Ганна Севярынец: У Алеся Дудара меліся выразныя планы беларускай незалежнасці

«Кніжны хлопчык» і зацяты «нацдэм», які не выбіраў словаў і прыпякаў апанентаў жыццярадасным сарказмам — такім паўстае вобраз Алеся Дудара паводле літаратуразнаўцы, пісьменніцы і настаўніцы Ганны Севярынец. Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння аднаго з самых шчырых беларускіх паэтаў.

Алесь Дудар

Алесь Дудар

У многім дзякуючы даследаванням Ганны Севярынец і яе раману «Гасцініца “Бельгія”» постаць Алеся Дудара не толькі вярнулася з нябыту, але і па-сапраўднаму ажыла: скрозь сухі мінімум біяграфічных звестак на нас стаў пазіраць гарэза, жартаўнік і шчыры рамантык з трагічным лёсам.
— Як вы адкрылі для сябе Алеся Дудара?
— Я дачытвала архівы «Маладняка» перад выхадам кнігі «Уладзімір Дубоўка. Ён і пра яго» — трэба было ўдакладніць тое-сёе для каментароў. Гартала па трэцім-чацвёртым коле чытаныя ўжо паперы (а іх абавязкова трэба чытаць некалькі разоў, бо кожны раз вока чапляецца за нешта іншае, мяняюцца акцэнты, карціна становіцца паўнейшай). І натрапіла на дакументы Полацкай філіі — раней я іх толькі праглядала, бо Дубоўка ў Полацкай філіі не працаваў і наогул дачынення да яе не меў. Большасць тых дакументаў была складзена заснавальнікам і першым кіраўніком філіі, Алесем Дударом. Вядома ж, я ведала і яго, і ягоныя вершы, працавала з ягонымі паказаннямі па справе СВБ і шмат цытавала іх датычна Дубоўкі, але тут былі не вершы, не паказанні, а звычайныя бюракратычныя паперы: характарыстыкі на сяброў філіі, справаздачы, спісы. І вось я іх чытаю — і пачынаю порскаць ад смеха сама сабе ў рукаў. Бо характарысткі гэтыя і спісы складзены з такім жыццярадасным сарказмам, што немагчыма не зарагатаць. Чыстае задавальненне. Тут жа — два прыватныя лісты Дудара да Дубоўкі. Над імі я і «прапала» — раней яны мяне цікавілі толькі з боку фактаграфіі, а цяпер, нарагатаўшыся над характарыстыкамі, я чытала іх проста як лісты, а не як дакументы. Такія абсалютна шчырыя, чалавечыя лісты, напісаныя файнай, трапнай мовай, складзеныя аўтарам, які не тое каб не рабіў выгляд разумніка, ён, можа, і хацеў бы такі выгляд зрабіць, але прыродная шчырасць і відавочная маладосць проста не далі яму выглядаць лепей, чым ён быў. Асабліва цікава чыталася гэта пасля эпісталярыя Дубоўкі: Уладзімір Мікалаевіч — аўтар эмацыянальна стрыманы, прахалодны, у яго ўвесь час «уключана галава», і нават калі ён злуецца, ён злуецца па справе. Так і пайшло-паехала, і ніводнага разу ані ў вершах сваіх, ані ў артыкулах, ані ў апавяданнях Дудар не падмануў мяне, застаючыся такім самым шчырым у словах і сказах.
Я ведаю, што не толькі я зачапілася менавіта за гэтую надзвычайную шчырасць Дударовых тэкстаў. Ведаю, што тое самае вабіла ў іх першую даследчыцу творчасці Алеся Дудара Ірыну Багдановіч, якая яшчэ ў дзевяностых пісала першыя біяграфічныя артыкулы, прысвечаныя гэтаму творцу. Дый крытыка дваццатых, нават калі пляжыла Дудара за ідэалагічныя памылкі, усё адно праз слова згадвала ягоную «асаблівую шчырасць і суб’ектыўнасць».
— А што вас так уразіла, захапіла ў ім — як у творцу і чалавеку?
— Вось гэта і захапіла — шчырасць. Я наогул — і ў творчасці, і па жыцці — вельмі цаню людзей шчырых і прастадушных, якія ня ўмеюць хітрыць, якія заўсёды такія, якія яны ёсць. Такія людзі паводзяцца ў жыцці, як сланы ў краме з парцалянавым посудам: усё ў іх падае, б’ецца, вечна яны выберуць на паліцах якую-небудзь бздуру, заплацяць за яе патроены кошт, і не ведаюць потым, куды дома гэтую бздуру прыткнуць. Калі такія людзі трапляюць у складаныя абставіны, яны нагадваюць чыгуначную рэйку — навокал круціцца і мгліцца складанасць і незразумеласць, а яны стаяць, адным канцом на захад, адным на ўсход, адным бокам да зямлі, адным да неба, і гудуць сваю няхітрую праўду, якую ніхто не прымае ўсур’ёз. Я такіх людзей люблю: і за іх унутраную сілу, якою карыстаецца любы паравоз, і за іх шчырасць, якая ніколі не цэніцца, і за іх вечную пакуту адзіноты, бо як і з кім роўным сабе можа сустрэцца па жыцці паралельная чыгуначная рэйка?

Алесь Дудар у дзяцінстве

Алесь Дудар у дзяцінстве


— Які характар быў у Дудара, да чаго ён імкнуўся ў літаратуры і ў жыцці?
— Тут складана не ўпасці ў фантазіі, бо пасля «Гасцініцы “Бельгіі”» ў мяне ў галаве моцна паблыталася ўжо, што я прыдумала, а што ўзяла з дакументаў. Спасылкі ж у мастацкім тэксце не ставяцца, не зразумееш цяпер. Дакладна вядома, што ён быў кніжным хлопчыкам. Усе тысячы хатніх кніг, якія ён пачаў збіраць і штампаваць уласным кніжным штампікам з чатырнаццаці год — усе гэтыя тысячы ён прачытаў, часцяком — з алоўкам. З дванаццаці год — усё сваё гімназічнае дзяцінства — ён кожны дзень сядзеў у чытальнай зале бібліятэкі і глытаў кнігі. Таму і сістэма каштоўнасцяў, і погляды ягоныя былі ў вялікай ступені «кніжныя», адарваныя ад сапраўднага жыцця. Думаецца, адтуль жа, з кніжак, быў і ягоны чысты, беспрымесны і бескампрамісны, патрыятызм і нацыяналізм. Ён быў адным з самых зацятых і самых громагалосных «нацдэмаў» дваццатых — нават калі іншыя, той жа Дубоўка, асцярожнічалі і выбіралі словы, ён не асцярожнічаў і не выбіраў, і не таму, думаю, што свядома ляпіў з сябе героя, а таму, што не ўмеў іначай. У ягонай хатняй бібліятэцы, вельмі ахайна складзенай (там няма выпадковых кніжак зусім), вялікі корпус тэкстаў — гэта гістарычныя кнігі пра паўстанні рознага кшталту і антыкаланіяльную барацьбу. Прыкладам, у яго сабраныя ўсе матэрыялы судовай справы дзекабрыстаў — калісьці яны выходзілі шматттомным спецыялізаваным выданнем, усе ў яго ёсць, зачытаныя да дзірак. Кнігі пра барацьбу манголаў за незалежнасць, пра Рэспубліку Айроцію, якая некалькі была асобнай аўтаномнай адзінкай у складзе РСФСР, пра антыкаланіяльныя паўстанні ў Афрыцы і Амерыцы…

Я думаю, у ягонай галаве меліся выразныя планы беларускай незалежнасці і былі пралічаны ўсе спосабы яе дасягнення. Кніжныя спосабы, вядома ж, наіўныя, але — былі.


Што ж тычыцца літаратурных памкненняў, то ён не быў з ліку рэфарматараў альбо трэндсэтэраў. Ён проста выказваўся вершам альбо прозай, яму падабалася корпацца ў словах і ствараць з іх эстэтычныя аб’екты. Мне падаецца, ён не быў надта сур’ёзным у сваіх літаратурных занятках. Ён наогул не быў сур’ёзным.

 Адзін з заснавальнікаў «Маладняка» 19-гадовы Алесь Дудар

 Адзін з заснавальнікаў «Маладняка» 19-гадовы Алесь Дудар

— Наконт бібліятэкі Дудара: чым скончылася гісторыя з яе выкраданнем і распродажам?
— Гэта вельмі цяжкая гісторыя, і мне вельмі сумна яе распавядаць. Яшчэ і таму, што бібліятэка гэтая сабраная гэтаксама, як сабраная мая ўласная. У мяне таксама вельмі шмат матэрыялаў пра дзекабрыстаў, я захаплялася гэтым кавалкам расійскай гісторыі гадоў, мо, дзесяць, і шмат назапасіла матэрыялаў. Я гэтаксама моцна захаплялася канструктывістамі — Сельвінскім, Інбер — і перачытала яшчэ ў юнацтве ўсе тыя зборнікі, якія былі перачытаныя і сабраныя Дударом. Шмат чаго там такога, агульнага. Карацей, я добра разумею гэтую бібліятэку, мне ў ёй лёгка арыентавацца, і кожная кніжка, якая з яе знікла, гэта не проста асобны экзэмпляр, гэта абавязковая частка цэлага. Ну, і гісторыя гэтай бібліятэкі, якую маці Дудара Вольга Іванаўна зберагла праз голад, нішчымніцу, бамбёжкі, распрадаючы ў цяжкую часіну ўсё, што заўгодна, але толькі каб не Шуркавы кніжкі… Ай. Падчас рамонту ў кватэры пляменніцы Дудара, якая ахвярна зберагала ўсю дзядзькаву спадчыну і ўсё жыццё збірала па крупіцах звесткі пра яго, частка біліятэкі была вынесена рабочымі і здадзена ў ламбард за капейкі, адтуль кнігі зніклі, нібыта — сышлі праз аукцыён. На жаль, у следчай брыгады не атрымалася знайсці скрадзенае і прададзенае. У бібліятэку вярнуліся толькі тры кніжкі з амаль сотні страчаных. Шмат што было вывезена падчас вобшуку НКВД у 1936 годзе. Тое, што засталося, ляжыць зараз у скрынях, пазаклеенае скотчам. Мне вельмі цяжка ўсведамляць, што я нічога не змагла зрабіць дзеля гэтай бібліятэкі. Усе тыя кнігі, якія былі скрадзены, я трымала ў руках і не ўратавала.

Алесь Дудар з маці Вольгай Іванаўнай Дайлідовіч і сястрой Жэняй

Алесь Дудар з маці Вольгай Іванаўнай Дайлідовіч і сястрой Жэняй


— Чаму менавіта Дудар стаў галоўным героем вашага раману «Гасцініца “Бельгія”»?
— Бо іншыя асобы вымагалі б іншага расповеду. Дубоўка — гэта герой. Вядома, і ён быў жывым чалавекам, і ў яго шмат такога, чалавечага, нелакіраванага, але любы раманны расповед пра яго будзе гераічнай сагай, эпасам — настолькі гэта маштабная фігура і цэльная асоба, настолькі годна і бездакорна пражыў ён сваё жыццё. Я пакуль не ўмею напісаць такое жыццё так, каб гэта было спраўдным — абавязкова саслізнеш у гераізацыю, міфлагаізацыю і пафас. А Дудар не герой. Ён такі, як я. Мне здаецца, я добра яго разумею.
— Кажуць, у гісторыі няма ўмоўнага ладу. Але ўсё ж дазволю сабе пытанне — пісьменніка, творцу, ды й агулам літаратуру якога маштабу мы маглі б мець, калі б Алесь Дудар выжыў?
— Я не думаю, што гэта быў бы маштабны аўтар. Іх там было вельмі шмат, таленавітых і перспектыўных, «маштабных» — было ўсё ж няшмат. Дубоўка — маштабны. Безумоўна, маштабным паэтам стаў бы Юлі Таўбін. Яго забілі зусім маладым, дваццацішасцігадовым, ён прыйшоў у літаратуру ўжо напрыканцы дваццатых, калі залатыя годы міжваеннай беларускай літаратуры, 1924—1927, скончыліся, творцы курчыліся пад ідэалагічным ціскам, а хутка — былі і расстраляныя. Але нават у такіх варунках Таўбін паспеў стварыць бліскучыя, неардынарныя паэтычныя тэксты. Алесь Дудар не быў маштабным паэтам. Але ён быў вельмі светлым, густоўным і шчырым паэтам. Ён рухаўся менавіта ў гэтым напрамку — светлай, спакойнай, прыгожай паэзіі, гістарычных рамантызаваных балад, эстэтычнага ўвасаблення паўсядзённасці, простых чалавечых перажыванняў і эмоцый. Такіх заўсёды не хапае, асабліва ў нашыя мізантрапічныя і няпэўныя часы.
— Дудар пакінуў і багаты перакладчыцкі набытак. Распавядзіце пра яго.
— Вось што тычыцца перакладчыцкай спадчыны Дудара — то яна сапраўды ўражвае маштабамі. Ён быў надзвычай таленавіты перакладчык. Алесь Дудар першым пераклаў на беларускую мову Гётэ, Гейнэ, Бамаршэ, Стандэ, першым пераклаў цалкам «Анегіна», прычым усе гэтыя пераклады — пераклады густоўныя, высокапрафесійныя. Безумоўна, у іх ёсць спрэчныя рашэнні, ёсць пэўная неахайнасць, але колькасць філігранных моўных знаходак — надзвычай высокая. Мне вельмі хочацца, каб калі-небудзь на сцэне якога-небудзь нашага тэатру загучаў Дудароў «Фігара» — гэта выбітная перакладчыцкая праца, і наш беларускі «Фігара», між іншым, перакладзены значна лепей, чым любы «Фігара» рускі.
— Якое месца цяпер адводзіцца ў школьнай праграме Алесю Дудару і іншым рэпрэсаваным пісьменнікам?
— Ніякае месца ім цяпер не адводзіцца. Нават Дубоўку дзеці чытаюць як «пейзажную лірыку». Вядома ж, неабыякавыя настаўнікі ўсё шырэй разглядаюць гэтую тэму на ўроках, ладзяць імпрэзы, прсвечаныя памяці расстралянай літаратуры. Але гэта не праграмная праца. Можа, гэта насамрэч і на шчасце.

wr_1200.sh_18_1.jpg


— Якія творы Алеся Дудара павінен прачытаць кожны беларус?
— Алесь Дудар — не хрэстаматыйны паэт. Ён занадта суб’ектыўны і шчыры, каб быць паэтам для ўсіх і кожнага. Да таго ж — ён не надта складаны, каб цешыць вока людзей, дасведчаных у высокай паэзіі. Але ж абавязковы верш у яго ўсё ж ёсць — той самы «Пасеклі край наш папалам». На жаль, мы ніколі не выцерабімся з тых геапалітычных варункаў, якія спарадзілі і высокі пафас гэтага верша, і глыбокі ягоны драматызм. А таму — гэты тэкст якраз для ўсіх нас, пакуль мы існуем як народ. Не ў кожнага паэта ёсць такі. Яшчэ два вершы хацелася б згадаць — «Хрушчы», у якім выразна гучыць дзіўнае для таго часу суперажыванне да ўсіх ахвяраў часу, нават да ворагаў, і «Экзотыку», адзін з маіх любімых, складана пабудаваных і выкшталцона зробленых вершаў. Не ведаю, як кожнаму беларусу, але тым, хто цікавіцца беларускай паэзіяй, яны не будуць залішнімі. А так, калі пералічваць вартыя чытання вершы Дудара сыходзячы з маіх уласных густаў, дык я назаву, бадай, увесь змест ягоных «Выбраных твораў», выдадзеных «Лімарыусам» у 2017 годзе. Я іх часта гартаю, хаця і ведаю ўжо ад бясконцага гартання вялікую колькасць ягоных радкоў напамяць.