Выспа атэізму пад Віцебскам
Ад гарадскога пасёлка Шуміліна да Віцебску ўсяго 43 кіламетры. Кароткая адлегласць да культурнага цэнтра паўночнай Беларусі вымывае людзей з пасёлка, а асабліва — з раёна. Буйныя вёскі яшчэ трымаюцца, а дробныя абязлюдзелі.

У аграгарадку Мішневічы жыве пад тысячу чалавек, ёсць сярэдняя школа, амбулаторыя, стала нясе варту і падраздзяленне МНС. Каля школы стаіць інтэрнат, у якім падчас навучання жывуць дзеці з аддаленых вёсак. Менавіта ў гэтым інтэрнаце размясціўся штат экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, якое зладзіла экспедыцыю па раёну.
Край у пошуках веры
У школьным двары, дзе знаходзіцца дом былога дырэктара, які кіраваў навучальнай установай 20 гадоў, звініць дзятва: практыкуюцца на градах, вырошчваюць гародніну для страў у школьную сталоўку. «Дырэктар», які прадставіўся Віктарам, чалавек камунікабельны. Распавядае, у якія куточкі раёна можна зазірнуць, каб убачыць штосьці асаблівае. На пытанне, чаму ў вёсках ні на ўездзе, ні на выездзе няма крыжоў, адказвае: «Шумілінскі раён вельмі атэістычны — пастаралася савецкая ўлада. У самім гарадскім пасёлку царква да гэтага часу не пабудаваная — службы ідуць у будынку былога раённага суда. Вы ўяўляеце! У будынку, дзе судзілі людзей, — царква!» — эмацыйна падкрэслівае спадар Віктар. І рэкамендуе з’ездзіць на закінутыя могілкі, дзе, па яго словах, пахаванні сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Калодзеж-журавель
Сапраўды, атэізм прайшоўся па Шумілінскім раёне маштабна. У вёсцы Сураўні на поўнач ад Шуміліна прыхаджане пераўтварылі ў царкву былы дом — іншага выйсця не было. «Скідваліся на яго ўсёй грамадой», — кажа стараста вёскі. «А ці былі тыя, хто не скідваўся?» — пытаюся я. «Былі два чалавекі, але яны і ў царкву не ходзяць».
Магчыма, адна з прычын атэізацыі раёна — найбольшая колькасць паваенных (пасля Другой сусветнай вайны) пахаванняў і брацкіх магіл у Віцебскай вобласці. Сапраўды, куды ні паедзеш па раёне, убачыш помнік савецкаму воіну — і мужчыне, і жанчыне. А чырвоная зорка, як вядома, не трывае суседства з крыжам.
Да могілак, на якія паказаў «дырэктар» Віктар, не так проста дабрацца. Мінуўшы апошнюю вёску, едзем па разбітай дарозе. Вакол сцяной стаяць дрэвы — нібы прадзіраемся скрозь гушчар. Дарога заканчваецца, далей трэба ісці полем, трава сягае аж да грудзей.
Могілкі знаходзяцца на ўзгорку, які непраходна зарос дрэвамі. Прыходзіцца літаральна прадзірацца праз іх. Думаеш, можа, памыліўся, і тут нічога акрамя зарасніку няма. Але — натыкаешся на каменныя ўмацаванні, і разумееш, што гэта менавіта тое месца. Увесь верх пагорка па дыяметры (а гэта метраў сто) абкладзены заімшэлым каменным поясам. Шырыня пояса — да паўметра. Абыходжу ўзгорак, знаходжу першыя могілкі на знешнім баку каменнага пояса — яны без помнікаў, толькі жалезныя крыжы. І раптам — ва ўнутранай частцы каменнага пояса бачу пахаванне: помнік, а на ім — частка калоны. Верх калоны адбіты (як удалося потым высветліць у гутарцы з мясцовымі жыхарамі, ён быў метра паўтара вышынёй), таблічку з імем і гадамі жыцця — адарвалі. І, што самае непрыемна, пахаванне раскапанае. Адразу ўспамінаю словы «дырэктара» пра атэістычны край.
Марадзёры, відаць, — суцэльная навала гэтых мясцін. Вось яшчэ прыклад. На тэрыторыі раёна знаходзіцца Казьянскі заказнік. А пад яго шатамі затаіліся старажытныя Крывінскія курганы 5–6-тысячагадовай даўніны. Археалагічныя раскопкі на курганах не вяліся, але марадзёрам не трэба браць дазвол у дзяржаўных інстанцыях. То адзін курган раскапаны, то другі. Невядома, ці знайшлі штосьці каштоўнае для сябе д’яблавы шукальнікі, але шнары па нашай памяці і гісторыі нанеслі.

Яшчарка з Казьянскага заказнiка
У Казьянскім заказніку колькасць дзікіх жывёл — мядзведзяў, ласёў, лісіц, дзікоў, рысяў — па словах адной местачкоўкі, «от і до». У лесе, дзе курганы, галлё трышчыць ад іх тупату і справа, і злева. Дастаткова зайсці з дарогі ў лес метраў на сто, каб знайсці лежбішча лася. Але, як ні прыкра, самымі здзічэлымі асобамі ў запаведніку з’яўляюцца марадзёры.
Маскоўскія могілкі
Звычайна людзі звыкаюцца з культурным ландшафтам той мясцовасці, дзе яны жывуць. І ўспрымаюць антрапалагічныя краявіды як нешта натуральнае. Але не заўсёды. Могілкі старавераў і вялізны валун — тыя асаблівасці, пра якія абавязкова ўзгадваюць мясцовыя жыхары поўначы Шумілінскага раёна, калі распавядаюць пра свой край. Праўда, што гэта могілкі старавераў, адразу не зразумець. Бо мясцовыя называюць іх «маскоўскімі могілкамі», а людзей, што там пахаваныя, — «маскалямі». Шумілінцы лічаць, што спосаб пахавання старавераў больш дасканалы, бо дазваляе душы хутчэй узняцца на неба.

Могiлкi старавераў
Вёска Шавекі, дзе знаходзіцца валун, нежылая. Закінутыя дамы, пабітае шкло, разабраныя сцены — усё зарасло. Мост праз рэчку Обаль таксама разабраны, таму даехаць да былой вёскі цяпер няпроста. У двары аднаго з разбураных часам і людзьмі дамоў і ляжыць валун. Нягледзячы на вялікасць, яго трэба яшчэ пашукаць. Наш праваднік з мясцовых водзіць паўгадзіны. Валун — сведка не проста часу, а тысячагоддзяў, для якога лёс вёскі прайшоў як імгненне. Праз тысячы год ад паселішча нічога не застанецца, а валун будзе ляжаць. (Знайсці яго можна па каардынатах: N55˚34’6.9’’, EO 29˚33’07.2’’). Зразумела, што на знікненне вёскі ўплываюць агульнасусветныя ўрбаністычныя працэсы. Але часткова гэта і бязвер’е ў яе будучыню, у тое, што на зямлі зноў з’явіцца Гаспадар.

Карані гэткага песімізму хаваюцца ў няпростым лёсе вяскоўцаў. Як вядома, калектывізацыя закранула шумілінскі край яшчэ перад Другой сусветнай вайной, раскулачванне ў 30-х гадах было асабліва жорсткім, не раўня лагоднаму і амаль бяскроўнаму раскулачванню заходнікаў пасля вайны. Потым — цяжкая праца ў калгасе. Бабулі распавядаюць, што 6–7-гадовымі дзяўчынкамі яны разам з маці валілі лес. Калі дзяўчынка не магла пілаваць, яна біла нагой па спілаваным дрэве, каб яно ўпала. Ніна Пундалава 1940 г.н. кажа пра свае дзіцячыя і дзявочыя працоўныя гады: «Каго я толькі ні пасвіла — аднаго чорта не пасвіла. А каб паступіць куды вучыцца — трэба было адпрацаваць у калгасе два гады. Толькі тады адпускалі». Спадарыні Пундалавай у 1944-м было чатыры, але яна добра памятае зіму пачатку таго года. «Я тады жыла ў Гарадоцкім раёне, у вёсцы Хамёнкі. Савецкіх салдат, пабітых немцамі, было тысячы. Іх закапвалі разам, прама ў адну яму. А потым, ужо пасля вайны, — распавядае яна, — з гэтага месца ўзялі коўш зямлі, і прысыпалі да помніка ў вёсцы Кавалі. А само гэта месца пахавання зараўнялі. Цяпер там лес расце. Вы паедзьце ў Хамёнкі, там вам любы стары чалавек гэта месца пакажа», — распавядае яна з вялікім неразуменнем усёй гэтай сітуацыі. Пазней я пацікавіўся ў свайго знаёмага з пошукавага батальёна, як магло такое быць? І ён адказаў, што для савецкага часу гэта цалкам натуральная з’ява.

Закiнутая хата ў вёсцы Шавекi
«Ратункі!»
Нягледзячы на блізкасць да Расіі, вясковыя шумілінцы гавораць збольшага па-беларуску. Сустракаюцца цікавыя словы ці абароты: «малец» — гэта «хлопец», а слова «ратункі!» — «ратуйце!». Але знайсці бабулю, якая праспявала б добрую старадаўнюю беларускую песню, — складана. Спяваць ці ўвогуле адмаўляюцца, ці напяваюць слязлівыя рамансы мінулага стагоддзя. Па словах Сяргея Доўгушава з гурта «Vuraj», адрозненне Шумілінскага раёна ад палескіх вёсак — кардынальнае. «На Палессі зойдзеш у любую хату, і там бабуля заспявае», — кажа ён.
Як вядома, чалавек спявае, калі мае надзею і веру ў будучыню. А зараджаны бацылай атэізму, аддае сябе на зацягванне ў багну будзённых спраў. А потым нават і будзённыя рэчы становяцца абрыдлымі. Куды ўжо тут да спеваў!
Сапраўды, бязвер’е да лепшай долі і да будучыні закранула частку мясцін Беларусі. Але, радуе тое, што сёння можна чуць шчырую народную песню, якую пяюць маладыя галасы з таго ж Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Ёсць спадзеў, што яна кране і самыя аддаленыя куткі нашай краіны.