Па сцяжынках Уладзіміра Караткевіча
Разам з беларускім фатографам і мастаком Уладзімірам Цвірко мы здзейснілі займальную вандроўку — наведалі ўлюбёныя мясціны беларускіх пісьменнікаў.
Падарожжа распачалося з райцэнтра Карма — пасёлка, які вядомы з XVII стагоддзя. Тут нядрэнна захаваліся гаспадарчыя будынкі XIX стагоддзя, якія належалі Быкоўскім. Але ад некалі прыгожай цаглянай Свята-Мікалаеўскай царквы, пабудаванай у 1831 годзе, засталіся руіны.
Далей наш маршрут пралягаў на Рагачоўшчыну, з якой звязаны жыццёвыя і творчыя шляхі такіх пісьменнікаў Беларусі, як Ядвігін Ш. (нарадзіўся ў былым Рагачоўскім павеце), Андрэй Макаёнак, Уладзімір Караткевіч, Міхась Лынькоў і яго брат Рыгор Суніца, Мікола Сурначоў, Мікола Купрэеў, Анатоль Вярцінскі, Алена Васілевіч, Васіль Ткачоў.
У вёсцы Доўск Рагачоўскага раёна ўражвае сваёй прыгажосцю царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы, якая была пабудавана ў 1863–1864 гадах у рэтраспектыўна-рускім стылі. Вёска Доўск — буйны вузел аўтамабільных дарог, праз яе праходзяць трасы Магілёў — Гомель і Бабруйск — Слаўгарад. Вядома, што ў ХІХ стагоддзі праз Доўск неаднаразова праязджалі паэты Аляксандр Пушкін і Тарас Шаўчэнка. А па Кацярынінскім шляху, які некалі злучаў Маскву і Варшаву, праз Доўск праязджала і расійская імператрыца Кацярына.
Па дарозе на Рагачоў мы не маглі прамінуць возера з дзівоснай назвай Святое, якое знаходзіцца ля вёскі Турск. На беразе мясцовыя жыхары паведалі нам легенду, што калісьці тут узвышалася царква, якая правалілася пад зямлю, і на яе месцы з’явілася возера. Цікава, як гэта ў свой час замшэлыя атэісты не назвалі возера Святое імем якога-небудзь камуністычнага дзеяча? Хапіла ж у іх розуму перайменаваць вышэйшую кропку Беларусі — гару Святую — у гару Дзяржынскую.
У наваколлі вёскі Хадасовічы мы не змаглі адшукаць старажытныя курганы, над якімі раней папрацавалі даследчыкі. Уладзімір Цвірко ведаў, што недзе тут, побач з вёскай, знаходзяцца нямецкія могілкі. Блуканні па сасновым лесе прывялі нас да вялізнай паляны, на якой мы налічылі больш за 300 драўляных крыжоў. На крыжах — надпісы з імёнамі і прозвішчамі нябожчыкаў на нямецкай мове і даты нараджэння і смерці. Амаль усім ім было па 20 гадоў.
Вядома, што на Рагачоўшчыне ў часы вайны ішлі жорсткія баі. Паблізу Хадасовічаў засталося шмат безыменных магіл. Мясцовыя ўлады і грамадзяне Германіі знайшлі парэшткі салдат і перапахавалі іх. У гэтых мясцінах былі магілы не толькі нямецкіх, але савецкіх салдат, так што гэтыя могілкі атрымаліся інтэрнацыянальнымі. На іх адкрыццё прыязджаў пасол Германіі ў Беларусі спадар Хорст Вінкельман. Мінулая вайна і сёння трымае нас у сваіх абдымках...
Пасля мы трапілі ў маляўнічую вёску Кісцяні, што месціцца на беразе Дняпра і ўпершыню згадваецца ў XVI стагоддзі. Уражвае прыгажосцю старажытны ландшафтны парк, закладзены ў XVIІІ стагоддзі. Некалі тут быў прыгожы замак, дзейнічаў бровар, школа для сялянскіх дзетак, дзёгцевы завод, вадзяны млын, руіны якога мы даследавалі, існавала прыстань — прыгожая мясціна, якую не хацелася пакідаць. Але нас чакаў старажытны Рагачоў.
Рагачоў упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1142 годзе. У горадзе шмат розных архітэктурных помнікаў: будынкі былой земскай управы, былой дваранскай вучэльні, касцёл святога Антонія Падуанскага, тры цагляныя капліцы на праваслаўных могілках. У горадзе нам давялося аб’язджаць шэраг будаўніча-рамонтных пляцовак — вялася інтэнсіўная работа па добраўпарадкаванні горада, каб годна сустрэць шматлікіх гасцей, якія наведаюць горад на Дзень беларускага пісьменства.
Горад адметны яшчэ і тым, што ў ім падоўгу жыў і напісаў свае самыя лепшыя творы выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Канешне, нарадзіўся ён у Оршы, жыў у Мінску, але на адпачынак заўсёды прыязджаў да свайго дзядулі Васіля, які жыў у драўляным доме на ціхай вуліцы імя Чкалава. Сёння гэта вуліца носіць імя Уладзіміра Караткевіча. Нам не давялося шукаць яе доўга, жыхары горада добра ведаюць яе. Дарэчы, сюды ў госці да Караткевіча прыязджаў яго сябра народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.
Побач з домам дзеда Васіля ляжыць вялізны помнік — валун з выявай пісьменніка. Магчыма, з цягам часу гэтаму дому будзе нададзены статус музея Караткевіча, а на адной з вуліц Рагачова з’явіцца яму помнік.
Пісьменнік вельмі любіў наведваць маляўнічыя куточкі Рагачоўшчыны, часта выбіраўся на рыбалку на Дняпро. Яго дзед Грыневіч, бацька маці пісьменніка, Надзеі Васільеўны, стаў прататыпам аднаго з герояў рамана «Каласы пад сярпом тваім». У «Ладдзі роспачы» пісьменнік апісваў сярэднявечны Рагачоў і яго жыхароў, а дзеянне аповесці «Сівая легенда» адбываецца ў замку маёнтка Кісцяні. У сям’і Караткевічаў таксама захавалася паданне пра Тамаша Грыневіча, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў, які быў расстраляны царскімі расійскімі ўладамі ў Рагачове. Тамаш Грыневіч прыходзіўся сваяком пісьменніку з боку маці. Мы наведалі яго магілу, якая знаходзіцца побач з праваслаўнымі могілкамі.
Пасля знаёмства з Рагачовам мы выправіліся ў Жлобінскі раён. Цікавыя ўражанні засталіся ад наведвання адной са старажытнейшых вёсак Беларусі — вёскі Стрэшын, якая згадваецца ў летапісах з 1123 года, і якую ўпрыгожвае Пакроўская царква, пабудаваная ў 1807 годзе. У пасёлку Красны Бераг Жлобінскага раёна мы наведалі адзін з самых прыгожых палацава-паркавых комплексаў Беларусі з замкам, архітэктура якога спалучае ў сабе рысы неаготыкі і неарэнесансу. Непадалёк ад гэтай мясціны знаходзіцца мемарыяльны комплекс, які быў створаны на месцы дзіцячага канцлагера, што існаваў тут у часы вайны.
У вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна ўражвае буйны палацавы ансамбль з прыгожым паркам, які прыцягвае сюды шмат турыстаў (зараз ён знаходзіцца на рэстаўрацыі). Фотаздымкі гэтых мясцін, як і раней даследаваных Цвірко, увойдуць у надрукаваныя з цягам часу даведнікі.