«У слове нараджаецца паэт…»

У 60-х гадах ХХ стагоддзя ў беларускую літаратуру прыйшло так званае філалагічнае пакаленне, дзеці вайны, магутная кагорта пісьменнікаў, творчасць якіх характарызавалася маральна-этычнай змястоўнасцю, патрыятычным пафасам, аптымізмам духоўнага і сацыяльнага абнаўлення жыцця.

img_7008.jpg

Сярод творчых індывідуальнасцей гэтага часу сваёй адметнасцю і непаўторнасцю вылучаецца постаць віцебскага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўцы, лаўрэата абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, педагога, які, на жаль, рана і нечакана пайшоў з жыцця, Анатоля Канапелькі. Паэзія Анатоля Канапелькі — лірычная споведзь чалавека, які па-філасофску імкнецца асэнсаваць гістарычныя падзеі і з’явы з пазіцыі сучаснасці, праз гранічнае эмацыянальнае напружанне выявіць і сумясціць грамадзянскае і асабістае, высокае і будзённае.

Характар творчасці пісьменніка, як вядома, абумоўліваецца яго біяграфіяй. Нарадзіўся Анатоль Канапелька 16 лістапада 1939 года ў мястэчку Расоны Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. З першых дзён вайны бацькі знаходзіліся ў партызанскім атрадзе, які дзейнічаў на тэрыторыі Мінскай вобласці. Ён нарадзіўся ўжо дарослым. Такой незвычайнай сталасці паспрыяла вайна. Маленькі Толік дапамагаў партызанам, сам таго не ведаючы. Маці, Галіна Сямёнаўна, калі ішла на заданне даведацца пра апошнія падзеі ў горадзе, брала з сабой трохгадовага сына; мазала яго зялёнкай, перад нямецкім пастом пляскала яго па мяккім месцы — і Толік пачынаў плакаць. У немцаў не было сумнення, што ён хворы на воспу. Маці з сынам без перашкодаў траплялі ў горад…

Тэма Вялікай Айчыннай вайны з ранняга маленства трывала ўвайшла ў псіхалагічны, эмацыянальны стан паэта, знайшла адлюстраванне ў вершах «Памяць», «Мы нарадзіліся такімі», «Франтавыя дарогі», «Колькі блізкіх і родных імён», «У Брэсцкай крэпасці», дзе сказанае пра сябе стала прыналежным да пакалення дзяцей вайны, як іх асабістае і запаветнае.

Пасля вайны вучыўся ў СШ №7 Полацка, а ў 1956 годзе стаў студэнтам філалагічнага факультэта Полацкага педагагічнага інстытута, пазней факультэт перавялі ў Магілёўскі педагагічны інстытут. Пасля заканчэння вучобы ў 1961 годзе працаваў дырэктарам Бароўскай вячэрняй школы Магілёўскага раёна, з 1968 года выкладаў гісторыю беларускай літаратуры ў ВДУ імя П. М. Машэрава. Памёр 18 снежня 2002 года.

Кандыдат філалагічных навук, аднакурснік паэта Анатоль Емяльянаў успамінаў:

— Памяць вядзе ў 1957 год, калі ўпершыню сустрэўся ў студэнцкай аўдыторыі Полацкага педагагічнага інстытута з Анатолем Канапелькам. Перада мной стаяў па-сапраўднаму светлы чалавек з незвычайна цёплымі вачыма, акуратны, падцягнуты. Усе пяць гадоў вучобы ў інстытуце ён быў выдатнікам. Мне пашчасціла жыць з Толем у адным пакоі ў студэнцкім інтэрнаце. Прыгадваюцца літаратурныя вечарыны, на якіх пачынаючы паэт напеўна, як Рыгор Барадулін, чытаў свае вершы. Неаднаразова ездзіў на нарады і семінары маладых пісьменнікаў…

У сваёй творчасці Анатоль Канапелька захоўваў і працягваў класічныя традыцыі нашай нацыянальнай паэзіі, свядома арыентуючыся на лепшыя ўзоры паэзіі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, пераклікаючыся з паэтамі-равеснікамі Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Міхасём Стральцовым, Давідам Сімановічам. Ранняя паэзія Анатоля Канапелькі ў асноўным мажорная па сваім настроі: адчуваецца бадзёрасць, захапленне навакольным светам, радасцю жыцця, усведамленнем сваёй значнасці ў свеце:


Мой свет адкрыты шчасцю

І дабрыні людской.

Нялёгка песню скласці

І стаць самім сабой [1, с.45].


У літаратурным наробку паэта сваё пачэснае месца займае грамадзянская лірыка і вершаваная публіцыстыка, прадыктаваная логікай светаадчування лірычнага героя. Бязмежная любоў да Бацькаўшчыны, нацыянальнай спадчыны, паважлівыя адносіны да роднай мовы і культуры, бескампрамісныя адносіны да бездухоўнага і нізкага вызначылі творча-грамадзянскую пазіцыю Анатоля Канапелькі.

Урачыста-песенная інтанацыя, узрушанасць і прачуласць яднаюць верш «Роднае слова» віцебскага паэта з вершам «Родная мова» Пімена Панчанкі:


Адкрываю, як свет, нанова

беларускае роднае слова,

пералівістае — як каменьчык,

вясёлкавае — як ручэй,

цёплае — як агеньчык

добрых тваіх вачэй,

светлае — як маланка,

гнеўнае — як пярун,

ціхае — як калыханка,

вечнае — як Беларусь! [1, c. 9]


Усё жыццё побач з Анатолем Мікалаевічам былі шчырыя, таленавітыя людзі — яго сябры, падтрымка не толькі ў асабістым жыцці, але і ў творчай дзейнасці. Вершы паэта мелі сваіх канкрэтных адрасатаў, многія з іх прысвечаны землякам-літаратарам Петрусю Броўку, Уладзіміру Караткевічу, Васілю Быкаву, Еўдакіі Лось, Рыгору Барадуліну, Марыі Баравік, сябрам, калегам Зінаідзе Канапельцы, Давіду Сімановічу, Мікалаю Цішачкіну, Уладзіміру Папковічу.

У лірыцы позняга часу, прасякнутай магістральнымі радкамі «Я кожны дзень сябе знаходжу…», шмат філасофскіх рэфлексій, медытатыўнай танальнасці. Элегічныя вершы-роздумы («Яшчэ адна восень паляцела ў вырай», «Не трэба чалавеку адзіноты», «Не хавайце сваіх усмешак», «Лістапад», «Адыходзяць сябры, адыходзяць») звернуты да вечных ісцін і каштоўнасцей, вялікай стваральнай сілы прыгажосці і дабра. Несумненна, значныя набыткі паэта і ў асэнсаванні тэмы кахання. Інтымная лірыка А. Канапелькі акрэслівае характэрную асаблівасць яго героя: вернасць пачуццю, павагу да жанчыны. Унікальная з’ява ў беларускай паэзіі: любоўныя вершы прысвечаны адзінаму каханню — жонцы Святлане. Вобразы прыроды гарманічна спалучаюцца з пачуццямі закаханых у вершах «Зорка Святлана», «Завея круціць, як прадонны вір», «Маёй любові снежны зарапад», «Любімая, не трэба сумаваць». Вобраз вечна летняга эдэмскага сада персаніфікуецца ў вобраз беларускага зімовага сада, над якім «…любові ціхі зарапад // плыве ў прасторы хараства зямнога» [1, с. 57].

Адметнасцю семантыка-эстэтычнага поля паэзіі Анатоля Канапелькі з’яўляецца выверанае, устойлівае захаванне і працяг класічных традыцый беларускай нацыянальнай паэзіі. Творца таленавіта, па-мастацку аб’яднаў у сваёй лірыцы грамадзянска-публіцыстычныя і філасофска-медытатыўныя матывы, прадэманстраваў высокае майстэрства стварэння паэтычнага вобраза, сімвала, мастацкай дэталі, разнастайных прыёмаў і сродкаў.

Высокай ацэнкі заслугоўвае перакладчыцкая дзейнасць віцебскага творцы. З польскай мовы пераклаў балады і вершы свайго земляка з Расоншчыны Яна Баршчэўскага. Самай значнай працай стаў пераклад цыкла вершаў «Лісты да Юліі» — гімн спраўднаму каханню і тым узнёслым, а часам і трагічным перажыванням, што яму спадарожнічаюць. Кніга выйшла ў 2003 годзе ўжо пасля смерці Анатоля Канапелькі. Перакладчык, паважліва адносячыся да аўтара, стаў праніклівым чытачом-суразмоўнікам, дасягнуў сэнсава-мастацкай адпаведнасці перакладу і арыгіналу, данёс да чытача акрыленыя словы любові і павагі да Маці-Радзімы:


Лятуць мае думкі ў край,

Дзе, кожны куточак помнячы,

З’явіўся б чароўнай поўначчу

Ў прысадах знаёмых ліп

І ўбачыў майго Анёла, –

Забілася б сэрца вясёла.


Імгненне жаданай сустрэчы

Ў росах сузор’яў тае.

Няхай бы хвілінка тая

Мне стала працягам у вечнасць [2, с. 6 ].


На беларускую мову Анатоль Канапелька пераклаў вершы Тадэвуша Лады-Заблоцкага, расійскіх паэтаў Аляксея Мішына, Юрыя Палякова, Уладзіміра Прастакова; з цыганскай — Вальдэмара Калініна. У рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Каласа ёсць спектаклі «Руслан і Людміла», «Праўда — добра, а шчасце — лепш», пераклады якіх на беларускую мову належаць пяру і таленту віцебскага творцы.

Анатоль Канапелька займаўся навукава-даследчай працай па праблеме літаратурна-мастацкіх традыцый Віцебшчыны ў кантэксце славянскіх культур, меў шэраг навуковых прац, прысвечаных Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Уладзіміру Караткевічу, Максіму Гарэцкаму, Аркадзю Куляшову. У газеце «Народнае слова» вёў рубрыку «Анталогія беларускай паэзіі». У 2003 годзе ў выдавецтве ВДУ ім П. М. Машэрава была выдадзена кніга Анатоля Канапелькі, якая падводзіла вынік яго шматгадовай навукова-даследчай дзейнасці — «Старонкі творчых біяграфій». Гэта зборнік творчых біяграфій пісьменнікаў, жыццё якіх было звязана з Віцебшчынай ад сярэднявечча да нашых дзён — каштоўная праца па гісторыі літаратуры паўночнага рэгіёну. У кнізе змешчаны імёны ад Францыска Скарыны да сучаснай віцебскай паэтэсы Людмілы Сіманёнак, для якой Анатоль Мікалаевіч быў настаўнікам і бацькам у свеце паэзіі. Але гэта не проста пералік фактаў жыцця, а ўласнае бачанне аўтара. Кніга дапрацоўвалася паэтам Уладзімірам Папковічам, бо пры жыцці Анатоль Мікалаевіч не паспеў гэтага зрабіць.

Педагагічная дзейнасць Анатоля Канапелькі пачалася ў 1961 годзе — сем гадоў працаваў дырэктарам школы. А з 1968 года — выкладчык гісторыі беларускай літаратуры ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. Анатоль Мікалаевіч добра разумеў студэнтаў, заўсёды ішоў ім насустрач. Як ён сам казаў: «Я іх паважаю і ніколі не дазваляю сабе зняважыць іх годнасць. Лічу, што кожны выкладчык павінен быць, па-першае — чалавекам, па-другое — выкладчыкам. І шчасце, калі гэтыя абедзве якасці спалучаюцца». Здаецца, усё жыццё выступаў перад аўдыторыяй, прычым самай рознай, але ж перад тым, як зайсці ў студэнцкую аўдыторыю, заўсёды адчуваў хваляванне. Але потым, зведваючы эстэтычную асалоду, вёў студэнтаў у свет айчыннай літаратуры. А на яго лекцыі паціху, бывала, прыбягалі студэнты біялагічнага, матэматычнага, фізічнага факультэтаў. Ішлі «на Канапельку». Дарэчы, на працягу многіх гадоў кіраваў студэнцкім літаратурным аб’яднаннем «Зараначка». Усіх сваіх знакамітых сяброў: Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Арлова, Генадзя Бураўкіна і іншых, калі яны бывалі ў Віцебску, заўсёды прыводзіў ва ўніверсітэт да студэнтаў.

Чалавек — сусвет, у якім кожны знаходзіў сабе месца, кожны мог атрымаць часцінку яго душы. Так было да 2002 года. Напярэдадні трагічнага дня ён, як заўсёды, развітаўся з калегамі на кафедры беларускай літаратуры, жартаўліва кінуўшы: «Канапелька пайшоў!..» І сапраўды пайшоў… на гэты раз назаўсёды. Анатоля Мікалаевіча, без перабольшання, ведала ўся гуманітарная, філалагічная Віцебшчына: нездарма ж адпрацаваў на педагагічнай ніве больш як сорак гадоў, уваходзіў у кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы ад самага пачатку заснавання. Яго паважалі за дасведчанасць у справе, якой служыў, любілі за інтэлігентнасць і абыходлівасць, добразычлівасць. У колах літаратурнай грамадскасці цанілі і шанавалі як адданага прыхільніка справы нацыянальнага адраджэння, паслядоўнага і настойлівага рупліўца на ніве беларушчыны.

Спіс літаратуры

1. Канапелька, А. Жыццё прадоўжыцца ў песні / А. Канапелька. — Віцебск: УА «ВДУ імя П. М. Машэрава». — 2010. — 73 с.

2. Баршчэўскі, Я. Лісты да Юліі: Вершы, балады / У перакл. А. Канапелькі / Я. Баршчэўскі. — Віцебск: УА «ВДУ імя П. М. Машэрава». — 2003. — 35 с.