Ізраіль 6 месяцаў у вайне супраць ХАМАС: што далей?

7 кастрычніка 2023 года палестынская тэрарыстычная групоўка зьдзейсьніла крывавы і шакавальны напад на дзяржаву Ізраіль. За адзін дзень былі застрэленыя, зарэзаныя і закатаваныя больш за тысячу ізраільцянаў. У адказ Нэтаньяху абвесьціў аб пачатку рашучых дзеяньняў. Што адбываецца сёньня ў Зямлі Запаветнай?

Фота: Reuters

Фота: Reuters

Кантэкст

Падчас нападу 253 чалавекі былі ўзятыя палестынскімі тэрарыстамі ў закладнікі. Па даных ізраільскіх уладаў, у Газе да гэтага часу ў руках ХАМАС утрымліваецца каля 130 закладнікаў, прынамсі 34 зь іх меркавана загінулі.

Па даных ізраільскай арміі, з моманту нападу 7 кастрычніка загінула каля 600 ізраільскіх вайскоўцаў, а з пачатку наземных апэрацый у Газе напрыканцы кастрычніка — ня менш за 256 жаўнераў.

ХАМАС праз залежныя ад яго крыніцы інфармацыі паведамляе пра прыблізна 32 тысячы забітых палестынцаў. Зразумела, у гэтых паведамленьнях ні слова няма пра ліквідаваных тэрарыстаў. Зь іншага боку, існуе незьлічоная колькасьць задакумэнтаванай інфармацыі аб тым, што тэрарысты ХАМАС не выкарыстоўваюць вайсковую форму, калі выпускаюць ракеты ці страляюць з аўтаматычнай зброі. Таму вялізная колькасьць так званых «мірных жыхароў Газы» ніколі мірнымі не зьяўляліся.

Пазыцыя бакоў

Ізраіль

Нэтаньяху сярод сваёй арміі

Нэтаньяху сярод сваёй арміі

У Ізраіля – выразная, зразумелая пазыцыя, якая ўкладаецца ў тры пункты: вызваленьне ізраільскіх закладнікаў, зьнішчэньне тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС і стварэньне такіх умоваў, каб у будучыні ніколі не было небясьпекі магчымасьці нападаў на тэрыторыю Ізраіля з Газы.

Тым часам сёньня, у нядзелю, у Каіры павінны працягнуцца перамовы аб перамір'і ў сектары Газа. Згодна з некаторымі паведамленьнямі, у кансультацыях паміж прадстаўнікамі Ізраіля і тэрарыстаў ХАМАС павінны прыняць удзел дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнс і прэм'ер-міністар Катара Махамэд аль Тані.

ХАМАС

ХАМАС імкнецца да зьнішчэння дзяржавы Ізраіль і стварэньню на ўсёй тэрыторыі Ізраіля ісламскай дзяржавы. Адпаведна, усе габрэі, а іх каля 9 мільёнаў, павінны быць сьцертыя з твару зямлі, куды плянуе прыйсьці ХАМАС. Тэрарысты карыстаюцца непасрэднай падтрымкай Ірана.

ХАМАС заяўляе, што вызваліць закладнікаў толькі ў тым выпадку, калі ЦАХАЛ спыніць агонь і цалкам сыйдзе з сектара Газа. Можна было б дадаць, што тэрарысты спадзяюцца на тое, што ім выдадуь нобэлеўскую прэмію міра.

Тэрарысты ХАМАС

Тэрарысты ХАМАС

Міжнародная пазыцыя

7 кастрычніка 2023 года генэральны сакратар Антоніу Гутэрыш «самым рашучым чынам асудзіў напад ХАМАС на ізраільскія гарады паблізу сектара Газа і цэнтральную частку Ізраілю, уключаючы запуск тысячаў ракет па ізраільскіх населеных пунктах». Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк «шакаваны і ўзрушаны паведамленьнямі аб тым, што сотні, а магчыма, і тысячы ракетаў былі выпушчаныя палестынскімі ўзброенымі групамі па Ізраілі».

У першы дзень вайны мы назіралі звыклую заклапочанасьць і заклікі да дээскалацыі.

Ужо 9 кастрычніка Гутэрыш заявіў: «Я прызнаю законныя прэтэнзіі палестынскага народу, але нішто ня можа апраўдаць тэрарыстычныя акты. Я паўтараю свой заклік неадкладна спыніць гэтыя напады і вызваліць усіх закладнікаў. Я нагадваю Ізраілю, што ваенныя апэрацыі павінны праводзіцца ў строгай адпаведнасьці з міжнародным гуманітарным правам».

«Я глыбока засмучаны заявай аб тым, што Ізраіль пачне поўную блакаду сектару Газа, не дапускаючы туды нічога — ні электрычнасьці, ні харчаваньня, ні паліва», — падкрэсьліў кіраўнік ААН.

Што тут ня так

Кіраўнік ААН нагадаў Ізраілю, а вось палестынскім тэрарыстам, чые прэтэнзіі ён прызнае, пра гуманітарныя правы нагадаць неяк не выпадае. Адносна блакады сектару: Гутэрыш прапаноўвае ў адказ на забойствы 1400 чалавекаў у Ізраілі паставіць паліва і ежу забойцам. Можна на пасылках напісаць, напэўна, «ад удзячных габрэйскіх ахвяраў — мірным палестынцам, якія таньчылі ля трупаў нашых родных і адразалі галовы нашым дзецям».

Варта таксама заўжды памятаць, што па дзіўным супадзеньні ў Газе можа сканчвацца ежа, электрычнасьць, вада, але ніколі ракеты, калашнікавы і цесакі.

Глядзіце таксама

Удар па шпіталі Аль-Ахлі ў сектары Газа ААН асьвятліў наступным чынам:

«СААЗ (а гэта орган ААН) рашуча асуджае ўдар па шпіталі Аль-Ахлі на поўначы сектару Газа, які, паводле зьвестак СМІ, забраў жыцьці сама меней 500 чалавекаў. Паведамляецца таксама аб сотнях параненых. Шпіталь працягваў функцыянаваць, у ім хаваліся пацыэнты, мэдыцынскія супрацоўнікі, а таксама вымушаныя перасяленцы. Шпіталь быў адным з 20 на поўначы сектару Газа, якія атрымаў загад аб эвакуацыі ад ізраільскіх вайскоўцаў».

Што тут ня так

Цікавы факт: усяго на тэрыторыі сектару Газы працуе каля 13 тысячаў аанаўцаў, а ААН спасылаецца на «зьвесткі СМІ». Ужо дакладна агульнапрыняты факт, што шпіталь быў атакаваны тэрарыстамі ХАМАС, а забітых было ў разы меньш. Зрэшты, усьлед за СМІ, якія паверылі на слова палестынскім тэрарыстам пра вялізную колькасьць ахвяраў ад ізраільскай агрэсіі, пайшла і ААН. Відавочна, медыя якой ськіраванасьці выкарыстоўваюць службоўцы ААН.

І вяртаючыся да колькасьці людзей, якім ААН плоціць заробак толькі ў сектары Газа: няўжо гэтыя 13 тысячаў людзей ці хаця б пару чалавекаў не змаглі перадаць у галоўны офіс аб’ектыўную інфармацыю? Рытарычнае пытаньне.

У сакавіку 2024 года была прынятая рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН з патрабаваньнем «неадкладнага спыненьня агню і безумоўнага вызваленьня ўсіх закладнікаў» у сектары Газа. ЗША гэтым разам устрымалася ад накладваньня вета на падобныя дакумэнты. Гэта зьвязана перадусім з ціскам, які адміністрацыя прэзідэнта Байдэна робіць на ізраільскі ўрад. Сярод левага крыла Дэмакратычнай партыі ЗША вельмі папулярная падтрымка арабаў, а не ізраільцянаў у спрадвечным канфлікце. На носе вырашальная бітва за месца ў Авальным кабінэце, і Байдэн мусіць не разгубіць тых выбарцаў, якія яшчэ плянавалі абраць яго, а не іншага недарэчнага кандыдата ў чырвонай бэйсболцы «Зрабі Амэрыку зноў вялікай».

Што зараз у Ізраілі

Паколькі ізраільскія лідары не могуць прыняць узгодненае рашэньне адносна працягу вайны, міжнародная падтрымка паступова згасае. Калі гаворка ідзе пра мэты вайны - зьнішчэньне ХАМАС і вяртаньне закладнікаў – цяперашнюю сітуацыю можна акрэсьліць як нерашучасьць.

Прэм'ер-міністар Біньямін Нетаньяху прагне захапіць апошні вялікі горад пад кантролем тэрарыстаў — Рафах, але не дае канчатковага загаду, каб ЦАХАЛ пачаў дзейнічаць. Пагадненьне з тэрарыстамі азначала б паддацца невыканальным патрабаваньням ХАМАС, на што не пагаджаецца ніводзін чалец кабінэту міністраў. Зь іншага боку, Нэтаньяху таксама баіцца рашуча спыніць перамовы, каб палітычныя супернікі не абвінавацілі яго ў кіданьні закладнікаў.

У Ізраілі ўзмацняецца ціск на Нэтаньяху з мэтай дамагчыся пагадненьня аб спыненьні агню, каб вызваліць дзясяткі закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў Газе, і правесьці датэрміновыя выбары. На новыя выбары прэм’ер-міністар вядома не пойдзе. Згодна з апошнімі апытаньнямі, яго партыя Лікуд разам з партнэрамі не здолее захаваць большасьць у Кнэсэце, і ў гэтым выпадку да ўлады прыйдзе іншыя палітычныя сілы.

Разам з тым акурат сёньня падчас найбуйнейшай антыўрадавай дэманстрацыі з пачатку вайны дзясяткі тысячаў ізраільцянаў выйшлі ў цэнтар сталіцы Ізраілі — Ерузалема. Пратэстоўцы выказалі сваю незадаволенасьць хадой вайны і раскрытыкавалі няздольнасьць урада выратаваць або вызваліць усіх закладнікаў.

2_856.jpg

Што зараз у Газе

Большая частка сектара Газа кантралюецца ізраільскімі войскамі, якія з пачатку вайны пасьлядоўна прасоўваліся з поўначы сектара на поўдзень.

Камандаваньне ЦАХАЛ тлумачыць, што вайскоўцы праводзяць апэрацыі па выяўленьні тэрарыстаў і зьнішчэньні падземных тунэляў, у якіх яны хаваюцца, а таксама шукаюць ізраільскіх закладнікаў.

Па дадзеных ААН, 85% насельніцтва сектара, які налічвае больш за 2,3 мільёны жыхароў, былі вымушаныя эвакуявацца са сваіх дамоў праз сітуацыю, якая склалася ў сектары Газа, у тым ліку разбурэньня інфраструктуры і недахопу харчаваньня, вады, паліва і электрычнасьці.

Ізраіль лічыць, што ацэнка ААН зьмяшчае недакладную інфармацыю, і сцьвярджае, што агенцыі арганізацыі не спраўляюцца з разьмеркаваньнем дапамогі, якая паступае штодня.

Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі працы (БАПАП) пасьля жудаснай інфармацыі аб тым, што яго супрацоўнікі ўдзельнічалі ў тэрарыстычнай разьні ў Ізраілі 7 кастрычніка 2023 года, было пазбаўленае фінансаваньня з боку ЗША, Аўстраліі і іншых краінаў.

12 супрацоўнікаў-аанаўцаў удзельнічалі ў масавым забойстве, яшчэ 30 аказвалі пры гэтым садзейнічаньне, каля 130 супрацоўнікаў агенцтва ААН былі злоўленыя на прапагандзе тэрору і падбухторваньні ў Інтэрнэт, а адзін з зь іх хаваў у сваім доме ізраільскага закладніка, выкрадзенага 7 кастрычніка 2023 года.

Гуманітарная (?) дапамога

Гуманітарная (?) дапамога

Паводле ізраільскай ацэнкі ад 14 лютага 2024 года, не менш як 12% супрацоўнікаў БАПАП ААН у Газе афіляваныя з тэрарыстычнымі групоўкамі. «Пра 1468 супрацоўнікаў вядома пра іх актыўнасьць у шэрагах ХАМАС і ПІД, пра 450 супрацоўнікаў — што яны знаходзіліся ў баявых падразьдзяленьнях гэтых груповак».

У офісах БАПАП у Газе былі знойдзеныя зброя і дакумэнты, якія пацьвярджаюць выкарыстаньне ХАМАС комплексаў ААН у тэрарыстычных мэтах. 10 лютага 2024 года стала вядома аб выяўленьні непасрэдна пад штаб-кватэрай БАПАП і паблізу яго школы тунэля тэрарыстаў, дзе было знойдзенае шматлікае абсталяваньне, зброя і дата-цэнтар з сэрверамі ХАМАС, якія выкарыстоўваліся групоўкай для арганізацыі патаемнай сувязі і перадачы інфармацыі.

Абсталяваньне тэрарыстаў было падключаная да сеткі электразабесьпячэньня будынка ААН. Агенцтва заявіла, што нічога не ведала аб гэтым.

Так мы ім і не паверым. У выніку шматлікія сродкі масавай інфармацыі карыстаюцца тымі зьвесткамі, якія распаўсюджваюць тыя, хто непасрэдна вінаваты ў крывавай разьні ў Ізраілі.

Глядзіце таксама

Сістэма аховы здароўя БАПАП таксама ў значнай ступені абслугоўвае тэрарыстычную дзейнасьць ХАМАС. Медыцынскае абсталяваньне БАПАП, у тым ліку міжнародная гуманітарную дапамога, выкарыстоўваецца баевікамі ХАМАС. У Ізраілі вядома, што афіцэры ХАМАС разам з супрацоўнікамі ААНаўскай арганізацыі кіруюць разьмеркаваньнем медыцынскіх рэсурсаў, аддаючы прыярытэт філіялам ХАМАС.

У панядзелак генэральны сакратар ААН Антоніа Гутэрыш заявіў, што ізраільскі штурм Рафаха стане «апошнім цьвіком у труну гуманітарных праграмаў у Газе».

Пра так званую гуманітарную дзейнасьць ААН мы ўжо начутыя.

Раней Эгіпет, на дапамогу якога разьлічвалі і Ізраіль, і міжнародныя пасярэднікі, заявіў, што не гатовы да наплыву палестынскіх бежанцаў, і пачаў рашуча ўмацоўваць загараджальныя збудаваньні на мяжы з сектарам Газа.

Калі вы ўсё яшчэ зьдзіўляецеся, чаму арабы Эгіпту не жадаюць дапамагчы арабам з секатара Газа, раім пачытаць гэты артыкул:

Глядзіце таксама

Пэрспэктывы

Па словах былога кіраўніка Ўпраўленьня ваеннай выведкі Ізраіля, вайна паміж Ізраілем і ХАМАС у сектары Газа і суправаджальны яе канфлікт сярэдняй інтэнсіўнасьці з Хізбалой рызыкуюць пераўтварыцца ў рэгіянальную вайну з удзелам Хізбалы і яе іранскага спонсара.

«Я думаю, цяпер усе разумеюць, што праблема не ў Газе. Праблема ў Іране. Іран стаіць за ўсім гэтым»

— сказаў на мінулым тыдні генэрал-маёр Амос Ядлін.

«Іран атрымлівае асалоду ад таго, што Ізраіль быў скіраваны на фронт у Газе. Большая частка сьвету ігнаруе той факт, што Іран працягвае прасоўвацца да ядзернай зброі», — сказаў Ядлін. «Я хачу выйсьці на стратэгічны ўзровень і казаць аб тым, што сёньня, можа быць, заўтра, можа быць, на наступным тыдні мы можам выйсьці на два розныя кірункі гэтай вайны», — сказаў ён.

Адзін з такіх сцэнароў — перарастаньне канфлікту ў рэгіянальную вайну. «Гэта будзе ісьці з Газы на поўнач, ад абмежаванай вайны ў Газе да рэгіянальнай вайны».

«Іран пагражае напасьці на Ізраіль. Усе ў іх кіраўніцтве пакляліся адпомсьціць за забойства брыгададнага генэрала Махамада Захедзі». Гэты чалавек быў ліквідаваны 1 красавіка 2024 года падчас удару па будынку побач з амбасадай Ірана ў Дамаску.

Кіраўнік тэрарыстаў ХАМАС Сінвар з духоўным лідарам Ірана Алі Хаменэі на нядаўняй сяброўскай сустрэчы

Кіраўнік тэрарыстаў ХАМАС Сінвар з духоўным лідарам Ірана Алі Хаменэі на нядаўняй сяброўскай сустрэчы

Што тычыцца ХАМАС у Газе, ён сказаў: «Мы павінны сказаць праўду. Вы не можаце зьмяніць іх сэрцы і розумы. Вы не можаце зьмяніць іх погляды. Насельніцтва Газы падтрымлівае іх, але ХАМАС будзе значна слабей пасьля вайны. А хто там можа кантраляваць ХАМАС?»

Генэрал Рам Яўнэ, былы кіраўнік стратэгічнага аддзела кіраваньня плянаваньня Генэральнага штаба ЦАХАЛа і былы старэйшы афіцэр выведкі Ізраіля, акрэсьліў чатыры сцэнары будучыні Газы: ізраільскі ваенны кантроль, хаос, вяртаньне аслабленага ХАМАС і ўсталяваньне новага рэжыму, якім, на яго думку, будзе Палестынская аўтаномія. Тая самая аўтаномія, нагадаем у асобе іх кіраўніка Махмуда Абаса не асудзіла напад палестынскіх тэрарыстаў на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года.

Адносна Рафаха Яўнэ сказаў, што будучая аперацыя Ізраіля ў апошняй крэпасьці тэрарыстаў будзе скіраваная на раз'яднаньне чатырох батальёнаў ХАМАС у гэтым раёне і спын кантрабанды зброі з Эгіпта ў Газу ў будучыні.

Калі з гэтым «не справіцца», папярэдзіў ён, «існуе вялікая верагоднасьць, што ХАМАС прыкладзе ўсе намаганьні, каб аднавіць сваю моц».

У студзені 2024 года міністр абароны Ізраіля Ёаў Галянт прапанаваў плян кіраваньня сектарам у будучыні: ХАМАС больш не будзе кантраляваць тэрыторыю, кіраваць сектарам будзе палестынскае кіраўніцтва на пэўных умовах, кантроль над бясьпекай у сектары будзе ажыцьцяўляць Ізраіль.

Наперадзе чакае вайна з Іранам ці штурм Рафаха ці палітычны хаос у Ізраілі, альбо ўсе гэтыя чыньнікі разам. Спрагназаваць дакладна ня зможа ніхто.