Ураджэнец Мазыра атрымаў адну з найважнейшых ваенных пасад у Ізраілі
Раман Гофман, які ўвосень быў цяжка паранены баевікамі ХАМАС, стане адзіным чалавекам, які мае поўны і неабмежаваны доступ да дадзеных разведкі Ізраіля.
Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху прызначыў ураджэнца Мазыра, брыгаднага генерала Рамана Гофмана на пасаду свайго ваеннага сакратара — адна з найважнейшых пасад у ваеннай іерархіі краіны. Пра гэта піша «Люстэрка» са спасылкай на тэлеканал Now 14 і прэс-службу Нетаньяху.
Паводле інфармацыі канала, Біньямін Нетаньяху прызначыў Рамана Гофмана на пасаду свайго ваеннага сакратара пасля дзвюх асабістых сустрэч, на якіх той зрабіў на ізраільскага прэм'ера «вялікае ўражанне». Усяго на гэтую пасаду прэтэндавалі чатыры кандыдаты.
Паведамляецца, што гэтае прызначэнне ўжо ўхвалілі ў Генштабе Ізраіля. Па ўсёй верагоднасці, Раман Гофман праз месяц зменіць на пасадзе цяперашняга вайсковага сакратара прэм'ер-міністра Аві Гіля, ён таксама будзе падвышаны да звання генерал-маёра.
Сярод абавязкаў ваеннага сакратара прэм'ер-міністра Ізраіля — сартаваць бягучую разведвальную інфармацыю і прадастаўляць яе свайму начальніку, а таксама кансультаваць яго па пытаннях бяспекі і разведкі.
Як пішуць ізраільскія СМІ, гэта адна з найважнейшых пасад у ваеннай іерархіі краіны: ваенны сакратар прэм'ер-міністра — адзіны чалавек, які мае поўны і неабмежаваны доступ да дадзеных разведкі Ізраіля.
Раман Гофман нарадзіўся ў беларускім Мазыры. У Ізраіль ён пераехаў з бацькамі ў 1990 годзе. Адслужыўшы тэрміновую службу ў бранятанкавых войсках і скончыўшы афіцэрскія курсы, Раман Гофман вырашыў працягваць вайсковую кар'еру. Браў удзел у некалькіх антытэрарыстычных аперацыях. Ён стаў першым прадстаўніком масавай рэпатрыяцыі габрэяў з былога СССР, які дасягнуў звання брыгаднага генерала і атрымаў дывізію пад сваё камандаванне.
27 кастрычніка 2022 года Гофман уступіў на пасаду камандзіра Нацыянальнага цэнтра вучэнняў сухапутных войскаў.
8 кастрычніка 2023 года Раман Гофман асабіста кіраваў адным з падраздзяленняў, якія вызвалялі ад тэрарыстаў горад Сдэрот. Падчас вулічных баёў ён забіў некалькі баевікоў, але сам атрымаў цяжкае раненне.
Гофман стаў першым вайскоўцам у званні генерала, які пацярпеў на гэтай вайне, паведамляла выданне Jewish.ru. Пасля эвакуацыі з поля бою генералу зрабілі некалькі аперацый.