«НАРЭШЦЕ ЯНЫ САБРАЛІСЯ РАЗАМ»: беларускі павільён 53-й венецыянскай біенале на беразе Свіслачы

Біенале ў Венецыі — гэта, без перабольшанняў, крута. Кожны няпарны год, пачынаючы з 1895-га, мастакі Еўропы (а цяпер і свету) збіраюцца ў горадзе святога Марка, каб прадэманстраваць свае апошнія дасягненні. На біенале ў Венецыі звяраюць тэндэнцыі, знаходзяць натхненне і абменьваюцца досведам вяршкі артыстычнага бамонду планеты. Вось і сёлета, з чэрвеня па лістапад, аматараў мастацтва чакаюць поўныя арту павільёны 77 краінаў, у тым ліку краінаў-дэбютантак фестывалю — Аб’яднаных арабскіх Эміратаў і Чарнагорыі.



3a835d3215755c435ef4fe9965a3f2a0.jpg

Біенале ў Венецыі — гэта, без перабольшанняў, крута. Кожны няпарны год, пачынаючы з 1895-га, мастакі Еўропы (а цяпер і свету) збіраюцца ў горадзе святога Марка, каб прадэманстраваць свае апошнія дасягненні. На біенале ў Венецыі звяраюць тэндэнцыі, знаходзяць натхненне і абменьваюцца досведам вяршкі артыстычнага бамонду планеты. Вось і сёлета, з чэрвеня па лістапад, аматараў мастацтва чакаюць поўныя арту павільёны 77 краінаў, у тым ліку краінаў-дэбютантак фестывалю — Аб’яднаных арабскіх Эміратаў і Чарнагорыі.

(На здымку: Афішы з анонсамі няісных фільмаў мастака-афармляльніка кінатэатру «Піянер» Аляксандра Бельскага)


Латышскія мастакі размясціліся ў самым цэнтры горада — паміж плошчай св. Марка і мостам Рыальта. Украінскія — у palazzo Papadopoli на Гранд-канале — пры ўваходзе наведнікаў вітае гіганцкая выява куратара ўкраінскага павільёну — баксёра Уладзіміра Клічко. Як ніколі маштабна прадстаўленая сёлета ў Венецыі Расія, якая яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя збудавала сабе павільён у сэрцы біенале — садзе Джардзіні: бюджэт толькі цэнтральнай расійскай выставы — «Перамога над будучыняй» — склаў каля 600 тысяч еўра, выдзеленых Мінкультам Расіі і камерцыйнымі структурамі. Пачаў працу і Беларускі павільён 53-й Венецыянскай біенале. Але паколькі арэндаваць palazzo ў Венецыі беларускім мастакам не ўдалося, было вырашана правесці свята мастацтва, не выязджаючы з Мінска, — у выставачным цэнтры БелЭКСПА на вуліцы Янкі Купалы, 27.


«Black Market» Аляксея Лунёва

І ў гэтым было маё самае галоўнае расчараванне ад выставы сучаснага мастацтва, якая з 3 па 6 чэрвеня мела месца ў Мінску ў рамках 7 міжнароднай выставы-кірмаша «DesignФармат–2009. Рэклама. Фота. Арт». Бо я абсалютна шчыра паверыла: беларусы на біенале будуць, выстава ў Мінску — «разагрэў» перад галоўным дзействам, што разгорнецца ў Італіі. Насцярожыла хіба тое, што адкрыццё выставы прыпала акурат на дні адкрыцця біенале ў Венецыі — калі міжнародны бамонд, мастакі і прэса ўжо расхаджвалі на VIP-вернісажы па павільёнах сада Джардзіні, у Мінску толькі-толькі напаўнялі віном пластыкавыя кубачкі. Выявілася ж, што гэта «завочны», незалежны і — буду цынічнай — паралельны ўдзел беларускага мастацтва ў сусветным мерапрыемстве. «Гульня ў Венецыянскую біенале», як любіла паўтараць куратарка мінскай выставы Лізавета Міхальчук.
Калі ж абстрагавацца ад сусветнага кантэксту і агледзець «Беларускі павільён» як рэч у сабе — нагоду калектыўнай прэзентацыі актуальнага беларускага мастацтва, то выстава, на мой погляд, вельмі нават удалася. Антаніна Слабодчыкава дзеля сваёй інсталяцыі «Black Job» жорстка выкарыстала цэлы мех плюшавых зверанятаў. Канцэптуаліст Аляксей Лунёў раскрыў тэму чорнага ў серыі графічных прац Black Market. Былі прадстаўлены фотапрацы Андрэя Лянкевіча, мастацкія аб’екты інтэр’еру Максіма Осіпава (сярод іх пано «ордэн Элеаноры Язерскай»), саламяная інсталяцыя Артура Клінава, карціны галоўнага рухавіка праекту — Руслана Вашкевіча і іншых сучасных мастакоў, мелі месца дыскусіі пра актуальнае мастацтва, перформансы ды арт-прэзентацыі. Як і ў Венецыі, у Мінску вызначалі пераможцаў фестывалю.

Арт-венікі з матывамі «мезальянсаў» Максіма Осіпава
 

Галасавалі простыя наведнікі і прафесійныя крытыкі мастацтва. У выніку найлепшым быў прызнаны 25-гадовы Сяргей Шатохін, які прадставіў калажы, на якіх спалучыў Мінск з еўрапейскай ды амерыканскай арт-прасторай гламурных ды канцэптуальных фотапостэраў, а таксама скрынку з гісторыяй мастацтва — у якой запоўніў больш за сотню ячэек рэчамі, кожная з якіх сімвалізавала самага значнага мастака свету таго ці іншага прамінулага года.
Апроч схільнасці да калажу, цытатнасці ды поп-арту, 30 мастакоў розных пакаленняў ды жанраў аб’ядноўвала няшмат. «Нарэшце яны сабраліся разам», — кпіў у кулуарах вядомы крытык, намякаючы на тое, што гэта ці не першы за доўгія гады маштабны супольны праект незалежных, нефармальных мастакоў і дызайнераў Беларусі.

Гісторыя мастацтва ХХ стагоддзя Сяргея Шатохіна

«Мне здалося, мастакі вельмі баяліся, што іх не зразумеюць, — расказвае Алеся Серада, журналістка і культуролаг, дзяўчына з вялікім фотаапаратам, якая прадставілася як «група падтрымкі біенале» і зладзіла мне экскурсію па экспанатах. — У шэрагах мінскай арт-багемы існуе стойкі міф пра зашоранасць беларускай публікі: маўляў, нашы людзі гэтага не зразумеюць. Але практыка паказала, што наведнікі рэагавалі на ўсё, што пабачылі, вельмі пазітыўна — адразу ўключаліся ў гульню, прапанаваную мастакамі. Нават мужчынскія яечкі (у рамках інсталяцыі Канстанціна Гарэцкага яны пульсавалі на экране тэлевізара, пакладзенага ў скрынку, і мелі подпіс «Мужчынскае сэрца любіць Бацькаўшчыну — ЕВ), нікога асабліва не шакавалі. Гледачы асцярожна падкрадаліся да іх на бяспечную адлегласць, хуценька заглядалі ўнутр скрыні, дзе жылі яйцы, а потым адхіналіся і казалі «фу» або «прыкольна»... зусім як дзеці! Дарэчы, дзеці ўспрымалі эпатаж таксама абсалютна адэкватна. Я бачыла дзяўчынку, якая паглядзела на мульцяшную выяву Беласнежкі з чэлесамі замест вачэй і рашуча сказала: «Мама, мы не будзем глядзець на лялю. Ляля плача. Хадзем глядзець сініх балерын».
Па словах Алесі, у сустрэчы публікі з мастакамі і ўзаемапаразуменні праз неадназначныя аб’екты мастацтва і палягалі сутнасць і плён падзеі: «Для Беларусі гэта была сапраўды паказальная выстава. Каб жа не тая Венецыя…»


На маю думку, варта аддаць належнае смеласці арганізатараў выставы, якія, рызыкоўна падставіўшы ўдзельнікаў пад абвінавачванні другаснасці, закамплексаванасці ды правінцыйнасці, не пабаяліся заявіць пра асноўную праблему нефармальнай беларускай культуры — поўнае яе ігнараванне з боку дзяржавы. Ёсць падазрэнне: калі б тым самым мастакам сапраўды выпаў шанец узяць удзел у біенале ў Венецыі, маштабы творчых задумаў былі б большыя, а спосабы рэалізацыі — цікавейшыя. Бо трэба яшчэ паспрачацца, што лепей, эфектыўней і іміджавей прадстаўляе тую ці іншую дзяржаву на сусветным узроўні — хакей, пераможца конкурсу «міс краіны» ды поп-выканавец ці павільён актуальнага мастацтва ў Венецыі. Але тут згадваеш пра істэрыку, якая гарантавана распачынаецца на афіцыйным узроўні, калі Беларусь едзе куды-небудзь «паказаць сябе».
Беларускі павільён далучыла да Венецыянскай біенале не толькі наяўнасць непадалёк ад аб’ектаў мастацтва праточнай вады (у нашым выпадку — блізкая Свіслач). З нядаўняга часу біенале ў Венецыі — недзяржаўнае прадпрыемства, якое фінансуецца прыватнымі фондамі. Маштабы фінансавання розныя, але ў Мінску ішлося пра незалежнае, нефармальнае, неафіцыёзнае мастацтва, якое, як тая Беласнежка прынца, чакае свайго разумеючага мецэната. Фота Керсьцін Шульц