Беларуская песня

Імя Уладзіміра Караткевіча заўсёды аб'ядноўвала беларусаў. Сёлета, калі грамадскасць адзначае 80-годдзе з дня нараджэння вялікага беларускага пісьменніка, гэта канстанта асобы творцы стала відавочнай.

Дзяржаўныя ўстановы адна за адной ладзяць выдавецкія і выставачныя акцыі, прысвечаныя юбілею У. Караткевіча, а кампазітары ствараюць усё больш песень на яго вершы. Напрыклад, Дзяржаўны нацыянальны акадэмічны аркестр пад кіраўніцтвам М. Фінберга ў пачатку лістапада прэзентаваў слухачам сваю праграму на вершы Караткевіча.



77c493ec14246d748db3ee8fce0092db.jpg

Імя Уладзіміра Караткевіча заўсёды аб'ядноўвала беларусаў. Сёлета, калі грамадскасць адзначае 80-годдзе з дня нараджэння вялікага беларускага пісьменніка, гэта канстанта асобы творцы стала відавочнай.
Дзяржаўныя ўстановы адна за адной ладзяць выдавецкія і выставачныя акцыі, прысвечаныя юбілею У. Караткевіча, а кампазітары ствараюць усё больш песень на яго вершы. Напрыклад, Дзяржаўны нацыянальны акадэмічны аркестр пад кіраўніцтвам М. Фінберга ў пачатку лістапада прэзентаваў слухачам сваю праграму на вершы Караткевіча.
Не застаюцца ў баку і незалежныя выканаўцы. У сталічным Палацы чыгуначнікаў пры поўным аншлагу адбылася прэзентацыя новага канцэртнага дыска вядомага беларускага выканаўцы Зміцера Вайцюшкевіча «Беларуская песня», на якім прадстаўлены творы на вершы Уладзіміра Караткевіча.
Паэзіяй Караткевіча Вайцюшкевіч-кампазітар захапляецца
даўно, з часоў удзелу ў стварэнні альбому «Скрыпка дрыгвы». Пакуль «Скрыпка... » па незалежных ад выканаўца прычынам знаходзіцца ў стадыі выкрышталізацыі, Зміцер стварыў столькі новых песень на вершы класіка беларускага прыгожага пісьменства, што ідэя праграмы і альбому «Беларуская песня» нарадзілася сама сабой.
Прэзентацыя музычнай праграмы Зміцера Вайцюшкевіча на вершы Уладзіміра Караткевіча адбылася ў маі бягучага года.
І вось наступны крок — прэзентацыя першага ў дыскаграфіі канцэртнага дыска да юбілею пісьменніка.


Трэба адзначыць, для зачыну музычнага святкавання юбілею пісьменніка Зміцер Вайцюшкевіч выбраў сімвалічны твор Караткевіча — верш «Корчмы», якія насычаны прызнаннямі любові да роднага краю, да яго простых людзей. Складаную задачу — стварыць гармонію паэтычных радкоў і музыкі Вайцюшкевіч выканаў амаль бездакорна: яго рамантычныя мелодыі выклікалі ў слухачоў светлы сум і падкрэслівалі нязгасную любоў паэта да роднай зямлі. «Корчмы» — своеасаблівая літаратурна-музычная сюіта, якая стала камертонам да ўсёй праграмы Зміцера Вайцюшкевіча і яго гурта «WZ-Orkiestra».
Зусім іншы, гумарыстычны настрой запанаваў падчас выканання Зміцерам кампазіцыі на верш «Заяц варыць піва». Рытмічная фолк-балада дадала да праграмы ноту добрай разняволенасці і няўрымслівасці, якімі таксама адорваў сваіх сяброў Уладзімір Караткевіч.
Музычныя кантрасты часта былі характэрнымі для праграмы Зміцера Вайцюшкевіча. За лірычнай «Элегіяй», у якой аўтар музыкі выступіў і як саксафаніст, надышла чарга драматычна-псіхадэлічнай «Балады пра архангелаў». Твор Вайцюшкевіч выканаў двойчы. Як песню і як верш, які быў зачытаны Зміцерам ў першапачатковым варыянце: «Таму што на цяжкіх крылах, // Апушчаных змрочна ў імгле, // Ўссядае Гітлер на правым // Сталін — на левым крыле».
Рознабаковасць Зміцера Вайцюшкевіча як кампазітара была падкрэслена песнямі ўсходняй тэматыкі. У якасці такога твора ў праграму прэзентацыі была ўведзена балада У. Караткевіча «Пяць струкоў перца», у якой узгадваюцца складаныя калізіі армяна-турэцкіх адносін. Відавочна, што гэта кампазіцыя нясе з сабой адбітак усходняй музычнай культуры, якая трансфармуецца праз паэзію Караткевіча і меладызм Вайцюшкевіча.
Некаторыя песні З. Вайцюшкевіча з альбома «Беларуская песня» добра знаёмы слухачам. Як з папярэдніх канцэртных праграм артыста, так і з праектаў, у якіх удзельнічаў Зміцер. Да такіх песень можна аднесці прыпеўкі да аўдыё-пастаноўкі «Ладдзя роспачы» «Моцнае піва», лірычныя кампазіцыі «Безгаловая Венера», «Мора гранітныя хвалі», а таксама выкшталцоны раманс «Укруг месяца туманнае гало...», які мае вялікі поспех у слухачоў ужо доўгія гады.
Самыя вялікія апладысменты выпалі на долю кампазіцыі, якая дала назву альбому Зміцера Вайцюшкевіча, — «Беларуская песня». Гэты спеў — прысяга вернасці Бацькаўшчыне, клятва не зракацца «той гордай мовы, якую і тады не забудзем, калі сонца з зямлёю ў апошні паглыбяцца змрок... » Відавочна, што менавіта ў гэту кампазіцыю Зміцер уклаў усю любоў і піетэт да паэзіі Уладзіміра Караткевіча, якая загучала ў перапоўненай канцэртнай зале сучасна і актуальна. Як і належыць творчай спадчыне Генія.
Трэба адзначыць, што на альбоме «Беларуская песня» запісаны і песні Зміцера Вайцюшкевіча на вершы сяброў У. Караткевіча — паэтаў Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Някляева, Генадзя Бураўкіна. Сярод гэтых твораў трэба адзначыць песню «Месяц — жоўтая лодка», якую слухачы спявалі разам з выканаўцам. Гэтай кампазіцыяй сеанс калектыўных спеваў не скончыўся. Ён працягнуўся, калі на сцэну выйшаў эксцэнтрычнахарызматычны Зміцер Папоў — кіраўнік адной з камерцыйных структур — і заспяваў разам са Зміцерам марш італьянскіх партызанаў «Bella Ciao!». Гэтай кампазіцыяй спявак распачаў заключную частку канцэрта пад ўмоўнай назвай «на біс!».
Наперадзе новыя прэм'еры: падрыхтавана да друку кніга пра творчасць артыста — «Беларускае слова ад спеву», якую напісалі журналістка Эла Дзвінская, палітык Павел Севярынец і аўтар гэтых радкоў. Як адзін са складальнікаў, не выключаю, што ў гранкі новай кніга тэрмінова давядзецца дадаць новы раздзел — «Уладзімір Караткевіч у песеннай творчасці З. Вайцюшкевіча».