Павел ЛЯХНОВІЧ: Здрадная свіння
Стаіць у Нарвегіі, непадалёк ад мяжы з Расіяй, высокая сопка. Ці то насупраць Печангі, ці то Ліінахамары, а можа Нікеля. Гэта цяпер не вельмі важна. Важна тое, што на сопцы гэтай вельмі магутны тэлескоп усталяваны, і калі няма дажджу або снегападу, праз гэты тэлескоп уся Кольская затока разам з Мотаўскай — як на далоні. А гэта ж амаль што ўвесь Паўночны флот. Бартавыя нумары караблёў, ды што там бартавыя — баявыя нумары на матроскіх галандках супастаты натаўскія чытаюць.
Стаіць у Нарвегіі, непадалёк ад мяжы з Расіяй, высокая сопка. Ці то насупраць Печангі, ці то Ліінахамары, а можа Нікеля. Гэта цяпер не вельмі важна. Важна тое, што на сопцы гэтай вельмі
магутны тэлескоп усталяваны, і калі няма дажджу або снегападу, праз гэты тэлескоп уся Кольская затока разам з Мотаўскай — як на далоні. А гэта ж амаль што ўвесь Паўночны флот. Бартавыя
нумары караблёў, ды што там бартавыя — баявыя нумары на матроскіх галандках супастаты натаўскія чытаюць. Прынамсі так асабісты, то рэч «унукі» жалезнага Фэліка, земляка
нашага, кажуць.
Прынеслі неяк начальніку супастацкаму здымкі. На іх стратэгічны падводны крэйсер з Сайда-губы ў мора выходзіць. Дакладваюць, так і так: на баявую службу выходзіць падводны крэйсер тыпу
«Кальмар», праект 667 БДР, шаснаццаць балістычных ракет, камандзір Іваноў… Ну, усе звесткі далажылі начальніку, што з розных выведных крыніц атрымалі. Толькі, кажуць, ёсць
тут адна незвычайнасць. Што б гэта магло значыць, не можам расшыфраваць. Збіралі ўсіх адмыслоўцаў, мазгавы штурм рабілі — не, ніякай прыстойнай версіі не выходзіць. Тут, сэр начальнік (бос
па-іхняму), вось на чорнай спіне ракетна-ядзернага монстра расійскага, нешта белае. Гэта, у чорных бушлатах і аранжавых выратавальных камізэльках — швартоўныя каманды. Гэтыя, на мосціку, у
скураных куртках з башлыкамі, група кіравання: камандзір, штурман, вахценны афіцэр. З гэтымі ўсё зразумела. Нават прозвішчы ведаем. А вось на ракетнай палубе… вельмі свінню нагадвае. Можа,
якія новыя сакрэтныя сродкі выратавальныя? Гідракасцюм невядомы? Тады чаму не вертыкальна, а гарызантальна? Можа, у стане алкагольнага ап’янення? Яны часам злоўжываюць — традыцыя
такая нацыянальная — і часам не паспяваюць да выхаду ў мора працверазець… Ці сапраўды свіння? Падобна — так. Але навошта на стратэгічным ракетна-ядзерным караблі
— свіння?
Прыгледзеўся бос да здымка, нават лупу ўзяў. Сапраўды — свіння.
— Думаю, — кажа, — гэта нейкая новая зброя расійская. На Чарнаморскім флоце па маіх дадзеных яны баявых дэльфінаў рыхтуюць — смертнікаў, варожыя караблі падрываць.
А тут, відаць — баявых свіней... Хоць… Ах, гэта таямнічая руская душа!... А выклічце мне майго асабістага сакрэтнага эксперта!
І выклікалі. Ці то эмігрант з «першай хвалі», ці то збеглы кэгэбульнік. Вельмі сакрэтны.
Паглядзеў эксперт, адразу важны стаў:
— Паслугі мае, — цэдзіць праз губу, — эксклюзіўныя. Ніхто апроч мяне растлумачыць гэты факт не здолее. Таму гэта каштаваць вам будзе… — і лічбу называе
такую, што падводніку расійскаму каб столькі хоць бы ў рублях савецкіх атрымаць, трэба гадоў семдзесят з «жалеза» не злазіць. — А экспертнае заключэнне, што я вам даць маю,
вельмі сур’ёзнае для забеспячэння бяспекі…
— Ноў проблем, — кажа бос. — Дзеля бяспекі гэта дык зусім грошы невялікія… Ну, і што гэта за аб’ект на стратэгічным аб’екце (пшэпрашам за
таўталогію, сэр эксперт)?
— Гэта свіння, сэр бос.
— І я думаю, што свіння, сэр эксперт. Але якую небяспеку нясе гэтая свіння нашай нацыянальнай бяспецы? Мабыць — гэта баявая свіння-смертніца, накшталт баявых дэльфінаў?
— Так, сэр бос, гэта свіння-смертніца. А факт яе знаходжання на борце стратэгічнай падводнай адзінкі сведчыць аб знаходжанні на гэтым борце высокага начальніка, што ў сваю чаргу сведчыць аб
незвычайнай баявой службе гэтай адзінкі, можа, нават аб баявой службе, сумешчанай з перадыслакацыяй гэтай адзінкі на іншы акіянскі тэатр… Так што чакайце ў хуткім часе гэты крэйсер на Ціхім
акіяне…
Як у ваду глядзеў!
Камандуючы флатыліяй падводных лодак меў на кожным пагоне па дзве зоркі-«павукі» і вельмі хацеў яшчэ адну — на грудзі. Камандуючы, віцэ-адмірал, не быў яшчэ Героем
Савецкага Саюза. А тут выпадала неблагая магчымасць: сябры з Галоўнага штаба ВМФ шапнулі, што калі ўсё пройдзе «ціп-топ», старшы на пераходзе атрымае зорку. Тую самую, залатую. Дык
не аддаваць жа яе камандзіру лодкі! Хоць і рызыкоўна, але такога выпадку больш можа не здарыцца. Гады, ведаеце…
…Кожнаму, хто цікавіцца, вядома: самыя стратэгічныя ў свеце падводныя лодкі будуюць карабелы з Северадзвінску, што на Белым моры. І што з розных прычынаў гэтыя атамныя веліканы з ядзернай
зброяй служаць толькі на Паўночным флоце і на Ціхаакіянскім. Зазвычай караблі з Белага мора пераганялі на Камчатку амаль кругасветным шляхам — вакол Эўропы-Афрыкі-Азіі. Памазгавалі ў Маскве
людзі з дзяржаўнымі глуздамі і вырашылі паспрабаваць пераганяць іх кароткім шляхам: паўночным марскім, уздоўж эсэсэсэраўскага пабярэжжа. Здагадаліся — так больш выгадна. І выдзелілі на гэтую
справу першаму камандзіру, які лодку з Поўначы на Ціхі акіян перагоніць, залатую зорку. Ну, і яшчэ там ордэнаў колькі, медалёў — тым, на каго ў выпадку паспяховага пераходу зампаліт,
прадстаўнік кіруючай партыі ў флоцкім целе, пакажа.
Дык што гэта будзе? Камандзір — Герой, а Камандуючы — не? Таму і прапанаваў сябе адмірал з двума «павукамі» на пагонах у старшыя на пераходзе.
У Карабельным Статуце Ваенна-марскога флота СССР абавязкі распісаны ад камандзіра злучэння і ніжэй, флатылія ж падводных лодак з’яўляецца аб’яднаннем. Якія абавязкі ў Камандуючага
аб’яднаннем? А-а… Вось! Няма іх у Статуце. Апрача таго, артыкул 132 кажа так: «Прысутнасць на борце карабля старшых начальнікаў не здымае з камандзіра карабля адказнасці
за карабель і выкананне сваіх абавязкаў». Так што калі пераход пройдзе ўдала — Камандуючы малойца і Герой, калі не — камандзір падлодкі чмо і праснак каровін.
Стратэгія, яцішкін бабай!..
…Пяць гадзінаў да выхаду. «Увага! На карабель прыбыў Камандуючы флатыліяй і афіцэры штаба!» Праз дзесяць хвілінаў: «Камандзірам падраздзяленняў сабрацца ў
кают-кампаніі на даклад!» «Бычкі» — так для сцісласці завуць падводнікі камандзіраў баявых частак — ціха мацюкаючыся, пасунуліся ў пяты
«біс». Кают-кампанія забіта штабнымі. Пазаймалі ўсе крэслы. Стоўпіліся «бычкі» — хто дзе — у праходах між сталамі.
— Таварышы афіцэры!! — Гэта каманда такая. Матросам гарлаюць «Смірна!», а афіцэрам — вось так.
Усталі, хто сядзеў. Камандуючы зайшоў. Сеў у камандзірскае крэсла. Морда чырвоная, як бурак. У яго заўсёды чырвоная. Камандзір збоку прытуліўся.
— Таварышы афіцэры. — Таксама каманда. Толькі больш лагодная. Матросам кажуць «Вольна!».
Селі.
— Камандзір БЧ-1, ваш даклад.
— Камандзір БЧ-1, капітан трэцяга рангу Смыкаў. У штурманскай баявой частцы асабовы склад на борце цалкам, навігацыйны комплекс запушчаны, курсаўказальнікі ў мерыдыяне, ЗІП
укамплектаваны… Баявая частка да паходу гатовая.
— Камандзір БЧ-2…
— Командыр БЧ-2, капытан… — з моцным украінскім акцэнтам, — другого рангу Марцын. У ракэтноі боэвоі часты особовы склад… готові.
— Камандзір БЧ-3…
— …
— Памочнік камандзіра!
— Памочнік камандзіра капітан трэцяга рангу Рулькевіч. Асабовы склад службы забеспячэння на борце цалкам…
— Кок добры?
— На «гражданцы» быў шэф-поварам у рэстаране, таварыш Камандуючы (па статуце звяртацца трэба па званні: «таварыш віцэ-адмірал», але ўсе ведаюць, што ён
вельмі любіць так — «таварыш Камандуючы». Амаль «таварыш Галоўнакамандуючы». Нават амаль «Вярхоўны Галоўнакамандуючы»!…)
— Добра… Далей…
— Харчовыя запасы загружаны…
— Свініну загрузіў?
— Свініны бербаза не дала, толькі ялавічына і кенгураціна, таварыш Камандуючы.
— Ды ты што!? Як жа ж без свініны? Я ж без свініны… — Павярнуўся да камандзіра бербазы, «чырвонапёрага» палкоўніка (форма чорная, пагоны з чырвонымі
«прасветамі»), — Ты што, Іван Нікіфаравіч, я ж табе за гэта анус парву, я ж без свініны… І не рабіце тут твар дамінантнага бабуіна, палкоўнік!
— Ёсць, таварыш Камандуючы! — (Аніякіх лішніх словаў, бо сапраўды парве.) І шэптам да памочніка: — Дай паперку! Паперку дай! Запіску напішу — возьмеш на падсобнай
гаспадарцы!
Чатыры гадзіны да выхаду. «Так, туша заважыць хай сто кілаграмаў. — «Маракуваў» Рулькевіч. — Не, можа нават сто пяцьдзесят. Будзем сыходзіць з горшага. Да
падсобнай гаспадаркі два з нечым кіламетры. Колькі трэба матросаў, каб перанесці свіную тушу ў сто-сто пяцьдзесят кілаграмаў за два кіламетры? Задачка, туды-т яе ў цёціну пячорку! Хай па трыццаць
кіль на рыла… Не, хілякі гэтыя па трыццаць доўга несці будуць. Па дваццаць… Краіне патрэбныя героі, а прысылаюць дыстрофікаў… Гэта значыць: сто пяцьдзесят кіль на
дваццаць — трэба сем з паловай матросаў… Цьфу ты! Восем матросаў. А як несці? Вяроўкамі абвяжам! ». — Боцмана ў цэнтральны!
— Боцман, тэрмінова метраў дваццаць-трыццаць якога ліня. Нятоўстага. Як няма? Што значыць — няма? Ты боцман, ці дзе? Ну, блін, выйдзем у мора, я табе адмасірую прастату! Давай
пакуль два кідальных канцы. Не, тры! А-а! Чатыры давай!
Шмат анекдотаў складзена флоцкімі стваральнікамі фальклёру пра берагавую базу ўвогуле і пра падсобную гаспадарку ў прыватнасці. Падсобная гаспадарка — гэта папросту свінарнік, няштатнае
ўтварэнне палітаддзельскай думкі і бербазаўскай дзеі. Каб аб’едкі з берагавога камбуза дарэмна не прападалі. Працаваць туды пасылаюць зазвычай сыноў Цэнтральнай Азіі, паслядоўнікаў вучэння
Прарока Магамеда, якія кепска ведаюць расійскую мову. Хоць якая ад іх карысць. І заадно — барацьба з рэлігійным дурманам.
…Матрос у свінарніку пакруціў у руках запіску, выпісаную камандзірам бербазы, і падвёў Рулькевіча да загародкі, дзе рохкаў вялізны — што гара — парсюк. —
«Забірай, начальнік».
— Ты што! — Ажно захлынуўся Рулькевіч. — Што я з ім рабіць буду! Ты мне тушу давай!
— Бяры туша, начальнік!
— Ангідрыт-тваю міндалевокую маму… Мяса! Мяса давай! Свініну!
— Бяры свініна, начальнік. Зробіш чык-чык, мяса будзе.
— Ты! Ты сам зрабі «чык-чык»!
— Не, начальнік! Суюнбай карміць — так, чык-чык — не!..
…Гадзіна да выхаду. Прыбралі канцы электрахарчавання з берага. Прыбралі дадатковыя швартовыя. Шматтысячатонны падводны волат ля пірса на двух нітках — насавым і кармавым швартовых.
Камандзір на мосціку, нервуецца:
— Ну дзе гэты ёлуп! Паслаў, даруй Госпадзе, Ты мне памочнічка! І матросаў звёў! Колькі з ім пайшло? Старпом! Колькі чалавек з памочнікам пайшло? А хто павінен ведаць? Тэ-экс. А што гэта там?
Сігнальшчык! Бінокль! О! Ідуць! А гэта што? Ну, вагіна кабылячая! Ён жывую свінню сюды валачэ!
Прывязаўшы да ног кідальныя канцы, матросы перастаўлялі парсюку ногі. Парсюк упіраўся. Да мосціка даносіўся ягоны асіплы віск. А вагі ў ім было, відаць, за дзвесце кэгэ.
— Мост — цэнтральнаму, — ажыў на мосціку «Каштан».
— Ёсць мосцік!
— Аператыўны перадаў: Камандуючы да нас выехаў. — На пірс упацелыя матросы зацягвалі парсюка. Той растапырваў ногі і адхіляўся ўсім тулавам назад. Рулькевіч піхаў яго ў круглыя
кумпякі.
— Да кармы цягніце, ёхарны клітар! — Зароў у «мацюгальнік» старпом. — Камандуючы на пад’ездзе! На ракетную палубу! Перакіньце пару латкоў ад
электрахарчавання! Па латках!
…«Волга» Камандуючага ўз’ехала на пірс. На ракетнай палубе шчыльным шыхтом стаяла кармавая швартоўная каманда. За спінамі швартоўшчыкаў, прысеўшы, Рулькевіч чухаў
парсюку за вухам: «Дзюдзя. Дзюдзя. Ну дзюдзя, толькі не высоўвайся! Хай флатаводзец у «бітон» залезе». Абвіты канцамі, парсюк спробаў выскачыць з-за спінаў на
адміральскія вочы не рабіў. Стаяў сабе, раскірачаны.
— Смірна! Таварыш Камандуючы…
— Вольна! Аддаць кармавы! — Швартоўшчыкі рассыпаліся, пабеглі ў карму.
— Аддаць насавы! Тры гудкі тыфонам! Правая — назад малы! Руль — лева дзесяць!
Паехалі. На чорным целе, як яечка на патэльні, свяцілася цела белае. Здраднае. От, які ён цяжкі — рэжым сакрэтнасці!