Квартал Караткевіча ў Мінску. Якім ён можа быць?

Сёлета ў лістападзе мы будзем адзначаць 90 гадоў з дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча. Перакладчык, палітолаг, публіцыст Вольф Рубінчык прапануе ўжо цяпер падумаць, якім чынам можна ўшанаваць памяць слыннага літаратара.

Ці зразумееце, што мы кахалі,Што зніклі так, як знікнеце i вы,
Што векавечны толькі край, i далеч,
І жоўты ліст на зелені травы.
У. C. Караткевіч



Пасля публікацыі першага тэкста пра мікрараён, дзе жыў Уладзімір Караткевіч і дагэтуль жыве Адам Мальдзіс, загучала дудка думка пра тое, што да 90-гадовага юбілею У. Караткевіча (лістапад 2020 года) варта было б нешта зрабіць побач з мінскім домам па вул. Веры Харужай, 48 — мо перформанс. Як-ніяк Уладзімір Караткевіч пражыў у тым доме шэсць гадоў (1967-1973 гг., прыблізна 1/6 яго пісьменніцкага шляху), і не сказаць, каб кепскіх гадоў. Так, «адлігу» падмяніла брэжнеўская твань, асабліва па здушэнні «Пражскай вясны» 1968 года, а ў пачатку 1970-х у машэраўскай БССР абвастрылася «барацьба з нацыяналізмам» — але кнігі Караткевіча (хоць і пашчыпаныя цэнзурай) выдаваліся, перакладаліся, чыталіся. З кіно было цяжэй — мастацкі фільм «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка» (1967; сцэнарый У. Караткевіча, рэжысёр У. Бычкоў) не паказвалі публіцы да 1989 года.
У канцы 1960-х-пачатку 1970-х Уладзімір Сямёнавіч працягваў сваю працу. Праўда, «галоўныя» творы («Дзікае паляванне караля Стаха», «Леаніды не вернуцца да Зямлі», «Каласы пад сярпом тваім», «Ладдзя Роспачы», «Чазенія») да таго часу ўжо выйшлі з-пад яго пяра, а нашумелы гістарычны дэтэктыў, па які чытачы стаялі ў чарзе, быў толькі «ў праекце». «Чорны замак Альшанскі», дзе фігуруе і квартал каля Старажоўскага рынка, будзе завершаны пад канец 1970-х гадоў. Тым не меней Караткевічаў даробак 1967-73 гг. даволі важкі:
— апавяданні «Краіна Цыганія», «Вока тайфуна», «Вялікі Шан Ян», «Былі ў мяне мядзведзі», «Калядная рапсодыя»;— вершы («Месяц над садам, ад квецені белым…», «Домік Багдановіча»…);— артыкулы пра М. Багдановіча (супольна з А. Мальдзісам), Я. Брыля, У. Калесніка, А. Кашкурэвіча, Ф. Скарыну, Л. Украінку;— эсэ «Рша камен…» (да 900-годдзя Оршы), «Званы ў прадоннях азёр»; дапрацоўка нарыса «Зямля пад белымі крыламі» для ўкраінскіх чытачоў;— пераклады: паэма А. Міцкевіча «Мешка, князь Навагрудка»; вершы Р. Гамзатава, шматлікіх польскіх і ўкраінскіх паэтаў; п’есы А. Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч» і М. Карыма «У ноч зацьмення Месяца»;— сцэнарый мастацкага фільма «Рассказы из каталажки»;— лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі»;— аповесць «Лісце каштанаў» ды многае іншае.
Штосьці з пералічанага Караткевіч у сябе на кватэры пісаў («Лісце каштанаў» дакладна — Барыс Фірштэйн быў за сведку), штось рэдагаваў.
У побытавых і сямейных справах таксама больш-менш ладзілася. Атрымаўшы разам з маці двухпакаёвую кватэру, Караткевіч амаль адразу — увосень 1967 года — пазнаёміўся з брэстчанкай Валянцінай Нікіцінай і ў лютым 1971 года ажаніўся. У тым жа 1971-м ён упершыню выехаў за мяжу — у Польшчу. Быў абкружаны сябрамі; «карчмы не мінаў», але неяк утаймоўваў сябе, і хваробы яшчэ не наваліліся. Навала прыйдзе ў другой палове 1970-х…
Тут я прыводзіў вядомыя факты, зараз — пра маю пазіцыю (даруйце грэшнаму). Ува мне змагаюцца тры погляды на Караткевіча і яго творчасць: чытацкі, перакладчыцкі і паліталагічны. Гэткае змаганне адбіваецца на думках пра тое, як ушанаваць пісьменніка ў Цэнтральным раёне г. Мінска, дзе нарадзіўся і жыву.
Як чытач я бязмерна шаную Караткевіча, які ў нечым сфармаваў маю асобу. Як перакладчык я крыху больш рацыянальны — магу не згаджацца з яго падыходамі, ды ўсё адно пазіраю на Караткевіча «знізу». Як чалавек з дыпломам палітолага… Мушу аналізаваць, узважваць, разлічваць варыянты прынамсі на ход уперад.
Часам думаю, што марыў аўтар не пра мемарыяльныя дошкі: «Ты памрэш. Але ў бязмежным свеце / Будуць працвітаць твой Люд i Край… / Вер, што ў гэтым, вер, што толькі ў гэтым / Шчасце пасмяротнае i рай» верша 1982 г.). І кажу сабе, што летуценні Караткевіча, па вялікім рахунку, не спраўдзіліся. Пісьменнік памёр улетку 1984 года — пасля гэтага Люд і Край зазналі мноства бедаў, пачынаючы з Чарнобыльскай катастрофы. Насельніцтва Беларусі скарацілася на паўмільёна; Адраджэнне, дэклараванае сябрамі Караткевіча ў канцы 1980-х, не перамагло. Сёлета, праз 36 год пасля смерці пісьменніка, у вонкава незалежнай краіне вобмаль школ з асноўным навучаннем на беларускай і ніводнага цалкам беларускамоўнага ўніверсітэта. Доля насельнікаў РБ, што называлі беларускую роднай, у 1999—2009 гадах падупала з 85,6% да 60,8% (адпаведныя звесткі перапісу 2019-га. яшчэ не вядомыя, сумняюся, аднак, што адбыўся рэзкі паварот да лепшага)…
Некаторыя ўжо задаваліся пытаннем, што сказаў бы Караткевіч пра лукашэнкаўскую рэчаіснасць. У 2010 годзе. Алесь Няўвесь нашрайбаў вершаваны фельетон, у якім Бог адпускае Валодзю з раю паглядзець на Беларусь, а Караткевіч, папахадзіўшы па сучаснай РБ, думае: «Лепей жа ляжаў бы…»
Аляксандр Бур’як апублікаваў у 2015-м. злы артыкул пра пісьменніка — пераважна несправядлівы, дый з абмыламі. Але дзе-нідзе мізантрапічны аўтар меў рацыю: «Творчая спадчына Караткевіча не з’яўляецца арганізуючым пачаткам для беларускага народу… з нацыянальнай ідэяй у беларусаў пасля яго гэткая ж натуга, як да яго».
Карацей, не малюся на класіка. Калі б выбіраць паміж беларускамоўнымі аншлагамі на ўсіх будынках у Мінску (або прынамсі ў Цэнтральным раёне) і шыльдай памяці Караткевіча на вул. Веры Харужай, то, мяркую, выбраў бы першае. Дарэчы, пісьменніка ў доме № 48 крыху памятаюць і без пазначак. Сам пераканаўся, што цяперашняя гаспадыня кватэры № 26, якая атабарылася там гадоў 20 таму, ведае пра свайго вялікага папярэдніка.
Казённыя шыльды самі па сабе не будзяць памяць. Мажліва, больш эфектыўны (і ўадначас модны) спосаб нагадаць пра знакамітую асобу — намаляваць графіці/мурал.

ragachou.jpg

Такая выява з’явілася ў 2014-м на адным з дамоў у цэнтры г. Рагачова. Фота адсюль 
Праўда, рагачоўскі мурал здаецца… праставатым. Не, я не маю на ўвазе, што яго трэба перарабляць, аднак у Мінску-2020 хочацца чагосьці больш вытанчанага. Па-першае, паказаць бы 40-гадовага Караткевіча, а не 50-гадовага, як у Рагачове і на сталічнай вул. Кастрычніцкай:
 

Ранейшы і пазнейшы варыянты графіці ля кафэ «Дэпо». Крыніца


Здымкі 1968 і 1969 гг., адзін з якіх можна было б узяць за аснову для новага мурала
Па-другое… Пісьменнік ведаў сабе цану, але ўважаў сябе за часцінку свайго народу, за аднаго з многіх. Калі маляваць Караткевіча на сцяне вядомага пяціпавярховіка, то ў атачэнні тых, каму ён быў дарагі на рубяжы 1960-70-х, і хто быў дарагі яму. Можна абаперціся на ўспамін А. Мальдзіса:
Неўзабаве, ужо ў новай Караткевічавай кватэры па вуліцы Веры Харужай, наладзіў свой дзень нараджэння Сяргей Панізнік, якога гаспадар, зважаючы на ваенныя пагоны, называў «Лермантавым беларускай паэзіі». Застолле сабралася інтэрнацыянальнае: Чэхаславакію прадстаўляў верны сябар і прапагандыст нашай літаратуры Вацлаў Жыдліцкі, Польшчу — паэт і даследчык Алесь Барскі (Баршчэўскі), Латвію — сястра Панізніка са сваім знаёмым, якога Валодзя ахрысціў «анёлкам», Беларусь — Барадуліны, Коўтун, Янішчыц, Сіпакоў…
Фота з сайта БІНІМ было зроблена перад пад’ездам дома Караткевіча менавіта на дзень народзінаў Панізніка — 10 мая 1968 года.

binim.jpg


Па-мойму, апрача самога Караткевіча варта паказаць яго маці Надзею, жонку Валянціну, суседа і сябра Адама ды яшчэ траіх чалавек з ліку згаданых Мальдзісам. Дапусцім, гэта будуць прафесар Вацлаў («Вашак») Жыдліцкі — рупны перакладчык Караткевіча на чэшскую, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, «Палесся мілае дзіця» Яўгенія Янішчыц (на фота — 1-я злева). Добрае месца для графіці — тарэц дома № 48, узровень другога паверха.

dom48.jpg


Подпіс пад калектыўным партрэтам я прапанаваў бы такі: «Сузор’е Караткевіча» (дарэчы, блізкі юбіляру вобраз. Пра Багдановіча ён пісаў «Іншым было лягчэй. Яны былі сузор’ем. Ён — самотнай зоркай…»). Прадубляваць подпіс варта на латыні, падкрэсліваючы сусветную значнасць нашага пісьменніка і намякаючы на яго моўную абазнанасць. O так, скончаны філфак Кіеўскага ўніверсітэта імя Т. Г. Шаўчэнкі — non penis canina!

vashak.jpg

У. Караткевіч і В. Жыдліцкі, Мінск, май 1968 г. Крыніца 
Не было б лішнім графіці (Караткевіч & жонка?) і на доме па вул. В. Харужай, 42, дзе ў 1971 годзе мясціўся ЗАГС Цэнтральнага раёна. Уваход для наважэнцаў быў усё ж не з двара — з вуліцы.
 


Весялун Караткевіч уступае ў новае жыццё, фота з сайта chtoby-pomnili.net (цяпер дзверы вядуць у офіс фірмы «БайПрынт сэрвіс»). Тая ж частка дома № 42 ў ліпені 2020 г.

На тарцы «Мальдзісава» дома па вул. Чарвякова, 18 таксама ё вольнае месца

На тарцы «Мальдзісава» дома па вул. Чарвякова, 18 таксама ё вольнае месца


Маё адчуванне — аднаго-двух графіці малавата, каб «ажывіць» раён (ён ціхі, часам нават сонны. Асабліва пасля ліквідацыі Старажоўскага рынка ў 1990-х i замены апошняга на мемарыяльныя могілкі ў 2000-х). Ёсць яшчэ прапанова, якая не вымагае вялікіх укладанняў, але можа паспрыяць прытоку турыстаў. Чаму б не надаць кварталам у межах вул. В. Харужай — Чарвякова — Кахоўскай — бул. Шаўчэнкі собскае імя?
Даводзілася чытаць, што Караткевіч жыў «на Старажоўцы» і хадзіў у «старажоўскі ЗАГС», аднак у гістарычным плане гэты раён — ні Камароўка, ні Старажоўка… а жылы масіў, утвораны ў 1960-х з «хрушчовак» і «брэжневак» (дамы Караткевіча і Мальдзіса, пабудаваныя ў 1967 годзе — акурат «брэжнеўкі»).

karta1.jpg


«Арлоўка» — больш дарэчнае слоўца, але вуліца Веры Харужай далекавата ад вул. Арлоўскай (менавіта гэтую вуліцу, а не прылеглы раён у нас часцей мянуюць «Арлоўкай»). Напрошваецца новатвор «Караткевічаўка», ды ён, па-мойму, гучыць нязграбна. Харошай назвай для згаданых кварталаў будзе Каштанаўка — у гонар «Лісця каштанаў», аповесці, напісанай У. Караткевічам тут, у нас. У раёне шмат каштанаў — значыць, імя будзе апраўдана і з гэтага боку. (Каб не пакрыўдзіць аматараў іншых дрэваў: нямала і клёнаў, бяроз, ліп, а бульвар Шаўчэнкі багаты на дубы.)
 

Прысады на вул. В. Харужай і Кахоўскай

(Края)віды ля вул. Кахоўскай, 34 (знята з 4-га паверха)

Галубятня ў дворыку ля бульвара — ёй дзясяткі гадоў. Караткевіч быў бы рады (банальна, але праўда)

Галубятня ў дворыку ля бульвара — ёй дзясяткі гадоў. Караткевіч быў бы рады (банальна, але праўда)


Апорнымі кропкамі мікрараёна маглі б стаць пяць месцаў, непасрэдна звязаных з Караткевічам і Мальдзісам. Гэта ўжо згаданыя будынкі на вул. Харужай, 42 і 48, вул. Чарвякова, 18 і бул. Шаўчэнкі, 17 (паштовае аддзяленне № 68). Нумар пяты — рэзідэнцыя Мельнікава, архіепіскапа Мінскага і Беларускага (цяперака на яе месцы — сучасны шматпавярховік па адрасе вул. Чарвякова, 56), у якога не раз гасцяваў Уладзімір Сямёнавіч. Далучым прыпынак аўтобуса № 38 на бул. Шаўчэнкі, дзе сябры-літаратары выходзілі, вяртаючыся дадому «з цэнтра» (на карце пазначаны птушачкай).
 


З цягам часу новы ўрбанонім увойдзе ў абыходак — увайшла ж «Асмалоўка», сканструяваная актывістамі ў 2010-х. Тут ажывуць старыя легенды й з’явяцца новыя, сюды пачнуць вадзіць экскурсіі… Барэльеф Тараса Шаўчэнкі ў пачатку бульвара і кінатэатр «Кіеў» у канцы — тэма для дэлегацый з Украіны (узнёслае эсэ Караткевіча пра Шаўчэнку «І будуць людзі на Зямлі» ў помач).

Крамка «Белдруку» (пад старой назвай «Белсоюзпечать») на бул. Шаўчэнкі, 7 — да «дома Караткевіча» адсюль метраў 250. Чым не месца для продажу «караткевіцкага» мерчу — магніцікаў, значкоў, etc?

Крамка «Белдруку» (пад старой назвай «Белсоюзпечать») на бул. Шаўчэнкі, 7 — да «дома Караткевіча» адсюль метраў 250. Чым не месца для продажу «караткевіцкага» мерчу — магніцікаў, значкоў, etc?



У гэтым жа доме, бліжэй да вул. Асіпенка, працавала булачная, слаўная ва ўсёй акрузе (без сумневу, яе наведваў і Караткевіч). Цяпер тут іншыя ўладары, але «нішто на Зямлі не праходзіць бясследна». Трапна заўважыў адзін з маіх чытачоў, Віктар С.: «Менск — горад зданяў, ды яшчэ шматслойны, як Шрэк».

У гэтым жа доме, бліжэй да вул. Асіпенка, працавала булачная, слаўная ва ўсёй акрузе (без сумневу, яе наведваў і Караткевіч). Цяпер тут іншыя ўладары, але «нішто на Зямлі не праходзіць бясследна». Трапна заўважыў адзін з маіх чытачоў, Віктар С.: «Менск — горад зданяў, ды яшчэ шматслойны, як Шрэк».


Не здзіўлюся, калі «Каштанаўка» займее свой герб або прынамсі эмблему — з жоўтым каштанавым лістком на зелені травы. Залежыць ад энтузіязму яе жыхароў… У «Асмалоўкі» дык нефармальная эмблема ёсць — сонца, якое ўзыходзіць.
Вольф Рубінчык, belisrael.info