Ва Украіне памёр паэт Дзмітро Паўлычка. Акрамя напісання, ён усё жыццё перакладаў вершы з беларускай

У яго дзесяцітомным зборы твораў цэлы том займаюць пераклады з беларускай паэзіі, якую Дзмітро Васільевіч ведаў і любіў як мала хто з украінцаў. Дзякуючы яму па-украінску загучалі творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча.

paulyczka.png

Перакладчык любіў са смакам цытаваць беларускія вершы ў арыгінале, ведаў беларускую мову ва ўсіх яе нюансах, з братэрскім спачуваннем перажываў за яе лёс.
Выступаючы неяк на адкрыцці помніка Тарасу Шаўчэнку ў Магілёве, Дзмітро Паўлычка, забыўшыся на належную ў такіх выпадках дыпламатыю, публічна адчытаў мясцовых чыноўнікаў за іх непавагу да роднай мовы, пасля чаго стаў для беларускай уладнай вертыкалі непажаданай асобай. Але гэта ніяк не паўплывала на яго стаўленне да беларускай культуры, паэт падзяляў уладу і народ, як мог спрыяў беларусам-пабрацімам. Па-ранейшаму ахвотна перакладаў, дапамагаў Васілю Быкаву, калі той апынуўся на выгнанні, прывячаў мінскіх сяброў у сваёй гасціннай кватэры на Храшчаціку, марыў, каб ва ўкраінскай сталіцы з’явіўся помнік Янку Купалу...
Мары той наўрад ці суджана збыцца ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі — вайна развяла нашы краіны па розных цывілізацыйных шляхах.
Паўлычкавы кнігі выходзілі ў многіх краінах свету, ён быў адзначаны шматлікімі міжнароднымі ўзнагародамі. Толькі з адной краіны не меў ніякіх узнагарод — з Беларусі, хоць столькі для беларусаў зрабіў.
Слабым суцяшэннем можа паслужыць хіба зборнік яго выбранай лірыкі, грамадскімі высілкамі выпушчаны два гады таму ў Мінску ў папулярнай серыі «Паэты планеты». Так сталася, што той зборнік стаў апошнім замежным выданнем славутага ўкраінскага творцы.
Няма на свеце ўкраінца, які б не ведаў песні на словы Паўлычкі «Два колеры», яна стала сапраўды народнай. Нярэдка яе можна пачуць і ў беларускіх застоллях. «Чырвоны — то любоў, а чорны — то журба...».
Украіна сёння журыцца па сваім вялікім Паэце.
Журыцца па ім і Беларусь.


Паводле Будзьмы.