«Нескароная» Ларыса Геніюш у Маскве
У Маскве ў бібліятэцы імя Верасаева адбылася вечарына пад назвай «Нескароная», прысвечаная памяці беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Бібліятэка імя Верасаева знаходзіцца ў цэнтры расійскай сталіцы ў раёне Смаленскага бульвара.
Мінскія і маскоўскія беларусы
Беларускую вечарыну арганізавалі дзве цудоўныя, энергічныя жанчыны-беларускі: Ірына Капчынская (родам з-пад Скідзеля) і Ніна Дзябольская (пляменніца Дзіядора Дзябольскага, сябра Максіма Багдановіча). Дарэчы, арганізатары плануюць штомесяц ладзіць там беларускія сустрэчы. Тым болей, што адміністрацыя бібліятэкі пагадзілася спрыяць, дапамагаць з апаратурай, не будзе браць арэнднай платы за памяшканне.
Вечарына «Нескароная», прысвечаная Ларысе Геніюш, была ўжо сёмай па ліку беларускай сустрэчай у бібліятэцы імя Верасаева. На ёй прысутнічаў і даследчык, збіральнік творчасці нашай слаўнай паэткі літаратуразнавец і журналіст Міхась Скобла. Пасля маскоўскай сустрэчы спадар Міхась адказаў на некалькі маіх пытанняў.
— Міхась, Масква і Ларыса Геніюш для мяне далёкія, амаль што несумяшчальныя паняткі. Здаецца, Ларыса Антонаўна ў савецкай сталіцы так ні разу і не была?
— У Маскве Ларыса Геніюш была толькі аднойчы, і то праездам — у закратаваным вагоне, калі яе везлі ў лагер. Потым у Маскву некалькі разоў ездзіў Янка Геніюш — дамагацца рэабілітацыі. Безвынікова. Але сувязі з Масквой у Ларысы Геніюш усё ж былі — праз радавод. Справа ў тым, што другая жонка дзеда паэткі Паўла Францавіча Міклашэвіча, які жыў і пахаваны ў вёсцы Гудзевічы на Мастоўшчыне, была масквічкай.
Яна размаўляла на выкшталцонай рускай мове і ўяўляла сабе, што яна прынесла культуру ў сям’ю Міклашэвічаў. Ларыса запомніла, як бабуля выгаворвала ёй дзедаву бескультурнасць: і што той у зрэбных нагавіцах хадзіў, і ў госці да мясцовых паноў не на той брычцы ездзіў...
У адным з лістоў паэтка іранічна цытавала бабку-масквічку: «Бескультурье! А я стыжус, стыжус... Дома то ручники, абразы, даже зельечко у твоей первой бабки висело! Все то я вон выбросила! В углу самовар поставила… Дед-то твой слова по-русски не сказал, все по-мужицки. Ложкой-то деревянной ест и до нынче… Но нежен-то он какой ко мне, иначе не скажет: «мое поцькальцо».
А на гарадзенска-ваўкавыскім дыялекце «поцькало» — гэта сава, пра што дужа культурная бабця не ведала...
— Міхась, што цябе найперш уразіла на маскоўскай вечарыне?
— Паводле сцэнарыя, вершы Ларысы Геніюш чыталі па чарзе людзі ў зале. Па-беларуску, па-руску, па-ўкраінску. Трэба сказаць, што прагучалі цудоўныя пераклады на рускую мову, зробленыя Іванам Бурсавым і Любоўю Турбіной — нашымі землякамі, якія жывуць у Маскве. Сярод чытальнікаў была (і гэта асабліва прыемна) і дырэктарка бібліятэкі імя Верасаева Святлана Жулікава.
Вершы Ларысы Геніюш чытае масквіч родам з-пад Міра Якуб Шэгідзевіч
Літаратуразнаўца Аляксей Каўка расказаў пра стасункі Ларысы Геніюш і гісторыка Міколы Улашчыка, што было для мяне навіной. Уразіў таксама фальклорны гурт «Кірмаш» пад кіраўніцтвам згаданай ужо Ірыны Капчынскай. Спявачкі выйшлі ў гарадзенскіх аўтэнтычных строях і выканалі з дзясятак народных песняў з Гарадзеншчыны. Мне асабліва запомніліся дзве: «Каля гаю, там дзе рэчка» і «Чаго ж, зязюля», запісаныя якраз на Ваўкавышчыне, на малой радзіме паэткі. Прычым «Кірмаш» спяваў суперпрафесійна, галасіста. Там уся бібліятэка збеглася іх паслухаць.
— Міхась, а ці шмат людзей сабралася на вечарыну. Усё ж гэта Масква?
— Зала там невялікая — чалавек на пяцьдзесят, яна была цалкам запоўненая, людзі стаялі ў дзвярах. Многія прасілі кніг Ларысы Геніюш. Асабліва пыталіся «Лістоў з Зэльвы» — відаць, чыталі ў сеціве пра яе выхад у «Гарадзенскай бібліятэцы». Усё, што я здолеў дацягнуць з Мінска, трапіла ў рукі ўдзячных маскоўскіх беларусаў.
Спявае беларускі фальклорны гурт «Кірмаш» (Масква)
— А можа час выдаць Ларысу Геніюш па-руску?
— З ініцыятывы Аляксея Каўкі проста на вечарыне пачаўся збор сродкаў на выданне твораў Геніюш на рускай мове. Тут я нагадаю, што ў свой час «Споведзь» друкавалася ў маскоўскім (тады ўсесаюзным) часопісе «Дружба народов». Добра было б, каб гэтае выданне ажыццявілася. Як аказалася, паўсотні слухачоў на літаратурнай сустрэчы для Масквы — гэта нямала. Наступным днём я схадзіў у Цэнтральны дом літаратара на сустрэчу з адной даволі вядомай паэткай, дык там і паловы не было.
— З кім яшчэ пашанцавала сустрэцца ў Маскве, пазнаёміцца?
— Яшчэ ў Маскве мяне прыемна здзівіла сустрэча з вядомым палітыкам Валерыяй Навадворскай, якая выдатна ведае творчасць Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, чытала «Споведзь» Ларысы Геніюш, а «Пагоню» Максіма Багдановіча прачытала на памяць у арыгінале! Праўда, з жудасным рускім акцэнтам, але — ад пачатку да канца. Сумняваюся, ці нашы айчынныя палітыкі могуць паспаборнічаць у веданні беларускай класікі з Валерыяй Навадворскай.