Алексіевіч: У жыцці я кахала і мужчын, і жанчын

У кнізе пра каханне, як кажа Алексіевіч, яна спачатку планавала зрабіць 50 жаночых апавяданняў і 50 мужчынскіх, але праз тры гады пісьменніца зарыентавалася, што не здолее «прабіцца да мужчын», піша «Радыё Свабода».

ff72ac64_1847_42d9_b489_bd51715aec0e_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

У вялікім інтэрв’ю польскаму выданню Gazeta Wyborcza беларуская нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч распавяла пра працу над кнігай пра каханне.

Пісьменніца патлумачыла, чаму анансаванай некалькі гадоў таму кнігі пра каханне няма дагэтуль. Паводле Алексіевіч, яна піша вельмі павольна, і каб напісаць кнігу, мусіць апытаць тысячу людзей.

«І не так, што прыйшла, запісала — і гатова. Калі я адчуваю, што гэта мая гераіня, я сустракаюся з ёй шмат разоў. Тэлефаную ёй, пішу. Я мушу ткаць у часе, задаваць адпаведныя пытанні. У апавяданні не можа быць дзір».

У кнізе пра каханне, як кажа Алексіевіч, яна спачатку планавала зрабіць 50 жаночых апавяданняў і 50 мужчынскіх, але праз тры гады пісьменніца зарыентавалася, што не здолее «прабіцца да мужчын».

«Што тое, што я пра іх напішу, будзе можа і цікавым, але павярхоўным і банальным. Гэта не будзе літаратура высокага класу. Бо я не здолею спытацца ў іх, як належыць. Цяжка, я напішу гісторыю пра каханне жанчын».

На пытанне, ці ў кнізе будзе таксама пра каханне жанчын да жанчын, Алексіевіч адказала:

«Вядома. Каханне — гэта каханне. Важна, што цуд здарыўся, а з кім — гэта ўжо менш істотна. Я сама кахала ў жыцці і жанчын, і мужчын».

Таксама Святлана Алексіевіч расказала пра свае планы:

«Навучыцца жыць. Я ўсё яшчэ гэтага не ўмею. Увесь час мяняю заняткі, але адпачываць не ўмею. Я магла б паехаць у Карлавы Вары, але гэта такая нуда, а навокал такая кампанія, што толькі хвароба можа мяне да гэтага змусіць.

Я таксама мушу больш заапекавацца маёй сяброўкай, якая хварэе. Яна старэйшая за мяне і мае сур’ёзную праблему з вачамі. Гэта таксама нялёгка, бо пад старасць чалавек робіцца іншым, капрызным. Ніхто не хоча пакідаць гэты свет, усё навокал раздражняе».