2017: З пераменным поспехам

Год мінаючы ў эканамічнай сферы прынёс нам, як ні дзіўна, багата выгодаў. Але ў гэтых выгодах усё роўна пачуваешся неяк няўпэўнена. Пакуль не бачна прарыву ў тым, каб рэформы эканамічнай сферы былі сістэмныя і незваротныя. Мы ўсё яшчэ ў акопах і ўсё яшчэ абараняемся. Зірнем на асноўныя падзеі 2017-га.

kanatahodzec_7c_logo.gif

Нафтагазавы канфлікт

Ва ўжо сыходзячы год мы ўступілі з непагашаным нафтагазавым канфліктам з Расіяй. Нагадаю, што Беларусь настойвала на зніжцы на газ і «справядлівым кошце» ў 73 долары за тысячу кубаметраў. Расія ж спасылалася на кантракт па 132 долары за тысячу «кубоў». У выніку ў нас узнікла запазычанасць перад «Газпрамам» у 726 мільёнаў долараў.

Такія навагоднія спрэчкі з нашым стратэгічным саюзнікам і партнёрам узнікалі часцяком. Але яны вырашаліся за хвіліны да Новага года. На мяжы 2016–2017 года такога не адбылося, і за гэта Расія — ужо ў парушэнне іншага кантракту — скараціла нам пастаўкі нафты.

Развязаць гэтую спрэчку ўдалося толькі ў красавіку. Кошт газу для Беларусі быў усталяваны на ўзроўні Ямала-Ненецкай аўтаномнай вобласці Расіі. І, па словах віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, цана газу для Беларусі будзе зніжацца. У прыватнасці, у 2018 годзе яна складзе 129 долараў. Апроч таго, разглядаўся і варыянт «кампенсацыі» Беларусі «несправядлівай цаны» ў 300 мільёнаў долараў штогод. Здзейснілася гэта ці не — невядома. Апошні раз Сямашка адмовіўся адказваць на гэта пытанне 20 снежня, сказаўшы літаральна: «Хай гэта застанецца паміж Мінфінамі нашых (Беларусі і Расіі) краін».

У выніку Сінявокая сплаціла доўг, пастаўкі нафты былі адноўленыя, а нафтагазавае пытанне, падаецца, знятае з павесткі. Прынамсі ў гэтым годзе Сямашка лётаў у Маскву не для вырашэння спрэчак, а для абмеркавання лёсу адзінага газавага рынку краін ЕАЭС. А калі не атрымаецца з ЕАЭС, то хаця б у межах так званай «Саюзнай дзяржавы».

І ў новы 2018-ты мы ўваходзім без традыцыйнай нафтагазавай праблемы. Праўда, наколькі працягнецца такі стан рэчаў, невядома.

Дармаедскі дэкрэт

Будзем шчырыя — гэты дакумент цягне на «шнобелеўскую прэмію» ў галіне эканомікі. Дэкрэт, які распрацоўваўся тры гады, не выканаў ніводнай з пастаўленых перад ім задачаў.

Ён не прымусіў працаўладкоўвацца лайдакоў, пра што нам казалі з высокіх трыбунаў. Ён не прымусіў народ масава сплачваць «дармаедскі падатак». Ён нават не вызначыў, колькі ж у краіне тых самых «дармаедаў» і каго гэтымі «дармаедамі» можна называць. Як вынік, шалёныя грошы былі проста выкінутыя на рассылку «лістоў шчасця» ад падатковых, а сабраныя «дармаедскія» падаткі давялося вяртаць.

І гэта ўжо не кажучы пра масавае абурэнне народа, якое вылілася на вуліцы не толькі сталіцы, але і правінцыі. Прычым, колькасць пратэстоўцаў у, напрыклад, Гомелі перавысіла колькасць звыклага да дэманстрацый і шэсцяў Мінска.

Улада не прызналася ў правальнасці свайго рашэння. На працягу ўсяго 2017-га мы чулі заклікі «дапрацаваць, перарабіць, скарэктаваць» гэты дакумент. Называліся розныя тэрміны яго новай рэдакцыі: летам, восенню, узімку. І, падаецца, яго вырашылі проста «забаўбатаць», не прызнаючы сваёй памылкі. Бо за памылкі даводзіцца адказваць, а ў выпадку «забаўбатання» ён ціха сыходзіць у нябыт…

Крэдыт МВФ

Гэта таксама адзін з правалаў года ў дзейнасці ўладаў. У 2017-м быў маленькі юбілей: 1000 дзён, як Беларусь і Міжнародны валютны фонд пачалі размову пра крэдыт. Яна, размова, дасюль працягваецца.

У лютым 2017 года першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі заяўляў, што па спрэчных пытаннях у перамовах з МВФ, якія тычацца павышэння тарыфаў на камунальныя паслугі і рэфармавання дзяржсектара, знойдзеныя «развязкі». У сакавіку дэлегацыю фонду прыняў асабіста Аляксандр Рыгоравіч. У красавіку беларуская дэлегацыя злётала ў Вашынгтон, а ў ліпені афіцыйны прадстаўнік МВФ Вільям Мюрэй нечакана заявіў, што «дыскусіі па крэдытнай праграме для Беларусі пакуль спыненыя ў чаканні выразнай падтрымкі неабходных змяненняў на высокім узроўні, якія тычацца камунальнай гаспадаркі і сектара дзяржаўных прадпрыемстваў».

Паміж Беларуссю і МВФ — істотная розніца ў падыходах да тэмпаў рэформаў, пад якія даецца крэдыт. Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Пітэр Долман казаў, што беларускія ўлады настойваюць на павольных рэформах. Фонд жа настойвае на хуткіх, бо, па словах Долмана, «павольны рух на шляху да рэформаў прыводзіць да таго, што іх цяжка рэалізаваць і давесці да канца».

А таму працяг сагі пра крэдыт мы пабачым і ў 2018-м.

На рэкорд!

Безумоўную прэмію «структура года» атрымае Нацыянальны банк з яго жорсткай манетарнай палітыкай.

Падводзіць гэтыя вынікі пакуль рана — яшчэ няма лічбаў па снежні 2017-га. Але ўжо зразумела, што ён у мінаючым годзе атрымлівае «золата» ў некалькіх намінацыях.

Першае — гэта, канешне, утаймаванне афіцыйнай інфляцыі. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за студзень-лістапад інфляцыя ў Беларусі склала 4,4%. Больш прыкметна за 11 месяцаў падаражэлі паслугі (+9%). Нехарчовыя тавары сталі даражэй на 2,8%, а харчовыя — на 3,4%.

Гэта — самы нізкі ўзровень інфляцыі ў краіне за ўвесь час існавання незалежнай Беларусі. І гэта адназначнае «перавыкананне плану», бо афіцыйны прагноз уладаў прадугледжваў інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%. Першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты пасярод года казаў, што да канца года інфляцыя не перавысіць 6,5%.

Другое «золата» — за маленькі рэкорд: у ліпені і жніўні назіралася дэфляцыя, калі цэны не раслі, а знізіліся на 0,1% і 0,8% адпаведна. Гэтага — зніжэння цэнаў на працягу двух месяцаў запар — таксама ў гісторыі Беларусі не назіралася.

Ну і трэцяе «золата» ў тым, што (невядома якімі высілкамі і тлумачэннямі) не было дасягнутае абяцанне Аляксандра Лукашэнкі даць усім заробак па 1000 рублёў. Гэтае абяцанне выконваецца проста — уключэннем станка для друку грошай. Але цягне за сабой тую самую інфляцыю, абясцэньванне грошай і падзенне курсу нацыянальнай валюты. Не ведаю, чаго тое каштавала спецыялістам, але падчас абмеркавання бюджэту на 2018-ты міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч агучыла «столь» заробкаў у бюджэтнікаў — 760 рублёў.

Такім чынам, мы пакуль не збіраемся друкаваць нічым не забяспечаныя грошы. І, спадзяюся, не збяромся надалей.

Дзярждоўг

Але, нягледзячы на жорсткую і абачлівую палітыку ў фінансавай сферы, нас чакае іншая пастка. На 1 лістапада 2017 года дзяржаўны доўг Беларусі склаў 41,9 мільярда рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 4,9 мільярда рублёў, або ажно на 13,3%.

У пачатку 2014 года дзярждоўг складаў 22% у адносінах да ВУП краіны. На сёння гэты паказчык вырас да 40%. Між тым, гранічным значэннем для эканамічнай бяспекі Беларусі лічыцца планка ўзроўню знешняга дзярждоўгу да ВУП у 25%.

Гэты рост звязаны з запазычаннямі, якія зрабіла нашая ўлада, нягледзячы на словы Лукашэнкі «больш ні ў каго не браць новых пазыкаў і аддаваць старыя». Атрымалася, як заўсёды — то бок, роўна наадварот.

Прычым, пры такім шалёным знешнім доўгу ў нас няма дэфіцыту дзяржбюджэту. То бок, большасць пазыкаў ідзе па-за бюджэтам краіны. Гэта, найперш, крэдытаванне стратных прадпрыемстваў, мёртвага аграрнага сектару, рознага кшталту «мадэрнізацыі», якія не даюць эфекту, і гэтак далей. А потым дзяржава спісвае пазыкі такіх «суб’ектаў безгаспадарнасці», не зважаючы на тое, што грошы «ніадкуль» не бяруцца.

«У выніку мы назіраем два паралельныя, канфліктуючыя адзін з адным працэсы. Першы: жорсткая манетарная палітыка Нацбанка. Другі: працяг бесперспектыўнага крэдытавання дзяржпрадпрыемстваў і эканамічна неапраўданае павышэнне заработнай платы дзяржчыноўнікам», — адзначыла ў інтэрв’ю onliner.by акадэмічная дырэктарка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC, прафесарка Кіеўскай школы эканомікі і кандыдатка эканамічных навук Мадрыдскага ўніверсітэта Кацярына Барнукова.

Паводле яе словаў, менавіта памер знешняга доўгу можа прывесці да звыклага спосабу пазбавіцца гэтай праблемы — да рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля.

Прадпрымальнікі і ІТ

І, урэшце, напрыканцы года кіраўнік краіны выдаў два дэкрэты — пра прадпрымальніцтва і развіццё лічбавай эканомікі. Пра гэта шмат гавораць. Але прадпрымальнікі ўжо незадаволеныя «сваім» дакументам. Ці будуць задаволеныя айцішнікі?

Справа ў тым, што, як кажуць праваабаронцы, заканадаўства ў нас добрае — практыка яго прымянення дрэнная. І таму прыняцце такіх актаў — знак, хутчэй, трывожны. Існуе рызыка, што яны ператворацца ў чарговы «дармаедскі дэкрэт»: дакумент падпісаны, але ніхто не ведае, як яго выконваць. А паколькі ніхто не ведае, як дэкрэты выконваць, розныя падатковыя і кантралюючыя органы будуць трактаваць дакументы, зразумела, на сваю карысць.

Але тое мы пабачым толькі ў наступным 2018-м.

Як вынік

Днямі я ехала ў таксоўцы. Кіроўца абураўся: што за зіма і Новы год з дажджом? «Дый лета не лепей — снег у маі», — падтакнула я, каб падтрымаць размову. І атрымала цалкам нечаканы адказ: «Стабільнасці няма!»

І тут я ўпэўнілася, што ў гэтым годзе народ асэнсаваў страту таго, што было кароннай фішкай дзяржаўнай ідэалогіі, — стабільнасці. Яе няма нават у надвор’і.

У эканоміцы стабільнасці няма тым больш. У нас па-ранейшаму не вызначаныя «правілы гульні»: трывалыя законы і ўмовы, якія б дазвалялі краіне развівацца. І, што прыкра, усе нашы дасягненні — гэта вынік не спланаванай стратэгіі, а адказ на выклікі, якія ставіць перад эканомікай жыццё. Адказ на выклікі — гэта абарона, а абараняючыся вайну не выйграеш.

Пакуль не бачна прарыву ў тым, каб рэформы эканамічнай сферы былі сістэмныя і незваротныя. Мы ўсё яшчэ ў акопах і ўсё яшчэ абараняемся. З пераменным поспехам.