«Невядомая нам краіна / The Country We Don’t Know»

У Смаленску ў 1897 г. больш за 50% насельніцтва лічылі сябе беларусамі, у Бранску ў падручніках можна ўбачыць «Пагоню» — пра ўсё гэта можна даведацца з кнігі Алега Трусава «Невядомая нам краіна», перавыдадзенай са значным дапаўненнем на дзвюх мовах.



the_country_we_don_t_know.jpg

«Мы падрыхтавалі гэтую кнігу адмыслова да З’езда беларусаў свету, — расказвае спадар Трусаў. — Менавіта таму яна і выйшла на дзвюх мовах: па-беларуску і па-англійску. Прычым англійская версія апынулася нават большай — там вялікая колькасць каментароў для замежнікаў, частка з якіх можа нават не ведаць пра існаванне Беларусі».
Пераклад «Невядомай нам краіны» адбываўся цягам трох гадоў, пры гэтым перакладчыкі сутыкнуліся з некаторымі праблемамі. Напрыклад, у англійскай мове адсутнічае слова «плінфа», від цэглы, якім карысталіся ў Беларусі, але які ніколі не існаваў у Англіі.
«Да таго ж сам тэкст вельмі моцна адрозніваецца ад першага выдання, — расказвае спадар Трусаў. — Я ўключыў у кнігу падзеі, якія адбыліся пасля 2007 года. Там ёсць нават падзеі гэтага года — заснаванне ТБМ у Смаленску, ці з’яўленне памятнай дошкі на гімназіі ў Рызе».
Дадаліся і пашырыліся раздзелы, прысвечаныя Браншчыне і Смаленшчыне.
«З Бранска мне даслалі падручнікі, якія я цытую ў кнізе, — кажа Трусаў. — Там ёсць падручнік у дзвюх частках «Гісторыя Бранскага краю», дзе прамым тэкстам кажуць пра тое, што для Бранска ўваход у склад ВКЛ быў вялікай удачай. У гэтых падручніках ёсць „Пагоня“».
Алег Трусаў не заклікае пераглядаць дзяржаўныя межы, але звяртае ўвагу на тое, што забывацца пра межы этнічныя таксама не выпадае.
«Мала ў якой краіне палітычная і этнічная мяжа супадаюць, — кажа гісторык. — Напрыклад, Эльзас і Латарынгія — пра іх пішуць і нямецкія і французскія гісторыкі, а самі эльзасцы лічаць сябе асобным народам. Напрыклад, у Смаленску ў 1897 г. 50% чалавек называлі сябе беларусамі, гэта паводле перапісу. Дый зараз думка, што Смаленск — беларускі горад перыядычна гучыць, пра гэта казаў нават Аляксандр Лукашэнка, што я ў кнізе узгадваю».
Асобны раздзел кнігі прысвечаны Сярэдняй Літве — дзяржаве, якая існавала менш за два гады, але зараз не ўзгадваецца ні ў адным беларускім падручніку.
«У выніку атрымалася кніга, якая будзе цікавай і замежнікам, і беларусам. — кажа Трусаў. — Прэзентацыю мы зладзім у верасні, тады ж кнігу можна будзе купіць на сядзібе ТБМ».
А пакуль «Невядомую нам краіну/The Country We Don’t Know» можна купіць у кнігарні «Акадэмкніга», дзе яна з’явіцца днямі. Прыблізны кошт — ля 130 тысяч рублёў.
nn.by