Ані Эрно: «Пісацьму, каб адпомсьціць за свой род»

10 сьнежня ў Осла ўручылі Нобэлеўскую прэмію міру прадстаўнікам трох краінаў: Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Учора ж у Стакгольме былі ўганараваны ляўрэаты іншых прэмій, у тым ліку па літаратуры: яе атрымала першая францужанка Ані Эрно.

1670703376049blob.jpg


Францускія пісьменьнікі-мужчыны не аднойчы атрымлівалі нобэля, а вось Ані Эрно сёлета сталася першай францускай пісьменьніцай, узнагароджанай падобнай прэміяй. Таму прэмія сталася ў пэўнае ступені і фэмінісцкай прэм'ерай.
Праўда, сваю прамову Ані Эрно агучыла раней — 7 сьнежня і назвала яе «Пісацьму, каб адпомсьціць за свой род». Вельмі сацыяльнае і фэмінісцкае пасланьне загіпнатызавала слухацтва Швэдзкай каралеўскай акадэміі. Назва натхнённая, між іншым, воклічам Рэмбо: «Я спрадвечна належу да ніжэйшага роду». Ані Эрно падкрэсьліла, што дзякуючы літаратуры яна ажыцьцявіла свае мары, здабыла адукацыю, вырвалася з пасткі непрывілегаваных клясаў і дасягнула прызнаньня і, урэшце, нобэля. Тым ня менш, жыцьцё жанчыны кожны раз адкідвала яе далёка ад літаратуры, ад пісьма: сям'я, дзеці, праца, стома на працягу гадоў перашкаджалі ёй спраўдзіць мару, напісаную ў 20 год у дзёньніку: «Пісацьму, каб адпомсьціць за свой род». Але ж пры гэтым несправядлівасьці сьвету і асабліва ейны досьвед жанчыны, якую грамадзтва ўсяляк абмяжоўвала, кантралявала, стыгматызавала, бязупынку вярталі яе да пісьма, у сьвет літаратуры, месца пастаяннай эмансіпацыі.
У літаратуры і ў фэмінізма, на думку набэляркі, ёсьць шмат супольнага: акрамя мэты эмансіпацыі яны таксама зьяўляюцца той сілай, якая разьбівае цішыню, моўчанку. Таму Ані Эрно ўхваліла як Швэдзкую акадэмію, якая падтрымала жанчыну-пісьменьніцу, так жанчынаў у сьвеце: ад руху #MeToo да іранак, якія разрываюць путы патрыярхату.
Закранула ў прамове пісьменьніца і тэму пагрозы Эўропе і сьвету з боку расейскага імпэрыялізму.
Зрэшты, Ані Эрно патлумачыла ў сваёй прамове чаму яна выбрала аўтабіяграфічную манеру пісьма ў літаратуры: ейнае «я» асацыюецца з усім родам, клясам, полам, які яна прэзэнтуе. Калі раней толькі арыстакратыя магла дазволіць сабе пісаць «я», то цяпер і яна разьбіла сацыяльныя бар’еры і сьмела сказала «я».

1670703393329blob.jpg


Не абмінула яна і частую крытыку ў свой бок наконт простасьці, плыткасьці, стрыманасьці, а часам нават чарнушнасьці і анатамічнасьці сваёй мовы: пісаць прыгожа, мудрагеліста, квяціста яна па-просту забараніла сабе. Бо каб апісаць і дакладна перадаць жуду, прыніжэньне, ганьбу і сорам існаваньня свайго роду, клясу і полу ёй патрэбна было якраз наадварот ужыць нязручныя, часам брутальныя, простыя і шакавальныя словы і мову.
Такім парадкам, пісьменьніцы ўдалося адпомсьціць ня толькі за свой род, кляс, але і за свой пол. Доказам таму зьяўляецца ня толькі ейнае прызнаньне і пераклады на сотні моваў, а перадусім салідарнасьць і падтрымка ейных сацыяльных і фэмінісцкіх літаратурных тэкстаў і пасланьняў новымі пакаленьнямі жанчынаў ва ўсім сьвеце.