Бэтмэн супраць Быкава: масавае і элітарнае

Мы жывем у часы, калі лёгкае чытво ў крамах усяго свету актыўна выцясняе з кніжных паліц элітарную літаратуру. Але ці пераможа ўмоўны Бэтман умоўнага Быкава?

samye_interesnye_knihi_11.jpg

І Беларусь тут не выключэнне. Варта, напрыклад, зайсці ў Цэнтральную кнігарню Мінска на праспекце Незалежнасці і паглядзець, што за кнігі гартаюць патэнцыяльныя пакупнікі. Мы адразу ўпэўнімся, што большасць цікавіцца ўзорамі так званай масавай літаратуры. Пра гэты факт варта задумацца спецыяльна.

Што такое масавая літаратура?

Масавымі лічацца кнігі, у якіх пра што заўгодна расказваецца элементарна, «на пальцах»: гэта папулярныя думкі ў папулярных формах, гэта «простыя словы, простыя рэчы» для «простага» чытача.

Вось тут і трэба агаварыцца. Ёсць рознае «простае». Ёсць, безумоўна, зусім прымітыўнае, белымі ніткамі шытае.

Але ў большасці выпадкаў гаворка пра іншае. Калі дасціпныя Міхал Анемпадыстаў і Лявон Вольскі (аўтары песні са знакамітым слоганам пра простыя словы і простыя рэчы) маюць на ўвазе «хлеб на стале і полымя ў печы», дом, сям’ю, наш беларускі свет, то мы разумеем: насамрэч гэта зусім не элементарна — пабудаваць свой дом, вырасціць сына, зладзіць агмень. І мы адчуваем усмешку аўтараў, перажываем эйфарыю, слухаючы Вольскага: як гэта здорава, што творцы змаглі перафармаціраваць у папулярны слоган нашы сакральныя сэнсы.

Аналагічна: чытаючы Быкава, ніхто не думае, што «У тумане» — гэта толькі дэтэктыў. Любому ясна, што тут форма дэтэктыва абслугоўвае Быкава, а не наадварот (і ў фільме Сяргея Лазніцы 2012 года па Быкаву, трыумфатары 65-га Канскага фестывалю, той жа дэтэктыў абслужыў арт-хаус). Банальны прыклад такога ж кшталту — амаль увесь Дастаеўскі.

І наадварот: кароткі слоган на тэму «Нигде, кроме / как в Моссельпроме» (нават калі яго аўтар — сам Маякоўскі) — гэта ўсяго толькі масавая рэклама. А дэтэктыў, у якім няма нічога звыш таго, што нехта некага забіў, у кагосьці штосьці скраў ці падмануў чужую жонку — гэта толькі масавае чытво: разгадванне крыжаванкі, скакалка для мазгоў, вінпацэцін.

Чаму літаратура для мас такая папулярная ва ўсім свеце?

Вядома, у іншых народаў таксама ёсць свая міфалогія, казкі, літаратура і культура — але няма такіх тэхналагічных і фінансавых магчымасцяў, каб трансляваць уласнае светабачанне ўсім і кожнаму, хто ахвочы спажываць прафесійна прыгатаванае і ўпакаванае.

Але, можа быць, нават больш важная за эканоміку тут псіхалогія: масавая літаратура актыўна і наўпрост звяртаецца да нашага ўнутранага жыцця — да нашых патаемных жаданняў, мар, нашай фантазіі, уяўленняў пра будучыню, нашай прагі незвычайных прыгод і асалод, яскравых эмоцый… Не толькі да свядомага, але і да падсвядомага, да інстынктаў, страхаў і комплексаў. Фрэйд з яго тэзісамі пра сублімацыю ў ХХІ стагоддзі аказаўся суперактуальным.

І калі чалавек не хоча засмучаць сябе надзвычай траўматычнай праўдай пра рэальныя войны і чарнобылі, сацыяльны гвалт і абсурд, то відовішчы гвалту ў трылерах, дзе брутальнага героя лупяць жалезным прэнтам па галаве, а ён пасля гэтага ўсіх лупіць двума прэнтамі, якраз глядзіцца ледзь не з катарсісам.

Ці вінаватыя людзі ў тым, што любяць масавую літаратуру?

У любові, кажуць, ніхто не вінаваты. Сярэднестатыстычны чытач вінаваты хіба ў тым, што ён лэйзі — гультай. Ён хоча толькі пасіўна спажываць, стоячы ля прыгожай вітрыны, інфантыльна ідучы за мерчандайзерам (тавараведам-рэкламшчыкам), не даючы сабе працы задумацца, што можна шукаць у кніжнай краме…

Ён падатлівы, ён гатовы саступіць: нашто чытаць «У тумане» (экзістэнцыйную драму), калі можна — Марыніну (мікс дэтэктыва з жаночай прозай)? Нашто глядзець яшчэ і нізкабюджэтны «Салярыс» (філасофскую прытчу), калі можна — толькі найвысокабюджэтны «Аватар» (казку-фэнтэзі)?

Але чытацкая падатлівасць — якасць перспектыўная, яна дазваляе чытачу расці. Асабліва, калі рост пачынаецца ў юнацкія гады і з такіх выдатных аўтараў, як Эдгар По і Уладзімір Караткевіч, Агата Крысці і Людміла Рублеўская, Баляслаў Прус і Уладзімір Арлоў… Такое чытанне выхоўвае густ і вучыць выбіраць!

Чаму мы аднойчы ўсё ж абавязкова выбіраем класіку?

Чаму аднойчы абавязкова запальваем свечку? Таму што ў душы кожны ведае, што ёсць на свеце рэчы вялікія, абсалютныя, светланосныя, пра якія гаво­рыць нам Слова. Слова — гэта Бог (так запісана Янам Багасловам). Ніякі рэнтген не можа выявіць у чалавечым целе душу. Гэта можа толькі слова. І калі мы захочам адчуць трывалае апірышча для сваёй душы ў нейкую змрочную часіну, або прыгадаць некалі перажытую асалоду ад гармоніі і хараства, досціпу, якія заўсёды можна знайсці ў слове, мы адкрываем сур’ёзныя кнігі.

Чаму Бэтмэн ніколі не пераможа Быкава?

Калі запытацца ў мінака на вуліцы пра яго любімыя кнігі, то чалавек, калі ён не жартуе, памкнецца ўсё ж назваць і нешта аўтарытэтнае. Сярод значных для сябе ён назаве і тыя творы, што замацаваны грамадствам у высокім аксіялагічным рэгістры. Інстынктыўна кожны адчувае: кругагляд сучаснага чалавека не павінен быць абмежаваны толькі нейкім культурным фаст-фудам.

Ды і яшчэ адно тлумачэнне такому выбару ёсць.

Літаратура для мас ніколі не пераможа класіку, не зможа заняць яе месца найперш таму, што кожнаму чалавеку наканавана расці і сталець.

Няхай сабе многія школьнікі з Пушкіна найтрывалей запамінаюць фразу «выпьем с горя; где же кружка? / Сердцу будет веселей», а выраз «и мальчики кровавые в глазах» звязваюць выключна з якімі-небудзь разборкамі. Аднак гэта ж не азначае, што трэба выкінуць са школьнай праграмы пушкінскага «Барыса Гадунова» на ка­рысць якой-небудзь «Гаўрыіліяды» або пакінуць толькі верш «Зімні вечар».

Калі з «Палескай хронікі» вучні найлепш запамінаюць гісторыю кахання Васіля, Ганны і Яўхіма, то гэта яшчэ не значыць, што настаўнік павінен трактаваць Мележа як «Богатые тоже плачут», каб навучыць падлеткаў любові да беларускай літаратуры і культуры, развіць інтэлект.

Няхай у купалаўскай страфе — «Сярод раз’юшаных сатрапаў / Крывавы зладзіўшы хаўрус, / Свае таргуюць і чужыя / Табой, няшчасны беларус» — хтосьці напачатку будзе разумець толькі адно словазлучэнне: «няшчасны беларус»… няхай напачатку з кімсьці будзе менавіта так.

Але ж усе школьнікі абавязкова вырастуць. І важна, каб будучыя дарослыя з гэтай страфой, з цэлай Атлантыдай літаратурнай класікі і захаванай у ёй культуры проста не размінуліся. Тады ў іх застанецца шанс яшчэ з ёю сустрэцца, многае зразумець.

Бо ў дарослым жыцці менавіта сур’ёзнае, культурай напоўненае слова дае сэнс, апірышча, арыенціры для быцця ў гэтым свеце. Такую функцыю пісьменства для рэлаксу (таксама ж патрэбнае!) выконваць не здатнае. Яно, як правіла, якраз дэзарыентуе — на ка­рысць таго, хто «трымае бізнес».

Калі ж чытач хоча ўсё жыццё заставацца інфантылам, выключна звяном у «харчовым» ланцужку, то гэта яго асабістая праблема. Класічная літаратура тут ні пры чым. А вось інтэлігенцыя — «пры чым»: сцвярджаць сапраўды вартае належыць у першую чаргу ёй.