Да юбілею Народнага паэта Беларусі выйшла новая кніга
У мінскім выставачным комплексе “Белэкспа у рамках XVII Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 13 лютага адбылася прэзентацыя зборніка лепшых твораў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Перакуленае / “Опрокинутое. Менавіта такі, на дзвюх мовах, назоў мае гэтае выданне. (На здымку: старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. )
У мінскім выставачным комплексе “Белэкспа у рамках XVII Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу 13 лютага адбылася прэзентацыя зборніка лепшых твораў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Перакуленае / “Опрокинутое. Менавіта такі, на дзвюх мовах, назоў мае гэтае выданне.
(На здымку: старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. )
З’яўленне гэтай кнігі прымеркавана да 75-годдзя Рыгора Іванавіча, якое будўзе адзначацца 24 лютага. Новая кніга Майстра выйшла дзякуючы маскоўскаму выдавецтву “Время,
добра вядомаму ў беларускім літаратурным свеце тым, што менавіта яно выдае поўныя зборы твораў Васіля Быкава, Святланы Алексіевіч, і вось цяпер прыспеў час і для зборніка вершаў Рыгора
Барадуліна.
Як гаворыцца ў прадмове да зборніка ад самога выдавецтва, “гэтая кніга – спроба сяброў і прыхільнікаў таленту Рыгора Барадуліна напярэдадні яго 75-годдзя падсумаваць творчыя вынікі
пражытых ім гадоў, скласці юбілейны том выбранага – з прызнаных шэдэўраў, этапных вершаў і проста любімых радкоў… Ідэю дзвюхмоўнага выдання актыўна падтрымаў Саюз беларускіх
пісьменнікаў, які прадаставіў неабходныя для выдання літаратурныя матэр’ялы.
Кніга выйшла на дзвюх мовах. Па словах дырэктара выдавецтва Барыса Пастэрнака, гэта было неабходна дзеля таго, каб азнаёміць з творчасцю слыннага беларускага Паэта як мага больш шырокае кола
чытачоў, прычым не толькі беларускіх, але і расійскіх. Укладальнікам выдання стаў вядомы беларускі журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран, а рэдактарам – яшчэ адзін знакаміты беларускі
паэт Уладзімір Някляеў.
Сам Рыгор Барадулін не змог быць на прэзентацыі, бо толькі пару дзён таму выпісаўся са шпіталю. Але Дзядзька Рыгор сімвалічна ўсё ж прысутнічаў на імпрэзе, пазіраючы на гасцей з вялікага прыгожага
постэру, увенчаны вянком, сплеценым з самых розных беларускіх раслінак і кветачак.
“У гэтай кнізе сабрана лепшае з лепшага, што створана Рыгорам Барадуліным. Але ў гэтай кнізе сабраны яшчэ і лепшыя перакладчыкі беларускай паэзіі на блізкую нам расійскую мову - гэта Ігар
Шклярэўскі, Якаў Хелемскі, Іван Бусаў, Аляксандр Дракахруст, Валянцін Тарас, Фёдар Яфімаў, Ізяслаў Катляроў, а таксама і маладзейшыя – Марына Наталіч, Вікторыя Бохан. І, па сутнасці, гэта
кніжка ўяўляецца мне своеасаблівай метафарай-падарункам над перадюбілейным сталом Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, - адзначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь
Пашкевіч.
Паэт Генадзь Бураўкін распавёў, што размаўляў з Рыгорам Барадуліным акурат напярэдадні прэзентацыі, і той збіраўся прыехаць на імпрэзу, дзеля гэтага, уласна, і выпісаўся са шпіталю, але ўсё ж стан
здароўя не дазволіў Рыгору Іванавічу гэта зрабіць.
“Барыс Пастэрнак (кіраўнік выдавецтва “Время – Г. К.) неяк сказаў, што ўсе тыя аўтары, хто ў іх выдаецца, гэта нібы апазіцыя да ўладных структур. Я думаю, для
літаратуры гэта не страшна, калі яна знаходзіцца ў апазіцыі да ўлады. Для літаратуры гэта нават нармальна ў цэлым свеце. Страшна для ўлады, калі яна знаходзіцца ў апазіцыі да сапраўднай літаратуры, -
сказаў у сваім выступе Генадзь Бураўкін. – Бо рана ці позна гэтай уладзе час, людзі даюць адзнаку, і калі гэтая ўлада ў свой час не захацела ці не здолела ацаніць сапраўдныя таленты, такіх
геніяў, як, у прыватнасці, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, то я не сумняваюся, што ўспамінаць гэтую ўладу будуць адпаведна.
Добрыя словы пра Рыгора Барадуліна на прэзентацыі казалі пісьменнікі Сяргей Законнікаў і Леанід Дайнэка, перакладчык-украініст Валеры Стралко, пісьменнік і перакладчык твораў Рыгора
Барадуліна (і не толькі) на курдскую мову Ганат Чаркізян, іншыя прысутныя.
Перакладчык з беларускай на ўкраінскую і з украінскай на беларускую мову Валеры Стралко падкрэсліў, што паэзію перакладаць страшна цяжка, а паэзію Барадуліна – амаль немагчыма, настолькі яна
багатая, вобразная, збудаваная на гульні словаў і гукаў, “таму чытаць творы Барадуліна лепш за ўсё ў арыгінале.
Кніга “Перакуленае / “Опрокинутое утрымлівае рэдкія фатаздымкі Рыгора Барадуліна, большасць з якіх не вядомая шарокай грамадскасці.
Барыс Пастэрнак паабяцаў, што Рыгор Барадулін – не апошні беларускі літаратар, выданнем твораў якога займаецца выдавецтва “Время. Імя наступнага аўтара пакуль не вядома,
але расійскі выдавец і мецэнат паабяцаў, што найбліжэйшым часам гэтае пытанне будзе вырашана сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Пасля завяршэння непрацяглай прэзентацыі ўсе жадаючыя змаглі набыць кніжку “Перакуленае / “Опрокинутое, наклад якой складае пакуль што ўсяго 1500
асобнікаў.
З кнігі “Перакуленае / “Опрокинутое
З цыклу “Псальмы Давідавы
Узнаві нас, Божа ратунку нашага,
і спыні абурэнне Сваё намі
Пс. 84:5
Усынаві наноў
Блудных Сваіх сыноў,
Узнаві нас, спыні
Сваё абурэнне намі
І вярні тыя дні
Нам і нашай зямлі,
Калі
Мы сабою былі.