«Кура-шчабятура» ды «мыльныя узоры» (+фота і відэа)
У прасторы "Верх" 6 красавіка прайшоў
Спеўны сход з удзелам гурта «Павалякі» вёскі Обчын Любанскага раёна.
Як патлумачыў галоўны арганізатар імпрэзы, дырэктар грамадска- асветнай установы "Культура роднага краю" Аляксей Чубат, "Павалякаў" запрасілі, каб паказаць спеўную культуру Цэнтральнай Беларусі, якая менш вядомая за палескую ці падвінскую. Сяргей Выскварка, работнік культуры з Любані, распавёў, што аўтэнтычныя гурты яго раёна спяваюць па-рознаму: калі ў "Павалякаў" цэнтральнабеларуская манера, то ўжо ў вёсках за некалькі кіламетраў на поўдзень — выразная палеская. Спеўныя манеры трох гуртоў раёна, у тым ліку “Павалякаў”, маюць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Гурт
"Павалякі" існуе з 1974 года, хаця яго ўдзельніцы яшчэ раней спявалі
разам на вяселлях ды іншых урачыстасцях. Самай старэйшай спявачцы — 85 гадоў,
самай малодшай — 40. Такім чынам, у гурце сабраліся жанчыны трох пакаленняў. "Павалякам"
на обчынскім дыялекце жартоўна звалі чалавека сталага веку, але яшчэ досыць
моцнага.
На Спеўным сходзе бабулі выконвалі ў асноўным лірычныя і вясновыя песні, прадэманстравалі таксама, як гучала “вяселле” і “лета”. Па дазвол спяваць у пост адмыслова схадзілі да бацюшкі. Гэта ж моладзь павучыць, а не павесяліцца!
Часамі, не ведаючы рэалій даўнейшага вясковага побыту, складана да канца зразумець тэкст песні. Напрыклад, знакамітая "Кура-шчабятура", якую спявала яшчэ "Майстроўня" ў 1980-х. "Як служыў жа я ў пана..." і атрымліваў штогод узнагароду: то хатнюю птушку, то жывёлу, і, зрэшты рэшт, дзяўчыну. Як патлумачыў Сяргей Выскварка, у парабкі ішлі прыкладна з 8 гадоў. Адпаведна обчынскаму варыянту песні, на 8-ы год, калі хлопец "выслужыў" дзяўчыну, яму ўжо акурат можна было жаніцца.
Ці такі тэкст:
А чужая жонка ладна
На ёй хустачка акладна
Сарочачка перкалёва
Сама яна чернаброва
Вышываные рукава
Яна шэльма гаваркая.
Падавалася б, няўжо ў сваёй жонкі кепская хустка і сарочка? Аказваецца, пяецца пра моду: у вёсцы традыцыйна насілі намётку, а тут з’яўляецца жанчына ў хустцы. Сарочкі былі льняныя — і раптам нехта пашыў з крамнага паркалю. “Вышываць” у Обчыне казалі толькі пра вышыўку крыжыкам, што з’явілася на пачатку ХХ ст. пад уплывам так званых “бракараўскіх узораў” — выяў раслін, што сяляне бралі з абгортак прамысловых тавараў маскоўскай фірмы “Бракар і К”, у першую чаргу мыла. Таму такія ўзоры ў Расіі часам звалі “мыльным”, а ў Польшчы — “рускімі”. Для вышыўкі старажытнай тэхнікай, процягам, у Обчыне выкарыстоўвалі слова “нацягваць”.
Пакуль бабулі адпачывалі, Сяргей Выскварка расказваў гісторыі з уласнай экспедыцыйнай практыкі: "Упершыню паехаў у этнаграфічную экспедыцыю. Прыходжу, кажу: "Я да Вас фальклор збіраць". А мне ў адказ: "Дзетачка, што гэта такое за фальклор, я не ведаю, але пару песень спяю". Развітваючыся, Сяргей Выскварка запрашаў у госці: 19 красавіка вёска Рачэнь Любанскага раёна прымае спеўны фэст "Бабулі".
Фота і відэа Алены Ляшкевіч