Гісторыя Беларусі з «здаровым нацыяналізмам». Што прынясе новая канцэпцыя ў школы?
Адзін з ключавых момантаў новай канцэпцыі — тэзіс аб самастойным Полацкім княстве, як пачатку беларускай дзяржаўнасці, насуперак гістарычнаму міфу пра Старажытнарускую дзяржаву
Гісторык Алесь Краўцэвіч
раскрытыкаваў Вольгу Ляўко за плагіят, пры гэтым ухваліў прапанаваную ёй
канцэпцыю беларускай гісторыі.
Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што неўзабаве ў падручніках з’явіцца новая канцэпцыя гісторыі Беларусі, нібыта нават з зернем «здаровага нацыяналізму». Рыхтаваць яе будуць навукоўцы-археолагі Вольга Ляўко і Дзяніс Дук.
Адзін з ключавых момантаў канцэпцыі — тэзіс аб самастойным Полацкім княстве, як пачатку беларускай дзяржаўнасці, насуперак гістарычнаму міфу пра Старажытнарускую дзяржаву, які ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў эксплуатуе Расія.
Пра канцэпцыю ды яе аўтарку, загадчыцу Цэнтру археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі інстытуту гісторыі НАН Вольгу Ляўко, belsat.eu гутарыць з гісторыкам ды археолагам Алесем Краўцэвічам.
«Сапраўдны аўтар канцэпцыі — Георгій Штыхаў»
— Сутнасць канцэпцыі, калі не кранаць дэталі, цалкам станоўчая. Не прайшло і 30 гадоў, як Лукашэнка дадумаўся, што трэба мець ідэалогію ды дзяржаўную свядомасць, якая фармуецца на аснове гістарычнай свядомасці. І тут я разумею Лукашэнку: ён задумаўся, як перадаць дзяржаву сыну, ён мае бацькоўскія пачуцці, таму і пачаў думаць пра дзяржаву.
І тут была выцягнутая Вольга Ляўко, якая прадставіла па сутнасці правільную канцэпцыю. Яе сэнс зводзіцца да таго, што пачатак беларускай дзяржаўнасці — гэта Полацкае княства. І гэта трэба вітаць! Іншая рэч, як гэта робіцца пра гэтым рэжыме, спосаб прадстаўлення і асоба, якая прадстаўляе.
— Наколькі гэтая канцэпцыя новая і арыгінальная?
— Я трымаю ў руках кнігу «Нарысы гісторыі Беларусі» 1994 года выдання. Сапраўдны аўтар гэтай канцэпцыі, якая ўжо ўводзілася ў сістэму адукацыі, Георгій Штыхаў, патрыярх беларускай археалогіі. У кнізе ёсць адмысловы раздзел: «Полацкае княства — выток беларускай дзяржаўнасці». То бок сама канцэпцыя была прадстаўленая яшчэ на пачатку 90-х гадоў. Самы непрыгожы момант з маральнага боку ў тым, што сам Штыхаў гэтую Ляўко ў людзі вывеў, а яна зараз яго нават не згадала.
— З іншымі навуковымі працамі Вольгі Ляўко вы знаёмыя?
— Тры гады таму трапілася мне ў рукі яе кніжачка «Уводзіны ў археалогію», на якую я напісаў рэцэнзію. Ляўко акурат хацела атрымаць званне прафесара, для чаго была патрэбная навукова-метадычная праца. Што яна зрабіла? Дамовілася з сенатарам Марзалюком, зрабіла плагіят з рэдкай крыніцы — «Ангельскага археалагічнага слоўніка» — і выдала, атрымаўшы прафесара.
Гэты ангельскі слоўнік стаіць у мяне на кніжнай паліцы. Я дастаў яго, параўнаў старонкі, літаральна перанесеныя Вольгай Ляўко ў сваю кнігу без аніякіх спасылак. Нават пераносы бяздарныя. Напрыклад, дэфініцыя археалагічнай культуры даецца як «супольнасць людзей, аб’яднаных у часе і прасторы». Атрымліваецца, што пасажыры тралейбуса — таксама археалагічная культура… Вось такі навуковы ўзровень.
— Дык як быць, калі канцэпцыя слушная, але асоба аўтара выклікае пытанні?
— Такое жыццё: за незалежнасць Беларусі змагаліся лепшыя сыны нашага народу, а кіруе краінай чалавек не самых высокіх маральных якасцяў, якому пляваць на ўсе ідэалы. Разам з тым, мы маем незалежную дзяржаву. Тое, што ёй кіруе такая асоба, яшчэ не значыць, што трэба выракацца беларускай дзяржаўнасці, гэтыя рэчы варта падзяляць.
Таксама і тут. Важна, што зноў, пасля доўгага перарыву, з’явілася канцэпцыя гісторыі Беларусі, слушная па сваёй сутнасці. Адзінае, што варта было б прынамсі ўзгадаць Георгія Штыхава, яе сапраўднага аўтара. Таму канцэпцыю трэба падтрымліваць, а вось чалавека, які яе прадставіў хваліць не варта.