«Іўдзейнасць». Памяці Юрыя Тэпера (1958-2020)
У нібыта малакніжы цяпер час у друку з'явілася новая кніга Вольфа Рубінчыка. Кніга складзеная з навукова-папулярных эсэ і артыкулаў і ўвасабляе крытычнае міждысцыплінарнае даследаванне беларускай іўдаікі.
![vokladka1_1.jpg vokladka1_1.jpg](/img/v1/images/vokladka1_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэта адначасова літаратуразнаўчыя, культуралагічныя, этнаграфічныя, сацыялінгвістычныя, паліталагічныя, філасофскія даследаванні і агляд розных бакоў беларускай іўдаікі 20-21 стагоддзяў, праведзеныя адным аўтарам — палітолагам, перакладчыкам і публіцыстам Вольфам Рубінчыкам. Дадзеная кніга «Іўдзейнасць» — грунтоўны ўнёсак у такую сферу гуманістыкі, як жыдоўскія штудыі, якія квола і фрагмэнтарна развіваліся ў нас, але дзякуючы дадзенай кнізе маюць цяпер моцны інтэлектуальны штуршок, шматвектарны імпульс для далейшага развіцця.
Аўтар вядомы як знаўца і змагар жыдоўскай справы ў Беларусі, выдаўца штомесячнай газеты «Анахну кан» (2002), а ў 2003-2009 гг. выдаваў неперыядычны беларуска-яўрэйскі бюлетэнь «Мы яшчэ тут!», аўтар шматлікіх зборнікаў на шахматныя тэмы, слынны перакладчык з ангельскай, французскай і ідышу, дзякуючы ўменню якога, да нас дайшлі многія цікавыя навінкі гуманістыкі і мастацкай літаратуры, якія друкаваліся ў Arche і ПрайдзіСвет. Да ўсяго гэта актыўны блогер, сталы аўтар Незалежнага ізраільскага сайту, на якім з 2008 года створаная хмара тэкстаў, якія можна смела сабраць у сапраўдную вялікую беларуска-жыдоўскую энцыклапедыю.
![Памяці Юрыя Тэпера — шахматыста і лепшага бібліятэкара Памяці Юрыя Тэпера — шахматыста і лепшага бібліятэкара](/img/v1/images/jura2019.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аўтар сціпла заўважае у прадмове, што дадзеная кніга будзе цікавая хіба родным і сябрам. Я б смела пераканаў аўтара ў тым, што кніга зацікавіць і ўразіць шырокае кола чытацтва, бо вялікая архіўная і аналітычная праца, праведзеная аўтарам пралівае сьвятло і новыя звесткі на многія часта забытыя постаці жыдоўскай беларускай культуры (І. Харык, Кульбак, Р. Бярозкін, М. Данцыг і іншыя), а таксама на вядомыя постаці беларускай літаратуры (В. Быкава, І. Шамякіна, У. Караткевіча, А. Мальдзіса). В. Рубінчык дапамагае вярнуць забытую спадчыну ўзгаданых жыдоўскіх беларускіх літаратараў, мастакоў і падысці да яе крытычна.
Зрэшты, аўтар бліжэй знаёміць нас з (пад)забытымі імёнамі беларускай іўдаікі — Аўромам Рэйзэнам ці Давідам Пінскім, абодва родам з Беларусі, якія сталі больш вядомымі ў свой час у ЗША. Да ўсяго даследнік у кнізе дае пераклад з ідышу невялікага тэксту А. Рэйзэна «Эпізоды майго жыцця». Што да Д. Пінскага, то вельмі цікавая гэтая постаць застаецца і таму, што з'яўляецца загадкавай у сілу адсутнасці перакладаў ягоных твораў на беларускую мову, а таксама таму, што гэта быў, як давёў нам В. Рубінчык, смелы літаратар і моўны наватар, які для перадачы на ідыш назвы Беларусь стварыў новае слова Belarusije замест Vajsrusland. Такім парадкам, Д. Пінскі апярэдзіў сучасныя дэбаты вакол карэктнай перадачы назвы Беларусь на замежныя мовы.
![Фота з сайта belisrael.info Фота з сайта belisrael.info](/img/v1/images/dom_kar_e1606325292355.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сайта belisrael.info
Як даследчык, аўтар цудоўна выкарыстоўвае метады аналізу літаратуры, экспертных інтэрв'ю і да ўсяго этнаграфічнай ці, калі жадаеце, этналагічнай экспедыцыі. Што робіць многія прапанаваныя ўвазе тэксты сапраўды навуковымі, а не толькі папулярнымі. Таму праца В. Рубінчыка не заўсёды, як ён іранічна пазначае сам, адрозніваецца суб’ектнай суб'ектыўнасцю, а часта і перадусім навуковым падыходам і з'яўляецца ў існасці грунтоўнай.
Да ўсяго тэксты цікавыя не толькі з гістарычнага пункту гледжання, бо часцяком высновы, да якіх прыходзіць аўтар, з'яўляюцца дасюль актуальнымі. Вядома, нельга абмінуць праблемы антысемітызму беларусаў, якую часта падавалі і падаюць у перакручанай форме — нібыта не было і няма такой праблемы ў Беларусі.
Даследчык проста і даступна дэбатуе з некаторымі рамантычнымі аўтарамі (напрыклад, з Зінай Гімпелевіч), якія мінімізуюць праблему ў беларускім кантэксце. Антысемітызм — з'ява ўніверсальная, якая праяўлялася і праяўляецца ў тым ліку сярод беларусаў. Тое, што яна не набыла радыкальных праяваў, як у іншых культурах, не апраўдвае ейнага існавання і тлумачыцца хутчэй маргінальнасцю саміх беларусаў і адсутнасцю рэальнай дзяржаўнасці беларусаў.
Іншай важнай і цікавай сацыялінгвістычнай тэмай, якую ўзняў В. Рубінчык у сваёй кнізе, сталася тэма назову жыдоўскай культуры па-беларуску: яўрэйская, жыдоўская, габрэйская? Тэма адкрытая і да сёння, бо ахоплівае розныя беларускія культурніцкія і эстэцкія традыцыі: савецкая беларуская традыцыя, якая пад уплывам расійскай мовы змаргіналізавала панятак «жыд» на карысць «яўрэй» і дыяспарная ці тарашкевічанская традыцыя, у якой няма месца русізму «яўрэй», а толькі спрадвечнаму нарматыўнаму слову «жыд». Між іншым, назіраецца новая тэндэнцыя ўнутры як тарашкевічанскай, так і афіцыйнай традыцыі — артыкуляванне слова «габрэй» і вытворных ад яго.
А яшчэ ў некаторых тэкстах мы адкрываем не толькі даследчыка, а В. Рубінчыка-майстра слова, які шармуе прыгожай мовай, гумарам і кплівасцю. Так, напрыклад, частка кнігі «Па вяртанні з вандровак» (Ізраіль) — гэта не толькі міні-гід для тых, хто паедзе ў Ізраіль, але і багаты, насычаны краязнаўчы і паліталагічны аналіз сітуацыі ў Ізраілі. Таксама важна, што піша гэта чалавек-знаўца абодвух моўных і культурных кодаў — беларускага і жыдоўскага.
А на аснове часткі кнігі «Квартал Караткевіча, Мальдзіса», так смачна апісанай аўтарам, можна смела вадзіць экскурсіі па Мінску.
![Квартал Караткевіча ў Мінску. Якім ён можа быць? Квартал Караткевіча ў Мінску. Якім ён можа быць?](/img/v1/images/karat1968.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Такім парадкам, каласальная праца, рэалізаваная цягам шмат год, сіламі аднаго чалавека заслугоўвае не проста ўхвалы, а публічнага прызнання. Бо Вольф Рубінчык ажыццявіў працу, якую звычайна робяць цэлыя інстытуцыі. Аўтар як дадзенай кнігай, так і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, даводзіць яшчэ раз, што чалавеку пад сілу ўсё і ставіць так лёгка пад сумнеў многія калектыўныя шматгадовыя праекты, якія фінансуюцца, але не заўсёды прыносяць плённых вынікаў.
Зрэшты, не толькі з цікавасцю я прачытаў кнігу, але і з гонарам за тое, што знаёмы з аўтарам, за тое, што я адзін з першых знаёмлюся з рэдкім і каштоўным матэрыялам. Матэрыялам, прызначаным спатоліць не проста чалавечы інтарэс, а голад навукоўца і чытача, у рукі якога нарэшце патрапіла тая самая Кніга.
![vokladka4.jpg vokladka4.jpg](/img/v1/images/vokladka4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)