«Багач» у Вязынцы: Купалу б спадабалася!

Ужо трэці раз запар Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы становіцца цэнтрам правядзення ўнікальнай этнаграфічнай дзеі. Тут з ініцыятывы Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (СЭТ) ладзіцца старажытнае беларускага свята восеньскага раўнадзенства Багач (ці Багатнік, Багатуха, Гаспожка…).



Трэба адзначыць, што Багач супадае з царкоўнымі святамі Малая Прачыстая, Другая Прачыстая, Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы. Гэтае старажытнае свята вянчала ўборку зерневых, завяршэнне палявых работ. У некаторых раёнах свята альбо сумежныя з ім дні лічыліся пачаткам восені.

Ну а пра вытокі Багача найбольш дакладна выказаўся Адам Ягоравіч Багдановіч у сваёй працы «Перажыткі старажытнага светасузірання беларусаў» (1895): «Ёсць факты, якія прымушаюць думаць, што «багач» — адно з земляробчых бостваў дахрысціянскага перыяду, адно са змяненняў нестараўскага Даждж-бога сонца, бога дабрабыту, багацця, пра якое і гаворыць і само яго імя… Галоўную ролю ў абрадзе выконвае «багач» ці «багатце». Гэта «лубка» іржы з устаўленай у яе васковай свечкай. «Багач» стаіць на працягу цэлага года ў хаце гаспадара ў ганаровым куце пад іконамі…» Сучасныя ж этнографы падкрэсліваюць, што згодна з павер’ем нашага народа, Багач забяспечваў сям’і добры ўраджай і шчасце. На Багач руплівы гаспадар да ўсходу сонца засяваў поле асвечаным жытам: «Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку».

Ініцыятары адраджэння і святкавання Багача — сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, дарэчы, акрэдытаванага пры ЮНЭСКА ў якасці калектыўнага эксперта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне, прадставілі разнастайную праграму сёлетняга «Багача». Па-першае, святкаванне распачалося ў сталічным клубе «РЕ:ПАБЛІК», дзе студэнты ў гарадскіх умовах аднавілі гэты земляробчы абрад. Ну а станоўчыя ўражанні ад убачанага былі падмацаваныя сучаснымі і сярэднявечнымі фолк-рытмамі гуртоў «Стары Ольса», «Рокаш» і «Irdorath».

zarnjatka_da_zjarntka_logo.jpg

Зярнятка да зярнятка

Больш аўтэнтычная, насычаная інфармацыяй і відовішчамі праграма чакала аматараў айчыннага фальклору ў Вязынцы, на жывапіснай тэрыторыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, менавіта тут разгортваліся асноўныя падзеі святкавання «Багача». Сапраўды, дождж унёс свае карэктывы ў яго праграму. Планавалася, што на цэнтральнай плошчы дажыначныя песні заспяваюць фальклорныя калектывы «Горыць», «Варган», «Дайнова», «Мярэжа», «Рутвіца». Але арганізатары, у адпаведнасці з канцэпцыяй свята «выканаўцы і слухачы — адно цэлае», прапанавалі стварыць зводны фальклорны гурт для ўсіх жадаючых заспяваць. Менавіта гэты галасісты калектыў і распачаў «Багач–2015».

Сябры СЭТ пад цудоўныя народныя спевы аднавілі абрад: у плецены з лазы кошык з ільняных мяшочкаў ссыпалі падрыхтаванае зерне з мэтай замацаваць у ім васковую свечку-Багач, вырабленую яшчэ ў мінулым годзе. Гэтая простая, на першы погляд, дзея суправаджалася і частаваннем тых, хто прывёз з сабою пшаніцу ці жыта. Пачастунак быў знатным: луста хатняга свежавыпечанага хлеба з мёдам сёлетняга збору… Сапраўды, гіт на ўсе часы!

На тэрыторыі музея адноўлена некалькі аўтэнтычных вясковых хат. Пасля ўсталявання Багача, у адной з іх распачалася танцавальная вечарына. Тут рэй вялі танцоры і музыканты клуба традыцыйнага танца «Сіта». І хоць памяшканне не ўмяшчала ўсіх жадаючых пусціцца ў скокі, танцоры і ўсе ахвочыя дэманстравалі свой імпэт і ўменне па чарзе: «Полечку» змянялі «Грачанікі», «Падыспань», астатнія пускаліся ў скокі пад рытмы «Карапета»…

Вялікую цікаўнасць выклікала і тэарэтычная частка святкавання. Нагадаю, што Студэнцкае этнаграфічнае таварыства надае шмат увагі даследніцкай і экспедыцыйнай дзейнасці, яго ўдзельнікі публікуюць вынікі сваіх пошукаў у рэспубліканскай прэсе і на інтэрнэт-старонках, прысвечаных беларускаму фальклору і этнаграфіі. Адзін з такіх маладых даследчыкаў беларускай міфалогіі і паганства, гісторык Зміцер Скварчэўскі прачытаў наведвальнікам музея лекцыю «Святы восеньскага раўнадзенства ў беларускім народным календары», у якім распавёў пра вытокі Багача, яго паганскія карані і этнаграфічныя асаблівасці, патлумачыў вытокі розначытання дакладнай даты восеньскага раўнадзенства. Лекцыя дазволіла больш поўна асэнсаваць структуру беларускага народнага календара і месца ў ім свята Багач.

Працягам лекцыі стаў захапляльны для гарадскіх жыхароў практыкум па вырабу з воску «Свечкі на Багач». Сапраўды, адны з прысутных трымалі вяровачную асновы свечкі — кнот, іншыя ж разміналі ў руках воск, каб ён станавіўся мяккім і падатлівым, астатнія — прымацоўвалі воск да кноту. Паколькі ў практыкуме пажадалі ўдзельнічаць занадта шмат маладых людзей, без належнай арганізаванасці і каардынацыі, увесь практыкум мог звесціся да агульнага вэрхалу. Але яго вядоўца — Зміцер Скварчэўскі — тактоўна нагадваў пра тэхналагічныя асаблівасці вырабу свечкі, пра верагодныя памылкі і недакладнасці, каардынаваў увесь творчы працэс. У выніку калектыўных намаганняў, пад агульныя задаволены апладысменты, была выраблена свечка-Багач на наступны год!

zm_cer_skvarche_sk_z_bagachom_2016_logo.jpg

Зміцер Скварчэўскі з Багачом–2016

Гэтая сімвалічная падзея ўзняла настрой і іншым удзельнікам святкавання, якія наладзілі танцы пад аркестрык на сядзібе Музея. Там жа ў выкананні спявачак гучалі народныя песні абрадавага і каляндарнага цыклаў, а завяршылася вакальная частка свята спаборніцтвам выканаўцаў (як хлапцоў, так і дзяўчат) па народных і аўтарскіх прыпеўках.

Станоўчы эмацыянальны стан усіх прысутных на свяце спрыяў таму, што дажджавыя хмары збольшага рассеяліся і вызірнула ласкавае восеньскае сонейка. Яшчэ адна прычына, каб наведаць і палюбавацца маляўнічымі купалаўскімі мясцінамі, пазнаёміцца з абноўленай экспазіцыяй Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, асэнсаваць убачанае і памарыць пра тое, як прыехаць у Вязынку на Багач наступным годам...

pa_trajce_za_nam__logo.jpg