмінае суверэнітэт «малодшай сястры». Карацей, усе прыгожыя словы ўжо перажаваныя, дыскрэдытаваныя.

Вось і ўсплыло, мабыць, у галаве нейкага прыдворнага генератара ідэй назва савецкага серыяла пра вайну — «Час выбраў нас». Але слоган атрымаўся двухсэнсоўным. Бо толькі лянівы крытык не адзначыў, што цяперашні УНС, утрымліваючы ў сваёй назве слова «народны», фармаваўся якраз-такі без удзелу народа: той не галасаваў нават фармальна.

Так што формула выклікае іронію, выглядае як нязграбнае апраўданне лаялістаў, якія ўвайшлі ў незразумелую, штучную структуру, якая не мае дачынення да дэмакратыі, народнаму волевыяўленню. Ды кіньце, не час вас выбраў, а проста кіраўнік зацвердзіў спіс.

І тое, што для VII УНС не знайшлі больш-менш выразнага, канкрэтнага дэвізу, які паказваў бы на нейкую мэту развіцця, лішні раз кажа: у рэжыму няма бачання будучыні. Для архітэктара сістэмы ўсё звялося да ўтрымання ўлады.

Пры гэтым кіраўнік, мабыць, здагадваецца, што моладзі складзеныя яго спічрайтэрамі прымітыўныя пасылы не заходзяць. Таму і сёння паўтараў: «Вельмі хацелася б, каб пры гэтым няпростым працэсе змены пакаленняў мы захавалі ўсё лепшае, што было створана на нашай зямлі».

Гэта такі эўфемізм, у які надаецца трывога за лёс цяперашняй палітычнай сістэмы. Бо рэжым носіць ярка выражаны персаналісцкі характар. Сапраўднай ідэалогіі, нягледзячы на ўсе патугі, прыдворныя мысляры так і не згенеравалі.

Высунь з гэтай сістэмы стрыжань у выглядзе каласальнай волі цяперашняга кіраўніка да самазахавання (іншымі словамі, пазбаўцеся «пасінелых пальцаў») — што будзе? Гэты чарвячок, падобна, усё мацней точыць старэючага правадыра.

Глядзіце таксама

Скажыце дзякуй за хлеб на стале

Пры гэтым Лукашэнка і ягоная прапаганда натужна імкнуцца стварыць ілюзію фенаменальнага прагрэсу Беларусі, параўноўваючы сённяшнія рэаліі са становішчам спраў у сярэдзіне 90-х.

«Мы таксама ў гэты дзень молімся аб хлебе надзённым, каб ён у кожнага быў на стале. Мы гэтага дасягнулі. Вы памятаеце, хто старэйшы, што было 30 гадоў таму. І гэтага не хапала», — прапаведаваў сёння кіраўнік. Ага, вяршыня росквіту: насельніцтва не галадае.

Але ў любым выпадку гэта не Лукашэнка, падобна Хрысту, накарміў людзей хлябамі і рыбамі. Гэта зароблена ўласнай працай, часта насуперак анахранічным эканамічным парадкам. І гэта маса беларусаў утрымлівае дзяржапарат, хоць вялікае начальства ўвесь час спрабуе навязаць перавернутую карціну: маўляў, гэта яно «корміць народ».

Нарэшце, варта заўважыць, што 30 гадоў таму і Польшча, і Літва былі гэтак жа бедныя, а цяпер там заробкі ўтрая вышэйшыя, чым у беларусаў. Вось ужо больш за дзесяцігоддзе эканоміка Беларусі практычна топчацца на месцы. Не дадалі ёй дынамікі і санкцыі, на якія нарваўся рэжым сваімі выкрутасамі.

Між тым Лукашэнка паспрабаваў абмаляваць яшчэ адно дасягненне: «У Оршы і вакол пабудавана столькі прадпрыемстваў, што сёння не хапае рабочых рук». Гэта таксама спроба зрабіць добрую міну там, дзе самі ўлады нахамуталі.

Па-першае, шэраг дзяржпрадпрыемстваў падтрымліваецца на плыву штучна. Спарахнелым гігантам сацыялістычнай індустрыі маглі б даць другое жыццё эканамічныя рэформы, але імі і не пахне. Па-другое, велізарны адток кадраў з краіны звязаны са здзічэлымі рэпрэсіямі падчас і пасля падаўлення пратэстаў 2020 года.

Глядзіце таксама

Супакаенне ў духу Аль Капоне

Асабліва ж фальшывыя размовы Лукашэнкі пра мір для беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. «Але я абсалютна перакананы, што нашымі малітвамі мы вернемся да тых часоў, калі нашы народы будуць разам», — прагучала сёння ў Оршы. Прытым што Масква «ўлагоджвае» ўкраінцаў зусім не малітвамі, а бомбамі, а Мінск ёй старанна дапамагае.

Гэта амаль як у выслоўі, якое прыпісваюць знакамітаму гангстару Аль Капоне: «Добрым словам і пісталетам вы можаце дамагчыся значна большага, чым адным толькі добрым словам». Паказальна, дарэчы, што гэтая формула падабаецца вядомаму сваімі адыёзнымі выказваннямі намесніку старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыю Мядзведзеву.

Як паказальна і тое, што протаіерэй Фёдар Поўны, якога лічаць духоўнікам Лукашэнкі, у відэазапісе да 9 траўня, рэкамендаванай «для правядзення асветніцкіх урокаў ва ўстановах адукацыі», адкрыта топіць за перамогу рускага салдата ў вайне супраць Украіны.

Так, вельмі нязграбныя намаганні Лукашэнкі замалявацца міратворцам, нібыта аднолькава дбаючым пра дабро брацкіх народаў, у той час як яго рэжым стаў саўдзельнікам агрэсіі. Што згусціла хмары і над галовамі саміх беларусаў, на зямлю якіх Масква да таго ж прыцягнула сваю ядзерную зброю.

Тым не менш відавочна, што за адсутнасцю іншых ідэй менавіта імідж мудрага і моцнага захавальніка міру на беларускай зямлі, а таксама патэнцыйнага прымірыцеля ваюючых паміж сабой «славянскіх братоў» правадыр і яго прапаганда будуць усяляк прасоўваць у кантэксце прэзідэнцкай кампаніі 2025 года.

Зразумела, што выбараў як такіх не будзе, пройдзе чарговая «спецаперацыя». Народ у гэтай акукленай сістэме самаўзнаўлення дыктатуры — ужо зусім залішні элемент. Але крывадушная формула панавання напагатове: маўляў, гэта час выбраў нас.