Літаратура з турмы. Вольга Калацкая: «У камеры не відаць, якое надвор’е»

15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменнікаў у зняволенні, Радыё Свабода і Беларускі Пэн-цэнтр абвесцяць лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Свабода друкуе партрэт літаратара, які працягвае творчасць за кратамі.

05e00000_0a00_0242_154d_08d9a2a03798_w1023_r1_s.jpg


Перакладчыца, педагог

Вольга Калацкая нарадзілася ў Мінску. Скончыла Лінгвістычны ўніверсітэт і некалькі гадоў там выкладала ангельскую мову і пераклад. Таксама была выкладчыцай на аддзяленні філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіуму.
Перастварыла па-беларуску англамоўныя тэксты пра Беларусь Тымаці Снайдэра ды іншых даследчыкаў, у тым ліку самы вялікі англамоўны тэкст пра беларускую літаратуру (і пра Беларусь увогуле) Арнольда Макміліна «Пісьменства ў халодным клімаце» (Writing in a Cold Climate: Belarusian Literature from the 1970s to the Present Day), а таксама мастацкія творы Вірджыніі Вулф, Уільяма Голдынга, Тэнэсі Ўільямса, Дэна Браўна, Поля Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, Маргарэт Этвуд. Пераклады друкаваліся ў часопісах «Крыніца», «Дзеяслоў» і ARCHE.
Супольна з Ілонай Урбановіч і Змітром Саўкам пераклала «Гладыятара», мультфільмы «Шрэк», «Шрэк-2» і інш. У 2010–2015 гг. перакладала фільмы для тэлеканалу «Белсат», у тым ліку «Гіцляў», «Ідэальнага мужа», «Сямейку Смітаў», «Медсястру Бэці», «Рычарда ІІІ».
Спадарыню Калацкую затрымалі 15 студзеня 2021 году падчас заняткаў з вучнямі па ангельскай мове. Яе звінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Потым яго змянілі на арт. 339 («Хуліганства»).
Яе ўтрымлівалі ў следчым ізалятары ў Жодзіне. Там яна вяла амаль штодзённыя запісы, якія пасля выхаду з турмы апублікавала ў фэйсбуку пад назвай «Турэмны дзённік».
27.01.21 (працяг) М. дорыць мне пячэньку з зычэннямі. На ёй напісана: «Каханне». Вось так атрымліваю тое, чаго праз усё жыццё больш за ўсё хачу і ніколі ня маю. Ад гэтага моманту яно заўжды будзе са мной, загорнутае ў сурвэтку.
Нейкі час Вольга Калацкая была ў адной камеры з журналісткай тэлеканалу «Белсат» Кацярынай Андрэевай, пра якую напісала ў дзённіку са шчырым захапленнем і любоўю.
29.01.21 (працяг) Зранку прабіла такая зайздрасць да нашай Каці! Прыгажуня, перад якой кожны гатовы ўпасці на калені, у яе шчаслівая сям’я, любы муж, які заўжды будзе яе кахаць, па вызваленні — зноў любімая праца... І большая частка жыцця наперадзе. Такая прорва кантрасту з маім бязладдзем, дзе ніхто ніколі не любіў, апроч мамы. Мяне прарвала — выплакалася Каці, расказала сваю безвыходную гісторыю. Першы раз у дарослым жыцці раскрыла душу іншаму чалавеку. Яна так класна слухае і спагадае... Адхлала, як нейкая ледзяная корка растала.
29.01.21. Учора ўвечары Каці Андрэевай прынеслі запоўніць вопіс асабістых рэчаў. Мы, натуральна, падумалі, што сёння яе забяруць у Пішчалаўскі замак да суду. Але пакуль яна яшчэ з намі. Маладзенькі ахоўнік прасякнуўся ейнымі просьбамі — падышоў і сказаў, што яе забяруць 31-га ўночы. (Ну як жа можна адмовіць, калі просіць Прынцэса!) Страшэнна шкада будзе застацца без яе — роднага чалавека, які ўсё разумее, якому не трэба нічога тлумачыць, аднадуміцы. Яна, здаецца, не ўсведамляе, як яна свеціць усім, хто апынаецца побач.
31.01.21. Уначы забралі нашага сонечнага зайчыка — Кацю Андрэеву. Здаецца, нават ахоўнікі ўсе ў яе закахаліся. Можа, хоць хто з іх зварухне звілінамі: а што, халера ясная, адбываецца, калі ў турму трапляюць такія, як Каця?! Дай Божа, каб для яе ўсё добра скончылася! (Ды шанцаў мала).
Чытачы, аднак, знойдуць у турэмным дзённіку Вольгі Калацкай і шмат апісанняў жахаў вымушанага суіснавання ў закрытым памяшканні супрацьлеглых па характарах, інтарэсах і светапоглядах людзей. Што прыводзіць да амаль штодзённых канфліктаў, якія азмрочваюць і без таго жудасныя ўмовы выжывання. Асабліва ўражвае жорсткае стаўленне да вязняў турэмнае адміністрацыі.
30.01.21 Мы з М. ушчэнт хворыя, а лекі скончыліся. У суботу — нядзелю фельчар не працуе. На ранішняй праверцы пытаюся: «Ці можна выклікаць дзяжурнага доктара?» Карпусны, гадавец, на чыстай беларускай мове адказвае: «А я не разумею гэтай вашай мовы». «Хто вам вінаваты? — адказваю. — У краіне дзве дзяржаўныя мовы». Хтосьці з дзяўчатаў перакладае. Гэты дурань пытаецца: «Дык што трэба?». Тлумачу: «Трэба лекі». — «Прыйдзе фельчар». А фельчар у суботу — нядзелю не працуе! Дзяўчатаў выводзяць на шпацыр — у «нумары» хочам застацца мы з М. і навенькая-старэнькая НВ., якую забіралі на судовае пасяджэнне і вярнулі да нас уначы. Ахоўнік чапляецца да нас з М.: «Чаму застаяцеся?» — «Хворыя». — «Вызваленне ад прагулкі ёсць?» (Што за ахінея? Ніхто ніколі ніякага вызвалення не патрабаваў. Звычайная практыка — у камеры альбо не застаецца ніхто, альбо застаецца не менш за дзвюх.) — «А хто выдае вызваленне?» — «Фельчар». — «А фельчар у суботу — нядзелю не працуе». — «Працуе». (Ага, фігушкі ён працуе — учора не ўзялі заяўку на лекі, бо на выходных няма каму іх разносіць.) Але нас трох пакідаюць у камеры.
Ды ўсё ж у бязрадаснай няволі аўтарка імкнецца не прамінуць светлыя імгненні.
27.01.21... Тут гнеў і радасць ідуць у адным флаконе: разам з Кацінымі паперамі прынеслі і мне перадачу! Божа, як падумаеш, што людзі едуць з Мінску ў Жодзіна, на марозе выстойваюць чэргі... Дзякуй велізарны!!! Усё ж якое гэта шчасце — ведаць, што пра цябе памятаюць і клапоцяцца нават незнаёмыя людзі! І бел-чырвона-белая пасціла — утрая смачнейшая, калі гэта ўвогуле магчыма.
05.02.21 (працяг) Сёння нарэшце пайду гуляць! Божа мой, як хочацца на двор! У камеры не відаць, якое надвор’е. Аказваецца, ідзе лёгкі сняжок, кружацца сняжынкі, такія прыгожыя-прыгожыя, мініятурныя, выкшталцоныя, кранальныя, крохкія — жывыя... (Згадалася, як на Каляды і Новы год мы аздаблялі вокны гэткім жа хараством з паперы правільных колераў.) А з даху звісаюць ледзяшы... Божа, якое шчасце!
Многія знаныя асобы беларускае эліты пісалі шматлікія звароты ў адпаведныя інстанцыі, спрабуючы дапамагчы ўвязененай спадарыні Калацкай. З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступілі Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд. Аднак гэтыя звароты засталіся без увагі. Яна была асуджаная па арт.339 КК РБ на 2 гады хатняй хіміі.
03.02.21 (працяг) Па абедзе мяне раптам выклікаюць «на кабінеты». Думаю, што прыехаў адвакат, але заходзіць маладая прыгожая жанчына Вольга... Вольга распытвае пра маю справу. Тлумачу, што я казала падчас следства. Яна дзівіцца: дык гэта ж максімум адміністратыўка! «Вольга, — кажу, — ну вы ж ведаеце, што мужчына, які даў поўху аператару Азаронка, атрымаў два гады калоніі. А ў яго трое дзяцей, ён прызнаў віну, пакаяўся і выбачаўся». Вольга перадае, што робяцца пэўныя захады, каб змяніць мне меру стрымання, але я не такая наіўная, каб спадзявацца. Яна цікавіцца, ці маю я статус палітзьняволенай. (Які статус, калі артыкул звязаны з гвалтам!) Распавядае, што цяпер ідуць палітычныя працэсы, хтось атрымлівае рэальныя тэрміны, хтось — мякчэйшыя выракі... Ейны падабаронны атрымаў сем (!) гадоў за «ўдзел у масавых беспарадках». «Але я не веру, што людзі будуць адседжваць свае тэрміны», — кажа яна. (Каціны адвакаты казалі тое ж самае.) Здаецца, у адвакатаў — кагнітыўны дысананс: яны не могуць паверыць у тое, што адбываецца.
Пра прэмію імя Аляхновіча

Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысвяцілі драматургу і рэжысёру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
2013: Ігар Аліневіч2014: Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фелікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп2017: Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў і Леанід Пятрэнка2018: Аляксандр Лапшын, Уладзімір Някляеў, Вольга Мікалайчык2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін