Лявон Вольскі: «Праз музыку мы дапамагаем народу перажыць гэтыя неймаверныя цяжкасці»

Прыйшоў час «Ч», калі ў людзей, нарэшце, масава адкрыліся вочы. У гэтай сітуацыі спатрэбіліся старыя песні… І цяпер тыя, хто раней быў па-за палітыкай, складаюць песні пратэсту, — распавёў знакаміты беларускі паэт і музыка Лявон Вольскі THE INSIDER.

Фота Паўла Аксіновіча

Фота Паўла Аксіновіча

— Большасці беларусаў здавалася, што гэтая ўлада смешная. Так, вядома, узурпатар ля стырна краіны, а нейкія дэпутаты з нясвежымі шэрымі тварамі прымаюць смешныя законы. Але нас жа гэта ўсё не тычыцца, мы жывем паралельна: выхоўваем дзяцей, будуем свой катэдж, абстаўляем кватэру, ездзім за мяжу, купляем, адпачываем. І раптам аказалася, што ўвесь гэты час тут будавалася абсалютна заганная сістэма — поўны Мордар.

Прыйшоў час «Ч», калі ў людзей нарэшце масава адкрыліся вочы. У гэтай сітуацыі спатрэбіліся старыя песні. Маёй песні «Тры чарапахі» ўжо 20 гадоў. Праўда, яна заўсёды была папулярная: яе гралі музыкі ў пераходах, кавер-групы на мерапрыемствах. А яшчэ давялося даставаць песні Сяргея Міхалка, «Перамен» Цоя.

Неверагодную творчую актыўнасць праявілі беларускія музыкі, многія з якіх раней сябе пазіцыянавалі як далёкіх ад палітыкі. Мне заўсёды казалі, што я бяру занадта шмат палітычных тэмаў для песень, што гэта нейкая поза, што я пішу песні-аднадзёнкі. Але, на жаль, гэтыя мае «аднадзёнкі» актуальныя ўжо шмат гадоў.

А цяпер тыя, хто раней быў па-за палітыкай, складаюць песні пратэсту — іх вельмі шмат, яны розныя па стылі. Ёсць прамалінейныя, ёсць напісаныя эзопавай мовай. Напрыклад, электронны гурт Intelligency цяпер ладзіць розныя акцыі, у іх нават забралі гітарыста — не там ішоў.

Усё, да чаго гэтая ўлада дакранаецца, атрымліваецца халтурна — кіно, тэатр, музыка, дызайн. Усе дзяржаўныя выканаўцы ў музычнай сферы — гэта вельмі дрэнна, бяздарна, зроблена танна, хоць на гэта вылучаюцца вялікія грошы, якія потым раскрадаюцца. Усе 26 гадоў кіравання Лукашэнкі ў краіне фактычна не было нармальнага шоу-бізнесу. Былі дзяржвыканаўцы, якія прыбіваліся да дзяржстудыі. Дзяржава ў пэўны момант вырашыла, што поп-культура ўздзейнічае на свядомасць маладых людзей — і трэба стварыць «сваю» поп-культуру. У яе ўбухалі велічэзная колькасць грошай і ўвялі квоту, каб музыка на радыё на 75% была беларускай.

Праўладным поп-выканаўцам добра жылося: ёсць бюджэт, ёсць студыя. У іх былі адна-дзве песні, максімум дзесяць, і яны ездзілі з гэтай фанаграмай з канцэртамі па краіне. Не трэба было запісваць альбомы. У іх была такая схема: менеджэр, напрыклад, спявачкі прыязджае ў даволі багаты горад, напрыклад, Салігорск, дзе ёсць прамысловасць, і ідзе ў дырэкцыю завода з патрабаваннем, каб прафсаюз забяспечыў 40% яўкі на канцэрт. І спявачка ўжо ў плюсе. Такія выканаўцы шантажавалі тым, што, напрыклад, удзельнічалі ў прэзідэнцкім канцэрце, ездзілі з турам «За Беларусь» перад выбарамі, таму, маўляў, вельмі важна, каб мы правялі канцэрт у вас. І гэтыя выканаўцы так і не сталі папулярнымі. А мы былі ў чорных спісах, якія то паслабляліся, то папаўняліся. То можна было граць у рэстаране, то зноў нельга. Але насуперак усім гэтым абмежаванням мы і такія, як мы, выпускалі альбомы, кліпы, выкладвалі іх у інтэрнэт.


А цяпер праз сваю музыку мы падтрымліваем народ, дапамагаем перажыць гэтыя неймаверныя цяжкасці, гэтую барацьбу з абсалютным злом. Усе гурты перайгралі ў дварах, нават тыя музыкі, якія яшчэ год таму не маглі сабе ўявіць, што выканаюць акустычную версію сваіх песень. Я за гэты час паспеў даць каля дзясятка канцэртаў у дварах, з'ездзіў у Літву і Польшчу, дзе выступіў на канцэртах у падтрымку беларускіх пратэстаў.

Гэтыя канцэрты ў дварах — вельмі душэўная і кранальная гісторыя. Музыкі  мабілізаваліся, таму што народ трэба саграваць, трэба падтрымліваць. А людзі дораць падарункі музыкам. Мы гралі пад Мінскам у вёсцы Сёмкава, і там нам уручылі яблыкі, агуркі і гарбузы. А ў гарадскіх дварах людзі дораць хатнія тарты — бел-чырвона-белыя, дарэчы, вельмі смачныя.

Улетку і ў пачатку восені яны не звярталі ўвагі на гэтыя канцэрты. Зусім у канцы затрымлівалі ўсіх запар, паказваючы тым самым, што так рабіць не трэба. Усім давалі па 15 сутак. Майго сябра-саксафаніста Паўла Аракеляна, з якім мы граем дуэтам і які за гэты час даў ледзь не 70 канцэртаў, у выніку таксама «спакавалі», калі ён пасля канцэрту ехаў на таксі.

А бывае так, што ты прыязджае граць у двор — і бачыш, што там стаіць аўтобус з «хлопцамі» ў цывільным, але ты ведаеш, што гэта «яны». І ты ведаеш, што, хутчэй за ўсё, на канцэрце цябе не крануць, а пасля канцэрту могуць забраць. Таму задача такая: адыграць — і вельмі хутка з'ехаць. Адзін раз нам давялося вельмі хутка згарнуць канцэрт у адным з мінскіх двароў. У нас была добра арганізаваная бяспека і схема ад'езду. Як толькі пад'ехала машына, адразу стала ясна, што зараз прыедзе і аўтобус…



Я цяпер спрабую пісаць цяжкі альбом са злымі тэкстамі. Для гэтага я павінен быў прыехаць у Вільню, але гэта, відаць, давядзецца рабіць нейкім чынам анлайн. Крыху раней у Вільні мы паспелі запісаць «Ворагі народу» літаральна за адзін дзень — і словы, і музыку. А прыпеў ужо дапісалі на студыі. Наш нарвежскі прадзюсар у Вільні Снорэ Бергеруд сказаў, што гатовы бясплатна запісаць песню, каб падтрымаць беларускія пратэсты.

theins.ru, пераклад НЧ