Фолк-вечарына ў сацрэалістычным антуражы (фота, відэа)

У межах аўтарскага праекта Леаніда Нарушэвіча «Жывы куток» 22 траўня ў музеі-майстэрні Заіра Азгура выступілі этнагурт «Альтанка» і капэла «На Таку».

2017_05_22_muzej_azhura_img_4922_logo.jpg

Абодва гурты ездзяць у этнаграфічныя экспедыцыі, шукаючы матэрыял для творчасці, працуюць з традыцыйнай беларускай музыкай, па-свойму яе пераасэнсоўваючы. «Альтанка» робіць стылізацыі традыцыйных песень. Зараз вакалістка гурта — Дар'я Лаўрэнцьева, мужчынскі склад ёй падпявае. На імпрэзе гурт выканаў апрацоўкі летніх, купальскіх, калядных, лірычных песень. У антуражы скульптур Заіра Ісакавіча гучала нават троху псіхадэлічна.





І «Альтанка», і капэла «На Таку» з павагай ставяцца да традыцыйнай музыкі, але працуюць з ёй усё ж такі па-рознаму. «Альтанка», створанная ў 2004-м былымі ўдзельнікамі этна-трыа «Троіца» Дзмітрыем Лук’янчыкам і Віталём Шкілёнкам, працягвае надаваць песням сучаснае гучанне, імкнучыся зрабіць іх блізкімі гарадскому жыхару, які, магчыма, ніколі не чуў аўтэнтыкі. Дзмітрый Лук’янчык у «Альтанцы» ўжо не грае, застаўся Віталь Шкілёнак на гітары, домры і мандаліне, Алесь Джай — на бас-гітары, бас-домры і перкусіі ды Ігар Юшкевіч на перкусіі.

2017_05_22_muzej_azhura_img_5086_logo.jpg



Капэла «На Таку» выконвае знойдзенныя ў экспедыцыях ды архівах мелодыі максімальна блізка да арыгіналу, грае іх на танцавальных вечарынках, якія ладзіць разам з танцавальным клубам “Сіта”. Як мы нядаўна даведаліся ад танц-майстра клуба Ганны Сілівончык, вечарынкі перасталі быць пераважна моладзевымі, як гэта было падчас заснавання капэлы бардам Змітром Сідаровічам у 2008-м. Цяпер на танцах можна пабачыць людзей рознага ўзросту.


На музыкаў, што падзяліліся сваім майстэрствам, “натакоўцы” не забываюцца: у іх рэпертуары — “Танга Маленчыка” ды “Вальс Паплаўскага”. Станіслаў Маленчык родам са Шчучынскага раёна, музыка-самавук, граў на скрыпцы і вуснавым гармоніку. Ужо памёр, але засталіся запісы яго найгрышаў. Канстанцін Паплаўскі — бацька вядомай спявачкі Ядвігі Паплаўскай. Запісаны ад яго вальс у старых этнаграфічных крыніцах завецца “Вальс беларускі”, ва ўкраінцаў — “Вальс 12 ночэй”, у палякаў ёсць падобная мелодыя. Канстанцін Паплаўскі жыў пад Івянцом, быў народным акардэаністам і скрыпачом, потым атрымаў музычную адукацыю і пасля вайны вярнуўся ў Мінск хормайстрам.

2017_05_22_muzej_azhura_img_5153_logo.jpg

Паступова пашыраецца інструментальны склад капэлы «На Таку»: цяпер акрамя ранейшых гармоніка (Аляксей Крукоўскі), скрыпак (Кацярына Радзівілава, Дар’я Зуева, Таццяна Грыневіч-Матафонава), бубна (Раман Яраш, Ігар Жалткоў) Таццяна Грыневіч-Матафонава грае на трубе, а Раман Яраш — на кларнэце. Як пажартаваў лідар капэлы Аляксей Крукоўскі, калі б яна не звалася «На Таку», то варта было б назваць «Безнадзейнасць»: “Мы суцэльны, безнадзейны нефармат. Па-першае, як мікрафоны ні настройвай, мы лепш гучаць не будзем. Па-другое, канцэртную музыку не граем. Не мае сэнсу сядзець і нас слухаць, бо мы выконваем музыку танцавальную”. У выніку “растаньчыліся” амаль усе прысутныя і нават ахоўнік музея, хаця пачынала адна пара.


Фота і відэа Алены Ляшкевіч