Кнігі пра Скарыну прэзентуюць у Рагачове на Дні беларускага пісьменства

3–4 верасня 2016 г. у Рагачове падчас святкавання XXIII Дня беларускага пісьменства будзе дадзены адлік апошняму году перад святкаваннем 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Нацыянальная бібліятэка Беларусі выступае адным з асноўных ініцыятараў падрыхтоўкі да гэтага агульнанацыянальнага свята і прапануе ўдзельнікам Дня беларускага пісьменства адразу некалькі сваіх мерапрыемстваў.

Францыск Скарына

Францыск Скарына


4 верасня на пляцоўцы Фестывалю кнігі і прэсы будзе прэзентаваная першая дзіцячая трохтомная энцыклапедыя «Францыск Скарына» — вынік сумеснай работы намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы і калектыву выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі». Тры тамы беларускай дзіцячай энцыклапедыі на аснове найноўшых навуковых даследаванняў і найбагацейшага ілюстрацыйным матэрыялу прадставяць жыццёвы шлях і спадчына першадрукара. Кнігі «Францыск Скарына – чалавек-энцыклапедыя», «Францыск Скарына – чалавек свету», «Францыск Скарына – чалавек-легенда» з дапамогай яркіх вобразаў раскрыюць веліч асобы беларускага асветніка не толькі дзецям, але і іх бацькам.
У гэты ж дзень у 14.00 адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Дома кнігі ў Рагачове, у час якога дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі перадасць у дар Рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы шматтомнае факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Агульнанацыянальны праект па перавыданні кніг беларускага першадрукара разлічаны на 2013–2017 гады і прымеркаваны да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання. Па меры выхаду ў свет камплекты кніг перадаюцца ў дар бібліятэкам, музеям і архівам Беларусі і іншых краін.
У дні святкавання Дня беларускага пісьменства Нацыянальная бібліятэка Беларусі пазнаёміць грамадскасць з экспазіцыяй «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», у цэнтры якой госці свята змогуць убачыць унікальныя прыклады беларускага кнігадрукавання XVII–XX стагоддзяў. Значную частку кніжнай экспазіцыі складуць выдавецкія праекты і ініцыятывы Нацыянальнай бібліятэкі – гэта навуковыя, факсімільныя, рэпрынтныя і мультымедыйныя выданні, створаныя з мэтай вывучэння і захавання беларускай кніжнай спадчыны. Выстава «500 гадоў беларускага кнігадрукавання» працуе з 12.00 да 19.00 у Рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы (Доме кнігі).
А на дзіцячай пляцоўцы Фестывалю кнігі і прэсы Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіць жыхарам і гасцям горада пазнавальна-забаўляльную праграму «Пазітыў ад Скарыны», якая ў даступнай і займальнай форме раскажа дзецям і іх бацькам аб галоўнай постаці ў гісторыі беларускага кнігадрукавання. Удзельнікаў праграмы чакаюць творчыя заданні і займальныя гульні.
Паводле budzma.by