Чым уразіла лета: трагедыя ў Осла як «свята, якое заўсёды з табою»
У культурным жыцці лета — традыцыйна мёртвы сезон. Але лета–2011 — як маё персанальнае, так і маёй краіны — выдалася надзіва жывым. Насуперак таму, што менавіта ўлетку ў маладым веку пайшлі з жыцця мае сябар і сяброўка, а ў краіне выспеў хрусткі каштэль эканамічнага апакаліпсісу...
У культурным жыцці лета — традыцыйна мёртвы сезон. Але лета–2011 — як маё персанальнае, так і маёй краіны — выдалася надзіва жывым. Насуперак таму, што
менавіта ўлетку ў маладым веку пайшлі з жыцця мае сябар і сяброўка, а ў краіне выспеў хрусткі каштэль эканамічнага апакаліпсісу...
Маё сачыненне на тэму «Як я прабавіла лета» магло б атрымацца вострасюжэтным. Можна было б расказаць, як напрыканцы чэрвеня ў адной з мінскіх кавярняў я пазнаёмілася з балгарскім
паэтам Дзімітрам Кенаравым, не ведаючы яшчэ, што праз нейкі тыдзень яго пасадзяць у Мазырскую турму, а я буду абрываць тэлефон амбасады Балгарыі і ў выніку бяздзеяння гэтай установы ператваруся ў
амбасаду Балгарыі сама, пазнаёмлюся з мамай Дзімітара ды яго сябрамі і пачну разумець гутарковую балгарскую.
Можна было б расказаць, як у пачатку ліпеня я прабавіла кароткі адпачынак на фамільным хутары на Броннай Гары, і мяне там угрыз фірмовы браннагорскі клешч, і як я лётала скардзіцца на яго ў Мінскую
інфекцыйную бальніцу па вуліцы Крапоткіна. Пра тое, як напрыканцы ліпеня я не змагла сплысці ў чарговы байдаркавы паход з Валянцінам Акудовічам і даслала замест сябе па вадзе вядзерка баланэзы, якую
паходнікі патрушчылі халоднай на першай жа стаянцы, не прычакаўшы, пакуль зварацца макароны.
Можна было б расказаць пра жнівеньскую падзею, да якой я ішла ўсё лета, — фінал конкурсу маладых літаратараў імені Чэслава Мілаша ў Вільні. Пра тое, як з намі ў Вільню прыехаў бойфрэнд адной
з фіналістак — малады гісторык, які на праверку выявіўся блогерам з прыгожым нікам Агмень Сутнасці — прыхільнік балта-крывіцкай тэорыі беларускага энтагенезу, які гады два таму
праславіўся сярод беларускіх пісьменнікаў тым, што памераў ім чарапы, даволі прафесійна вызначыўшы іх расавыя падвіды па фотаздымках з інтэрнэту. Пра тое, як, уведаўшы нікнэйм юнага арыйца, у знак
павагі да яго жыццёвай пазіцыі фіналісты конкурсу да трэцяй ночы гарлалі пад дзвярыма яго пакою песні на ідыш.
Можна было б расказаць, як бязрадасна заканчваецца маё лета — з анучай у руках, з фарбай пад пазногцямі — у працэсе касметычнага рамонту на сядзібе Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Але раскажу я пра тое, што адбывалася ўнутры мяне. Пра рэакцыю на падзеі, што найбольш шакавалі ўлетку, — тэракт у Осла 21 ліпеня і арышт Алеся Бяляцкага 4 жніўня.
Шокам для мяне былі нават не самі навіны, якія нагадвалі сюжэт нейкага пачварнага трылера ў першым выпадку і фільмы з удзелам Джэймса Бонда ў другім, а рэакцыя на іх беларускіх карыстальнікаў
інтэрнэту. Калі голас народу ў гэтых выпадках — голас Бога, то, баюся, я канчаткова зняверылася.
(Не)харошы хлопец
Сітуацыя ў Осла вечарам 21 ліпеня праяснялася паступова — спярша мы даведаліся пра выбух у цэнтры гораду, бліжэй да ночы з Нарвегіі пачалі паведамляць пра страляніну на выспе Утоя. З гэтай
нагоды вельмі пазнавальна пачытаць каментары да артыкула пра ўсё гэта на сайце «Нашай нівы». Як вядома, сайт НН практыкуе пастаяннае абнаўленне матэрыялу па выніках развіцця падзеяў
— знакамітыя «онлайны». Дык вось, навіна рэдагавалася, а каментары пад ёй засталіся. Яны тычацца розных варыянтаў аднаго і таго ж тэксту, і з іх вынікае, што напачатку,
калі не было вядома, хто «аўтар» тэракту, СМІ на інерцыі прыпісалі яго ісламістам. Каментатары на сайце НН (і на шэрагу іншых папулярных беларускіх парталаў) расквітнелі абурэннем і
нянавісцю да мусульманаў і ўвогуле — да «гэтых чорных», што вельмі дзіўнай для народу, які сутыкаецца з жыхарамі, напрыклад, Усходу раз на тыдзень, і гэтая сустрэча, хутчэй
за ўсё, адбываецца каля латка з прыправамі на Камароўцы. (Фантастычныя, трэба сказаць, прыправы. Няхай хоць адзін каментатар зробіць мне гэткую ж прыправу «для бокложан», якую
змешвае ўзбекская цётачка з Камароўскага рынку — тады і падыскутуем).
Калі ж стала вядома, што «аўтар» смерцяў — блакітнавокі бландзін Андрэс Брэйвік, тон каментараў рэзка змяніўся на спачувальны: во, давяла набрыдзь харошага хлопца...
Маўляў, праз тое, што ў Нарвегію панаехалі арабы, гаротны скандынаўскі Андрэйка пацягнуўся да зброі. Хлопец аўтаматычна (ненаўмысны сумны каламбур) абвяшчаўся харошым — блакітнавокі бландзін
у свядомасці абываталя не можа быць падонкам. Выходзіць, што калі страляе араб, ён па азначэнні нехарошы пацан. Калі ж страляе еўрапеец, ён па азначэнні пацан харошы, і рабіць нехарошыя рэчы яго
змусілі выключна абставіны.
Новае свята
Здаецца, 21 ліпеня «дзякуючы» нарвежскаму беспрацоўнаму, у цэлага фронту свядомых беларусаў з’явілася новае нацыянальнае свята. Безназоўнае, латэнтнае — гэткае
свята-заўсёды-з-табою. Свята ўсведамлення таго, што «чорных», ці, правільней, за лаяльнасць да «чорных», дзесьці ў свеце масава забіваюць. Беларускія
традыцыяналісты вокамгненна начапілі партрэт Брэйвіка на іканастас — поруч з адкапаным з мулу крыху пазней Расонскім ідалам. Іншы нарвежскі беспрацоўны і па сумяшчальніцтве беларускі паэт
Славамір Адамовіч нават заявіў у інтэрв’ю «Радыё Палонія», што «Брэйвік — нармальны, адэкватны грамадзянін». І адзінай памылкай маладзёна было
тое, што перад тым, як выправіцца на масакру, ён не перагаварыў з ім — Адамовічам. Бо наш Адамовіч, у прынцыпе, верыць ва ўсё тое самае, толькі змагаецца з нарвежскімі эмігрантамі (не, вы
што, не такімі, як ён, — іншымі) спрадвечным Словам.
Дзмітры Гурневіч, які гутарыў з Адамовічам, не мог, як прафесіянал, не ўзяць для раўнавагі другое інтэрв’ю — у жыхара Швецыі журналіста і літаратара Дзмітрыя Плакса. Плакс стаўся
добрым апанентам Чалавеку-Які-Зашыў-Сабе-Губу, але, у прынцыпе, сказаў дзяжурныя словы прыстойнага еўрапейскага ліберала. Пра крызіс еўрапейскага лібералізму з нагоды вычыну Брэйвіка не змаўчаў нават
стары Славой Жыжэк, які назваў еўрапейскі лібералізм «кавай без кафеіну». Паводле Жыжэка, сярэдні еўрапейскі ліберал разважае наступным чынам: «Хай іншыя будуць, я іх
паважаю, толькі хай яны не ўрываюцца на маю асабістую тэрыторыю. Як толькі яны гэта робяць, яны пачынаюць пераследаваць мяне — сваімі пахамі, нячыстай мовай, вульгарнымі манерамі, сваёй
музыкай, кухняй ... Я цалкам падтрымліваю чарнаскурых, але я ніякім чынам не гатовы слухаць гучны рэп».
Найлепшая кніга Беларусі
Што да Еўропы, то, у прынцыпе хоць неяк супакоіў Лёлік Ушкін, які паведаміў ў мінулым нумары «НЧ» пра рэзкае падзенне ў Еўропе рэйтынгу правых партыяў і пра тое, што кіраўнікам
гэтых партыяў цяпер даводзіцца праяўляць цуды казуістыкі, каб размежаваць свае перакананні і маніфесты Брэйвіка. Усе пагаджаюцца на тым, што для добрага хрысціяніна павінна быць зразумелым: смерць
— гэта смерць, і, у прынцыпе, зусім няважна, якую з ідэалагічных камбінацый («люблю геяў, але ненавіджу арабаў», «люблю арабаў, але ненавіджу геяў»)
вызнае забойца.
Што да Беларусі, то тут спакою няма. Увесь 2011 год шалёным, як на беларускі кнігадрук, попытам, карыстаўся раман «галоўнага расіста айчыннай прозы», «гуру
праварадыкалаў» Юрыя Станкевіча «П’яўка». Галоўны герой гэтага рамана ў сваёй недалёкай будучыні займаецца тым жа, чым і Андрэс Брэйвік увечары 21 ліпеня,
— адстрэльвае тых, каго лічыць недачалавекамі. «П’яўка» рэкламавалася яе выдаўцом як «найлепшая кніга 2010 года», а ўсё тыя ж каментатары ў
сеціве аднагалосна заяўлялі, што кніга «чытаецца на адным дыханні». Я сама з жахам і агідай кінула гэтае чытво на 75-й старонцы, агаломшаная тым, што дыхаю са сваім народам
нагэтулькі не ва ўнісон. У інтэрнэт-рэцэнзіях кнігу рашуча раскрытыкавалі толькі... маладыя літаратары, фіналісты ПЭН-цэнтраўскіх конкурсаў. Але што з іх возьмеш — яны вунь і песні на ідыш
начамі гарлаюць.
Што да арышту Алеся Бяляцкага, у чужую для мяне сферу нюансаў міжнароднага падаткаабкладання я залазіць не буду. Адно толькі выказваю спадзяванні, што ва ўсіх вас, хто праваабаронцу Алеся Бяляцкага
катэгарычна асудзіў і пракляў за ўсе яго літоўскія рахункі, не надарыцца нагоды патрабаваць даведку аб падатках ад тых спагадлівых незнаёмцаў, якія гэтай восенню ў выпадку арышту ні за што пасярод
вуліцы перададуць вам за краты зубную шчотку і мыла.
Тэкст удзельнічаў у перадачы «Дзень блогера: як я правёў лета» на сайце www.svaboda.org.