Кітайскі імператар 2000 год таму шукаў па ўсёй краіне эліксір неўміручасці. Але не знайшоў

Кітайскія археолагі высветлілі, што першы імператар аб'яднанага Кітая Цынь Шыхуандзі (259-210 гады да нашай эры) загадаў шукаць эліксір неўміручасці па ўсёй краіне. Па паведамленні агенцтва Сіньхуа, навукоўцы прыйшлі да такой высновы пасля таго, як прааналізавалі 48 драўляных шыльдаў з указам імператара і адказамі мясцовых уладаў.

tsin.jpg

Цынь Шыхуандзі стаў кіраўніком царства Цынь у 13 гадоў; да 38 гадоў ён заваяваў астатнія шэсць царстваў на тэрыторыі ўнутранага (або карэннага) Кітая і заснаваў першую дынастыю кіраўнікоў аб'яднанай краіны. Імператар вядомы тым, што загадаў умацаваць і дабудаваць Вялікую кітайскую сцяну, каб абараніць краіну ад качэўнікаў з поўначы. На будаўніцтва сцяны былі сагнаны сотні тысяч чалавек. Акрамя таго, па загадзе Цынь Шыхуандзі быў выкапаны канал паміж прытокамі найбуйнейшых рэк паўднёвага Кітая, Янцзы і Жамчужнай ракі.
Кітайскі кіраўнік хацеў жыць вечна, у пошуках эліксіра неўміручасці ён адпраўляў экспедыцыі на выспы Усходняга мора і сам тройчы наведваў востраў Чжыфу, на якім, нібыта, знаходзілася гара неўміручасці. У апошнія 10 гадоў свайго валадарання Цынь Шыхуандзі пастаянна здзяйсняў інспекцыйныя паездкі па краіне, падчас якіх шукаў лекараў і чараўнікоў, якія маглі б паведаміць яму рэцэпт лекаў ад смерці. Па адной з версій, імператар памёр, атруціўшыся ртуццю, якая ўваходзіла ў склад «эліксіра неўміручасці», складзенага прыдворнымі медыкамі.
У 2002 годзе ў закінутым вясковым калодзежы ў правінцыі Хунань былі знойдзены за 36 000 драўляных шыльдаў з дакументамі, якія тычацца палітыкі, эканомікі і культуры краіны. Яны былі датаваныя перыядам праўлення Цынь Шыхуандзі і яго спадчыннікаў (222-208 гадамі да нашай эры).
Навукоўцы з Хунаньскага інстытута археалогіі прачыталі 48 таблічак па медыцынскай тэматыцы. У іх яны знайшлі ўказ імператара, адрасаваны мясцовым уладам па ўсёй краіне, з загадам шукаць эліксір неўміручасці. Па словах археолага Чжана Чуньлуна (Zhang Chunlong), дакумент дайшоў да аддаленых вёсак і пагранічных раёнаў. Так, з вёскі Дуся ў цэнтральнай частцы краіны адказвалі, што пакуль зёлкі не знайшлі, але працягваюць шукаць. З селішча Ланя, якое знаходзілася на ўсходнім узбярэжжы краіны, даслалі травы з мясцовых гор.
Па словах Чуньлуна, загадамі Цынь Шыхуандзі была створана складаная сістэма аховы здароўя і спадарожная дакументацыя, а таксама метады лячэння, якімі доўга карысталіся і пасля смерці імператара. Людзям таго часу былі вядомыя прыпяканне, акупунктура, лекі для пераральнага прыёму. Лекары мелі права лячыць пацыентаў толькі па ўказанні ўрада і былі абавязаныя запісваць дэталі лячэння ў афіцыйныя дакументы.
У мінулым годзе археолагі выявілі ў цэнтральным Кітаі найстаражытны імператарскі рытуальны комплекс Алтар неба, які датаваўся часам праўлення Цынь Шыхуандзі. У такіх комплексах імператары («Сыны за неба») маліліся свайму «бацьку», Вечнаму сіняму небу і здзяйснялі ахвярапрынашэнні, пацвярджаючы легітымнасьць свайго кіравання.
Паводле nplus1.ru