Гісторыя Дзярэчына: падзямеллі

Падзямеллі Дзярэчына цалкам або часткова засыпаныя. Яны маглі б прыносіць жывыя грошы, але для гэтага іх трэба аднавіць, хаця б у мінімальным аб’ёме. Без сумневу, яны адразу стануць адной з самых прыцягальных турыстычных цікавостак.

Дзярэчын. Трэшчына

Дзярэчын. Трэшчына


Перадгісторыя

Калі я працаваў над кнігай «Подземелья Бреста, крепости и…», то абмеркаванняў і кантактаў, натуральна, было цераз край. Бо ж тэма такая — цікавіць людзей. Таму, што пад зямлю хаваюцца многія жывыя гісторыі, дый проста таямніча. Прыкладам, можам доўга стаяць над вадой і гадаць, што там — гэта прыцягвае. А тут і ўвогуле, пад зямлёй.

Кнігу пісаў каля двух гадоў, пайшла яна ў свет у 2014 годзе, увесь наклад разышоўся за якіх паўтары гады і добра, відаць, ірвануў у нашым балоце. Прынамсі, плынь сведчанняў пра падзямеллі значна прырасла. Варта толькі пачытаць каментары ў сеціве (блокі маіх даследаванняў друкаваліся ў мясцовых перыёдыках, на сайтах і ў рэспубліканскім друку – у газеце «Новы час»).

Зафіксаваў я сярод іншага інфармацыю пра тое, што падземныя пустоты і цагляныя скляпенні ў зямлі былі засведчаныя таксама і ў Слоніме. Нічога дзіўнага — горад мае доўгую гісторыю, а яна мае архітэктурны план выражэння: сярэднявечныя камяніцы, ядро са старавечных храмаў. Менавіта іх абгароджвалі найперш ад нападаў ворага, і якраз таму горад — не сяло або вёска. Храмы ў тыя неспакойныя часы часта мелі падземнае спалучэнне або проста выхад за перыметр будынка. Пакантактаваў з мясцовымі краязнаўцамі, з нагодаю наведаў горад. Але так сталася, што мне намовілі найперш Дзярэчын. Маўляў, там гэта ёсць. Бо там быў палац Сапегаў, галоўная іх рэзідэнцыя, быў старабытны кляштар. Папрасіў кантакт і, зноў-такі з нагодай, заехаў у гэтае мястэчка.


Мястэчка, як усе, і не як усе

Сам я родам з мясцовасці непадалёку, так што ўяву пэўную пра тамтэйшыя руіны маю. Таму прыемна было паслухаць журналіста Рамана Карпенку, які шмат чаго ўведаў з таго часу, як пераехаў у Беларусь. Імпанавала і энергія. Не хоча чалавек заняпаду, мае бачанне, як унесці больш жывасці ў справу — дык гэта можна толькі вітаць і накіроўваць. Што, дарэчы, як я зразумеў, і робіць мясцовы ксёндз. І робіць слушна, бо мяжа тут тонкая. Адна справа склеп, зусім іншая — падземны ход пад панадворкам, і абсалютна іншая — тунэль пад сельсаветам.

І не толькі тонкую мяжу трэба браць у разлік. Важна, як зрабіць. Прыкладам, у Львове адзін з найцікавых турыстычных аб’ектаў — Лычакоўскія могілкі.

Дзярэчын, у адрозненне ад гэтаксама Сапегаўскіх Ружанаў, цалкам ляжыць у руінах — гэта так. Але ў той час, як у Ружанах, напэўна, няма падземных хадоў за палацавы пагорак (гэта даволі празрыста вынікае з таго, як уладкаванае замчышча), то ў Дзярэчыне яны адназначна ёсць.

Фатаграфую магутныя брылы старой цэглы — усё, што засталося ад старавечных спарудаў. А заадно і загадкавыя трэшчыны на сучасных будынках. Надта ўжо яны маштабныя. Касарукасцю будаўнікоў прасадкі растлумачыць бадай што немагчыма — тут горб, да вады няблізка, балацянка шмат далей і ў глыбокай лагчыне. «Там рэчка», — тлумачыць мой праважаты.

2.dzjareczyn._hnomy.jpg

На заднім двары клуба перад намі раптам паўстаюць гномы. Зробленыя з ацурбалкаў. Парачка. Творы мясцовых разьбяроў. Гномы таямніча ўсьміхаюцца. За клубам, куды прыпісаныя іхнія творцы — амбулаторыя. Асабліва мяне ўражвае ганак будынка: ён адышоў-выправіўся ў самастойнае плаванне! Парэнчы ад’ехалі ўверсе на добрых дзесяць сантыметраў і даволі груба, але ўсё ж нарошчаныя арматурынай.

4.dzjareczyn._hanak.jpg
3.dzjareczyn._hanak_.jpg

Шырыня трэшчыны паміж масівам ганка і сцяной унізе таксама спаважных чатыры сантыметры. Гномы хай сабе і па-змоўніцку ўсміхаюцца, шматабяцальна, але моўчкі. Трэба людзей, і гаваркіх.


Ускосныя сведчанні

Маю падказку з даволі свежай (2014) публікацыі ў «Газеце Слонімскай» і ад спадара Карпенкі, іду да Валянціна Галенды. Гаспадар разлеглага панадворка сустракае гасцінна. Асабліва дацаняю тое, што ён відавочна любіць гісторыю. Паклікаў сына з нейкімі запісамі, сямейнікі выносяць на слабнучае паціху ў шарай гадзіне святло дня карціну. На ёй рэанімаваны мастаком (хоць так!) дамініканскі кляштар. Карнавальна крыху нават. Але рэальна! Бо гаспадар зямлі гэтай добра ўяўляе, што могуць быць раскопкі. Аднак успрымае гэта ні больш, ні менш, як адкрыццё гісторыі.

«Мы самі там капалі, далей, дзе былі падмуркі старыя, — кажа ён. — Арка адкрылася. Зямля ў ёй іншая, чым ток навокал, пульхная і чырванавата-гліністая. Быццам цэгла разлазіцца дзе, а вада вымывае».

Але найперш гаспадар паказвае месца, дзе на панадворку праваліўся ў пустоту бульдозер. Кажа, што і там, дзе арка, і тут рыдлёўкай не надта дасі рады, ды і сілы ўжо — «няма таго, што раньш было». Потым вядзе мяне за надворак, да абрыву: «Калі быў хлопчыкам, у нас тут у Сіпе была купальня». Рэчачка ледва ўецца, гэта, уласна, ручаінка адно. Але і мая рэчка дзяцінства запала ў берагі, як вена старой жанчыны. Камяні больш трывушчыя. Іх і хоча мне паказаць гаспадар. Углядаецца ў падошву схіла. «Зусім багнай заплыла. Была тут арка, у рост чалавека. Раней вада яе займала. Напэўна, выхад падземнай камунікацыі».

5.halenda_.jpg

Можа быць. Манахі часта вялі патаемныя тунэлі да рэк. На высокі бераг Лясны вядзе ход ад руін кляштара цыстэрцыянаў, выпадкова раскапаны (і закапаны) газавікамі ў 2004 годзе пад Брэстам, у вёсцы Вістычы.


Быў там

Яшчэ адзін кантакт атрымалася праверыць пасля колькімесячнай паўзы. Старшыня гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка вырас у Дзярэчыне.

«Дык я быў у тым ходзе, калі яго адкрылі. Яшчэ хлапцом зусім, колькі мне, гадоў трынаццаць тады было, — кажа ён. — Калі будавалі дзіцячы садок, рабілі раскоп. Насупраць прадуктовай крамы. Там кантора яшчэ стаіць. Дык там усё было. Налева ён ішоў да палаца [Сапегаў – Я.Б.], направа да царквы. Раней яна парафіяльным касцёлам была. Знутры быў выкладзены цэглай. Усе яго бачылі, таму таямніцы нейкай няма».

Пытаю, а ці не хрушчоўскага часу бункерок які. «Ды не, цэгла тая самая, з якой быў дамініканскі кляштар». А ход прамакутны? «Не, — быў адказ. — Акругласць уверсе, авалам так». Ага, кажу, значыць, скляпенне зверху зведзенае было. Як у Пінску. Там на месцы замка князёў Вішнявецкіх адкапалі былі дзве аркі-ўваходы, і чарцяжы краязнавец Дуброўскі ў архіве знайшоў, дык на іх прыкладна такі самы профіль.

Валянцін Дубатоўка

Валянцін Дубатоўка


«Я далёка не хадзіў ім, — кажа спадар Дубатоўка. — Прысыпаны быў. А потым, калі клуб паставілі, дык і ўвогуле завалілі. Ішоў ён у бок рэчкі. У нашай з Міхасём Скоблай кнізе «Дзярэчынскі дыярыюш» ёсць план. У тым баку, на беразе Сіпы, флігель быў. Дык туды ён ішоў».

Пытаю, ці варта, дзеля турыстычных мэтаў, часткова, па меры магчымасці, аднавіць той ход.

«Аднавіць цікава было б. Пакажу, калі трэба будзе. Дапамагу ўсяляк, — кажа Валянцін Дубатоўка. — Але ці ёсць зацікаўленасць у людзей? Ці арганізацыі зацікаўленыя ёсць? Бо трэба хоць якое фінансаванне. З рыдлёўкай што там зробіш?»

Што тут дадаць? Хіба што: палякі ў Кракаве аднавілі падземную частку Старэго мяста, і яна цяпер функцыянуе як такі сабе кранік, з якога капаюць ім стабільна грошы. Адкапалі, і грошы капаюць, капаюць.

І яшчэ: у Нясвіжы аднавілі частку падземнага хода ў палацавым комплексе Радзівілаў.

Але ж тут вырашаць, найперш, слонімскім уладам. А можа, ім грошы не трэба?

Фота аўтара