Нацыянальны мастацкі музей прэзентаваў аўдыягід для інвалідаў па зроку

Наступная мэта музею — гід для глухіх.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак


Аўдыягід, які прэзентавалі ў Нацыянальным мастацкім музеі, апісвае 25 твораў беларускага мастацтва з пастаяннай экспазіцыі.
Аўдыягід — плён беларуска-польскага праекту па развіцці тэхнік прыстасаванні інфармацыі і мастацтва да патрэбаў невідушчых і глухіх, фінансаванне запэўнілі варшаўскі фонд «Нuman Doc», Міністэрства замежных справаў Польшчы і непасрэдна НММ. Над гідам працавалі пяцёра працаўнікоў НММ і сем валанцёраў— супрацоўнікаў Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, якія прайшлі навучанне ў польскіх калег.
Прэсавая служба НММ паведамляе, што ўпершыню падключэнне да музейнай прасторы сляпых і людзей са слабым зрокам паспяхова прайшло ў 2014 годзе, калі ў экспазіцыі музею з’явіліся тактыльныя скульптуры з калекцыі музею і карціны, створаныя навукова-творчай групай «Мівія». Той праект стаў адным з прызёраў III Нацыянальнага музейнага форуму.
Сёлетні крок, на думку музею, павінен яшчэ больш наблізіць айчынную пляцоўку да перадавых еўрапейскіх музеяў, што даўно даступныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Музей мае намер працягваць працу і штогод рабіць даступнымі дзясяткі твораў з пастаяннай і часовых экспазіцыяў. Наступная задача – стварэнне аўдыягідаў для дзяцей са слабым зрокам ды планшэтных аўдыягідаў для глухіх.
Паводле Белсат