Ад Арлекіна да Бацькаўшчыны
Сёння беларускае кіно не ў лепшай глядацкай форме. Пракат айчынных стужак толькі ажывае. Самі творы не заўжды можна ўбачыць, хаця яны спрабуюць дагрукацца да гледача. А публіка яшчэ не
ўпэўнена ў сучасных беларускіх карцінах і падзабыла колішнюю славу «Беларусьфільму».
Але пра гэту славу варта нагадаць. Расійскі крытык Сяргей Кудраўцаў зрабіў ашчаднае апісанне самых глядацкіх савецкіх карцінаў. Беларускае кіно ў гэтым спісе займае ажно 32 пазіцыі.
Так што ў нашай краіне былі стужкі, якія глядзелі мільёны і мільёны.
На жаль, цяжка ацаніць поспех нямых стужак, дакладная статыстыка па якіх не знойдзена. Але з пэўнасцю можна сказаць, што першыя беларускія карціны «Лясная быль», а асабліва стужка з
заманлівай назвай «Прастытутка», мелі свайго гледача. «Прастытутку» нават дакаралі за камерцыйнасць.
Па-за разглядам і стужкі для тэлевізіі — «Пра Чырвоную Шапачку», «Прыгоды Бураціна».
Першае месца ў спісе самых глядзельных беларускіх стужак ад 1940-х гадоў займае фільм, зроблены пад заслону савецкай эпохі. Гэта моладзевая перабудовачная драма Валерыя Рыбарава «Мяне
клічуць Арлекіна» (1988 год, 2 серыі). На серыю прыпадае 41,9 мільёна гледачоў.
Я быў сведкам таго, як на гэту выкрывальніцкую стужку — з падпольнай рок-музыкай, правінцыйнай нудой, аголенымі грудзямі і выпадковым сексам — рэагавалі ў Хабараўску. У кнізе
водгукаў, спісанай ад пачатку і да канца, вылучалася прызнанне губной памадаю: «Глядзела, гляджу і глядзець гэты фільм буду!»
Камедыйную меладраму Ігара Дабралюбава «Белыя Росы» 1984 года пабачыла 36,1 мільёна чалавек. Гэта другое месца ў зале беларускае кінаславы. Была надрукаваная вялікая колькасць
кінакопій «Белых Росаў» — 1199.
Трэцяе месца — у ваеннай дзіцячай меладрамы Льва Голуба «Дзяўчынка шукае бацьку» 1959 года. Гэта наогул самы папулярны дзіцячы фільм за ўсе савецкія часы — 35,4
мільёна гледачоў.
Жывыя і непасрэдныя акцёры, вострыя сітуацыі, слёзы і спачуванне гарантавалі гэтай карціне поспех. Яшчэ адна ваенна-прыгодніцкая дзіцячая карціна Льва Голуба ўваходзіць у наш спіс. Гэта
«Паланез Агінскага» — на 18-м месцы.
Увогуле, хаця ваенная тэма лічылася істотнай для «Беларусьфільму», гледачы ўпадабалі ваенныя фільмы, калі яны знітоўваліся з прыгодамі і меладрамай. Самы паказальны
прыклад—«Гадзіннік спыніўся апоўначы» Мікалая Фігуроўскага пра забойства Кубэ. За авантурныя моманты гэты фільм папракалі. Але стужка атрымала заслужаную любоў
публікі.
Страшны ваенны фільм Элема Клімава «Ідзі і глядзі», які паглядзела ў Савецкім саюзе, прынамсі 29,8 мільёна чалавек, амерыканцы ўключылі ў кнігу «1001 фільм, які вы мусіце
пабачыць». Фільм меў неблагі пракатны лёс на Захадзе.
На заходніх фэстах прывячалі і «Дзікае паляванне караля Стаха» Валерыя Рубінчыка. Нягледзячы на абмежаваныя 486 копій, фільм, які сабраў 11,3 мільёна гледачоў, і дасюль не згубіў
сваёй прывабнасці.
А вось пафасна-гераічны «Канстанцін Заслонаў» 1949 года сёння ўяўляе толькі гістарычную цікаўнасць. Аднак у познесталінскія часы было наогул замала стужак, дый настрой фільму
адпавядаў эпосе.
Затое інтрыгоўна гучыць назва забытай карціны «Бацька» Барыса Сцяпанава (19,9 мільёна гледачоў). Але гэта толькі пра партызанскага бацьку Міная.
Беларускія класікі — Віктар Тураў і Валерый Рубінчык, якія акурат напрыканцы спісу — саступаюць па папулярнасці ўдалым рамеснікам Сяргею Сплашнову ды Язэпу Шульману. Сплашнова,
увогуле, лаялі за безгустоўе і патуранне публіцы, але гэта і падабалася гледачам («Цешча», «Каханнем трэба даражыць»).
Можна кусаць локці, што карціну цікавага аўтара Валянціна Вінаградава «Усходні калідор» катэгарычна забаранілі і не выпусцілі ў пракат. Затое ягоную стужку «Дзень, калі
мінае 30» пабачыла 22,8 мільёна гледачоў.
Увогуле, спіс самых папулярных беларускіх карцінаў ушчэнт разбівае стэрэатып, што кіно па беларускіх кнігах ці на беларускай мове непапулярнае. Коласаўскія «Першыя выпрабаванні»
паводле «На Ростанях» паглядзела 27,2 мільёна чалавек, «Паўлінку» — 20 мільёнаў гледачоў (праўда, гэта 1952 год), «Людзі на балоце»
— 4,1 мільёна.
А чорна-белая (!) нетаропкая і вельмі аўтарская экранізацыя Вячаслава Адамчыка «Чужая бацькаўшчына», зробленая Валерыем Рыбаравым, сабрала 800 тысяч удзячнай публікі.
У айчынным кіно вылучаюцца дзве «найпапулярнейшыя» эпохі — канец 1950-х і канец 1980-х. Раз у 30 гадоў гледачы штурмавалі кінатэатры, каб паглядзець беларускія стужкі. І
выглядае на тое, што неўзабаве можа пачацца новы пік.
А пакуль беларускія карціны згубілі расійскі рынак, а заходні не набылі. Студыя не здольная прадаць уласныя стужкі. «Масакра» Андрэя Кудзіненкі, якая няблага ідзе ў кінатэатрах,
аддрукаваная ўсяго ў колькасці 8 (!) копій.
Але ёсць гістарычны прыклад папулярнага беларускага кіно. Варта толькі памятаць і быць чулым да эпохі і гледачоў.
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Даведка:
Папулярныя беларускія фільмы (паводле Сяргея Кудраўцава)
Колькасць гледачоў—толькі па Савецкім Саюзе
«Мяне клічуць Арлекіна», 1988 год, моладзевая драма Валерыя Рыбарава, 41,9 млн. гледачоў на серыю.
«Белыя Росы», 1984 год, меладрама-камедыя Ігара Дабралюбава, 36,1 млн. гледачоў, 1199 кінакопій, 30 108 гледачоў на кінакопію.
«Дзяўчынка шукае бацьку», 1959 год, ваенная дзіцячая драма Льва Голуба, 35,4 млн. гледачоў.
«Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1959 год, ваенны героікапрыгодніцкі фільм Мікалая Фігуроўскага, 34,8 млн. гледачоў.
«Каханнем трэба даражыць», 1960 год, сацыяльная меладрама Сяргея Сплашнова, 33,9 млн. гледачоў.
«Чорная бяроза», 1978 год, ваенны кінараман Віталя Чацверыкова, 33,3 млн. на серыю, наклад 1082 копіі.
«Чырвонае лісце», 1958 год, героіка-прыгодніцкая драма Уладзіміра КоршСабліна, 33,1 млн. гледачоў.
«Пагаворым, брат» (пры ўдзеле «Масфільму»), 1979 год, гісторыка-рэвалюцыйны прыгодніцкі фільм Юрыя Чулюкіна, па 32,8 млн. на серыю, наклад 1108 копій, 29 633
гледача на копію.
«Ідзі і глядзі» (пры ўдзеле «Масфільму»), 1986 год, ваенная трагедыя Элема Клімава, па 29,8 млн. на серыю, накладам 925 копій, 32 216 гледачоў на копію.
«Годны ў нестраявыя», 1969 год, ваенна-гераічная камедыя Уладзіміра Рагавога, 27,9 млн. гледачоў, наклад 1370 копій, 20 365 гледачоў на копію.
«Цешча», 1974 год, сацыяльная камедыя Сяргея Сплашнова, 27,4 млн. гледачоў, наклад 929 копій, 29 494 гледача на копію.
«Першыя выпрабаванні», 1960 год, гісторыка-рэвалюцыйны фільм Уладзіміра Корш-Сабліна паводле раману «На Ростанях» Якуба Коласа, 1-я серыя, 27,2 млн. чалавек.
«Нашы суседзі», 1957 год, сацыяльная моладзевая аповесць Сяргея Сплашнова з элементамі меладрамы, 27 млн. гледачоў.
«Наперадзе круты паварот», 1960 год, крымінальна-псіхалагічная драма Рычарда Віктарава, 24,9 млн. гледачоў.
«Дзень, калі мінае 30», 1962 год, псіхалагічная драма Валянціна Вінаградава, 22,8 млн. гледачоў, наклад 942 копіі, 24 204 гледача на копію.
«Чалавек не здаецца», 1961 год, ваенная гераічная драма Іосіфа Шульмана, 22,7 млн. гледачоў, наклад 714 копій, 31 793 гледача на копію.
«Пункт адліку», 1980 год, героіка-сацыяльная аповесць Віктара Турава, 22,5 млн. гледачоў на 1267 копій, 17 758 гледача на копію.
«Паланез Агінскага», 1972 год, дзіцячы ваенны героіка-прыгодніцкі фільм Льва Голуба, 22,2 млн. гледачоў, наклад 1579 копій, 14 060 гледачоў на копію.
«Сын старшыні», 1976 год, сацыяльная аповесць Вячаслава Нікіфарава, 20,2 млн. гледачоў, наклад 1219 копій, 16 571 гледач на копію.
«Паўлінка», 1952 год, фільм-спектакль Аляксандра Зархі паводле аднайменнай камедыі Янкі Купалы, 20 млн. гледачоў.
«Бацька», 1972 год, партызанская драма Барыса Сцяпанава, 19,9 млн. гледачоў, 620 копій, 32 097 гледачоў на копію.
«Мая любоў», 1940 год, камедыйная меладрама Уладзіміра Корш-Сабліна, 19,2 млн. гледачоў.
«Чужое імя», 1966 год, псіхалагічны дэтэктыў Іосіфа Шульмана, 18,7 млн. гледачоў, 1054 копіі, 17 742 гледача на копію.
«Канстанцін Заслонаў», 1949 год, ваенна-гераічны фільм Аляксандра Файнцымера, 17,9 млн. гледачоў.
«Праз могілкі», 1965 год, ваенны фільм Віктара Турава, 11,8 млн. гледачоў, 896 копій, 13 170 гледачоў на копію.
«Дзікае паляванне караля Стаха», 1979 год, гатычны дэтэктыў Валерыя Рубінчыка, 11,3 млн. на серыю, 486 копій, 23 251 гледачоў на копію.
«Час яе сыноў», 1976 год, ваенны фільм Віктара Турава, 8,6 млн. гледачоў, 867 копій.
«Я родам з дзяцінства», 1967 год, ваенная кінааповесць Віктара Турава, 7,6 млн. гледачоў, 504 копіі, 15 079 гледачоў на копію.
«Людзі на балоце», 1982 год, кінараман Віктара Турава, 4,1 млн. гледачоў, 453 копіі, 9 051 глядач на копію.
«Наш бронецягнік», 1989 год, перабудовачная драма Міхаіла Пташука, 2,8 млн. на серыю.
«Культпаход у тэатр», 1983 год, лірычная трагікамедыя Валерыя Рубінчыка, 2,5 млн. гледачоў, 682 копіі, 3 666 гледачоў на копію.
«Чужая бацькаўшчына», 1983 год, кінараман Валерыя Рыбарава, 0,8 млн. гледачоў, 152 копіі , 5 263 гледача на копію.