Як імяніннікі святкуюць дзень народзінаў у Касьянаў дзень 29 лютага?
Нашыя продкі верылі, што 29 лютага — самая жахлівая і небяспечная дата ў высакосным годзе, калі ў жыцці ўсё ідзе наперакасяк. У супольстве было прынята ні ў якім разе не прызначаць на гэты дзень важных спраў, вяселляў і быць асабліва ўважлівым. А дзеці, якія нарадзіліся ў «анамальную» дату, нібыта былі асуджаны на хваробы і няўдачы.
Хаця і здаецца, што вера ў прыкметы, павер'і ды забабоны засталася толькі ў вясковых хацінках сярод бабулек з хустачкамі, насамрэч і цяпер шмат людзей, якія перакананыя ў няшчаснасці гэтага дня.
Усё дзякуючы шырока распаўсюджаным міфам, якія яшчэ не да канца выйшлі з нашага грамадства. Але, безумоўна, у гэтым таксама ёсць своеасаблівая аўтэнтыка і спрадвечнасць, якая адсылае нас да паўсядзённасці і быту продкаў.
Так, старажытныя славяне лічылі, што гэта час прыйсця Злоснага Касьяна, сустрэча з якім для простага смяротнага — прыгавор на бяду. «Чорную» дату сяляне называлі ў гонар Святога Іаана Касіяна Валебнага, пры чым да гэтага часу ходзяць спрэчкі, з чаго раптам вядомы сваёй праведнасцю жыцця рэальны чалавек ператварыўся ў настолькі адмоўны і страшэнны вобраз злога духа, вінаваты ва ўсіх грамадскіх бедах. Па адной з версій, помсціць злапомны святы пачаў з-за зняцця яго з пасады, таму раз на чатыры гады ён прыходзіць у сяло нарабіць поскудзяў, каб народ пакутаваў ад цяжкасцяў са скацінай і ўраджаем. Паводле іншага падання, прыстаўленага на варту пекла духа раз на чатыры гады Гасподзь адпускае ў водпуск, у які той спускаецца на зямлю і нясе благія ўчынкі, пакуль браму ахоўваюць 12 апосталаў.
Уяўлялі яго мужчынам маленькага росту з вялізнымі павекамі, з зайздросным ды зласлівым характарам. Паводле старадаўніх паданняў, Касьян валодае не толькі дурным вокам, але і смяротным позіркам — «на што ні зірне, усё вяне, Касьян на народ — народу цяжка, Касьян на траву — трава сохне, Касьян на быдла — быдла дохне».
Таму ў высакосны год людзі паўтаралі: «Няхай Касьян прыплюшчыць свае вочы і не глядзіць ні на што». Казалі, маўляў, аднаго позірку духа дастаткова, каб і здароўя, і дастатку пазбавіцца.
29 лютага — эпіцэнтр адмоўнай энергіі і найбольш небяспечны дзень у годзе. Людзі стараліся не выходзіць з хаты, нават жывёлу на пашу не выганялі, каб выпадкова не сустрэць злыдня на вуліцы. У гэты дзень выкананне любога дзеяння лічылася няшчасным: нават калі здавалася, што ўсё ў парадку, кожны ўчынак нібыта адгукаўся адмоўнымі наступствамі ў будучыні. Продкі верылі, што калі ў Касьянаў дзень чалавек выйдзе на вуліцу, то рызыкуе захварэць альбо памерці, а калі захоча папрацаваць, то нічога не будзе атрымлівацца.
А тым, хто нарадзіўся ў гэты дзень, пашанцавала яшчэ менш — лічылася, што дзіця ўсё жыццё будзе няшчасным, пацерпіць ад цяжкіх хвароб ці рана памрэ.
На шчасце, павер’і старадаўніх канспіролагаў развейваюцца ў пух і прах. У гэтую дату нарадзіліся многія выбітныя дзеячы, я таксама адбылося шмат станоўчых падзей, што значна паўплывалі на гісторыю, навуку і культуру.
Так, сярод «праклятых» дзяцей апынуліся палітолаг, прадстаўніца штаба Уладзіміра Някляева, кіраўніца кафедры палітычных і сацыяльных навук ЕГУ Святлана Навумава, беларускі журналіст Сяргей Ёрш, французская акторка Мішэль Марган, мастак-прымітывіст Адольф Вёльфлі, герцаг Альбрэхт Баварскі, легенда амерыканскага джазу Глен Мілер ды іншыя асобы.
Сярод імяніннікаў 29 лютага, да каго фартуна ўсё ж павярнулася спінай — былы кіраўнік КДБ СССР Уладзімір Кручкоў. Аўгустоўскі путч, адным з арганізатараў якога ён стаў у 1991 годзе, пацярпеў поўны правал. У выніку Кручкова знялі з высокай пасады і пасадзілі ў турму.
Але, варта адзначыць, у гэтым выпадку зусім не прамахнуўся і трапіў у самую неабходную цэль!
У «чорную» дату ў 1916 годзе амерыканскі інжынер-будаўнік Артур Хейл упершыню запатэнтаваў распрацаваную ім мадэль «канюшыннай развязкі», якая забяспечвае адсутнасць скрыжавання праезных частак аўтамагістраляў. Цяпер такія канструкцыі забяспечваюць дарожны рух па ўсёй Беларусі — гэта найбольш папулярны тып развязак у нашай краіне.
У 2003 годзе быў прадстаўлены кінафільм «Уладальнік пярсцёнкаў: Вяртанне караля» новазеландскага рэжысёра Пітэра Джэксана, які заваяваў усе 11 «Оскараў», на якія ён быў намінаваны.
Ці святкуюць дзень народзінаў людзі, якія нарадзіліся 29 лютага?
Як адзначалася раней, дадатковы дзень месяца дадаецца раз на чатыры гады. Справа ў тым, што Зямля здзяйсняе поўны абарот вакол Сонца не за 365 дзён, а за 365 дзён 5 гадзін 48 хвілін і 46 секунд. Гэтыя гадзіны, хвіліны і секунды складаюцца ў адны «лішнія» суткі за кожныя чатыры абароты Зямлі вакол Сонца. Раней каляндарны год пачынаўся з сакавіка, а гэта значыць, люты быў апошнім месяцам года — таму дадатковы «высакосны» дзень дадалі менавіта да яго.
Але ўсе гэтыя астранамічныя алгарытмы не перашкаджаюць імяніннікам насалоджвацца сваім святам, таму астатнія тры гады шчасліўчыкі таксама святкуюць дзень народзінаў, але са сваёй асаблівасцю!
Так, тыя людзі, што нарадзіліся да шасці раніцы, могуць адзначаць дзень народзінаў на суткі раней, 28 лютага. Для тых, хто з’явіўся на свет напрыканцы сутак, лепш спраўляць свята пазней, 1 сакавіка. А дзеці, што нарадзіліся ў прамежку паміж шасцю раніцы і поўднем, спачатку два гады задзімаюць свечкі 28 лютага, а на трэці год — 1 сакавіка.