Сяргей Гаранін распавядае пра імёны нашчадкаў Рагвалода

На сваёй старонцы ў Facebook Сяргей Гаранін абвясціў аб сканчэнні працы ў Акадэміі навук, дзе ён быў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. Навуковец падзяліўся сваёй апошняй працай, якая датычыцца імёнаў дынастыі Рагвалодзічаў.

rahvalod.jpg


«Я жадаю Акадэміі навук захавацца ў варунках небяспечнага і складанага часу, жадаю нашым беларускім вучоным новых адкрыццяў і плённых здзяйсненняў! Ну, і на завяршэнне навуковай кар'еры трэба што-небудзь такое... зубадрабільна-фундаментальнае. Каму цікава і трэба — той прачытае».
Сістэмнасць функцыянавання феадальнага антрапанімікону Рагвалодзічаў і ўзнаўляльнасць імёнаў у яго складзе дазваляе разглядаць гэты іменаслоў як з’яву моўнай нормы Сярэднявечча. 
Гэта дае магчымасць ажыццявіць яго асобнае лінгватэксталагічнае даследаванне. Нягледзячы на структурнае супадзенне з імёнамі іншых Рурыкавічаў шэраг імён застаюцца прыналежнасцю толькі полацкай княжацкай галіны (Мужчынскія: Рогволодъ, Из’яславъ, Бря(н)числавъ, Всеславъ; Жаночыя: Рогънеда/Рогънедь, Гордислава/Городислава/Горе(и)слава, Предслава/Предослава (?)).
Невялікая колькасць прадстаўнікоў роду абумоўлівала небагаты імянны фонд яго генеральнай лініі. Сувязі ў родзе былі вельмі цеснымі, і род разглядаўся як вялікая сям’я. Па-сутнасці, дом Рагвалодзічаў і быў адной сям’ёй аж да смерці Усяслава Брачыславіча ў пачатку ХІІ ст.
Адсюль вынікала забарона на выкарыстанне імёнаў жывых блізкіх сваякоў, як мінімум, да скону самога Усяслава (1101 год), і адпаведнае ўзрастанне сямейнай, а не дынастычнай традыцыі пры выбары імя: абранне імя наўпрост звязвалася са спадчыннымі правамі і старшынством у сям’і, калі адначасова не магло існаваць двух Рагвалодаў або двух Вячаславаў, а не з правамі сярод Рурыкавічаў.


Гэта абумоўлівала ўтварэнне гіпакарыстычных формаў: Валод(ь)-ша, г. зн. «Малодшы Рагвалод ці Усевалад» (па аналогіі з Маль(м)фрид – Малъfрhдь -- Мал-у-ша; Святаслаў – Святоша; падчас нараджэння Валодшы жылі Рагвалод Барысавіч і Усевалад Глебавіч, якія даводзіліся яму дваюраднымі дзядзькамі); Вячка, г.зн. «Малодшы Вячаслаў» (па аналогіі з Давыд – Давыдко), а таксама агульна распаўсюджаныя Васілька і Уладзімірка. На мяжы ХІ–ХІІ стагоддзяў гэта прывяло да пэўнага «антрапанімічнага крызісу», калі ўнукам Усяслава, народжаным у шматдзетных шлюбах, пачало «не хапаць» імёнаў у патранімічным арсенале Полацкага дома.
Паколькі імянарачэнне наўпрост звязана з заяўкай бацькі на палітычны статус свайго спадчынніка, то найвастрэй гэты крызіс перажываўся мінскім князем Глебам Усяславічам. Ён дае сынам наступныя імёны: Ізяслаў, Расціслаў, Валадар, Усевалад. Старшынство і час іх нараджэння не высветлены. Вядома толькі, што Ізяслаў памёр першым з братоў у 1134 годзе, не дажыўшы да сталага веку і не пакінуўшы спадчыннікаў. Калі першы сын Глеба нарадзіўся пры жывым Усяславе, калі прынцып абмежавання імёнаў у сям’і няўхільна выконваўся, то цалкам верагодна, што ён яшчэ паспеў атрымаць імя з генеральнага іменаслову: сын аднаго з сыноў Чарадзея атрымаў імя Рагвалод, сын другога — Брачыслаў, сын трэцяга — Ізяслаў, Раман жа дзяцей не меў. У імёнах першых унукаў Усяслава быў узноўлены генеральны фонд імёнаў роду. Калі Барыс, мяркуючы па ўсім, быў старэйшым з сыноў Усяслава, то яго сын Рагвалод быў старшым у сваім пакаленні.
Сыны Рагвалода ў 1129 годзе выступалі ўжо як самастойныя палітычныя дзеячы і, верагодна, нарадзіліся яшчэ пры жывым прадзедзе. Паколькі імёнаў для іх ва Усяслававым арсенале ўжо «не хапала», то для іх пакалення пачалі выкарыстоўвацца хрысціянскія імёны: Васіль і Іван Рагвалодавічы. Значыць, Ізяслаў быў старэйшым за Васіля і Івана. Для аднаго з сыноў Глеба было абрана прэстыжнае імя з галоўнага імяннога фонду сям’і, якое было «вольным» на час нараджэння немаўляці. Нават калі дапускаць магчымасць пэўнай аддаленасці Глеба ад Барыса, Рамана, Давыда і нават самога Усяслава Брачыславіча, пра што будзе сказана ніжэй, то забараніць выкарыстанне «вольнага» імя было нельга яшчэ і таму, што калі Ізяслаў нарадзіўся ў канцы ХІ стагоддзя, то яго імя аказвалася двухасэнсаваным: ён атрымаў яго і ў гонар прапрадзеда па бацькоўскай лініі, і ў гонар прадзеда па мацярынскай, які нядаўна памёр. Больш складанай з’яўляецца праблема іншых імёнаў сыноў Глеба.
Перш за ўсё разгледзім становішча Глеба сярод Усяславічаў і паспрабуем зразумець логіку размеркавання трох наступных імёнаў. Глеб даводзіўся Усяславу другім або трэцім сынам; ён быў жанаты на дачцэ старшага сына старэйшага з трох братоў Яраславічаў — Ізяслава, які трымаў непасрэдна прылеглыя да Полацкага княства Тураў і Ноўгарад Вялікі і даводзіўся шваграм польскаму каралю Баляславу. Радавы статус цесця Глеба, Яраполка, быў сярод Рурыкавічаў вельмі высокім: бацька, Ізяслаў Яраславіч, быў Вялікім князем Кіеўскім, сам Яраполк нарадзіўся ў 1043 годзе і быў старэйшым за Уладзіміра Манамаха, княжыў спачатку ў Вышгарадзе, а пасля ва Уладзіміры-Валынскім і Тураве. Вельмі верагодна, што адной з дадатковых умоў, на якіх Усяславу дазволілі замацавацца ў вернутым Полацку пасля перамогі Яраполка над будучым цесцем каля Галацічска ў 1072 годзе, былі заручыны яго сына з народжанай унучкай Ізяслава — Анастасіяй Яраполкаўнай.
Варта нагадаць, што пасля смерці Мсціслава Ізяславіча ў Полацку падчас адсутнасці Усяслава ў 1069 – 1072 гадах княжыў акурат Яраполк. Логіка Ізяслава Яраславіча была зразумелая і паслядоўная: княжанне яго сына ў Полацку замянялася на княжанне свата, а ў будучым — на княжанне зяця (і, значыць, унучкі Ізяслава). Можна выкласці і прасцей: замест прышлага князя Яраполка ў Полацку законным чынам апынулася яго дачка — унучка Ізяслава Яраславіча. Безумоўна, такі шлюб тым болей высоўваў Глеба на перадавыя пазіцыі сярод Усяславічаў.
Але ў 1073 годзе Ізяслаў быў выгнаны з Кіева Святаславам, прычым у гэты час магчымы шлюб Усяслава са Святаслаўнай яшчэ не быў заключаны, бо Святаслаў і Усевалад лічылі Ізяслава і Усяслава саюзнікамі, хаця невядома, ці была ў гэты час жывой яго першая жонка.
Не пазней за 1076 год быў заключаны магчымы шлюб самога Усяслава з дачкой наступнага Вялікага князя Кіеўскага — Святаслава. Атрымлівалася, што другая жонка Усяслава даводзілася стрыечнай цёткай жонцы яго сына. Але Святаслаў памёр, і Ізяслаў зноў заняў кіеўскі пасад. Можна меркаваць, што разам з заключэннем гэтага шлюбу (ці каля гэтага часу) старшым сынам ад першага шлюбу, некаторым з якіх магло быць ужо каля трыццаці, былі пралангіраваны надзелы. Невядома, калі і з кім ажаніліся два іншыя дарослыя сыны — Барыс, і Раман, і Давыд.


Калі дапускаць, што іх жонкамі былі Рурыкаўны, то, паколькі Рагвалод Барысавіч быў жанаты першым шлюбам з дачкой Святаслава Ольгавіча, а другім — з дачкой Ізяслава Мсціславіча, жонкай самога Барыса не магла б быць жанчына, якая паходзіла з радаводу Святаслава ці Усевалада Яраславічаў (шлюбы паміж стрыечнымі забараняліся), але яна магла паходзіць і з сем’яў Давыда ці Усевалада Ігаравічаў, і з сем’яў Валадара ці Васількі Расціславічаў, і з іншых галін Яраславічаў. Гэта вельмі шырокі дыяпазон. Нельга нічога меркаваць і адносна паходжання Раманавай. Паколькі залежнасць Усяслава ад Кіева ў гэты час здаецца нам відавочнай, то ў найбольш выгадным становішчы аказваўся той з яго сыноў, хто быў звязаны або з нашчадкамі пануючага ў Кіеве князя, або з некалькімі сем’ямі Яраславічаў адразу.
Паколькі падчас выгнання з Полацкай зямлі ў 1104 годзе Давыд знайшоў прытулак у ноўгарад-северскага князя Алега Святаславіча, то можна меркаваць адносна яго дынастычнай сувязі з Ольгавічамі, і паколькі Брачыслаў Давыдавіч ажаніўся з праўнучкай Усевалада Яраславіча (хаця апошні шлюб не мог быць заключаны ў ХІ стагоддзі, гаворка можа ісці толькі пра заручыны — дамову бацькоў аб плануемым у будучым сужэнстве яшчэ зусім малых дзяцей), то верагодна, што ў найлепшым становішчы апынуўся менавіта Давыд Усяславіч.
Амаль што адразу пасля смерці бацькі Давыд адкрыта ўцягнуўся ў агульнарускія справы і ў 1103 годзе прыняў удзел у кааліцыйным паходзе супраць полаўцаў. У 1104 годзе ўсе тры галоўныя на той час галіны Яраславічаў аказалі Давыду сустрэчную ўзаемную дапамогу па здабыванні адабранага ў яго Менска (Святаполк Ізяславіч накіраваў ваяводу Пуцяту, Алег Святаславіч удзельнічаў асабіста, Уладзімір Манамах паслаў свайго сына Яраполка). Паход скончыўся беспаспяхова, але вельмі верагодна, што менавіта палітычная падтрымка Яраславічаў дазволіла Давыду каля 1106 года заняць і да 1127 года пратрымацца на Полацкім прастоле. Паколькі Брачыслаў Давыдавіч княжыў пры жывым бацьку ў Лагожаску (Лагойску), то можна меркаваць, што напачатку Давыд і трымаў Лагожаск, асабліва ўлічваючы тое гаротнае становішча, у якім знаходзіўся Менск пасля разбурэння ў 1084 годзе.
Ці меў Глеб па бацьку хоць які-небудзь горад, невядома, але паколькі сыны Глеба мелі ў далейшым прэтэнзіі на Ізяслаўе, то магчыма, Глебу быў пралангіраваны (а можа, і дадзены) Ізяслаў, статус якога пры размеркаванні сталоў дакладна вызначыць цяжка. Па логіцы рэчаў гэта павінен быў быць трэці або чацвёрты па значнасці горад (не лічачы самога Полацка), які, аднак, не ўтвараў самастойнага княства. Нават Менск Глебу прыйшлося здабываць збройнай сілай. Але Менск, хаця і вылучыўся ў самастойны ўдзел сярод іншых гарадоў Полацкай зямлі, быў горадам ускраінным, памежным і, у параўнанні з Друцкам ці Віцебскам, не вельмі прэстыжным падчас умацавання ў ім Глеба. Узвышэнне Менска было звязана з дзейнасцю самога Глеба, але спадчыну ён, відаць, атрымаў небагатую. Гэта магло быць ускосна звязана і з другім шлюбам Усяслава, і з жорсткім канфліктам паміж самімі братамі Яраславічамі, калі Святаслаў выгнаў Ізяслава з Кіева. У 1077 годзе Ізяслаў зноў стаў вялікім князем, але ў 1078 годзе загінуў у бітве супраць нашчадкаў Святаслава Яраславіча, Алега і Барыса Вячаславічаў.
Будучы зяцем Яраполка Ізяславіча, Глеб, умоўна кажучы, аказваўся ў апазіцыі да іншых Рагвалодзічаў, звязаных праз шлюбы з іншымі галінамі Яраславічаў. У 1086 годзе Яраполк Ізяславіч загінуў, у 1102 і 1104 гадах адышлі ў нябыт швагры Глеба — Яраслаў і Вячаслаў Яраполчычы, і прэферэнцыі Глеба былі канчаткова страчаны. Патрэбны і зручны ў свой час для бацькі, шматабяцальны для сына, дынастычны шлюб Глеба аказаўся напрыканцы ХІ – у пачатку ХІІ стагоддзя няўдалым і бесперспектыўным. Аддаленне Глеба ад Полацка пазбаўляла і яго самога, і ягоных сыноў рэальнай магчымасці хоць калі-небудзь дасягнуць Полацкага стала, на якім, дарэчы, сядзелі іх дзяды як з бацькоўскай (Усяслаў), так і з мацярынскай (Яраполк) лініі.
Адцёртаму ад галоўных цэнтраў Глебу нічога не заставалася, як адбудоўваць ускраінны Менск! Але сыны Глеба не адмовіліся ў далейшым ад прэтэнзій на Полацк. Звернем таксама ўвагу на тое, што калі адбыліся войны Глеба з Уладзімірам Манамахам, то ні адзін з братоў не прыйшоў Глебу на дапамогу, верагодна, Барыс і Святаслаў па зразумелых прычынах прынялі ў адносінах з Глебам пазіцыю суперніка Глеба — Давыда, якой, напэўна, прытрымліваўся раней і Раман. Усё гэта было тым болей крыўдна пры жывым яшчэ бацьку, асабліва калі дапусціць, што шлюб бацькі, заручыны і шлюб сына адбыліся з невялікім інтэрвалам, і, адпаведна, кроўны брат Глеба (Расціслаў ці Святаслаў) нарадзіўся амаль адначасова з яго ўласным сынам (першым ці нават другім). Не маючы магчымасці даць сыну прэстыжнае імя (бо прэстыжныя імёны падчас нараджэння сына Глеба былі «занятыя» іншымі прадстаўнікамі дынастыі — Рагвалодам Барысавічам, Брачыславам Давыдавічам, невядомымі па імёнах другімі сынамі Давыда, а таксама, магчыма, Ізяславам Глебавічам) і не жадаючы называць сына хрысціянскім імем, як зрабіў гэта Рагвалод Барысавіч нашмат пазней, Глеб называе сына Расціславам. Імя Расціслаў, што стала ў далейшым адным з улюбёных у доме Рурыкавічаў, напрыканцы ХІ стагоддзя не было надта прэстыжным і папулярным. Бацька першага з Расціславаў, Уладзімір Яраславіч, быў другім сынам Яраслава Мудрага і княжыў у Ноўгарадзе. Уладзімір памёр на два гады раней за Яраслава. Яго старэйшы сын, Расціслаў Уладзіміравіч, толькі на два гады быў маладзейшы за свайго дзядзьку Ігара. У 1064 годзе Расціслаў пакінуў па невядомых прычынах Ноўгарад і, выгнаўшы з Тмутаракані Глеба Святаславіча, заняў горад. Пачалося супрацьстаянне Расціслава Уладзіміравіча і яго дзядзькі Святаслава Яраславіча. Амаль адначасова з паходам Святаслава на Расціслава Усяслаў «рать почалъ». У далейшым Расціслаў, вельмі знаны з паходжання, не займаў якогасьці значнага месца ў раскладзе палітычных сіл і дынастычных адносін, а 3-га лютага 1067 года памёр, атручаны грэкам Котпанам. Адразу пасля смерці Расціслава Усяслаў заняў Ноўгарад, дзе, відаць, князя на працягу адзначанага перыяду так і не было. Гісторыкамі неаднаразова выказвалася меркаванне, што Усяслаў і Расціслаў былі саюзнікамі. Зразумела, мы не ведаем, хто была маці і першая жонка Усяслава, але падчас княжання Уладзіміра і нават да ўцёкаў самога Расціслава з Ноўгарада ў 1064 годзе канфліктаў ні паміж княствамі, ні паміж Рагвалодавічамі і Яраславічамі не было каля паўстагоддзя.
Дапусціць сваяцкія адносіны паміж Уладзімірам, Расціславам і Усяславам ці старэйшымі Усяславічамі можна толькі гіпатэтычна, бо Уладзімір нарадзіўся ў 1020 годзе, а Расціслаў у 1038-м, і ні адна з магчымых дачок не «паспявала» стаць жонкай Брачыслава ці Усяслава; дапушчальна толькі, што сястра ці дачка Брачыслава магла быць жонкай Уладзіміра, або дачка Усяслава — жонкай Расціслава. Такі шлюб — досыць надзейны гарант саюзніцкіх адносін на паўстагоддзя, але ніякіх звестак ні пра лёсы, ні нават пра наяўнасць у полацкіх князёў дачок пад гэты час не захавалася.
Заключэнне Усяславам другога шлюбу змяніла і прынцыпы імянарачэння наступных яго сыноў. Усяслаў пачаў запазычваць імёны з радаводу жонкі, назваўшы першага сына ад яе ў гонар цесця — Святаславам. Дынастычныя імёны сям’і Уладзіміра Яраславіча атрымліваў у спадчыну адзін толькі Глеб Усяславіч, бо і сыны, якім «не хапіла» дынастычных імёнаў у бацькоўскім радаводзе, нараджаліся, акрамя яго, толькі ў Давыда Усяславіча (Рагвалод Барысавіч і Брачыслаў Давыдавіч былі, верагодна, старэйшымі за сыноў Глеба, імёны малодшага сына (сыноў?) Давыда невядомыя), а таксама ў самога Усяслава. Такім чынам, папаўненне імянной наменклатуры імем Расціслаў адбылося таксама праз радавод маці. Гэта было знатнае, рэдкае, неканкурэнтнае і, нарэшце, як мінімум «нейтральнае» (а верагодна, і «саюзніцкае») для Рагвалодзічаў імя.
Такім чынам, атрымліваецца, што малодшы з сыноў Усяслава і адзін з яго ўнукаў атрымалі аднолькавае імя, што натуральна ставіла б аднаўзроставых дзядзьку, Расціслава Усяславіча, і пляменніка, Расціслава Глебавіча, на адну плоскасць і абумоўлівала канкурэнцыю паміж імі пры дасягненні княжычамі сталага ўзросту, а з другога боку, відавочна парушала забарону на выкарыстанне імя жывога суродзіча. Можна даць толькі два вытлумачэнні гэтаму факту. Вядома, што канфлікты паміж сынамі князёў ад розных шлюбаў былі вельмі характэрнымі для ўсяго Сярэднявечча і мелі месца паўсюдна ў Еўропе. Калі старэйшыя сыны Усяслава і прызналі сваю траюрадную цётку — другую жонку бацькі — за полацкую княгіню, то з правамі яе сыноў, маладзейшых за Барыса, Рамана, Глеба і Давыда гадоў на дваццаць, а можа і болей, яны лічыцца наўрад ці збіраліся.
Абранне імя для аднаго са старэйшых сыноў Глеба цалкам матывавана і становішчам Глеба ў сям’і, якое пагоршылася, і яго шлюбам, і наяўнасцю ва Усяслава малых сыноў або аднаго малога сына — палітычнага канкурэнта старэйшых сыноў і асабліва іх патомства. Наяўнасць аднаўзроставага дзядзькі (Святаслава Усяславіча), звязанага з астатнімі членамі сям’і толькі па бацькоўскай лініі, практычна пазбаўляла пляменнікаў (Рагвалода Барысавіча, Брачыслава Давыдавіча, Ізяслава Глебавіча і інш.) палітычнай перспектывы. Іншая справа, калі Расціслаў Усяславіч быў меншым за Святаслава Усяславіча, але старэйшым за народжанага Глебавіча і памёр у маленстве. Глеб удала «падхапіў» «вызваленае» імя, па-свойму намякаючы тым самым і бацьку, і Святаславу Усяславічу на сямейны статус свайго сына. Зразумела тады, чаму «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» называе бацьку Прадславы меншым сярод сыноў Усяслава: Святаслаў-Георгій сапраўды быў малодшым сярод тых, хто дажыў да паўналецця.
Калі Расціслаў Усяславіч сапраўды памёр у маленстве і сам Глеб памёр у 1119 годзе, то частку іх правоў і ўспадчынніў Расціслаў Глебавіч, таму ў далейшым летапісы, пералічваючы Рагвалодзічаў часта без указання імёнаў іх бацькоў, маюць на ўвазе не Расціслава Усяславіча, а менавіта Расціслава Глебавіча або блытаюць іх.
Неўзабаве пасля першых двух у Глеба і Анастасіі нарадзіўся наступны сын. Зразумела, Глеб не мог ведаць, колькі яшчэ сыноў можа з’явіцца на свет і колькі з іх у далейшым выжыве. Але адкрыты спосаб імянарачэння даваў магчымасць звярнуцца да вельмі ганаровага і даўняга звычаю даваць сынам парныя імёны ад розных асноў. (Гэты звычай грунтаваўся на найстаражытнейшай паганскай традыцыі, калі імёны сыноў, народжаных ад розных жонак аднаго бацькі, утваралі пары.) Так, у свой час, на другім этапе фарміравання полацкага антрапанімікону, Усяслаў Брачыславіч назваў чатырох сыноў, у тым ліку самога Глеба, у гонар двух першых усходнеславянскіх святых, утварыўшы своеасаблівыя парныя злучэнні: хроснае імя Барыса — Раман, хроснае імя Глеба — Давід.
Гонар заключаўся ў тым, што ўтварэнне такіх пар імёнаў магло быць толькі ў плённых, шматдзетных сем’ях, а паколькі нараджэнне дзяцей наогул наўпрост звязвалася са спрыяннем вышэйшых сіл, то з’яўленне многіх сыноў здавалася сведчаннем богаўгоднасці шлюбу бацькі і маці. Гэта, безумоўна, да нейкай ступені кампенсавала ў вачах саміх Глеба і Анастасіі палітычную бесперспектыўнасць іх саюзу. Абодва сужэнцы выступілі шчырымі ахвяравальнікамі на справу царквы: так у Мінску знойдзены рэшткі культавых будынкаў часоў княжання Глеба, Іпатаўскі летапіс пад 1158 годам паведамляе пра шчырыя ахвяраванні Анастасіі і Глеба на карысць царквы. З іншага боку, Глеб, відаць, на новым этапе фарміравання антрапанімікону першым сярод Рагвалодзічаў атрымаў і ўсвядоміў магчымасць двухасэнсаванасці імя ў кантэксце абодвух радавых гісторый — і ўласнай, патранальнай, і матрыманіяльнай, праз якую яго нашчадак замацоўваўся ў болей шырокім дынастычным кантэксце Рурыкавічаў. Нарэшце, імя, дадзенае трэцяму сыну, наўпрост актуалізоўвала і нагадвала як родным братам Глеба, так і ўсім Яраславічам пра колішнюю дынастычную сувязь Полацкага і Кіеўскага княжацкіх дамоў, пра саюзніцкія адносіны паміж Кіевам, Полацкам і Ноўгарадам, пра блізкасць нашчадкаў Глеба не толькі да сям’і Ізяславічаў, але і да самай старшай лініі Яраславічаў.
Так, ён ведаў, што становішча памерлага Расціслава Уладзіміравіча сярод Яраславічаў было ў чымсьці падобным да становішча самога Глеба Усяславіча сярод Рагвалодзічаў: знаны з паходжання, Расціслаў быў адсунуты ад улады болей моцнымі дзядзькамі, але яго сыны былі старэйшымі ў сваім пакаленні Рурыкавічаў, і феадальнае права было на іх баку. Будучы амаль што выгнаннікам, Расціслаў першы ў імёнах сыноў наўпрост актуалізаваў сувязь і з родапачынальнікам дынастыі, назваўшы старэйшага сына Рурыкам, і з яе нарманскімі каранямі, назваўшы другога сына Валадаром.Для Глеба Усяславіча актуалізацыя повязі Рагвалодзічаў з варагамі падчас нараджэння трэцяга сына наўрад ці мела значэнне (яго дачка была выдадзена за дацкага конунга Вальдэмара значна пазней). Але ў імені Володарь Глеб адчуў вар’іраванне імя з асновай на –вóлодъ / -валóдъ, што актуалізавала ў свядомасці сваякоў і семантыку ўлады наогул,  і непасрэдную сувязь з заснавальнікам дома Рагвалодзічаў (Рогволодъ — Володарь), і недвухсэнсоўна адсылала нашчадка да прадзеда па мацярынскай лініі (Владимиръ — Володарь), прычым этымалагічны суфікс -арь/-аръ служыў для ўтварэння назоўнікаў мужчынскага роду з тым самым значэннем, што і суфікс -тель: уладар — властитель (мытарь, рыбарь, букварь), і супадаў у гучанні з часткай слова цесарь/кесарь, а таксама і вядомага княжацкага імя Ингварь.
Такім чынам, адасоблены ад іншых Усяславічаў, Глеб Менскі не толькі захаваў усе асноўныя правілы імянарачэння і папаўнення імянной наменклатуры, але і перанёс на глебу сямейнай традыцыі Рагвалодзічаў сам спосаб вар’іравання асновы як сродак імяўтварэння, удала выкарыстаў гэты спосаб, надаўшы ўтвораным імёнам самастойны дынастычны сэнс. Запазычанае з радаводаў маці і жонкі рэдкае імя асэнсоўвалася ў кантэксце дзвюх радавых традыцый як форма, што сінтэзавала ў сабе імёны абодвух родапачынальнікаў: Рагвалода і Уладзіміра. Нарэшце, імя чацвёртага сына, Усевалад, выступала парным да імя Валадар і складалася з асноў, што гучалі ў імёнах славутых продкаў-Рагвалодзічаў.
Высылка полацкіх князёў у Візантыю ў 1129 годзе так бы мовіць «ачысціла» антрапанімічную прастору: сасланыя князі выпадалі з дынастычнага і палітычнага раскладаў, і іх імёны не браліся ў разлік пры імянарачэнні. Таму Васілька Святаславіч, пакінуты ў Полацку, свядома адраджаў у імёнах сваіх сыноў генеральны антрапанімічны фонд Полацкага княжацкага дома, што азначала надыход новага этапу ў развіцці антрапанімікону Рагвалодзічаў. Далейшае вяртанне спадчыннікаў Усяслава ў свае землі адбывалася ўжо ва ўмовах разгалінавання роду і пачатку яго выраджэння на апошнім этапе існавання дынастыі.
Такім чынам, развіццё антрапанімікону Полацкага княжацкага дома на працягу двух з паловай стагоддзяў як кампактнай, абмежаванай па складзе функцыянальнай сістэмы адбываецца ў 5 этапаў і, у адрозненне ад іншых Рурыкавічаў, характарызуецца:
наяўнасцю і кансерватызмам адметнага імяннога фонду;
адсутнасцю вар’іравання радавога імя на -слав, што выступае асноўным у галіне Яраславічаў;
паслядоўным выкарыстаннем «вертыкальнага» прынцыпу з узнаўленнем поўнай або гіпакарыстычнай формы імя;
абмежаваннем вар’іравання імёнаў-кампазітаў толькі імёнамі на -валод/-володъ;
раннім імкненнем да выкарыстання хрысціянскіх імёнаў у якасці радавых.