«Лістапад»: Першая восень юнацтва

Гісторыя кінафэсту «Лістапад» — як гісторыя незалежнай Беларусі. На 17-м годзе жыцця за рытуальнымі «саюзнымі» цырымоніямі хаваецца супрацьлеглы змест. (На здымку: «Масакра» Андрэя Кудзіненкі)



6950aa02ae8613af620668146dd11840.jpg

Гісторыя кінафэсту «Лістапад» — як гісторыя незалежнай Беларусі. На 17-м годзе жыцця за рытуальнымі «саюзнымі» цырымоніямі хаваецца супрацьлеглы змест.

(На здымку: «Масакра» Андрэя Кудзіненкі)


17 Міжнародны кінафестываль «Лістапад», што праходзіў на мінулым тыдні ў сталіцы Беларусі, здзівіў энергічнай і вольналюбівай праграмай, якую не здольныя пахаваць настальгічныя парэшткі савецкіх цырымоній.
«Лістапад» нарадзіўся сямнаццаць гадоў таму, дзякуючы Беларускаму саюзу кінематаграфістаў. Праз год Міністэрства культуры ўзяло фестываль пад свой кантроль. А на мяжы 2000-х «Лістапад» перайшоў пад апеку прэзідэнцкай адміністрацыі. Здавалася, кінематаграфічны фэст канчаткова пераўтварыўся ў настальгічную савецкую тусоўку, дзе найбольшая пашана аддавалася расійскаму старэйшаму брату.
На фэсце выкарыстоўваліся выбарчыя тэхналогіі, якімі славіцца Беларусь. Галоўным прызам фэсту заставаўся прыз глядацкіх сімпатый. Таму пільныя настаўніцы заганялі школьнікаў галасаваць за беларускую стужку «На спіне ў чорнага ката», дзе ў галоўнай дзіцячай ролі знялася ўнучка першага прэзідэнта. (Хаця фільм быў настолькі правальным, што да першага месца не дацягнуў, — рэнамэ фэсту было сапсаванае.)
Але выглядала, што псаваць ужо і няма чаго. Крытыкі і гледачы абміналі пляцоўкі, дзе са сцэнаў чытаўся верш «Паклёпнікам Расіі» і дэманстраваліся стужкі саюзнай дзяржавы.
На 17-м годзе ўсё змянілася.
Фэст яшчэ адкрываецца «саюзнай» стужкай «Брэсцкая крэпасць» — але фільм ужо па-за конкурсам.
Яшчэ вядоўцы, якія афіцыйна лічацца акцёрамі, — культурна запрашаюць на сцэну «Пал Палычаў» — але ёсць ужо і Арнэла Муці, у зялёнай сукенцы і з беласнежнай усмешкай, актрыса па ўмоўчванні.
Яшчэ ёсць нейкі няўцямны «саюзны» прыз за кадры «спальвання нашых савецкіх пашпартоў», але гаворка ідзе пра дакументальную стужку «35х45», дзе рэжысёр назаўжды развітваецца з савецкай эпохай. (Зрэшты, гэта стужка атрымала ўзнагароду за лепшы кароткаметражны неігравы фільм).
І зусім ужо выклікам колішняй настальгіі гучыць вырак прафесійнага журы на чале з літоўскім рэжысёрам Шарунасам Бартасам. Гран-пры фэсту атрымлівае фільм Сяргея Лазніцы «Шчасце маё». Падчас фестывальных праглядаў гледачы — пераважна старога веку — заклікалі расстраляць рэжысёра, а пасля фільму доўга знаходзіліся ў прастрацыі.
Не даводзіцца сумнявацца, што калі б Лазніца вырашыў падаць на «Беларусьфільм» сваю заяўку пра дальнабойніка, які заглыбляецца ў сэрца цемры, — то адразу быў бы арыштаваны за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», а ветэраны наладзілі б спальванне партрэтаў рэжысёра пад ягонымі вокнамі.
Але на «Лістападзе» міністр культуры Латушка асабіста аддаў Гран-пры, хаця і выглядаў крыху здзіўленым. З сёлетняга фэсту галоўныя ўзнагароды — за прафесійным журы.
Адмысловы прыз фэсту дастаўся кіргізскай карціне «Выкрадальнік святла» Актана Арыма Кубата — пра добрага электрыка, які крадзе святло для вяскоўцаў. Падзеі ў фільме разгортваюцца напярэдадні «цюльпанавай рэвалюцыі», карціна насычаная вітальнай энергіяй і народнай прагай справядлівасці.
Грузінскую карціну «Прагульшчыкі» сваёй узнагародай адзначылі крытыкі. Пранізлівая трагікамедыя Левана Кагуашвілі пра наркаманаў-недарэкаў выклікала здзіўленне ў беларускіх гледачоў: «У Грузіі даюць грошы на такія шчырыя і сумленныя стужкі? Якія не баяцца паказваць праўду?»

«Прагульшчыкі»
 


Праўду расказвае і дакументальная карціна «Жанчына з пяццю сланамі» (Гран-пры конкурсу неігравога кіно). Гераіня стужкі — перакладчыца Дастаеўскага, ураджэнка сталінскай Украіны. Па вайне яна апынулася ў Германіі. Пакручасты лёс перакладчыцы далёкі ад плакатаў «барацьбы савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне».
Неігравая карціна «Днюка» беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы знятая на апальным «Белсаце». Фільм пра старых у палескай вёсачцы адзначылі крытыкі, а журы конкурсу маладога неігравога кіно ўзнагародзіла фільм дыпломам «за ўніверсальнасць рэжысёрскай прафесіі».
А кароткі фільм Марцэля Лазіньскага «Да запатрабавання» пра лісты, якія немагчыма даставіць, — геніяльная дакументальна-паэтычная прыпавесць пра жыццё і Бога.
Увогуле, у фестывалю ўпершыню з’явіўся свой твар і свае дакладныя праграмы.
Маюцца ігравая і дакументальныя секцыі. У асноўным конкурсе — стужкі постсацыялістычных краінаў: Венгрыі, Балгарыі, Румыніі, Польшчы, Сербіі. У конкурсе дэбютаў — стужкі з усяго свету.
Перуанскі фільм «Кастрычнік» пра ліхвяра, якому падкідаюць дзіця, атрымаў прыз за лепшы ігравы дэбют. Не саступае яму і аўстралійская стужка пра абарыгенаў — «Самсон і Даліла». Маладыя героі гэтай карціны прызнаюцца ў пачуццях праз творы — маляванне і музыку.
Фільм маладога рэжысёра Алівера Лакса «Усе вы капітаны» заслужыў спецыяльны дыплом «за танец з рэальнасцю». Героі і акцёры гэтай стужкі — праблемныя дзеці з мараканскай кінамайстроўні, якую арганізаваў рэжысёр у Танжэры. Дзеці самі здымаюць фільм, а рэжысёр назірае і дапамагае гэтай творчасці. Іспанскі творца, які нарадзіўся ў Парыжы, а вучыўся ў Лондане, наведаў Мінск і расказаў пра сваю стужку.
Фестываль наведаў і Эмір Кустурыца. Слынны рэжысёр сустрэўся з кіраўніком дзяржавы і даў майстар-клас у Акадэміі мастацтваў. Візіт Кустурыцы выклікаў папрокі ў заўзятараў палітычнай чысціні, якія абвінавацілі рэжысёра ў палітычным невуцтве. Але творца, які называе сябе «праваслаўным сацыялістам» і сімпатызуе левым, распавядаў пра жыццё і мастацтва.
Дасціпныя показкі з жыцця ўвайшлі ў аўтабіяграфічную кнігу Кустурыцы, якая неўзабаве павінна выйсці з друку. На сустрэчы са студэнтамі высветлілася, што дзесьці ў беларускай правінцыі аматары рэжысёра здымаюць ігравы фільм «Дазваніцца да Кустурыцы». Кустурыца быў крануты, але калі ў яго запыталіся, колькі будзе каштаваць ягоны прыезд у беларускае мястэчка, каб завяршыць карціну, творца адсек: «Я за грошы не прылятаю».
Лукашэнка прапанаваў Кустурыцы зняць кіно на «Беларусьфільме». Але творца зараз збіраецца ставіць кіно з сюжэтамі Дастаеўскага.
На фэсце Кустурыца палуднічаў з беларускімі рэжысёрамі — Аляксандрам Колбышавым і Андрэем Кудзіненкам, які таксама думае пра варыяцыі Дастаеўскага.
Акрамя творчых сустрэч і асноўнага конкурсу — на фэсце для гледачоў мелася пяць дадатковых кінапраграмаў на любы густ (не гаворачы ўжо пра фестываль дзіцячых стужак «Лістападзік»).
Расійскае кіно, якое на мінулых «Лістападах» дамінавала, было вылучана ў асобны блок. Людміла Гурчанка, якая адзначае 75-гадовы юбілей, дэбютавала ў рэжысуры карцінай «Пярэстае змярканне». Актрыса асабіста прадставіла стужку.
Гледачы маглі пабачыць і скандальнага «Качагара» Аляксея Балабанава дый медытатыўных «Аўсянак» Аляксея Фядорчанкі.
За беларускае кіно на фэсце ўпершыню не было сорамна. «Масакра» Андрэя Кудзіненкі ўзнагарод не ўзяла, хаця ішла гутарка пра тое, каб вылучыць яе візуальнае афармленне. Але дасціпны «бульба-хорар» прагне жанравых фэстаў.
У праграме «Экстрым і Канаманія» публіка здзіўлялася дэбюту 21-гадовага Ксаўе Далана, які зняў стужку з правакацыйнай назвай «Я забіў сваю маці». Зачароўвала сваёй нязвыклай паэзіяй філіпінская «Незалежнасць». А пасля ёрніцкага «Ікла», сцэны якога былі на мяжы фолу, раз’юшаная пенсіянерка накінулася на крытыкаў з лямантам: «Як такое на экран выпусцілі!»
Глядацкае журы ўпадабала індыйскую меладраму «Удаан» і венесуэльскага «Брата», якому і дасталіся найбольшыя сімпатыі публікі.
Але «Лістапад» прайшоў пад знакам гратэскна-ачышчальнага «Шчасця майго». Прызы прафесійнага журы сталіся найгалоўнымі.
Як падкрэсліў на круглым стале слынны кінакрытык і дырэктар Расійскага інстытуту культуралогіі Кірыл Разлогаў, «Лістапад–2010» узмацніўся, адбыўся, і адбыўся менавіта як фестываль сусветнага кіно.
Сёлетні «Лістапад» можна лічыць узорам лукашэнкаўскай лібералізацыі, якая не патрабуе шмат, а іміджавы выйгрыш вялікі. Прафесіяналам не заміналі займацца сваёй справаў — і вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: свята кіно, сустрэчы з майстрамі, банкеты кінагурманства.
 «Лістапад» дасягнуў юнацтва, калі на вуліцы восень. Ён не думае бунтаваць — і паслухмяна згаджаецца на рэшткі старых цырымоній. Але ягонае сэрца ўжо належыць Еўропе — і вольнай Беларусі.