Новы гендарны зін «Картаграфія тваёй сэксуальнасьці» зьявіўся па-беларуску
У студзені 2023 году ў сеціве зьявіўся пераклад зіна «Картаграфія тваёй сэксуальнасьці» Сэры ван Андэрс на беларускую мову, выкананы Андрэям Клішыным і Ўладзіславам Гарбацкім.

Гэта нефармальны навукова-папулярны буклет пра тэорыю сэксуальных канфігурацыяў (ТСК). Саму тэорыю распрацавала прафэсарка Сэры ван Андэрс, а над ангельскім арыгіналам працавалі Алекс Янтафі, Мэг-Джон Баркер і Джулс Шыл. ТСК прапануе больш шырокі спэктар тэрмінаў для абмеркаваньня гендарнай ідэнтычнасьці і сэксуальнае арыентацыі. Што існуе па-за бінарнымі клясамі мужчынаў і жанчынаў, геяў і гетэра, ванілі і БДСМ? Якую прастору займае разнастайнасьць самасьцяў гендар/полу і, як знайсьці ў гэтай прасторы сябе? Гэтымі картаграфічнымі пытаньнямі і займаецца ТСК.
Пераклад быў пэўным выклікам распрацоўкі беларускай гендарнай лексыкі. Застаецца яшчэ шмат працы што датычыць займеньнікаў, гендарных формаў, слоўніка асобаў небінарнага гендару, зь якім вельмі складана працаваць ў беларускіх ўмовах і ў беларускай мове. Гэта ў ангельскай мове можна проста ўвесьці небінарны займеньнік «they» і ўсё спрацуе, а ў беларускай ды іншых кантынентальных эўрапейскіх мовах часам трэба шмат думаць, шукаць і рэфармаваць, калі не рэвалюцыянізаваць граматыку, мову.
Шмат у якіх пытаньнях — асабліва на графічных дыяграмах — зін толькі крыху кранае паверхню і не ўключае эмпірычныя вынікі найноўшых дасьледаваньняў. Але ж для людзей, якія ня ўпісваюцца ў цыс-гетэра парадыгму нават і такі кароткі, папулярны тэкст можа быць вялікім адкрыцьцём суцэльнага сусьвету альтэрнатыўных магчымасьцяў для самавызначэньня. Спадзяемся гэты зін стане добрай адпраўной кропкай для асабістых гендарных падарожжаў.
Для тых, хто не чытае на беларускай, вельмі раім прачытаць арыгінал на ангельскай ці адзін зь іншых перакладаў (француская/гішпанская/італійская), ці распачаць уласны пераклад на ўласную мову ў якасьці практыкаваньня.
Твіты Сэры ван Андэрс па-беларуску і па-ангельску.