“Багач”: Вось і сабралі ўраджай!
На вечар 24 верасня клуб RE:PUBLIC стаў транспартнай пляцоўкай для пералётаў у прасторы і часу. Тут адзначалася свята збору ўраджая — Багач. Гукі лютні, дуды і ўдары барабанаў выносілі да духоў продкаў, а падлога скалыналася ад тупату ног тых, хто вадзіў карагод.
Распачалі дзею сябры Студэнцкага Этнаграфічнага Таварыўства — звяза этнографаў, майстроў і зацікаўленай моладзі, якія займаюцца аднаўленнем згубленай нацыянальнай беларускай культуры. Яны пад песні правялі абрад, пакуль свечка гарэла ў лубку з жытам.
Следам за імі на сцэну падняўся гурт Rokash, якія адзіны выступаў у электронным гучанні.
Не губляючы тэмп прыняў на сябе эстафету гурт Стары Ольса. Яны дадалі сваімі песнямі пах хмеля. Рытмічныя ўдары барабанаў прымушалі людзей скакаць у дружным танцы і вадзіць карагоды. Яны завяршылі свой выступ песняй на біс — кавэром на гурт Nirvana (вядома ж, у сваім стылі).
Свята завяршыў гурт Irdorath, які быццам сышоў з старонак кніг пра міфалогію старажытных народаў. Іх жыццярадасная энергія зараджала, а музыка ўводзіла ў транс. На некаторы час можна было адчуць сябе на поўначы, і каб сагрэцца — трэба скакаць і танчыць, танчыць.