Новы Вайцюшкевіч — прывітанне з вар’ятні
Выйшаў у свет новы альбом Змітра Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestra «Ваячак». Дыск запісаны на вершы польскага паэта Рафала Ваячака. Фотасесія да яго была зроблена ў беластоцкай вар’ятні.
Трэйлер альбома — http://youtu.be/NzIscxYSLrw
Рафал Ваячак (1945—1971) — адзін з найбольш інтрыгуючых і таямнічых польскіх паэтаў ХХ ст., яскравы прадстаўнік так званых «праклятых паэтаў». Алкаголік,
правакатар, скандаліст, які неаднаразова лячыўся ў вар’ятні і са школьных гадоў здзяйсняў спробы самагубства. Уласную смерць ён зрабіў адной з галоўных тэм сваёй эпатуючай, але вытанчанай у
літаратурным сэнсе паэзіі.
— Мне заўжды цікава паказаць менавіта чалавечыя моманты ў творчасці кожнага паэта, — распавядае Вайцюшкевіч. — Таму Маякоўскага я пазбавіў сацыялізма, а Ваячака —
пэўнай часткі дэпрэсіі. Хацелася падкрэсліць, што ён быў у тым ліку выдатным лірыкам — у яго шмат вершаў пра жанчын, пра жаночае цела. Але пэўныя моманты «псіхадэліі» ўсё ж
прысутнічаюць — увасобіць іх у музыцы дапамог вядомы гітарыст Сяргей Канановіч.
Ад ідэі альбома да яго выдання прайшло шэсць гадоў. Для запіса гэтай працы Зміцер вывучыў польскую мову, але ў працэсе вырашыў заспяваць на беларускай — вершы пераклалі Андрэй Хадановіч і
Вальжына Морт. Аздабленне для альбома зрабіў вядомы польскі беларус Юрка Асеннік, лідар гурта Zero-85.
— Фотасесію для аздаблення мы рабілі ў вар’ятні ў Беластоку. На вокладцы — сапраўдны тамтэйшы ключ ад дзвярэй, без якога нельга патрапіць з калідора ў пакой ці наадварот.
Гэта і артэфакт, і метафара альбома. У музычным сэнсе мы спрабавалі вынайсці менавіта такі ключ да паэзіі Ваячака, адчыніць яе для беларускага слухача, — тлумачыць Зміцер.
Набыць CD-версію (digipack) дыска з аўтографам Вайцюшкевіча можна ў інтэрнэт-краме www.prastora.by. Інтэрнэт-прэм’ера альбома адбудзецца цягам бліжэйшых тыдняў.