Байдэн: У выпадку нападу Ірана наша падтрымка Ізраіля будзе жалезнай
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папярэдзіў, што іранцы пагражаюць «сур'ёзным нападам» на Ізраіль, які, як асцерагаюцца амерыканскія афіцыйныя асобы, можа адбыцца ў любы дзень.
У ЗША лічаць, Тэгеран можа адказаць на ўдар першага красавіка па будынку іранскага консульства ў Сірыі, у выніку якога загінулі высокапастаўленыя іранскія вайскоўцы, піша ВВС.
«Яны пагражаюць нанесці сур'ёзны ўдар па Ізраілю. Як я сказаў прэм'ер-міністру Нетаньяху, наша прыхільнасць забеспячэнню бяспекі Ізраіля ад гэтых пагроз з боку Ірана і яго сатэлітаў з'яўляецца жалезнай. Дазвольце мне сказаць гэта яшчэ раз: жалезнай. Мы маем намер зрабіць усё магчымае, каб абараніць бяспеку Ізраіля», — заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў.
У Вашынгтоне расце занепакоенасць з нагоды ўсё больш агрэсіўнай рыторыкі, якая выкарыстоўваецца афіцыйнымі асобамі ў Тэгеране, якія пакляліся адпомсціць за меркаваны Ізраільскі авіяўдар па будынку іранскага консульства ў Дамаску, у выніку якога загінулі сем высокапастаўленых ваенных Корпуса вартавых іранскай рэвалюцыі.
Сярод забітых — брыгадны генерал Махамад Рэза Захедзі, важная фігура ў спецпадраздзяленні «Кудс», аддзяленні КВІР, якое адказвае за аперацыі за мяжой. Загінуў і яго намеснік, генерал Махамад Хадзі Хаджы Рахімі.
Іран і Сірыя абвінавацілі тады ў нападзе Ізраіль, аднак сам Ізраіль устрымаўся ад каментароў.
Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі заявіў у сераду ў прамове, прысвечанай заканчэнню Святога для мусульман месяца Рамадан, што Ізраіль «павінен быць пакараны і ён будзе пакараны» за абстрэл іранскага консульства.
«Рэжым зла дапусціў памылку ў гэтых адносінах, ён павінен быць пакараны і будзе пакараны. Консульствы і амбасады ў любой краіне з'яўляюцца тэрыторыяй краіны, якой яны належаць. Калі яны напалі на наша консульства, гэта значыць, што яны напалі на нашу тэрыторыю. Гэта ўсеагульны закон», — заявіў Хаменеі.
Публічны сігнал
Як паведамляе карэспандэнт ВВС у Вашынгтоне Уіл Вернан, Белы дом імкнецца паслаць іранцам публічны і ясны сігнал аб тым, што, нягледзячы на ўсе рознагалоссі паміж прэзідэнтам Байдэнам і прэм'ер-міністрам Ізраіля Нетаньяху наконт вядзення вайны ў Газе, любы напад на Ізраіль будзе сустрэты рашучым адказам Вашынгтона.
Акрамя таго, як паведаміў Дзярждэп ЗША, дзяржсакратар Энтані Блінкен звязаўся з міністрам абароны Ізраіля Ёавам Галантам і запэўніў яго, што Вашынгтон падтрымае Ізраіль у выпадку нападу на яго Ірана або яго сатэлітаў.
Нагадаем, раней на гэтым тыдні, імкнучыся аслабіць напружанасць, міністры замежных спраў Саудаўскай Аравіі, ААЭ, Катара і Ірака сустрэліся са сваім іранскім калегам.
Міністраў папрасілі перадаць пасланне старшага дарадцы Байдэна па Блізкім Усходзе Брэта Макгерка аб неабходнасці дээскалацыі.
На фоне ўсіх гэтых апасенняў насцярожанасць выклікаў у сераду пост у сацсетцы Х іранскага інфармацыйнага агенцтва Mehr, дзе працытаваны словы міністра абароны Ірана, які паведаміў, што паветраная прастора над Тэгеранам была закрытая ўвечары «ў сувязі з вайсковымі вучэннямі». Неўзабаве агенцтва выдаліла гэтае паведамленне і адмаўляе, што яно публікавала якія-небудзь навіны на гэтую тэму, піша агенцтва Reuters.
У сераду ўвечары нямецкая авіякампанія Lufthansa паведаміла аб прыпыненні сваіх авіярэйсаў у Тэгеран і з Тэгерана.