
– Там нічога не вывучалася! Усе гэтыя палі, калі там палягло столькі ваяроў, тысячамі, то мусяць быць і пахаванні, і нейкія пагоркі… Але нашым музейшчыкам у Воршы нічога не скажы: яны нічым не хочуць займацца. Я быў знайшоў наплечнік ваяра, медны, прарублены мячом, знайшоў у тых мясцінах, гэта ж яўны артэфакт! Паказаў, а яны: “Знайшоў, ну і маладзец”.

Аляксандр Шынкевіч не займаецца несанкцыянаванымі раскопкамі – ён прапануе збіраць тыя артэфакты, якія самі з’яўляюцца на паверхні пасля заворвання палёў. Удзельнічаць у такіх пошуках могуць нават школьнікі, і краязнаўца часам праводзіць такія “палявыя” даследаванні разам з мясцовымі падлеткамі. Ён кажа, што пра Аршанскую бітву вучні слухаюць з вялікай цікаўнасцю, і вельмі цешацца, калі знаходзяць на ўзараным полі гістарычны артэфакт.

Але зрабіць такія пошукі сістэмным пакуль няма магчымасці: у першыя гады незалежнасці Беларусі дзень 8 верасня быў абвешчаны Днём беларускай вайсковай славы, аднак падчас кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі свята, якое нагадвала пра гісторыю зусім не мірнага суіснавання з усходнім суседам, скасавалі. І нават згадкі пра гэтую гістарычную падзею сталі ідэалагічна непажаданымі. Выключна дзякуючы высілкам неабыякавых да гісторыі краю людзей на полі каля вёскі Гацькаўшчына паўстаў самаробны мемарыял: высокі драўляны крыж, помнік з шыльдай і камяні з памятнымі медалямі – выявамі палкаводца Канстанціна Астрожскага і іншых выбітных дзеячаў ВКЛ.