Такія розныя адценні Дня беларускага пісьменства (фота)
У мінулую нядзелю культурная прастора нашай краіны ўзбагацілася дзвюма слаўнымі падзеямі: адкрыццём помніка знакамітым ураджэнцам Мінска і традыцыйным Днём беларускага пісьменства, які адбыўся ў старажытным Рагачове, што раскінуўся на месцы (на рагу) упадзення Друі ў Дняпро.
Запрашае Горад Майстроў
Гэтае свята было прысвечана будучай выдатнай падзеі — адзначэнню 500-годдзя беларускага кнігадруку, юбілейным датам класікаў беларускай літаратуры: Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы.
А так пачынаўся друк у Савецкім Саюзе
Па традыцыі, свята беларускага пісьменства стала нагодай для шматлікіх прэзентацый, напрыклад кнігі А. Цітова «Шляхамі Францыска Скарыны». Адбываліся культурна-асветныя заняткі для дзетак «Пазітыў ад Скарыны», прадстаўленне рэспубліканскіх і мясцовых друкаваных выданняў, літаратурных твораў пісьменнікаў і паэтаў, у асноўным тых, якія ўваходзяць у Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Урачыста быў адкрыты выдатны па сваёй задуме Дом кнігі імя Уладзіміра Караткевіча. Славуты пісьменнік доўгі час жыў і працаваў у Рагачове ў хаце свайго дзядзькі. Цяпер гэты куток пазначаны помнічкам, а вуліца, на якой знаходзіцца дом, носіць імя Караткевіча.
Не дзіва, што гэтае рэспубліканскае свята выклікала вялікую цікаўнасць у гараджан, якія хлебам-соллю сустракалі гасцей, наведвалі традыцыйны кірмаш народных промыслаў і рамёстваў, а вядомыя рачагоўскія прадпрыемствы выкарыстоўвалі гэтую цікаўнасць да беларускага друку ў камерцыйных мэтах — рэкламавалі і рэалізоўвалі сваю прадукцыю.
Сімвал Рагачова — радасць для дзетак
Гэты факт сведчыць, што беларускі друк і беларускае слова шукаюць шляхі да манетарызацыі свайго патэнцыялу, хоць пра яго не здагадваюцца яшчэ многія, у тым ліку і ў Рагачове. Але прыйдзе час, калі прамыславікі і прадпрымальнікі зразумеюць, што беларускае слова ў рэкламе, на таварах будзе сведчыць пра іх якасць і гонар за сваю справу.
Пра гэта і іншыя падзеі Дня беларускай пісьменнасці ў Рагачове наш фотарэпартаж.