Чалавек: падарункі Праметэя і непазбежны прагрэс

Нягледзячы на ўсе дасягненні вучоных, на сённяшні момант нельга сказаць, што мы ведаем сваё мінулае на «выдатна». Ёсць таямніцы нават у нашай гістарычнай канструкцыі, якую мы ўжо, здаецца, выбудавалі і здалі ў эксплуатацыю, перарэзаўшы чырвоную стужку на ўваходзе...

Кадр з фільму «Праметэй» Рыдлі Скотта

Кадр з фільму «Праметэй» Рыдлі Скотта

Разам з гісторыкам Андрэем Вашкевічам мы вырашылі паразважаць на досыць нетрывіяльную тэму і выйсці за геаграфічныя межы Беларусі ды храналагічныя рамкі гісторыі нашай дзяржаўнасці і этнасу.

Выглядае на тое, што для чалавецтва ў цэлым час зараз пралятае з неймавернай хуткасцю, а прагрэс набірае ўсё большыя абароты. Тычыцца гэта і ведаў па гісторыі ўзнікнення чалавека як віду, і абставінаў яго сталення і экспансіі на Зямлі. Разам з тым, базавыя пытанні, кшталту: «Хто мы? Адкуль? Куды ідзем?» — застаюцца актуальнымі і дагэтуль.

Чалавецтва, як куб з бокам у 2 кіламетры

Мы любім ацэньваць гісторыю з пункту гледжання прагрэсу. Гісторыя, маўляў, гэта паступовы шлях ад першабытнасці і крамянёвых наканечнікаў да развітых тэхналогіяў і палётаў у космас. Прычым такі варыянт развіцця прадугледжваўся і хрысціянамі, якія верылі, што людзі развіваюцца ды спасцігаюць Бога, і іх апанентамі, якія ў Бога не верылі, — атэістамі і камуністамі. Што ж такое прагрэс для асобна ўзятага чалавека і для людзей як папуляцыі?

Калі глядзець на чалавека як на від жывёлаў, што насяляюць Зямлю, то ён неймаверна паспяховы. Сёння на Зямлі, як вядома, жыве 7 мільярдаў чалавек, а іх бліжэйшых суродзічаў — гарыл, арангутанаў і г.д. — існуе ў свеце па некалькі тысяч. Напрыклад, горных гарылаў засталося не больш за тысячу, а максімальна іх ніколі адначасова не жыло больш за 10 тысяч. Калі не браць пад увагу мурашоў і розную жамяру, якія складаюць асноўную долю ў біямасе жывога на Зямлі, то людзі колькасна супернічаюць толькі з такімі жывёламі, як куры (прыкладна 25 мільярдаў), свінні, авечкі, каровы (прыкладна па 1 мільярду), а таксама мышы, пацукі, вераб’і і г.д. Як бачым, усе вышэйпералічаныя віды так ці інакш завязаныя на чалавеку, ім выведзеныя альбо спадарожнічаюць яму.

Калі казаць пра біямасу лю­дзей, то атрымаецца ў выніку, нібыта, і не так шмат. Калі ўсе 7 мільярдаў чалавечых адзі­нак пакласці адну да адной, атрымаецца ўсяго толькі куб з даўжынёй аднаго боку ў 2 кіламетры. Біямаса мурашоў, калі правесці з імі такі ж эксперымент і стварыць з іх цельцаў куб, апынецца ў дзясяткі, калі не ў сотні разоў большай.

Калі супаставіць чалавека з жывёлай ягоных памераў, воўкам, напрыклад, і ўявіць, што чалавек жыў бы ў «воўчых», то бок натуральных, умовах, то чалавецтва ніколі б не паднялася па-над лічбай у некалькі мільёнаў адзінак. Дык адкуль нас так шмат?

На кончыку гістарычнай эпохі

3 мільёны гадоў (калі ўлі­чыць, што нашай Зямлі зараз прыкладна чатыры з паловай мільярды гадоў) — гэта вельмі мала: адна дзясятая працэнту ўсёй зямной гісторыі. Уявіце сабе, што калі б 3 мільёны гадоў таму на Зямлю прыляцелі іншапланецяне, хутчэй за ўсё, яны б назвалі самымі развітымі і перспектыўнымі жывёламі на зямлі пчол ды мурашоў — істот з высокай сацыяльнасцю і вялізнай колькасцю. Ва ўяўленні іншапланецян, імаверна, зямля стала б «Планетай мурашоў» у перспектыве. На чалавекападобных малпаў, якія бадзяліся па афрыканскіх саванах, наўрад ці б нехта звярнуў увагу.

Чалавек стаўся тым, кім ён ёсць, літаральна за апошнія 200 тысяч гадоў. Гэта кропля ў моры гісторыі Зямлі. Прычым, з гэтых 200 тысяч гадоў, ён усяго каля 10 тысяч займаецца земляробствам. І з гэтых 10 тысяч гадоў усяго толькі апошнія 300 гадоў мы можам казаць пра нейкае індустрыяльнае грамадства. І толькі недзе ў 2009 годзе колькасць людзей, якія жывуць у гарадах, зраўнялася з колькасцю тых, хто жыве ў вёсцы. То бок мы жывем на самым кончыку гістарычнай эпохі, якая сплюшчвае час, бо працэсы і змены ідуць ужо з неймавернай хуткасцю.

Самы яскравы таму доказ — колькасць людзей. Лічыцца, што на рубяжы нашай эры на зямлі жылі прыкладна 150 мільёнаў чалавек. Сёння — 7 мільярдаў. Да 2100 года можа быць прыкладна 10–11 мільярдаў. Зараз лічыцца, што тэмпы росту насельніцтва змяншаюцца, парабала ідзе на паніжэнне, але агульны рост усё адно пакуль вельмі хуткі. І тут два варыянты: альбо насельніцтва стабілізуецца на нейкай лічбе, а пасля колькасць пачне паступова зніжацца, альбо адбудзецца катастрофа, эпідэмія ці маштабная вайна, якая істотна скіне колькасць насельнікаў Зямлі да 2–3 мільярдаў чалавек. Магчыма, пры такім сумным раскладзе, чалавецтва як від наогул знікне — людзі для гэтага маюць шматлікія сродкі.

Лічыцца, што за ўсю гісторыю на Зямлі нарадзіліся і памерлі каля 100 мільярдаў чалавек: ад першага Homo sapiens да сённяшняга офіснага менеджара. Цікава, што ў кожную вытворчую эпоху змяшчалася прыкладна 10 мільярдаў чалавек. То бок 10 мільярдаў чалавек нарадзілася за эпоху першабытна-абшчыннага ладу, але сам гэты перыяд цягнуўся 190 тысяч гадоў. На эпоху Старажытнага свету прыпадае яшчэ 10 мільярдаў. Сярэднявечча — яшчэ 10 мільярдаў. Гэта ўсё вельмі ўмоўныя лічбы, але зараз неймаверна тое, што ў нас не некалькі пакаленняў перажываюць адну тэхналагічную эпоху, а цягам жыцця аднаго пакалення адбываецца змена некалькіх тэхналагічных эпохаў. Мозг і свядомасць чалавека не паспяваюць за зменамі, якія адбываюцца навокал.

Так выглядаў Этцы, які загінуў сярод Альпаў 5 тысяч гадоў таму

Так выглядаў Этцы, які загінуў сярод Альпаў 5 тысяч гадоў таму

«Згублены рай»

Парадаксальна, але калі не­дзе 10 тысяч гадоў таму пачаўся пераход да земляробства, дык паляўнічыя і збіральнікі паводле ўзроўню жыцця жылі значна лепш і спакайней, чым іхныя нашчадкі земляробы. Чаму так? Бо чалавек залежаў ад ежы, якую мог здабываць. Калі чалавек жыў у кантэксце прыроды, для яго не было праблемай нешта ўпаляваць альбо злавіць. Калі рэсурс заканчваўся на адным месцы, можна было перайсці на іншае. Чалавек мінімальна абрастаў артэфактамі альбо сацыяльнай сістэмай. Племя, кола людзей, сярод якіх ён жыў, складала некалькі дзясяткаў чалавек, вялікае племя — хай сабе і сотню-дзве. Аазісы ў раёне Іерыхону на Блізкаўсходняй пустыні маглі пракарміць у сярэднім 150 збіральнікаў, якія лавілі дробную жывёлу, рыбу ды елі фігі з фінікамі. Атрымліваўся такі сабе «сад Эдэм».

Калі людзі пачалі ў некалькіх цэнтрах па ўсёй зямлі незалежна адно ад аднаго займацца земляробствам, вырошчваць рыс, проса, пшаніцу, бабовыя і іншыя, з пункту гледжання папуляцыі чалавека гэта было вельмі моцна і паспяхова. У тым самым аазісе каля вады маглі пракарміцца ўжо не 100 чалавек, а 1000.

Але з пункту гледжання якасці жыцця асобна ўзятага чалавека, гэта было страшэннае падзенне: «выгнанне з раю». Па-першае, жывёльная ежа стала экзотыкай, чалавек амаль не еў мяса. Па-другое, фактар дзяцей. У паляўнічых і збіральнікаў у сем’ях па 2–3 дзіцяці максімум. Абмежаванне колькасці дзяцей ідзе вельмі жорстка: сістэма табу, абмежаванне зносінаў, размаітыя сістэмы абортаў, ажно да дзетазабойства. Усё як у жывёлаў: калі буслы бачаць, што не могуць пракарміць бусляня, то наўпрост забіваюць і выкідаюць з гнязда.

У людзей жа, якія займаліся сельскай гаспадаркай, дзеці пераўтвараліся ў каштоўнасць, бо гэта — працоўныя рукі. Земляробства развівалася ў раёнах, дзе ад пачатку прынцыповае значэнне мелі ірыгацыйныя сістэмы і калектыўная праца. Узяць той жа Кітай: рыс дае па некалькі ўраджаяў за год, але патрэбная маса працоўных рук. Таму чым больш дзяцей, тым лепш. Такая стратэгія акурат і вяла да выбуховага росту насельніцтва.

Такім чынам, калі ўзяць старажытнаегіпецкага селяніна, які абрабляў зямлю, то ён знахо­дзіўся ў нашмат горшых умовах, чым яшчэ больш старажытны збіральнік ці паляўнічы, які жыў за некалькі тысяч гадоў да яго. Такі вось прагрэс.

Анёл з вогненным мячом

Ніколі ў гісторыі не было такога, каб жылі сабе збіральнікі ды паляўнічыя, а пасля — раз! — пераўтварыліся ў земляробаў. Так бывае, бадай, толькі ў марксістаў ды ў напісаных паводле іх савецкіх падручніках. Гэтыя формы заўжды суіснавалі, наўпрост перамагалі і дамінавалі больш эфектыўныя. Нават сёння на зямлі жывуць і земляробы, і паляўнічыя, і веб-дызайнеры, якія працуюць у хмарачосах Нью-Ёрка альбо Сінгапура.

Калі казаць пра Еўропу, то 5 тысяч гадоў таму, у часы знакамітага Этцы, якога знайшлі замарожаным сярод Альпаў, тут яшчэ панаваў акурат змешаны тып працы: і паляванне, і земляробства. Прайшло некалькі пакаленняў, адбыўся дэмаграфічны выбух — і чалавек ужо не мог вярнуцца назад да палявання ды збіральніцтва, бо наўпрост не пракарміўся б. Адначасна, ад голаду ўжо маглі выміраць цэлыя тэрыторыі, чаго нельга сабе ўявіць з чалавекам-збіральнікам. Таму, паводле Старога Запавету, і няма дарогі назад, у сад Эдэм, перад якім «стаіць анёл з вогненным мячом».

Чарльз Фостэр. «Выгнанне з Раю»

Чарльз Фостэр. «Выгнанне з Раю»

Такім чынам, калі вяртацца да прагрэсу, то для чалавецтва як для супольнасці, прагрэс заўжды ёсць. А вось для дзіцяці, што памірала ў Міжрэччы ад голаду 3000 альбо 300 гадоў таму, прагрэсу не было: ён не надышоў. Калі глядзець на свет і чалавека з вышыні сённяшняга чалавека, падаецца, што мы перамаглі і далей рухаемся да новых вяршыняў. Але калі паглядзець на чалавека як на жывёлу, то бачым і іншы бок медаля.

Параўнайце карову і аднаго з апошніх белых насарогаў. Умоўная карова скажа: «Нас шмат, нас кормяць, мы перспектыўныя, а вы — насарогі — хутка ўсе памрэце». Але ніводзін насарог не прамяняў бы сваё жыццё на жыццё каровы. Бо насарог жыве 40 гадоў, ходзіць па лесе ці па саване, есць усялякую смакату. А карова жыве 6 месяцаў, сядзіць у загоне, а пасля яе забіваюць токам і разбіраюць на мяса. Ну і хто тут эвалюцыйна перамог? За кім прагрэс?

Птушка Дадо і сумчатыя львы

Тое самае можна сказаць і пра чалавека. З пункту гледжання поспеху віду, колькаснага, тэрытарыяльнага і інтэлектуальнага, чалавецтва разраслося да страшэнных памераў, яно паспяховае. Але з пункту гледжання нават асяроддзя, у якім жыве чалавек, гэта катастрофа. Бо развіваючы да непамернасці сваю колькасць, чалавек ідзе да знішчэння той пляцоўкі, у якой жыве, топіць свой уласны човен.

Напрыклад, нам у школе распавядалі, як чалавек рассяляўся па планеце, а ў розных закутках Зямлі жылі яшчэ рэдкія жывёлы: птушка моа, сумчатыя львы, гіганцкія ляніўцы, агромністыя каалы… Нам казалі, маўляў, на вялікі жаль, гэтыя жывёлы не дажылі да чалавека ўсяго пару тысяч гадоў — чалавек прыйшоў, а іх ужо не было. Таксама казалі і пра жывёлаў, якія былі знішчаныя чалавекам ужо ў гістарычны час, кшталту, птушкі Дадо, каровы Стэлера і г.д. Але зараз вучоныя даводзяць: усе жывёлы, што зніклі на працягу апошніх 150 тысяч гадоў — гэта жывёлы, знішчаныя чалавекам.

То бок чалавек ужо на працягу дзясяткаў тысячагоддзяў вядзе генацыд. Там, куды ён дабіраецца, ён усё вынішчае. Напрыклад, калі чалавек прыйшоў у Аўстралію 30 тысяч гадоў таму, там жылі каля 25 відаў вялікіх сумчатых жывёлаў. Але біясістэма настолькі крохкая, што нават калі забіваць па некалькі жывёлаў аднаго віду на пэўнай тэрыторыі цягам года, жывёла можа знікнуць. Таму сёння там засталіся адно кенгуру ды розная драбяза: яхідны, качканосы і г.д.

Паляўнічы побач з сумчатым воўкам, апошні з якіх быў знішчаны ў 1930-х гадах

Паляўнічы побач з сумчатым воўкам, апошні з якіх быў знішчаны ў 1930-х гадах

Зараз даведзена з абсалютнай дакладнасцю, што апошніх мамантаў знішчылі менавіта людзі ў раёне выспы Врангеля. Людзі, а не пацяпленне, вірус ці нешта там яшчэ. І гэтыя працэсы працягваюцца да сёння. Безумоўна, робіцца гэта па-іншаму. Напрыклад, у Беларусь прывозяць вузкапалага амерыканскага рака, каб ён разводзіўся лепш, а ён пераносіць чуму, якая забівае нашых мясцовых шыракапалых ракаў. Можна сказаць, што праз пару гадоў нашага мясцовага рака ўжо не застанецца. Можна прыгадаць і адваротны працэс: з Еўропы ў Амерыку завозяць кажаноў, хай нават у адзінкавых выпадках. Гэты кажан пераносіць грыбок, які яму не шкодзіць, затое амерыканскія кажаны ад яго выміраюць.

Асуджаны на экспансію

Чалавек не толькі прыстасаваў свет пад сябе, але яшчэ і зрабіў яго страшэнна маленькім і аднастайным. Мы ідзем да таго, што Зямля пераўтвараецца ў цесную камунальную кватэру альбо ў ферму, дзе жывёл трымаюць толькі ў кароўніку на забой. Прыроду і клімат чалавек у такім ракурсе таксама перарабляе адно пад свае патрэбы. Пры гэтым, тонкія нітачкі біясістэмы вельмі складана нацягнутыя, таму, перацінаючы адну з іх, мы ніколі не ведаем, да чаго гэта прывядзе ў выніку.

Так, на сённяшнім этапе мы можам казаць, што працягласць жыцця чалавека павялічваецца. З XVIII па XX стагоддзе мы адбілі ў смерці вельмі шмат гадоў. Умовы жыцця сталі лепшымі. Разам з тым, гэтыя нашы здабыткі вельмі дорага каштуюць планеце і навакольнаму асяроддзю.

Ці магло быць па-іншаму? Чалавек — экспансіўная істота, яму ўласціва пашыраць свае межы. Тады, магчыма, падобны вектар у развіцці заканамерны?.. Пэўна, так. На працягу эвалюцыі ў нас з’явілася занадта шмат магчымасцяў да пазнання свету і зносінаў між сабой: ад прамахаджэння і выкарыстання інструментаў да мовы і складаных сацыяльных зносінаў.

Жывёлы, у адрозненне ад чалавека, да экспансіі не схільныя. Яны схільныя акурат да эвалюцыйнай і папуляцыйнай нішы, якую яны ў пэўны момант займаюць. То бок, калі ёсць кліматычны момант і зручная тэрыторыя — жывёлы яе займаюць і там жывуць. Чалавек жа 150 тысяч гадоў таму наўпрост залез на вяршыню харчовага ланцужка і не спяшаецца гэта месца пакідаць.

sebasc_jan_adams__pakaranne_prameteja.jpg


Традыцыі генацыду

Дарэчы, пачынаў свой шлях чалавек найхутчэй у ролі… падлажэра. Чалавекападобная малпа харчавалася мерцвячынай. Калі леў упалёўваў ды з’ядаў антылопу, да яе парэшткаў набліжаліся нашы продкі ды з дапамогай прымітыўных прыладаў здабывалі карысны для арганізма косны мозг. Ніякая іншая жывёла так не магла, а вось нашы продкі — маглі.

Бліжэйшы родзіч чалавека — шымпанзэ (супадае каля 99% генаў), другі — гарыла (97%). Ёсць два віды шымпанзэ: баноба і звычайны шымпанзэ. Першыя жывуць джунглях, харчуюцца пладамі, перасоўваюцца ад дрэва да дрэва і ў сацыяльным плане зусім не агрэсіўныя, адно аднаго не крыўдзяць, усе праблемы вырашаюць праз секс. А вось другія, якія жывуць на поўнач ад ракі Конга, у больш сухіх умовах, бліжэйшых да саваны, маюць зусім іншыя правілы: ёсць тэрыторыі, за якія яны канфліктуюць, яны страшэнна агрэсіўныя.

Казалі, напрыклад, што чалавек — адзіная жывёла, якая забівае для задавальнення. А вось і не. Вышэйзгаданыя шымпанзэ ладзяць паміж сабой войны, і занатаваныя нават выпадкі, калі адна група прыматаў цалкам вынішчала іншую ў выніку канфлікту. Па-чалавечы — гэта генацыд. І гэтую рысу мы таксама добра засвоілі.

Часам пытаюцца, чаму сёння мы не маем пераходных стадыяў ад малпы да чалавека? Бо чалавекападоныя малпы, якія засталіся ў свеце, жывуць на тых тэрыторыях і ў тых умовах, дзе ім добра. Гэта вельмі спецыялізаваныя жывёлы акурат для сваіх умоваў. Хоць тыя ж арангутаны, ці не самыя маладаследаваныя малпы, найразумнейшыя сярод іх. Ёсць факты, што некаторыя арангутаны нават лавілі рыбу з дапамогай нечага накшталт гарпуна. Пры гэтым, яны самыя асацыяльныя сярод малпаў, не камунікуюць міжсобку, жывуць самотнікамі. Таму і навыкі не перадаюць адно аднаму.

А продкі чалавека ў саване вялі сацыяльнае жыццё, досведам сваіх перамогаў і паразаў дзяліўся з супляменнікамі ды нашчадкамі. У выніку, чалавек апынуўся ўнікальнай жывёлай, якая можа жыць паўсюдна, бадай, апроч Антарктыды. Ён прыстасаваўся, таму — выжыў і перамог.

____1.png


Хісткая гістарычная канструкцыя

Нягледзячы на ўсе дасягненні вучоных, на сённяшні момант нельга сказаць, што мы ведаем сваё мінулае на «выдатна». Ёсць таямніцы нават у нашай гістарычнай канструкцыі, якую мы ўжо, здаецца, выбудавалі і здалі ў эксплуатацыю, перарэзаўшы чырвоную стужку на ўваходзе.

Напрыклад, выбух апрацоўкі металу. У нейкі момант, каля 7 тысяч гадоў таму, людзі навучыліся апрацоўваць метал. Прычым не толькі здабываць медзь, але амаль адразу і выплаўляць бронзу. Як гэта адбылося? Уцямна ніхто адказаць не можа. Бо трэба ж было здабыць матэрыял, аплавіць яго пры вялікай тэмпературы, зрабіць адмысловыя дадаткі кшталту мыш’яку альбо волава, дадаць вугаль… Як да гэтага дайшло? Таямніца.

Іншая таямніца — гэта будаўнічыя навыкі паўднёваамерыканскіх індзейцаў альбо будаўнікоў пірамідаў у Егіпце. Бо сённяшнія версіі навукоўцаў наконт будоўлі пірамідаў альбо мегалітычных комплексаў у Перу далёка не бездакорныя. Напрыклад, як можна піла­ваць меднай пілой базальт, які значна мацнейшы за граніт? Як гэтыя блокі можна класці метадам поліганальнай кладкі, калі ў выніку глыбы не толькі наверсе, але і ў глыбіні сцяны стаяць пад рознымі кутамі?.. Сёння гэта можна зрабіць адно з дапамогай кампутарных тэхналогіяў, на 3D-прынтэры ды з пластмасай. Як гэта зрабіць з каменем і долатам — невядома.

Праметэй у Малой Азіі

Пра ўзнікненне рэлігіі, як апынулася, таксама вядома вельмі мала. У 1990-х гадах у Малой Азіі знайшлі велізарныя храмавыя комплексы з фігурамі, выявамі і г.д., якія вывучаюць дагэтуль. Раней навукоўцы былі перакананыя, што менавіта пераход да сельскай гаспадаркі дапамог цьмяным вераванням чалавека пераўтварыцца ў аформленыя культы, бо з’явіўся фактар сонца, па якім разлічваецца каляндар, неба, якое дае дождж, зямлі, якая родзіць плады і г.д. Тады толькі спатрэбіліся жрацы-метэаролагі ды іншыя «агратэхнікі» — служыцелі культу. А тут аказваецца, што храмавыя комплексы ў Малой Азіі будавалі яшчэ збіральнікі і паляўнічыя.

Больш за тое, цэнтры, дзе лю­дзі ўпершыню пачалі засвойваць пшаніцу, знаходзяцца зусім недалёка ад гэтых комплексаў. Дык што ж было першасным — рэлігія ці сельская гаспадарка? Напрошваецца выснова, што акурат рэлігія прывяла да таго, што людзі пачалі абрабляць зямлю, засвойваць навыкі вытворчасці. Гэта парадаксальная выснова, якой на сённяшні момант няма чаго супрацьпаставіць. Як тут не згадаеш грэчаскі міф аб Праметэі?..

Арно Брэкер. Праметэй

Арно Брэкер. Праметэй

Праз такія адкрыцці ў чарговы раз збіваецца не тое што храналогія, але агульная логіка прагрэсу і тэорыі пра фактары развіцця чалавека і ягоных якасцяў. Магчыма, мы яшчэ багата чаго не ведаем пра саміх сябе, а не маючы прынцыпова важных звестак пра мінулае, не можам уявіць сваёй будучыні. Калі вярнуцца да Праметэя, які нібыта даў нашым продкам аснову для росту і далейшай экспансіі, то ці з дакладнасцю так ён бачыў нашу будучыню? І ці дарэмна, паводле легенды, яго пакаралі за гэта іншыя багі?.. Пытанне застаецца адкрытым.

Працяг будзе