Чалавек. Частка ІІІ. Запавет

У папярэдніх дзвюх частках мы разважалі пра тое, як чалавек змяняе свет навокал сябе. Пасля — пра тое, як сам чалавек змяняецца ў гэтых акалічнасцях. Апошняя частка прысвечаная няўдзячнай тэме прагнозаў. Якая будучыня нас чакае? Сусвет паводле братоў Стругацкіх? «Бязглузды Макс»?.. Чытайце, спрачайцеся, думайце.

bezsmjarotnasc.jpg

Прадказанне будучыні — справа складаная і няўдзячная. Чаму? Бо будучыня — гэта хаос. Хаос магчымасцяў. Пры гэтым людзі вельмі суб’ектыўныя ў прагназаванні будучыні. Возьмем, для прыкладу, нейкі катастрафічны тайфун ці буру. Постфактум вучоныя могуць па пунктах патлумачыць, чаму склаліся менавіта такія кліматычныя ўмовы, але задоўга прадказаць гэта яны не ў стане: фактараў занадта шмат.

Тое ж і ў гісторыі. Інтэлектуалы, зазвычай, хапаюцца за актуальны і цікавы сёння трэнд і спрабуюць з гэтага выбудаваць найважнейшыя тэндэнцыі будучыні. Напрыклад, калі пачалася атамная эра — з’явілася першая бомба, атамныя станцыі, — на хвалі эйфарыі з’явілася багата прагнозаў, маўляў, у 2000 годзе ледзьве не ў кожнай хаце запрацуе невялічкі атамны рухавік, які будзе награваць ваду, а жанчыны на атамных патэльнях здолеюць пасмажыць зранку яешню. Калі пачалася касмічная эра, лічылася, што ў наш час людзі ўжо будуць жыць у калоніях на Месяцы ды нараджаць дзетак на Марсе… Суб’ектывізм часу і модных трэндаў, так бы мовіць.

Такія суб’ектыўныя тэндэнцыі заўжды псуюць аб’ектыўную канцэпцыю будучыні. Адзінае, што можна сказаць больш-менш дакладна: праз 10 гадоў змены будуць яшчэ не кардынальныя, а вось праз 50 — свет, найхутчэй, наогул стане непазнавальным. Чаму так? Бо змены накопліваюцца вельмі марудна, але ў пэўны момант колькасць пераходзіць у якасць і — хлоп! — усё зусім іншае.

dadatkova__1_.jpg



Пацук з зубамі акулы на спіне

Возьмем чалавека. Тое, што ўчора было навуковай фантастыкай, — гэта ўжо заўтрашні дзень навукі і сённяшні дзень перспектыўных даследчыцкіх распрацовак. Агулам лічыцца, што тая эвалюцыя чалавека, пра якую мы казалі ў папярэдніх частках, можа рухацца ў трох накірунках: біяінжынерыя, кіберпратэзаванне ды неарганічны розум.

Самым паказальным прыкладам для разумення біяінжынерыі можа быць фотаздымак, які ўжо даўно вандруе па сеціве: пацук з вухам, якое навукоўцы вырасцілі на ягонай спіне з храстку. З такім жа поспехам у пацука на спіне маглі нарасціць зубы акулы ці што-заўгодна іншае. Як так? З дапамогай зменаў у ДНК ужо магчыма вельмі многае. Зараз мы ідзем да таго, што медыцына і біяінжынерыя дазваляюць чалавеку рухацца з вялікай хуткасцю калі не ў бок несмяротнасці, то ў кірунку сур’ёзнага падаўжэння жыцця за кошт узаемазамяняльнасці сваіх частак.

pacuk_z_vyraszczanym_czalaveczym_vuham_na_spine.jpg

Напрыклад, перспектывай бліжэйшых гадоў ужо называюць зубы, якія будуць вырошчвацца ў роце самога чалавека. Простай мовай, пацыенту будзе ставіцца зародак зуба ў дзясну, які цягам года вырасце да паўнавартасных памераў. Гэта будзе ўжо не металапластыка ці золата (жудаснае сярэднявечча!), а цалкам жывы індывідуальны зуб канкрэтнага чалавека, выгадаваны фактычна яго ж арганізмам — як хвост у яшчаркі, толькі з невялічкім умяшаннем звонку.

Малпа і банан на іншым канцы свету

Другі шлях — кіберпратэзаванне. Сёння навука ў гэтай галіне зайшла даволі далёка: людзі ведаюць, як нейроны мозга працуюць за кошт электронных імпульсаў. Чалавеку можна праз электроніку далучыць да мозгу розныя прылады, а ён здолее імі кіраваць. Самы яскравы прыклад — гэта пратэзы рук, якімі чалавек кіруе не з дапамогай цягліц і нервовых канчаткаў той часткі рукі, якая засталася, а непасрэдна з мозгу.

А пачыналася ўсё з малпачкі, якой да мозгу падключалі электроды, і яна на адлегласці дзясятка метраў магла браць з дапамогай штучнай рукі бананы ці якую іншую смакату. Самае цікавае, што няма розніцы, дзе знаходзіцца гэта штучная рука ды банан — за дзясятак метраў ці на іншым баку Зямлі. Розніца адно ў тым, што банан за дзясяткі тысяч кіламетраў гэта электронная рука пакуль яшчэ не можа пакласці малпачцы ў рот. Магчыма, гэта і ёсць рэалізацыя даўнішніх фантазіяў пра сілу думкі.

dadatkova__2_.jpg
Чалавек, які жыў у кампутары

Трэці шлях — неарганічны розум (не блытаць са штучным розумам!). Тут пытанне стаіць у тым, ці можна нашы альбо вашы, дарагі чытач, мазгі перакачаць у кампутар. Чытаючы «Поўдзень, ХХІІ стагоддзе» братоў Стругацкіх, акрамя палётаў па галактыцы, сутыкнення з іншапланетным розумам і іншага, вашу ўвагу мог прыцягнуць і наступны сюжэт: недзе ў Сібіры збудаваная лабараторыя са сховішчамі памяці — серверамі — і туды з выкарыстаннем велізарнай колькасці энергіі перакачваюць свядомасць аднаго прафесара — самага разумнага чалавека на Зямлі. Так, паводле Стругацкіх, меўся з’явіцца першы чалавек, які б жыў… у кампутары. Сёння мы імкліва набліжаемся да таго, пра што Стругацкія марылі 50 гадоў таму, альбо — яно набліжаецца да нас.

Аркадзь і Барыс Стругацкія

Аркадзь і Барыс Стругацкія

Мазгі чалавека зараз у прынцыпе няблага вывучаныя. Аб’ём памяці апынуўся не такім і вялікім: сённяшнія тэхналогіі маюць значна большы. Але праблема ў велізарнай колькасці сувязяў паміж нейронамі, таму ніводная сучасная тэхналогія пакуль паўтарыць гэта не можа. Гэта жывыя тканкі — не жалеза ці пластык. Тут жа ўплятаецца ўжо класічная тэма з душой: а раптам яна ўсё ж такі ёсць, таму намаганні навукоўцаў паўтарыць свядомасць чалавека — апрыёры марныя?

Гэтыя тры шляхі развіваюцца і эвалюцыянуюць настолькі хутка, што маюць усе шансы стаць нашым заўтрашнім днём. Так чалавек сам зможа займацца мадэляваннем заўтрашняга сябе, то бок сам стане Праметэем, роўным багам. Адзінае пытанне, якое паўстае, ці будзе гэтая істота — з электроннай рукой, нарошчаным зубам, перакачаным на сервер розумам — надалей чалавекам?..

Сусветы братоў Стругацкіх — класіка савецкай касмічнай фантастыкі

Сусветы братоў Стругацкіх — класіка савецкай касмічнай фантастыкі

Віртуальнае грамадства

А што будзе адбывацца з грамадствам у гэтай сітуацыі? Тут ёсць вельмі шмат розных думак. У 1970–1980-я гады былі папулярнымі мадэрнісцкія канцэпцыі, пасля постмадэрнісцкія, канцэпцыя глабалізацыі, на мяжы 1980–1990-х — канцэпцыя інфармацыйнага грамадства… Апошняя цесна звязаная з канцэпцыяй Фрэнсіса Фукуямы пра канец гісторыі. Паборнікам канцэпцыі інфармацыйнага грамадства быў, дарэчы, Збігнеў Бжэзінскі.

Пра што казаў Фукуяма? Грамадства падымаецца да пэўнага ўзроўню вытворчых магчымасцяў, у выніку чаго знікае патрэба ў канфліктах: усё стае аднастайным і стабільным. У інфармацыйным грамадстве акцэнт рабіўся на тое, што дамінуе той, хто валодае інфармацыяй, а зусім не арміямі ці рэсурсамі. Адсюль выводзілася вядучая роля ўніверсітэтаў у будучыні, якія нібыта павінны замяніць транснацыянальныя карпарацыі, робячыся цэнтрамі прыцягнення, — усё гэта цалкам сур’ёзна абмяркоўвалася… Вонкава здаецца, што грамадства ідзе ў гэтым кірунку, але інфармацыйнае грамадства, якім яго прадказвалі 20–25 гадоў таму, не адбылося. Чаму?

Ёсць нечым блізкая да папярэдняй, але ўсё ж такі іншая канцэпцыя, якая сёння падаецца даволі актуальнай — віртуальнае грамадства. Асноўная думка — кожны з нас носіць у кішэні больш інфармацыі і вылічальных магчымасцяў за тыя, што мелі амерыканцы, запускаючы чалавека на Месяц. Але для чаго чалавек выкарыстоўвае гэтыя магчымасці, схаваныя ў айфоне? Каб гуляцца ў гульні, рабіць сэлфі, фоткаць коцікаў і г.д. Сэнс у тым, што на пэўным этапе ўсё нарошчванне тэхналагічных магчымасцяў пайшло не ў бок так званага «прагрэсу» для ўсяго чалавецтва, а ў бок віртуальнасці — стварэння карцінкі, вобраза.

На што ідзе ўпор? На графіку, візуалізацыю, карцінку на экране, якая зусім хутка, мабыць, стане аб’ёмнай. Размова пра тое, што ўсе працэсы і каштоўнасці, якія замацаваліся за апошнія 200 гадоў — роўнасць, свабода, правы чалавека, правы нацыяў, — пераўтвараюцца ў вобраз, карцінку. Напрыклад, калі рэкламуецца тавар, важныя ўжо не яго якасці, але вобраз, узмоцнены прыгожай фігурай мадэлі, колерамі, спецэфектамі і г.д. Знешні фактар абсалютызаваны, сутнасць застаецца за кадрам.

zmroczny_susvet___matrycy___pa_toj_bok_pryvabnaj_virtualnaj_realnasci.jpg
«Матрыца», анлайн-гульні ды «ралтоны»

Гэтая сітуацыя па сутнасці адбіваецца на ўсім грамадстве, у любой сферы. Палітыка з дэмакратычнымі выбарамі па ўсім свеце пераўтварылася ў хімеру. Што такое выбары сёння? Рэкламная кампанія, піяр, мадэлі і спецэфекты — як у рэкламе новага аўто ці бургера. Слабейшы кандыдат з грашыма і добрым піяршчыкам пераможа мацнейшага, які занядбаў візуальную частку кампаніі. Справа ўжо не ў тым, каб усіх «купіць» ці «запужаць», а каб стварыць прадукт, які выбарцу хацелася б набыць, як ёгурт у супермаркеце.

Вучоныя па-рознаму глядзяць на віртуальнасць. Інтэлектуалы левага кшталту, посткамуністы, кажуць пра віртуальнасць як пра новую форму эксплуатацыі. Маўляў, той хто валодае рэсурсамі, стварае віртуальныя імперыі, крадзе час, грошы і жыццё ў тых, хто гэтым прадуктам карыстаецца. Хай гэта будуць анлайн-гульні, анлайн-казіно, анлайн-закупкі, анлайн-порна… Ёсць і больш шырокі погляд: віртуальнасць — гэта аб’ектыўная постмадэрная змена ўсяго грамадства, па-іншаму і быць не магло.

Калі паспрабаваць скласці наш пазл у цэльную карціну — бяднеючы ў плане рэсурсаў навакольны свет, чалавек, якія аддаляецца ад сваёй біялагічнай сутнасці, грамадства, якое імкліва ідзе ў бок «карцінкі» насуперак рэальнасці, — мы ўбачым няўмольны надыход свету ў стылі «Матрыцы». Чаму «Матрыца»? Бо ейны свет — гэта чалавек, адчужаны ад навакольнага асяроддзя, ад сябе, заглыблены ў створанай некім сістэме, арыенціры ў якой далёкія ад рэальнасці і традыцыйных паняткаў натуральнасці. Інтэрнэт-юзер, які суткамі гуляе ў «Варкрафт» у рэжыме анлайн, паядаючы «ралтоны», — яскравая таму ілюстрацыя.



«Шалёны Макс» і новае сярэднявечча

Як гэта будзе? Ніхто не ведае. Бо любы сур’ёзны глабальны канфлікт, эвалюцыйны збой ці прыродная катастрофа могуць вельмі сур’ёзна адкінуць грамадства калі не ў першабытны стан, то ў Х ці ХІІІ стагоддзе. Войны, эпідэміі, імклівае скарачэнне рэсурсаў — усё гэта можа стаць падставай для рэалізацыі фантазіяў у стылі «Шалёнага Макса» — антыўтопіі наадварот, калі антысістэма перамагла сістэму.

realii_svetu___bjazhluzdaha_maksa____1_.jpg


Ёсць даволі цікавая навукова-папулярная стужка пад назвай «Зямля 2100», створаная каналам «Discovery». Расповед вядзецца ад імя дзяўчынкі, якая нарадзілася ў Лас-Вегасе, жыла сабе з бацькамі, але ў адзін цудоўны дзень скончылася вада, пасля — бензін. Потым яна з бацькам едзе ў Нью-Ёрк, назіраючы, як краіна занураецца ў хаос. Пасля ў Нью-Ёрку разам з мужам яны будуюць плаціну ад вады, якая імкліва падымаецца разам з узроўнем акіяну. А вада паднялася — і ўсё змыла, а тых, хто выжыў, накрыла эпідэмія...

Заканчваецца ўсё тым, што дзяўчына жыве ў маленькай калоніі разам з дзецьмі, а ўсё грамадства пераўвасобілася ў набор умацаваных паселішчаў, якія змагаюцца за выжыванне. Фактычна, гэта і ёсць карціна новага сярэднявечча, поўнай перазагрузкі сістэмы грамадскіх адносінаў і каштоўнасцяў.

realii_svetu___bjazhluzdaha_maksa____2_.jpg


ХХІ стагоддзе — бяднейшае, халаднейшае і самотнае

Традыцыйна прагрэсіўныя розумы шукаюць паратунак у тым, каб чалавецтва разбеглася па навакольных планетах. Нехта сур’ёзна яшчэ думае пра гэта? Так, думае. Напрыклад, Стывен Хокінг альбо Ілан Маск, які бясконца запускае свае ракеты. У апошняга гэта няблага атрымліваецца: ужо створаная ракета, якая робіць у 10 разоў таннейшым вывад грузаў на арбіту. Такія моманты, згадзіцеся, адкрываюць пэўныя перспектывы для чалавецтва. Іншая рэч, што мы выдаткоўваем на гэта ўсяго толькі мізэрную частку сваіх рэсурсаў.

У ХХ стагоддзі ўсё было па-іншаму. Чаму? Тады ўвесь усплёск касмічных даследаванняў быў звязаны з вайсковай гонкай паміж СССР і ЗША, якая пасля эвалюцыянавала ў спаборніцтва грамадскіх сістэмаў. Саюз у гэтай сітуацыі быў прырэчаны, перамагчы ніякіх шансаў не было, але барацьба была справай прынцыпу. Пры ўсіх акалічнасцях, гэта быў час глабальных праектаў, калі людзі яшчэ сачылі за навуковымі прарывамі, а не абноўкамі айфонаў.

Сусветы братоў Стругацкіх — класіка савецкай касмічнай фантастыкі 

Сусветы братоў Стругацкіх — класіка савецкай касмічнай фантастыкі 

Калісьці ў Барыса Стругацкага, які перажыў брата на 20 гадоў, спыталіся, якім ён бачыць свет будучыні? «Магу сказаць адно, — адказаў Стругацкі, — ХХІ стагоддзе будзе бяднейшым, халаднейшым, а людзі там будуць адчуваць сябе больш самотнымі». І гэта ўсё нягледзячы на вонкавую бачнасць глабальнага прагрэсу — памёр Барыс зусім нядаўна, у 2012 годзе. Відаць, ніякага аптымізму ў стваральніка савецкай касмічнай казкі не было.

realii_svetu___bjazhluzdaha_maksa____3_.jpg


А што з рэштай свету?

Ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Мы кажам пра ўвесь гэты кібер-панк і матрыцу, але якую частку зямлян гэта закранае сёння і закране ў будучыні? Не забывайма, што чалавецтва падзеленае не толькі на класы, але і рэгіянальна: ёсць бізнэс-цэнтр Лондана ці Нью-Ёрка, а ёсць бедныя кварталы Дэлі альбо вёскі ў Самалі. Ну якая там матрыца?..

Наўрад ці ёсць нейкі адзіны адказ — гэта ўжо сфера ўзаемаадносінаў унутры грамадстваў, свет элітаў. Напрыклад, кітайская эліта мае не меншы, а мо і большы доступ да розных тэхнічных магчымасцяў, чым тая ж эліта Германіі: узгадаем Ангелу Меркель, якая жыве на 2-м паверсе шматкватэрнага дому, як звычайная немка сярэдняга класу... Ёсць саўдыйская эліта, ёсць калумбійская, ёсць паўночнакарэйская: маючы ўладу і грошы, ты можаш атачыць сябе тэхналогіямі, якія не саступаюць заходнім, нарасціць новае вока, зуб, перасадзіць сэрца — няма розніцы, дзе ты знаходзішся геаграфічна.

kitajski_szljah.jpg

Ёсць рэчы, якія за апошнія 50 гадоў сталі адназначна больш дасяжнымі для людзей па ўсім свеце: ежа, пітная вада, прышчэпкі ад розных захворванняў. Але і тут ёсць нюансы. Напрыклад, пра вірус Эбола казалі, што ён ужо не ўяўляе глабальнай небяспекі, заразіцца ім цяжка, фактычна, хвароба існуе недзе далёка ў трапічных лясах. Але толькі падчас апошняй эпідэміі ў Заходняй Афрыцы загінулі дзясяткі тысяч чалавек. А пасля, што самае цікавае, эпідэмію не згасілі — яна сышла сама па сабе: таямніча з’явілася, таямніча знікла. Вось вам і чарговая аплявуха чалавеку, які лічыць, што здольны кантраляваць усё і ўся.


Канец свету «ў асобна ўзятай краіне»

Мы звыкліся разважаць пра канец свету як пра аб’ектыўную рэальнасць для ўсяго чалавецтва: для ўсіх альбо ні для каго. Але ці можа быць па-іншаму? Падаецца, што ўяўны «канец свету» можа, як і сацыялізм, быць «збудаваным у асобна ўзятай краіне», чытай, рэгіёне. Так ужо было ў гісторыі: і з Грэцыяй, і з Рымам. Прыкладам, Заходні свет сутыкнецца з сістэмным крызісам, усё заваліцца, але рэшта планеты не знікне, а наўпрост працягне жыць па сваіх правілах. Хто ведае, магчыма, так скончыцца «глабальны свет», які апынецца ілюзіяй, а людзі наўпрост разбягуцца па сваіх кутах...

susvet_paslja_apakalipsisu___papuljarny_matyu_u_suczasnym_mastactve_i_kinematohrafe__1_.jpg

Свет аграмадны. Падаецца, што за апошнія пару дзесяцігоддзяў мы яго звузілі і ўніфікавалі да стандартаў фастфуду, дэмакратыі, знешніх характарыстык галівудскіх мадэляў, якія падаюцца эталонамі прыгажосці. Так нам уяўляўся канец гісторыі. Сёння мы бачым, што ёсць і кітайская мадэль, якая робіць стаўку на экспансію праз эканоміку, і таямнічая радыкальна-мусульманская, якая прасоўваецца дзякуючы яскравай ідэалогіі і ўсплёскам гвалту. У такой сітуацыі няма аніякіх гарантыяў, што заходняя мадэль па ўсім свеце не тое што пераможа, а захаваецца наогул. Такім чынам, варыятыўнасць будучыні захоўваецца, а нас можа чакаць яшчэ багата цікавостак.

susvet_paslja_apakalipsisu___papuljarny_matyu_u_suczasnym_mastactve_i_kinematohrafe__3_.jpg

Смерць — адзіная роўнасць для ўсіх

Напрыканцы апошняй з трох публікацыяў варта было б сказаць нешта пазітыўнае, магчыма, нават выкруціць нейкую мараль. У Дзмітрыя Глухоўскага, стваральніка бестселера «Метро 2033», ёсць раман «Будучыня», дзе ідзецца аб тым, што людзі адкрылі таямніцу несмяротнасці. Усе часткі свету пайшлі па сваім шляху: у Еўропе несмяротнымі сталі ўсе, але мець дзяцей было ўжо забаронена: калі дзіцё нараджалася, бацька мусіў выбраць, хто застанецца жыць, — ён ці малы. У ЗША ўсе таксама сталі несмяротнымі, а права на дзіця можна было набыць за пару мільярдаў долараў. У Расіі вырашылі, што ўсё гэта амаральна, і варта жыць як раней. Несмяротнасць — ад д’ябла. Так і жылі колькі дзесяцігоддзяў, пакуль народ не зразумеў, што прэзідэнт і ўрад чамусьці не старэюць… Так пачалася вайна, хаос — і ўсё на гэтым.

Відавочна, што як толькі ў кагосьці з’явіцца рэальная магчымасць стаць несмяротным — а гэта будзе нехта, у каго будзе шмат грошаў і ўлады, — свет адразу стане непазнавальным. Ва ўмовах грамадства з біятэхналогіямі і адначасна віртуальнасцю ды адчужанасцю чалавека ад самога сябе, можа вымалевацца такая карціна: адны будуць граць у кібер-гульні і харчавацца «ралтонамі», іншыя (а іх значна менш) займеюць усё. У пэўны момант чалавецтва дасягне кропкі, калі адным будзе нявыгадна ўсё змяняць, а іншыя ўжо нічога не змогуць зрабіць.

susvet_paslja_apakalipsisu___papuljarny_matyu_u_suczasnym_mastactve_i_kinematohrafe__2_.jpg

У назвах папярэдніх артыкулаў серыі мы выкарысталі старажытнагрэчаскія аналогіі — Праметэй, Пандора — а тут раптам узялі біблейны панятак: Запавет. Чаму? Бо свет старажытнагрэчаскіх міфаў пазбаўлены ўцямнага паняцця канца ўсяго, смерці, усё закальцавана і паўтараецца безліч разоў. Тым часам у біблейным разуменні канечнасць яскрава акрэсленая: усё рана ці позна скончыцца. Біблія, па вялікім рахунку, гэта пра роўнасць усіх і пра адзіную мяжу, да якой падыдзе кожны, — наш свет у тым ліку. Адсюль і паняцце маралі ды пэўных правілаў, парушаючы якія ты гэты самы канец набліжаеш: заклікаеш «датэрміновы» Армагедон.

Нам падаецца, што чалавек усё ж такі не павінен спрабаваць стаць «роўным багам», ёсць рэчы, праз якія нельга пераступаць. Адна з такіх рэчаў — смерць, хоць менавіта з ёй чалавек змагаецца на працягу ўсёй гісторыі… Бо смерць — гэта адзіная роўнасць для ўсіх. На гэтай роўнасці трымаецца чалавецтва. Асэнсаванне сваёй смяротнасці, як ні парадаксальна, дае шанец на тое, што людзі будуць спрабаваць нешта змяніць і знойдуць сцяжынку, дзякуючы якой чалавецтва выкараскаецца, прынамсі, з галоўных сваіх бедаў ды зможа зрабіць свет навокал хоць трошачку лепшым.