Богі Элады ўпершыню завіталі ў Мінск, а грэкі танчылі сіртакі
Богі старажытнай Элады сёння
не толькі наведалі Мінск, але і прывезлі з сабою з сонечнай Грэцыі цёплага
надвор’я. На плошчы Свабоды сёння гулялі Свята грэчаскай культуры.
Свята грэчаскай культуры
сёння ўпершыню правялі ў Мінску. Хаця грэчаская дыяспара на Беларусі і
нешматлікая, у нас пражывае ўсяго каля 600 прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці,
тым не менш яны не маглі застацца ў баку ад фэсту Нацыянальных культур, які ўжо
другі год праходзіць у беларускай сталіцы. І не здарма – прадстаўнікам гэтай
адной з найстаражытных культур дакладна ёсць што паказаць. Напрыклад, пантэон
грэчаскіх багоў нам вядомы яшчэ са школьнай лавы. І сёння можна было зрабіць
памятныя сэлфі з багамі старажытнай Элады, якія насялілі гару Алімп.
Вядома ж, Грэцыя – з’яўляецца
старажытнай радзімай саміх алімпійскіх гульняў. Арганізатары адпаведна надалі і
гэтаму значэнне, і запрасілі прыняць удзел у свяце спартоўцаў-удзельнікаў
Алімпійскіх гульняў у Афінах 2004 года ад Беларусі, з якімі таксама можна было
зрабіць добрыя фота на памяць. Можна было і пабачыць тэатралізаваную гістарычную
казку пра Алімпійскія гульні, і паназіраць за выступамі саміх атлетаў, а
таксама артыстаў тэатра гімнастыкі універсітэта фізічнай культуры.
Многіх уразіў сёння урачысты марш ганаровай варты с дзяржаўным сцягам Грэцыі. Побач з ганаровай вартай на фоне бела-блакітнага сцяга Грэцыі можна было зрабіць памятнае сэлфі да самага канца праграмы.
Напэўна, многія памятаюць оскараносны фільм «Грэк Зорба» (1964 год). Мелодыя, што суправаджала танец сіртакі, які Зорба і Бэзіл выконваюць у фінале, стала сапраўдным хітом на шмат дзесяцігоддзяў, а сам танец сіртакі здабыў папулярнасць па ўсяму свету і стаўся адной з візітовак Грэцыі. На сённяшнім свяце можна было не толькі пабачыць гэты прыгожы танец, але і развучыць яго разам з прадстаўнікамі грэчаскай дыяспары. Шмат жадаючых з радасцю далучылася сёння да гэтага шчырага і захапляльнага танца, утварыўшы вялікі карагод прама каля галоўнай канцэртнай сцэны.
Сёння не толькі можна было развучыць танцы Грэцыі, але і адну з найболей старажытных моў, мову Герадота, Платона і Арыстоцеля. Грэцыя дала свету не толькі выдатных мысліцеляў, але і ўрачоў, матэматыкаў, пісьменнікаў… Гэта старажытная мова калісьці лічылася абавязковай у вышэйшых установах, без яе ведання ты не мог называцца адукаваным чалавекам. Базавыя асновы гэтай старажытнай мовы можна было спазнаць і на свяце. А жадаючыя маглі запісацца на курсы грэчаскай мовы прама на месцы. Адна з выпускніц гэтых курсаў сёння выступіла са сцэны з прыгожай песняй на грэчаскай мове.
Дарэчы, са сцэны можна было сёння не толькі паслухаць песні на грэчаскай мове і пабачыць танцы Элады, але і пачуць старажытны грэчаскі бузукі (струнны шчыпковы музычны інструмент, разнавіднасць лютні).
Атрымаўшы асалоду ад культуры, можна было падсілкавацца і стравамі міжземнаморскай кухні, даведацца пра яе сакрэты. Шчасліўшчыкі ж маглі атрымаць грэчаскі ёгурт бясплатна, адказаўшы правільна ў літаратурна-гастранамічным конкурсе. Прызы былі ад арганізатараў мерапрыемства, а пытанні для эрудытаў, да слова, былі не такія ўжо і цяжкія. Што да грэчаскай літаратуры, то і яна, зразумела, сёння была прадстаўлена на свяце. А аматары мастацтва маглі сёння пабачыць экспазіцыя партрэтаў герояў нацыянальна-вызваленчага руху Грэцыі 1821–1823 гадоў, карціны рукі Паўла Дзімітрыядзі.
Арганізатарамі свята выступілі Мінгарвыканкам, Амбасада Грэцыі ў РФ і ў Рэспубліцы Беларусь, Беларускае грамадскае аб'яднанне грэкаў «Пелапоннэс», Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.