Навошта традыцыйны строй сучаснай жанчыне?

Некалькі майстрых, што ўласнаруч пашылі беларускі традыцыйны строй (а некаторыя нават не адзін), распавялі, як і навошта яны гэта рабілі і куды апранаюць традыцыйня строі.

2017_05_20_a.ljaszkevicz_img_4625_logo.jpg

Вольга Старавойтава, працуе інжынерам-праграмістам

— У мяне зараз старадарожскі строй, планую пашыць яшчэ бярозаўскі. Я вырасла ў Бярозе, там ёсць дом рамёстваў, які займаецца ў тым ліку рэканструкцыяй строяў. Хачу туды з’ездзіць, паглядзець, памацаць, выбраць сабе нешта.

Вольга Старавойтава

Вольга Старавойтава


— Праблема ў тым, што бярозаўскі строй збольшага ўпрыгожвалі не вышываным, а тканым арнаментам, яго складаней аднавіць. А старадарожскі пашыла, каб навучыцца розным тэхнікам аздаблення: там выкарыстоўваюцца шмат якія дэкаратыўныя і злучальныя швы, розныя прыёмы вышыўкі, мярэжкі. Хацела проста пашыць строй для сябе, цікавы быў сам працэс. Пабачыла набор на заняткі ў Студэнцкае этнаграфічнае таварыства — і прыйшла. Выкладчыца, Наста Глушко, мне і прапанавала пашыць старадарожскі строй. А так у мяне ў Старых Дарогах няма ніякіх каранёў. Толькі калісьці ў студэнцкія гады была там на сельгаспрацах.

Мая асноўная праца ніяк не звязаная з рукадзеллем. У якасці хобі займаюся арганізацыяй выстаў котак, і неяк падумала: хачу адкрыць чарговую выставу ў нацыянальным строі! Нават меркавала, шыючы, што апрану яго толькі аднойчы. А потым дзяўчаты з СЭТ сталі мяне запрашаць на фестывалі ды святы: «Вясновы букет», «Этнастыль», Зялёныя святкі, Купалле, Гуканне вясны…

Пашыўшы адзін строй, патроху стала разбірацца ў рэгіянальных адрозненнях беларускага традыцыйнага адзення, хочацца вучыцца далей, даведвацца нешта новае.

Вольга Лыскавец, стыль-рэдактарка:

— У мяне капыльска-клецкі строй, я шыла яго на гуртку Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, у Наталлі Ярмалінскай. Пачала пазамінулай восенню. Люблю нешта рабіць рукамі. Калі прыйшла на гурток, пакапаліся ў маім радаводзе, высветлілі, што продкі з Нясвіжа. Для гэтага раёна характэрны строй, які Міхась Раманюк назваў капыльска-клецкім. Яго асаблівасці — андарак у кратачку, сіні гарсэцік і рукавы з фальбонамі, шырокай вышыўкай па версе з ромбамі і касічкамі. Узоры брала з кнігі «Беларускі народны касцюм»Вольгі Лабачэўскай і Зінаіды Зіміной. Штосьці дадалі, штосьці прыдумалі трошку, штосьці скамбінавалі — і вось атрымалася.

Вольга Лыскавец

Вольга Лыскавец


З натуральнымі ваўнянымі тканінамі праблемы, але яны ёсць, варта шукаць. Гузікі купіла звычайныя чырвоныя. Адны каралі ў мяне бабуліны, можа, нават прабабуліны, другія прыдбала на нейкай выставе.

Строй апранаю на святы, СЭТ іх ладзіць шмат: Юр’я, Каляды, Купалле… Ёсць куды насіць. На кірмашы, прэзентацыі. Летась хадзіла ў гэтым строі на сярэднявечны фестываль, страляла з лучнікамі. Не было іншага адзення. Пусцілі: страляеш, — страляй. А касцюм… Абы не ў джынсах. Увосень планую зноў пайсці на гурток, пашыць строй якога-небудзь рэгіёна, які мала хто ў СЭТ носіць. Што-небудзь рэдкае, складанае. Можа, Гомельшчыну, Неглюбку — там шмат прыгожай вышыўкі белым па белым.

Вольга Асташэўская, лагапед:

— Я спачатку займалася традыцыйнымі танцамі, хадзіла на вечарыны ў кавярню «Жар-птушка» ў парку Горкага. Потым стала спяваць, і напрыканцы вырашыла шыць строй. Кашуля маладэчанская, мне спадабаўся каўнер з багатай вышыўкай і каўнярэц фальбонай. Узор мне дапамагла «зняць» з музейнай кашулі Вольга Дзядовік. Мае продкі па матулінай лініі не з Маладзечна, з Наваградка, але гэта адносна недалёка.

Вольга Асташэўская

Вольга Асташэўская

Фартух у мяне са старадарожскім узорам, я яго пабачыла ў кнізе Вольгі Лабачэўскай і Зінаіды Зіміной «Беларускі народны касцюм», ён там ужо «раскладзены» для вышыўкі. Малюнак мне проста спадабаўся, і я яго вышыла. Карункі на фартуху крамныя. Спадніца ў кратку — такія насілі па ўсёй Беларусі. Пояс ткала таксама сама, узор з Наваградскага раёна, з маіх мясцін.

Я вучылася ў Насты Глушко, таксама мне давала кансультацыі Вольга Дзядовік, дапамагала Антаніна Малама. Ну, і сама вучылася, вышывала. Тканіну набывала ў краме «Лянок», ніткі ў буйных крамах можна купіць, падабраць адпаведнае адценне чырвонага. Усё прадаецца, нічога не трэба адмыслова шукаць. Прыходзіце, купляеце — і садзіцеся вышываць. Галоўнае — пачаць. Я сваю кашулю рабіла год, таму што вельмі шмат вышыўкі. І гэта яшчэ не самае багатае аздабленне, напрыклад, у кобрынскіх кашуль рукавы цалкам чырвоныя. Таму — няма межаў дасканаласці!

Строю два гады, нашу яго на выступы (я спяваю ў гурце «Guda»), на розныя імпрэзы: паўсюль, дзе можна, апранаю. Да гэтага яшчэ вышывала «пробную» кашулю — узор сама прыдумала, наглядзеўшыся аўтэнтыкі з розных рэгіёнаў. Зараз працягваю вучыцца ткаць паясы.

Таццяна Цітова, бухгалтарка, па адукацыі настаўніца:

— Я захаплялася беларускай культурай, неяк трапіла на фальклорны фестываль «Камяніца» ў Музей народнай архітэктуры і побыту. Страшэнна спадабалася. На наступны год звазіла на «Камяніцу» маму і цёцю. Калі яны пабачылі там моладзь у традыцыйных строях, то нават заплакалі, што такія прыгожыя, так прыстойна сябе паводзяць, размаўляюць па-беларуску, таньчаць. Тады я дала матулі слова, што пашыю строй і на наступную “Камяніцу” прыеду ўжо ў ім.

Таццяна Цітова

Таццяна Цітова


Мае матуля і цётка нарадзіліся ў вёсцы Вяляцічы на Барысаўшчыне. Гэта памежжа трох раёнаў: Бярэзінскага, Крупскага і Барысаўскага. Не было каму дапамагчы, бацька загінуў на вайне, жыць было складана, давялося з’ехаць у горад. Гэта было няпроста: пашпартоў вяскоўцам не давалі. Давялося сказаць старшыні калгаса аб намеры ехаць падымаць Цаліну, тады ён выдаў пашпарт. Але апынуліся ў выніку мае маці з цёткай у Мінску. Даўно паехалі, але карані засталіся, таму мне хацелася пашыць строй сваёй малой радзімы. Ён атрымаўся барысаўска-бярэзінскім, каб аднавіць увесь камплект адзення не хапала ўзораў з Барысаўскага раёна.

Рыхтуючыся да пашыву, я набыла шмат літаратуры, пытала, канечне, і маці з цёцяй, што насілі падчас іх маладосці. Андаракі ў нас зваліся «плуценкі». Калі я набыла шарсцяную тканіну і прынесла дамоў, маці сказала, што ткалі менавіта ў такіх колерах. Стала думаць, як пашыць кашулю, і аказалася, што ў Барысаўскім раёне перад вайной ужо ніхто не насіў вышываных рэчаў. У бабулі была звычайная белая сарочка, з крамнай тканіны. А зверху надзявалася кофта.

Узоры для кашулі шукала ў Барысаўскім краязнаўчым музеі, у Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук. У апошнім дапамаглі фотаздымкамі. Па фрагментах узораў з Бярэзінскага раёна намалявала нешта сваё. А потым мне дапамагла матэрыяламі яшчэ Галіна Рудніцкая, у якой я вучылася вышыўцы ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Гарсэт шыла на гуртку Наталлі Ярмалінскай. Паяс ткала сама. Хустку я павязваю так, як у нас рабілі даўней, «бабачкай»: паверх рога, што звісае ззаду, завязваюцца тыя, што з бакоў.

2017_05_20_a.ljaszkevicz_img_4647_logo.jpg

Я не саромеюся хадзіць у строі па вуліцы. Калі еду на фестываль, то не пераапранаюся, так і выязджаю з дому «пры поўным парадзе». Мне здаецца, нашы людзі не павінны здзіўляцца, што ідзе жанчына ў нацыянальным строі. Я калісьці была ў Севільі, і мяне вельмі ўразіла, што ў святочны дзень тамашнія жыхары ўсе апранаюць традыцыйныя строі ды ідуць у іх проста гуляць па горадзе. Хай бы так і ў нас калі-небудзь было.

Фота Алены Ляшкевіч