«Дзецям трэба чытаць і пра развод, і пра страхі»: Надзея Кандрусевіч распавядае пра творчасць і выхаванне дзяцей

Дзякуючы Надзеі Кандрусевіч, па-беларуску загаварылі такія любімыя многімі дзеткамі персанажы, як Мама Му, Пэтсан і Фіндус, Віта Белая Крэска і Эйвінд, Біла з Болаю і Ёрдзіс. Яна 10 год перакладае шведскія кніжкі на беларускую мову: атрымліваецца не больш за 5 ў год, а хочацца як мінімум 20, таму сёлета Надзея адкрыла прыватнае выдавецтва «Коска», якое спецыялізуецца на дзіцячай і падлеткавай літаратуры.

786a7940_1p85u.jpg

«Наша Ніна» паразмаўляла з Надзеяй Кандрусевіч пра сям’ю, складанасці айчыннага кніжнага рынку (і хто яго ўратуе), а таксама тэмы-табу для дзяцей.
«НН»: Вы скончылі Лінгвістычны ўніверсітэт, але як склалася, што з усіх моў свету ў якасці дадатковай для навучання абралі менавіта шведскую?
Надзея Кандрусевіч: У мяне ніколі не было нейкага свядомага жадання, кім я хачу стаць. Яшчэ ў школе мне добра даваліся замежныя мовы, таму паступіла ў Лінгвістычны. Асноўнымі ў мяне былі ангельская і італьянская. Шведскую мову як дадатковую абрала, бо яна мне падавалася вельмі экзатычнай. Плюс у мяне з ёй асацыіраваліся пісьменніца Астрыд Ліндгрэн, якую я вельмі люблю.
«НН»: Беларускую вы заўсёды ведалі гэтаксама добра, як і замежныя мовы?
НК: У Браславе я хадзіла ў звычайную гімназію, беларускамоўных школ у нас няма. Але ў мяне беларускамоўныя бацькі, абое гісторыкі: тата працаваў у краязнаўчым музеі, маці загадвала яго фондамі. Разам з калегамі яны вялі ў горадзе вельмі актыўную грамадскую дзейнасць: ладзілі канферэнцыі, сустрэчы з гісторыкамі іншых краін, археалагічныя раскопкі. Бацька заўсёды браў нас з сабой на такія мерапрыемствы. І вось у гэтай беларускамоўнай тусоўцы мы і раслі.
Памятаю, як у падлеткавым узросце разам з сябрамі нават выпускалі беларускамоўную газету «Гэта мы». Друкавалі 299 асобнікаў і рассылалі сябрам у суседнія гарады: у Глыбокае, Шаркаўшчыну. У газеце пісалі розныя жарты, малюнкі, перадрукоўвалі туды часам нейкія матэрыялы з «ARCHE» і «Нашай Нівы».
«НН»: У дзяцінстве вам шмат чыталі бацькі?
НК: У бацькоў у Браславе велізарная хатняя бібліятэка. Усе мае сябры па гімназіі пастаянна прыходзілі да нас нешта адтуль узяць пачытаць. Ведаеце, у многіх сем’ях мэблевыя секцыі, так званыя «сценкі», запоўненыя сервізамі, а ў нас на ўсіх паліцах стаялі кніжкі. Тата збіраў альбомы па мастацтве, розныя сусветныя энцыклапедыі, па культуры, па гісторыі Беларусі. У нас мелася ўся класічная падлеткавая літаратура таго часу: зборнікі Жуля Верна, Джона Толкіена, Джэка Лондана. Асобна бацька калекцыяніраваў казкі. Мне здаецца, у нас не менш за 200 выданняў з казкамі усіх народаў свету: ад шатландскіх да афрыканскіх. Тата і сёння любіць усё гэта перачытваць. Вядома, у дзяцінстве ён чытаў іх і нам з малодшай сястрой.
На жаль, усе гэтыя казкі былі, у асноўным, у перакладзе на рускую мову. Беларускамоўных было няшмат. Добра памятаю пераклады Змітра Коласа: тое, як гучала «Графіня дэ Сэгюр. Зачараваная хатка» у яго беларускамоўным перакладзе мяне тады моцна ўразіла.
Да гэтага часу выклікае захапленне кніжка легендаў і паданняў «Заклятыя скарбы» Уладзіміра Ягоўдзіка, з незвычайнымі ілюстрацыямі Аляксея Навіцкага. Яе выпусцілі ў 90-я накладам больш за 70 тысяч! У той час, гэтая кніжка мне здаецца, была ў кожнай сям’і.
«НН»: Цяпер становіцца зразумела, чаму вы сталі перакладчыцай дзіцячых кніжак.
НК: Сама для сябе я спачатку перакладала розныя апавяданні з ангельскай і італьянскай моў. Таго ж Рэя Брэдберы, напрыклад. Са шведскай пачала перакладаць пазней, на апошніх курсах недзе. Тады ў Мінску працаваў скандынаўскі цэнтр, дзе і дзеці, і дарослыя мелі магчымасць вывучаць шведскую мову. Кожную суботу там праходзілі семінары, дзе мы перакладалі ўрыўкі са шведскіх апавяданняў на беларускую. Па выніках той працы нават самвыдатны зборнік апавяданняў выпусцілі.
Калі я сышла ў дэкрэт, наведваць семінары стала складана, але ў 2008 годзе, калі сыну было 3 месяцы, шведскі дыпламат Стэфан Эрыксан і Алена Масла нечакана прапанавалі мне зрабіць пераклад самастойна. Так я ўпершыню цалкам пераклала сваю першую кніжку: «Малы і мядзведзік» (Юі Вісландар).

786a7927_g7vqc.jpg


«НН»: Наклад дзіцячай кніжкі ў 70 тысяч — сёння гэта фантастычныя лічбы…
НК: Так, мае кніжкі ў Беларусі выходзяць накладам 1000 экзэмпляраў. Калі паглядзець на расейскі рынак, то там тая ж «Мама Му» Юі Вісландэр выходзіць тыражом не больш за 5—10 тысяч асобнікаў.
 «НН»: І пры ўсім гэтым вясной вы адкрылі ўласнае выдавецтва «Коска»…
НК: Ідэя стварыць сваё выдавецтва прыйшла да мяне яшчэ 5—6 год таму. Першыя пераклады «Мамы Му» на беларускую я выдавала ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура», потым фінансавы крызіс прыпыніў працэс.
Пазней мае пераклады выходзілі у прыватным выдавецтве «Логвінаў», у «Кнігазборы» Саюза беларускіх пісьменнікаў. Я ўсім ім удзячная за супрацу, але там я не магла развярнуцца так, як таго хацелася: усё ж нашы выдавецтвы не спецыялізуюцца на дзіцячай літаратуры. Плюс самі вырашаюць, што друкаваць, калі і ў якіх аб’ёмах. Мне хацелася большай свабоды дзеянняў.
Цяпер я сама адбіраю аўтараў, якія мне цікавыя, адглядаю каталогі таго, што выйшла ў Швецыі, а што толькі плануюць выдаць, сустракаюся з агентамі на кніжным кірмашы ў Гётэрборгу. Часам атрымліваецца набыць правы на пераклад кніжкі на этапе макета: так яна хутчэй бачыць свет на нашым рынку.
Праўда, у ідэале мне б хацелася выдаваць 10—20 кніжак на год, але пакуль што выходзіць толькі 5. У першую чаргу — праз фінансавыя складанасці.

786a7935_oclt6.jpg


«НН»: Аўтарскія правы каштуюць нямалых грошай, а ў вас наклады па 1000 асобнікаў. Як вы ўвогуле выжываеце?
НК: Так, правы на выдавецтва той жа «Мамы Му» у сярэднім каштуюць 500—800 еўра. А кошт кнігі складаецца яшчэ і з друку, заробкаў тэхнічнага рэдактара, карэктара, падаткаў, транспарту. Яшчэ пераклад, але яго я не ўлічваю.
Прыходзіцца тлумачыць аўтарам, праваўладальнікам нашу сітуацыю. Што беларуская мова ў нас не шырока ўжываецца грамадствам, таму наклад будзе меншым, а сабекошт — большым. Што нават 500 еўра за аўтарскія правы для нас — вялікія грошы.
Пакуль што на выданне кніжак я толькі дакладаю свае грошы: наўпрост цяпер такая сітуацыя з новай «Мамай Му». Абаротныя сродкі з ранейшых выданняў добра калі вернуцца да мяне праз 3—5 год.Усё гэта для мяне на дадзены момант не пра зараблянне грошай, а як сацыяльны праект. Я шукаю фінансавую падтрымку, нейкіх спонсараў. Вядома, хацелася б знайсці іх сярод беларусаў, бо каму, акрамя нас, патрэбныя кніжкі па-беларуску? На самы крайні выпадак разглядаю краўдфандынг.
Калі праз некалькі год пабачу, што мая праца нікому не патрэбная, што выходжу ў мінус, прыйдзецца спыніць дзейнасць выдавецтва. Але пакуль што я даю сабе 3—5 год паспрабаваць увесь ланцужок.
«НН»: Будзеце перакладаць толькі шведскую літаратуру?
НК: Пакуль — так. 10 апошніх год я глыбока цікавілася тым, што адбываецца на рынку дзіцячай літаратуры Швецыі, і сёння нават больш абазнаная ў іх сітуацыі, чым у нашай. Але не выключаю, што «Коска» аднойчы будзе выдаваць пераклады з нарвежскай, фінскай, дацкай і іншых моў. Само сабой, я не выключаю супрацу з беларускімі аўтарамі і ілюстратарамі.
Сваёй цікаўнасцю да замежнай літаратуры я не хачу сказаць, што наша — дрэнная. Я хачу, каб мая дзейнасць падштурхоўвала беларускіх пісьменнікаў да большай актыўнасці.
10 год таму беларускамоўнае выданне «Мамы Му» было адной з першых кніжак для дзетак з ілюстрацыямі ў поўнакаляровыі фармаце, «Крумкач кажа нельга» — ледзь не першая дзіцячая кніга па-беларуску на кардоне, і па сённяшні дзень для малых да 3-х год падобных катастрафічна мала. Што там і казаць, у нас у прынцыпе вельмі малы выбар дзіцячай і падлеткавай літаратуры па-беларуску. Майму сыну Яну 10 год, і ў яго няма магчымасці чытаць на беларускай мове ні фэнтэзі, ні прыгодніцкую літаратуру, ні дэтэктывы.
Але сітуацыя пакрысе змяняецца. Штогод выходзяць новыя кніжкі: Кацярыны Дубовік, Волі Кузьміч, Наталкі Харытанюк, Вольгі Гапеевай, Веры Бурлак, Андрэя Хадановіча, Надзеі Ясмінскай і іншых пісьменнікаў ды ілюстратараў. З’яўляюцца выдатныя пераклады — «Пітэра Пэна» (Уладзь Лянкевіч), «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» (Вера Бурлак) і іншыя. І я спадзяюся, што далей будзе яшчэ лепш.

786a7915_qc10a.jpg


«НН»: У Швецыі, як і ў Беларусі, пражывае каля 10 мільёнаў насельніцтва. Наколькі моцна іх рынак дзіцячай літаратуры адрозніваецца ад нашага?
НК: У Швецыі штогод выходзіць больш за 2,5 тысячы дзіцячых кніг, без уліку перакладной літаратуры. У Беларусі гэтая лічба значна меншая. У нас, акрамя «Коскі», няма выдавецтваў, які б спецыялізаваліся на дзіцячай і падлеткавай літаратуры. Для апошніх амаль няма кніг па-беларуску, у тым ліку на розныя складаныя тэмы, якія хвалююць іх у гэтым узросце: пра развод бацькоў, першае каханне, адзіноту, страхі…
Быць дзіцячым пісьменнікам у Швецыі — значыць дазволіць сабе толькі пісаць, больш можна нідзе не працаваць. Тое самае можна сказаць і пра ілюстратараў. Такіх творцаў з’яўляецца ўсё больш — і гэта з аднаго боку добра, з іншага ж — пры такіх аб’ёмах, вядома, з’яўляюцца і выданні нізкай якасці. Ну, і ў прынцыпе такая колькасць ужо і непатрэбная: усё ж дзеці цяпер чытаюць менш — гэта агульнаеўрапейская тэндэнцыя. Замест папяровых кніжак слухаюць ці аўдыёварыянты, ці ўвогуле аддаюць перавагу гульням на смартфоне.
«НН»: Вы ж таксама выпускалі аўдыёкніжкі.
НК: Так, акцёры Ганна Хітрык і Павел Харланчук агучылі 9 кніжак «Пэтсана і Фіндуса». Ганна яшчэ і музыку да іх напісала. Ёсць у нас і аўдыёварыянт кніжак «Малы і мядзведзік» і «Малы і Білан» у выкананні Зміцера Вайцюшкевіча. Бонусам да іх ішлі 10 дзіцячых песень, якія таксама праспяваў Зміцер разам з Галінай Казіміроўскай.
Хутка, спадзяюся, запішам «Суперкнігу пра Біла з Болаю», таксама галасамі Пашы і Ганны, хоць Ганна цяпер і ў Ізраілі. У кніжцы расказваецца пра сям’ю, дзе гадуецца дзяўчынка з асаблівасцямі. Гэтая тэма блізкая і Ганне, і мне: мая малодшая дачка Марына мае рэдкае генетычнае захворванне.

Наша Ніна