Метал на прадвесні (фота, відэа)
У перадапошні дзень зімы гурты «PLEMЯ» і «ТРЫЗНА» адыгралі ў рок-бары «Doodah King».
Калі я трапіла ў памяшканне падчас выступу «Трызны», здзівілася: публіка спакойная, слэму няма, ніхто не вішчыць і хайрам не трасе, пры сцяне — мяккая канапа з падушачкамі, а пасярод танцполу хлопец сядзіць на падлозе і паліць файку. Мо гэта хіпі закамуфляваліся пад металістаў? А можа, аматары цяжкой музыкі прытаміліся пасля фэсту «Зважай! Крокам руш!», які прайшоў за 2 дні да таго?
Вяласць публікі заўважыла і вакалістка "Трызны": «Ну, няўжо ніхто не хоча патрэсці хайрам? Панядзелак, разумею… Расстроіліся, што заўтра зноў на працу?» На покліч адгукнуўся адзін, мабыць, самы адданы фанат, які пад сцэнай і махаў галавой, праўда, не патлатай, на працягу некалькіх песень.
Часамі вакалістка спускалася са сцэны, каб яго падтрымаць. Потым публіка трошкі ажыла, але тут і выступ «Трызны» скончыўся.
Кажуць, вуха сучаснага гарадскога жыхара, не прывучанае да фальклору, можа не ўлоўліваць адразу словы ў народнай песні. Са мной, не дужа прывучанай да блэку, здарылася тая ж гісторыя: вакалістка гурта «Трызна» пяе па-беларуску — файна. Прамаўляе са сцэны таксама па-беларуску — добра. А пра што пяе? Не разабрала. Так бы мовіць, не пачула, але спадабалася.
Калі меркаваць па кампазіцыях, што знайшліся ў інтэрнэце, тэматыка песень «Трызны» — дэпрэсія, смерць, самота і розныя непрыемныя эмоцыі. Цалкам адпавядае назве. Публіцы прэзентавалі і новую песню.
«Племя» выступала з уласнымі стойкамі для мікрафонаў і духавых інструментаў. Цікава стала ўжо на этапе пабудовы сцэнаграфіі. Мяжа між сцэнай і танцполам фактычна знікла. Публікі ці то паболела, ці то народ сцягнуўся да сцэны з-за столікаў.
Потым хлопцы і дзяўчына-бубначка завяршылі маскамі сцэнічныя касцюмы — і панеслася. Слэміцца народ пачаў ужо на першай песні.
“Племя” пяе па-руску, тэматыка песень, як і ў «Трызны», адпавядае назве гурта — воля, татэм, паляванне… Такі астравок свабоды ў несвабоднай краіне, створаны ў асобна ўзятым клубе.
Наведвальнікі адарваліся па поўнай. Знаёмы, што нядаўна абараніў дысертацыю і таму доўга не хадзіў на канцэрты, радасна скардзіўся, што даўно так не скакаў.
Свой музычны стыль «Племя» вызначае як Tribal Experimental Metal. Мабыць, «фольк-метал» — гэта ўжо не модна. Ці занадта банальна. Фолькавае гучанне гурту надаюць духавыя інструменты: флейты, дудкі, акарыны. Хлопец, што граў на іх, часам выконваў яшчэ функцыі вакаліста і нават бубнача, забіраючы вялікі этнічны бубен у іншага вакаліста. Гітарыст часам скакаў да публікі слэміцца, чым выклікаў ухвальныя выкрыкі і яшчэ большае ажыўленне танцполу.
Як і абяцаў адзін з арганізатараў канцэрту, імпрэза атрымалася душэўная і ўгарная, а завяршылася фотасэтам гурта «Племя» са слухачамі.
Суполка KAPRIKORN PROMO і крама Рок-бастыён плануюць і далей радаваць прыхільнікаў метал-музыкі бюджэтнымі канцэртамі.