Каза і мядзведзь замест Дзеда мароза і Снягуркі: ялінка ў Гомелі

Філіял Веткаўскага музея ў Гомелі правёў дзіцячую ялінку, якая ўжо паспела стаць традыцыйнай для бацькоў і дзетак, што шануюць беларускую мову і культуру.

_mg_2164__kopirovat__1_logo.jpg


«Дзіцячая ялінка — то пэўны цуд, ў які вераць і дзеткі, і дарослыя ў тым ліку. — распавядае кіраўнік філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка. — А беларускамоўная ялінка для Гомеля, на жаль, таксама цуд. У нас у музеі расце шмат нашых музейных дзетак, ды і шмат сяброў музея таксама завітваюць да нас з дзеткамі, таму ялінку праводзім у першую чаргу для «сябе». Але ў разуменне слова «сябе» мы ўкладваем усю супольнасць, якая імкнецца правесці частачку свайго жыцця ў нашым музеі». 
У гэтым годзе свята адрознівалася ад іншых гарадскіх ялінак не толькі беларускай мовай, але і сцэнаром, насычаным беларускай абраднасцю і адсутнасцю ў ім такіх персанажаў як Дзед Мароз і Снягурка.
«Не хочацца рабіць традыцыйных дзедмарозаў і снягурак, якія сотнямі гуляюць па горадзе і на іншых ялінках, і на плошчы, і ў гандлёвых цэнтрах. — адзначае Пятро Цалка. — У дзяцей тады складзецца адчуванне, што мы чарговыя «дзедмарозы«», а мы прызвычаіліся быць заўжды ў нечым унікальнымі, але ў той жа час і «традыцыйнымі». Таму непасрэдна ў нашу музейную ялінку ўключылі батлейку, калядаванні, інтэрмедыі з казой ды мядзведзем. Пры гэтым мы разумеем, што мы жывем у XXI стагодзі і забавы ў нас датычацца не толькі традыцыйнай культуры. Акрамя ўсяго, мы складваем пазлы з вялікіх кубікаў, размалёўваем фарбамі сімвалы надыходзячага новага года, зробленыя з салёнага цеста і нават «Свінку Пэппу» глядзім з дзеткамі. Упэўнены, што асалоду ад ялінкі атрымалі і маленькія госці нашага музея, і арганізатары».
Дарэчы да арганізацыі дзіцячага свята ў гэтым годзе спрычыніўся не толькі Веткаўскі музей, але і шэраг грамадскіх арганізацыяў, такіх як мясцовая філія ТБМ і моладзевая краязнаўчая «Талака».
Дзеткі, што прыйшлі на ранішнік, даведаліся як святкавалі Новы Год раней, што такое куцця і што рабіць, каб мароз улетку ўраджай не псаваў. Маленькія ўдзельнікі не засталіся ў баку, прыйшлі на свята з вывучанымі ды падрыхтаванымі беларускімі вершамі і песнямі, з задавальненнем вадзілі карагоды і дапамагалі героям балтейкі вырашаць іх праблемы.