Чалавек у вышыванцы
Нам сваё насіць — не перанасіць! Колісь Францішак Багушэвіч у сваёй маніфестычнай прадмове да «Дудкі беларускай» напісаў, разважаючы пра нашу мову:
«Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе».
У беларусаў была свая адметная мова, гаворка, свая адзежа, свая апратка ў святочныя дні. Свая апратка. Якая? Найперш, нашы вышыванкі, вядома. Гэтай адметнасці заўсёды трымаліся нашы продкі
— свядомыя беларусы і духоўныя асветнікі — літаратары, паэты, драматургі, шматлікія дзеячы культуры.
Прыгадваецца сустрэча з Пятром Краўчанкам. Гэта было 19 ліпеня 2009 года. Мы вярталіся пасля з’ездаўскай стрэчы з беларусамі свету, якія прыехалі ў Мінск з нагоды святкавання вызвалення
сталіцы ў 1944 годзе. Шмат пра што мы з ім гаварылі, а найперш пра вышыванку Краўчанкі. Ён увесь час фігураваў у ёй на згаданым з’ездзе. І тады быў апрануты ў гэтую кашулю навыпуск. Я
пацікавіўся, дзе ён здабыў сваю вышыванку. І вось што пачуў:
— Колісь Якубу Коласу вышываную кашулю ахвяраваў — хто б вы думалі? — Панцеляймон Панамарэнка. А сам Панамарэнка яе прывёз з Масквы. Затым на схіле жыцця гэтую кашулю Якуб
Колас перадаў свайму сакратару. А сакратаром у яго быў — хто б вы думалі? — Максім Лужанін. Затым Лужанін падараваў яе мне. Вось якая гісторыя маёй вышыванкі! Яна, між іншым, з
парашутнага шоўку! У мяне ёсць, апрача гэтай, Коласавай вышыванкі, яшчэ пяць ці шэсць кашуляў-вышыванак з рознымі ўзорамі. Будучы міністрам замежных спраў Беларусі, я іх апранаў падчас выступленняў з
трыбуны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. І рабіў гэта свядома. Лічыў, што беларускі традыцыйны строй не горшы за строй іранцаў ці інданезійцаў, якія прыходзілі ў ААН у сваім нацыянальным
адзенні. Чаму кіраўнік урада Нарвегіі можа выступаць з трыбуны ААН у сваёй вышыванцы, а міністр замежных спраў Беларусі не? — так я разважаў. Апранаў я вышыванкі і ў Японіі.
У маладыя гады любіў насіць вышыванкі і Янка Купала. Бачым яго на вядомым фотаздымку (у музеі) з пецярбургскімі студэнтамі. І ўсе ў Купалавым доме вельмі даражылі вышыванкамі і шанавалі іх. Паводле
Жанны Дапкюнас, колішняга дырэктара музея Янкі Купалы, у вышыванак ёсць свая магія. Яны заўсёды былі сімвалам святочнасці, святасці, урачыстасці. Іх апраналі на вялікія святы. Прыкладам, шлюб бралі ў
вышыванках. Нарачоная старалася вышыць прыгожую кашулю свайму каханаму. Вышыванка мае сваю аўру, стварае радасны настрой. Цяжка ў вышыванцы быць самотнай, бо вышыванка і самота не спалучаюцца, яны ў
дысгармоніі. І ў самоце чалавек вышыванку не апранае. Арнамент служыць традыцыйным абярэгам, надае сілу, упэўненасць. І чалавек у вышыванцы ніколі і нікому не зробіць благога.
Апранаць вышыванкі, хадзіць, быць у іх на людзях лічылі сваім духоўным абавязкам шмат хто з нашых нацыянальных творцаў. Чалавек у вышыванцы — асоба натхнёная.
Максім Танк, стагоддзе якога сёлета спаўняецца ў верасні, таксама не ігнараваў гэтую традыцыю.
Дык якімі мы выглядаем сёння? Вырабы кітайскія, арнамент турэцкі… Пазнаюць жа людзей ці то па гаворцы, ці то па адзежы… Нам сваё насіць — не перанасіць!
Таццяна Трубач, Уладзімір Содаль