Першы пітчынг кінапраектаў адбыўся. Што далей?

На мінулым тыдні прайшла імпрэза, якая анансавалася як першы ў Беларусі пітчынг кінапраектаў. Што да самога тэрміну «пітчынг» (з англійскай мовы — «выстаўленне на продаж»), то, можа, больш звыклымі для беларускага вуха і разумення былі б адпаведнікі: «фільм-праменад», «кінакалядкі», «кінаагледзіны», «сінема-шпацыр» — такія варыянты прапанавалі нашы чытачы ў сацсетках.



kust_logo.jpg

Імпрэза адбывалася ў канг­рэс-залі «Барселона» гатэля «Вікторыя-Алімп». Усім прысутным былі раздадзеныя бланкі са спісам праектаў і назвамі камандаў — і просьбай ацаніць іх па дзесяцібальнай сістэме. Як паведаміла Наталля Юшкевіч, спецыяліст па камунікацыях у Майстэрні сацыяльнага кіно, якая выступіла ініцыятарам праекту падтрымкі маладых кіношнікаў KINOSPRINT і арганізавала пітчынг: «Адзнакі будуць уплываць на канчатковы выбар журы. Як і сённяшнія прамовы-прэзентацыі нашых фіналістаў. Вынікі будуць абвешчаныя арыентавана праз месяц».

Найлепшыя маладыя рэжысёры, якія прайшлі адбор праекта KINOSPRINT, прадставяць свае ідэі, падбор акцёраў і планы будучых фільмаў. Анансавалася, што будзе публічна агучана, як размяркуюцца сродкі, атрыманыя ад буйных кінакампаній, паміж фіналістамі, а таксама вялося пра ўплыў на гэта меркавання гледачоў.

Вось што распавялі пра па­дзею сябры журы.

zhuri_p_tchingu_logo.jpg

Журы кінапітчынгу

Канстанцін Верабей, старшыня аргкамітэта KINOSPRINT, намеснік дырэктара Майстэрні сацыяльнага кіно:

— «Кінаспрынт» падтрымлівае перадусім дэбютныя малабюджэтныя праекты маладога беларускага кіно. На конкурс прыйшло 29 калектыўных заявак ад 89 спецыялістаў і 16 індывідуальных, пасля адбору і нарадаў індывідуальных творцаў далучылі да абраных і сфармаваных 12 каманд, якія атрымаліся ў выніку. Што да падтрымкі — 3 пераможцам у фінале будзе аказанае спрыянне ў агучцы, тэхніцы і прасоўванні канчатковага прадукту.

Юрый Ігруша, генеральны прадзюсар Belarusian Film Group:

— Кіно само па сабе не робіцца. І мы вырашылі паспрабаваць зрабіць невялікую калекцыю маладога беларускага кіно.

Генеральны прадзюсар падкрэсліў, што на пэўным конкурсным этапе задачай было — ураўняць сілы каманд, бо было шмат і моцных удзельнікаў, і цалкам пачаткоўцаў. А таксама спадар Ігруша адзначыў, што добрых ідэй не бракуе, але ёсць праблемы з увасабленнем. І выказаў спадзяванне, што гэтыя пробныя кінаэксперыменты стануць паспяховымі — у чым ён будзе дапамагаць у плане прасоўвання праектаў, бо глядзіць на іх будучыню з аптымізмам.

Анора Лангар, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю таварыства «Зялёная сетка»:

— Гэта быў перадусім конкурс ідэй. Мы рызыкнулі і папрасілі зрабіць праекты ў ігравым жанры, хаця сацыяльнае кіно, вядома, прасцей рабіць дакументальным. Але хацелася, каб усё было весялей і больш запамінальна.

Аляксандр Левянчук, генеральны прадусар New Wave Production:

— Мы абяцаем маладым людзям, што выйдуць у фінал, каб ажыццявіць іх задумы, прадаставіць з нашага боку абсталяванне, дапамогу з гукапісам, строі з нашай касцюмернай і кансультацыі. Галоўнае, што варта памятаць канкурсантам, што на іх фільмах будзе напісана «Зроблена ў Беларусі!» — і нам не мусіць быць за гэта сорамна!

Аляксандр Алейнікаў, аператар-пастаноўшчык:

— Усе ідэі цікавыя. Мы дапаможам з постпрадакшанам, з мантажом, колеравай карэкцыяй, святлом. Але вынік залежыць не ад нас, а ад удзельнікаў, таму жадаю ім удачы!

Падчас пітчынгу выявілася, наколькі каманды гатовыя да здымак і якія вядомыя прафесійныя акцёры прынялі прапанову здымацца ў маладым кіно (у спісах былі прапісаныя многія вядучыя акторы дзяржаўных тэатраў — Рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Купалаўскага тэатра, РТБД і інш., а таксама выкладчыкі Акадэміі мастацтваў).

Выступоўцамі першага пітчынгу сталіся 6 маладых каманд, фіналістаў KINOSPRINT. Паслядоўнасць, у якой прэзентаваліся праекты:

1. Каманда «Сіла»

фільм «#Zveno» (камедыя)

Паказалі самую займальную інтэрактыўную прэзентацыю з удзелам маладой акторкі, загрыміраванай пад пабітую алкагалічку, што збірае бутэлькі. Але, на жаль, пасля самой прэзентацыі абсалютна не стала ясней, пра што ж, уласна кажучы, само кіно. І толькі па просьбе Юрыя Ігрушы аўтары патлумачылі, што герой фільма — малады гулец, які праз пазыкі апынуўся на сметніку. Ён змяняецца там, знаёмячыся з насельнікамі вялікай сметніцы, якія займаюцца сарціроўкай адкідаў.

5_kamanda_zviano_logo.jpg

«#Zveno»

2. Каманда «Fifteen»

фільм «Лічыльнік шчасця» (драма)

У гэтым праекце вельмі датклівым і адказным падаўся падыход аператара праекта Наталлі Каварскай, якая падышла надзвычайна абыходліва да выбару натуры і падбору элементаў і аб’ектаў для сцэнаграфіі савецкай кватэры, якая з’яўляецца галоўнай здымачнай лакацыяй. Фільм пра выпадкова знойдзены ў рэчах бацькі пасля Чарнобыльскага выбуху лічыльнік радыяцыі, які маленькі хлопчык прымае за лічыльнік, якім можна замераць узровень шчасця.

3. Каманда «Цукеркі-бараначкі»

фільм «Шведскі стол» (камедыйная прыпавесць)

Структурна складаны і мо празмерна закрэатыўлены, прынамсі, у частцы прэзентацыі фільм, што складаецца з трох трэйлераў і аднаго фільма ў фільме. Да падачы ідэі аўтары падышлі з гумарам, што мо крыху зблытала сутнасць ідэі ў яе прадстаўленні публіцы.

4. Каманда «BK-film»

фільм «Гаспадар» (драма)

Гэтым разам на сцэну выйшаў толькі адзін прадстаўнік, які як прапаведнік апавядаў гісторыю чалавечых прыгожых учынкаў, робячы акцэнт на экалогіі душы, з якой і ўзнікаюць далейшыя экалагічныя катастрофы.

4_pradstaunik_kamandy_vk_film_film_gaspadar_logo.jpg

Каманда «BK-film»

5. Каманда «Zebra movie»

фільм «Эстафета» (роўд-муві, камедыя, драма)

Ненагрувашчаная, даволі ўцямная і лёгкая гісторыя пра героя, што знайшоў бомбу і вязе яе ў органы — але ніхто не хоча з ім звязвацца, больш за тое — за парушэнні яго самога арыштоўваюць… Аўтары ўжо маюць у скарбонцы сваіх наробкаў некалькі кароткаметражных фільмаў — верагодна таму, падаліся найбольш уцямнымі і найменш накручанымі лішнімі сэнсавамі ў сваім аповедзе. Удала была зроблена інсцэніроўка — як пасля характэрнага цікання актор вынес і паклаў на стол журы бомбу, якую змайстравалі самі ўдзельнікі каманды.

6. Каманда «Пірат студыа»

фільм Дваццацьшаснаццаць» (прыпавесць, трагічная камедыя)

Гэта гісторыя выглядала найбольш філасофскай з усіх прапанаваных. Галоўны сэнс палягаў у сцэнаграфіі, якая і трымала на сабе ўсю мастацкую задуму. Аўтары меркавалі ў полі пабудаваць дызайнерскую скразную арт-кватэру, якая б і ўвасобіла ўсю філасофію фільма: чалавек спрабую зрабіць з падручных матэрыялаў горад мары, а сам жыве такім чынам. Таксама ў сцэнары была ўжыта і дэманстратыўна паказаная на прэзентацыйным экране нецэнзурная лексіка, на чым была акцэнтаваная ўвага журы, якое мела сумнеў наконт неабходнасці яе ўжывання. Стваральнікі ўсміхнуліся, што на сумнеўным слове можа адбыцца «выбух» альбо яго можна эфектна «з’есці».

Хочацца верыць, што ўсе ідэі знойдуць магчымасць свайго ажыццяўлення якасна і цікава. Чакаем праекты маладых і крэатыўных пераможцаў на экранах!